Гіз1 ’муха-сляпень’ (БРС, КЭС). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 224), можна рэканструяваць прасл. *gyzъ ’сляпень’ на аснове бел. гіз, польск. дыял. giz і н.-луж. gizk ’тс’. Слова *gyzъ роднаснае быццам з *gъzъ (> польск. giez). Але параўн. гіз2, гіж.

Гіз2 ’гізаванне’ (Сцяшк.). Як ад гіж ’авадзень’ утвораны дзеясловы гіжа́ць, гіжува́ць (гл.), так і ад гіз ’авадзень’ утвараюцца гіз ’гізаванне’ (параўн. і польск. giez ’авадзень’, giez ’гізаванне скаціны’), гізава́ць (БРС, Касп., Шат., Сцяшк.), гізыва́ць (Бяльк.). Праўда, можна ставіць пытанне: ці гіз не запазычана з польск. giez? Аб гэтым можа сведчыць і дзеяслоў ґізануць ’пабегчы, гізануць’, засведчаны ў Сцяшк. з выбухным ґ. Дзеяслоў гізава́ць Сл. паўн.-зах. лічыць запазычаннем з літ. gizúoti ’тс’; няпэўна. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 224.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дабы́так ’пажыткі, дабро’. Агульнаславянскае слова. Параўн. ст.-рус. добытъкъ ’маёмасць’, ’здабыча’, ст.-укр. добытокъ ’жывёла’, укр. доби́ток ’рабунак, здабыванне’, добито́к ’буйная рагатая жывёла’, добуто́к ’набытак’, добу́тки ’ягняты, цяляты і да т. п.’, ст.-чэш. dobytek ’свойская жывёла’, ’скаціна, дабро’, чэш. dobytek, славац. dobytok, польск. dobytek ’маёмасць’, ’свойская жывёла’, ’прыбытак, выгада’, балг. доби́тък ’свойская жывёла; скаціна’, макед. добиток ’жывёла’, серб.-харв. доби́так ’прыбытак; выгада’. Прасл. *dobytъkъ — вытворнае з суф. ‑ъkъ ад дзеепрым. прош. ч. *dobytъ (ад дзеяслова *dobyti). Для слоў гэтай групы прымаюць развіццё семантыкі: ’маёмасць’ > ’скаціна’. Падрабязны агляд у Трубачова, Эт. сл., 5, 49. Цікава, што ў рус. мове гэта слова вядома толькі ў старых помніках; у сучаснай мове, паводле Трубачова, няма. Але параўн. у СРНГ, 8, 82: добы́ток ’дзіця’ (кастр.), магчыма, іранічнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нерх ’лёгкая неўраджайная зямля’ (ТС), нерхова́ты ’неўраджайны, лёгкі (аб зямлі)’ (ТС). Няясна; магчыма, звязана з польск. дыял. nierzch ’нераст, ікра’, што адлюстроўвае знешняе падабенства, параўн.: «Земля — нерх, бі чэ́рві ее поточылі. Вона бі чорна, але непло́тна» (ТС), тады ўсё да нераст (гл.), якое можа мець значэнне ’ікра ў рыб, жаб’ і інш. У сувязі з апошнім параўн. укр. нерость, нерість ’усё зямное (акрамя вады), што не расце і што не створана штучна: зямля, каменні, металы, г. зн. наогул мінералы’ (Грынч., да рости ’расці’), што дапускае змяшэнне з нересть ’апладненне ў рыб, змей; сварка’ (там жа). Ва ўсякім разе здзіўляе поўная ідэнтычнасць слова з рэканструкцыяй прасл. *nerьchъnerĭs‑os ’нераст, ікра’ (Шустар-Шэўц, 13, 996), магчыма, першаснае значэнне грунтуецца на ўяўленні пра ікру земнаводных ці чарвякоў. Гл. няршы́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паве́сма ’звязка часанага льну ад 10 да 12 жменяў’ (Нас., Маш.; КЭС, лаг.); у іншых крыніцах колькасць жменяў можа быць большай або меншай (Шат., Бяльк., Касп., Мядзв.), паве́сьма (Нар. сл., Мат. Гом.), повы́смо (Шатал., Сл. ПЗБ), пови́смо (Гарб., Выг.), пові́сма (Сл. ПЗБ), пове́сна (Жд. 2), паве́сло (Мат. Гом.), пові͡есмо ’пража на калаўроце’ (Бес.). Рус. паве́с(ь)мо ’пучок пражы ў сорак нітак’, чэш. pověsmo ’10 жменяў ільну’, славац. powesmo, ’пучок ільну або каноплі’, н.-луж. powězmo ’тс’, балг. повесмо́ ’звязка, вяроўка, канат’, славен. povésmo ’скручаны пучок для пражы’, серб.-ц.-слав. повѣсмо. Паводле Міклашыча (392), ад па‑ і весіць, тады прасл. pověsmo. Аналагічна Трубачоў (Ремесл. терм., 102). Махэк (476) узнаўляе прасл. po‑věz‑ьmo ад vęzati (гл. вязаць), але гэта версія не ўлічвае вакалізм слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашмір, кашамі́р тонкая мяккая шарсцяная, напаўшарсцяная або баваўняная тканіна’, кашміро́ўка ’кашміравая хустка’ (ТСБМ, Касп.). Рус. кашми́р, кашеми́р ’тс’, укр. кашеми́р, польск. kaszmir, kaszemir і г. д. У рус. мове. паводле Фасмера, 2, 215, вядома з часоў Гогаля: паводле Шанскага, 2, К, 105, першая фіксацыя ў рус. мове адносіцца да 1847 г. У польск. мове гэта лексема з’явілася раней; Слаўскі (2, 97) адзначае, што наогул слова вядома з XIX ст., але ў другой палавіне XVIII ст. выступаюць варыянты тыпу kaźmirekЛіндэ). kaźmirz (дасюль і рус. старое казими́ровый ’кашміравы’ праз польск. формы з італ. casimiro: гл. Фасмер, 2, 160). Ад назвы вобласці Кашмір у Індыі (ст.-інд. Kāçmiras). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 496. Формы кашми́р, кашеми́р, паводле Фасмера, там жа, узяты з франц. cachemire

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́лзаць ’кілзаць, вуздаць’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Гарэц., Яруш., Бяльк.). З польск. kielzač ’тс’ (Слаўскі, 3, 148–149, Кюнэ, Poln., 64). Але польск. kielzač само не мае задавальняючага этымалагічнага тлумачэння. Слаўскі (2, 149) спрабуе звязаць яго з укр. ховстати ’тс’, аднак надзейных паралелей да гэтага ўкраінскага слова ў іншых славянскіх мовах ён не знаходзіць. Існуе іншая версія, згодна з якой келзаць (гл. таксама гелзаць і гельзаць) балтыйскага паходжання. Крыніцай магло быць слова geležunes ’конская хвароба, залазаванне’. Цікава, што другая літоўская назва залазавання pažandės узыходзіць да zäslai ’цуглі’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 102–103). Такім чынам, не выключана, што заходнебалтыйскае слова тыпу *ge/’z было крыніцай беларускіх і польскіх слоў. Трэба адзначыць, што балтыйскія формы насуперак Лаўчутэ (там жа, 103) не звязаны з балтыйскімі назвамі жалеза.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клыша́вы ’касалапы, крываногі’ (Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Нар. словатв., КЭС, лаг., Мал., ТС). Укр. клишавий, польск. kłyszawy ’тс’. Лічыцца балтызмам. Крыніца адпавядае літ. klìšas ’крываногі, касалапы’, klìšė ’нага’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 36–37). Параўн. клышэнь ’нага’. Давесці генетычную суаднесенасць з літоўскімі лексемамі цяжка, але параўн. в.-луж. klěšiwy ’клышаногі’, klěcha ’нязграбная нага’, н.-луж. klěcha ’тс’. Гл. Слаўскі, 2, 228. Калі сербалужыцкія формы адлюстроўваюць іншую ступень аблаўту, гэта гаворыць у карысць спрадвечнасці польскіх і ўсходнеславянскіх форм, аднак незафіксаванасць адпаведнікаў у паўднёваславянскіх мовах, а таксама ў чэшскай і славацкай выклікае сумненні. Апрача гэтага, пытанне аб магчымасці балтызмаў у сербалужыцкіх мовах не вывучана. Выводзіць клышавы і іншыя беларускія, украінскія і польскія словы з прасл. klěšči ’клешчы, клюшні’ рызыкоўна. Параўн. клюшня1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ркуш1 ’ліст паперы, шкла, бляхі’ (БРС), аркгушъ, аргушъ (Нас.). Укр. а́ркуш, рус. дыял. арку́ш, польск. arkusz ’тс’. Ст.-бел., ст.-укр. аркушъ з XVI ст., як і польскае. Канчатковая крыніца лац. arcus ’дуга’, адкуль — ’сагнуты ліст’ (Вясноў, Бел. лекс., 35) праз польскую ў беларускую. Памылкова сцвярджэнне, быццам аркуш увайшло ў беларускую мову ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 259) не толькі таму, што слова ўстойліва адзначаецца ў старабеларускай мове і дыялектах, але і таму, што яно фіксуецца ў слоўніках XIX ст. (Шпіл., Мядзв.); ніякіх падстаў для паўторнага запазычання гэтага слова не было.

А́ркуш2 ’пасхальны артас’, г. зн. ’пасвячоны хлеб’ (Мядзв.). Укр. дыял. а́ркуш ’тс’. Форма аркуш вынікла як скажэнне артус (гл.), магчыма, не без уплыву аркуш1. Гл. артус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ацо́ўкнуць ’пачаць кіснуць, быць нясвежым (пра малако)’ (Сцяц.), ацоўкнуць, сцоўкнуць (слонім., Арх. Бяльк.), ацоўклае ’якое пачало кіснуць, але яшчэ не скісла (малако)’ (Сцяц., Арх. Бяльк.), цоўклое і цаўклое (малако) (КСТ). Хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор ад соўкнуць ’сунуць, стукнуць, піхнуць’ (семантыка, звязаная з ’біць, стукаць, піхаць, сунуцца’, тыповая для назваў пракіслага малака, параўн. осовуватэ ’абрызглае (пра малако)’ (драг., Вешт., дыс., магчыма, ад соваць); да фанетыкі параўн. цок сок’, цыроп ’сіроп’ (Сцяшк.). Менш верагодна ад цоўт (цовт) ’від печыва’ (Сцеп., 169); адпаведныя яму словы ў іншых славянскіх мовах могуць мець значэнне ’грудка, камяк’, параўн. укр. цовта ’груда’, чэш. calta masla (на сценках посуду); пра іх паходжанне гл. Махэк₂, 80; Брукнер, 55, і асабліва Хінцэ, ZfSl, 8, 733; тады ацоўклае < ацоўтлае ’малако, якое зрабілася камянямі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блін1 ’блін’. Рус. блин, укр. блине́ць. Слова ў гэтай форме пераважна ўсх.-слав. Зыходзячы з такіх форм, як ст.-рус. млинъ, укр. млине́ць, балг. млин, серб.-харв. мли̏нац, в.-луж. blinc//mlinc, н.-луж. młync і да т. п., звычайна лічаць, што першапачаткова было mlinъ (да прасл. melti ’малоць’), якое дысімілявалася (m–n > b–n). Так Сольмсен, KZ, 37, 589 і наст.; Міклашыч, 186; Праабражэнскі, 1, 30; Фасмер, 1, 175; Рудніцкі, 146. Ільінскі (РФВ, 61, 239 і наст.) разглядае форму блін асобна (яго рэканструкцыя: *бълинъ, якое быццам роднаснае ням. Beule ’шышка’), але гэта не пераконвае. Не пераконваюць таксама версіі пра запазычанне (аб гэтым Фасмер, 1, 175).

Блін2 ’млын’ (Сцяц.). Мабыць, дысіміляцыяй (м–н > б–н) з млін (гл. млын).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)