устрыво́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад устрывожыць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане трывогі, хвалявання. Устрывожаны камендант.. загадаў двум сваім салдатам з аховы неадкладна праверыць, хто страляе і па чыйму дазволу. Якімовіч. — Што з табой, Ваня, ты нездаровы, ці што? — спытала ўстрывожаная жонка. Карпюк. // Які выражае трывогу, хваляванне. — Хто гэта? — пачуўся ўстрывожаны жаночы голас. Скрыпка. А .. [Таня] нібы не заўважала ўстрывожаных мужавых вачэй. Новікаў. // Успуджаны, сагнаны з месца. Устрывожаныя птушкі ўзвіваліся ў паветра, высока кружыліся ў небе. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хале́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да халеры (у 1 знач.). Халерны вібрыён. Халерная эпідэмія. // Які бывае пры халеры, выкліканы халерай. Халерны панос. // Звязаны з эпідэміяй халеры. Халерны год.

2. Які захварэў на халеру. Халерны хворы. / у знач. наз. хале́рны, ‑ага, м.; хале́рная, ‑ай, ж. Барак для халерных. // Прызначаны для хворых на халеру. Халерная бальніца.

3. Разм. груб. Вельмі дрэнны, непрыемны. [Павал:] — Я на цябе жаднае крыўды не маю. [Тамаш:] — Ну дык чаго ты звягаеш.. Што гэта за народ халерны. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

харчава́цца, ‑чуюся, ‑чуешся, ‑чуецца; незак.

1. Задавальняць патрэбу арганізма ў ежы; есці. Харчавацца малочнай ежай. □ Пакуль падрасла бульба, [Нямко] харчаваўся ягадамі і тым, што прыносілі яму з вёскі, а потым пачаў капаць скараспелку. Кулакоўскі. // Карміцца, жывіцца (пра жывёл). Харчуецца андатра галоўным чынам расліннай ежай, у меншай ступені — жывёльнай. «Весці».

2. Сталавацца дзе‑н. Харчавацца ў сталовай. □ І Адам астаўся адзін. Цяпер ён харчаваўся разам з адзінокімі парабкамі ў агульнай харчэўні, і гэта атручвала яго жыццё. Чарнышэвіч. [Дзяўчына] жыла ў інтэрнаце, харчавалася самастойна. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чмуці́ць, чмучу, чмуціш, чмуціць; незак., каго-што.

Разм.

1. Уносіць беспарадак недарэчнымі, бязглуздымі паведамленнямі; дарэмна трывожыць. [Сцяпан:] — Аб’явіўся недалёка нейкі прапаведнік — баптыст ён там ці які чорт?.. Чмуціць народ, нас [камуністаў] называе антыхрыстамі і — чым хочаш... Пестрак.

2. Уводзіць у зман, дурыць галаву каму‑н. [Настаўнік:] — [Багатыры] чмуцяць вам галовы праз цэрквы і школы, што гэтак і павінна быць, палохаюць вас карамі ў пекле, каб вы былі паслушнымі і пакорнымі. Колас. [Маці:] — Ты чаго ж гэта, нягоднік, абняславіў дзяўчыну, а цяпер туляешся па завуголлю, другой галаву чмуціш? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкаля́р, ‑а, м.

Разм.

1. Школьнік, вучань. І як ён [чэх] схібіў, збавіў тону, Прыняў пасіўна так удар! Успомніць сорам — як шкаляр! Колас. Хлапчукі пераважна з тых, хто ў школу яшчэ не ходзіць, але ёсць і шкаляры, якія цішком шуснулі з калоны і ўскарабкаліся на дрэва, каб падзівіцца на цуд. Навуменка.

2. Зніж. Пра дарослага чалавека з абмежаваным узроўнем ведаў, які не ўмее самастойна мысліць і дзейнічаць. Гэта Алесь гарлапаніць на двары. Да дваццаці чатырох гадоў дажыў, ды так шкаляром і застаўся. Пінчук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бу́квіца ’расліна Betonica L.’ (Кіс.), таксама ’першацвет, Primula veris L., арніка, Arnica montana L.’ (Кіс.). Для Betonica officinalis гэта агульнаслав. назва: рус. буквица, буковица, буковина, укр. буквиця, польск. bukwica, bukwa, ст.-чэш. bukva, bukvice, bukovice, славац. bukvica, харв. bukvica (Мяркулава, Очерки, 137; Махэк, Jména rostl., 198–199). Як думаў Растафінскі, Symbola, 283, ёсць сувязь з назвай дрэва — *bukъ (Betonica мае лісце, якое зраслося на канцы, як у бука).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Быкі́ ’буякі, Vaccinium uliginosum’ (карэліц., Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 82: дыял. форма быке́). Як думае Арашонкава і інш., там жа, гэта вытворнае ад буякі́ ’тс’. Няпэўна, ёсць і іншыя назвы з падобнай семантыкай. Параўн. бугаі́ ’буякі’, буякі́ (там і матывацыя). Не выключаецца, што і быкі ’буякі’, як і бугаі ’тс’, толькі «пераклад» слова буякі, якое пры пашырэнні з дыялекту ў дыялект «асэнсавалася» як вытворнае ад буяк ’бык’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ваг1 ’рычаг для падняцця цяжару’ (Клім.), вага ’ўмацаваная на сасе перакладзіна, якая служыць для даставання вады са студні’ (Юрч.); ’палка для ўскладання рознага цяжкага грузу на воз’ (Інстр. I); ’рычаг для падымання бярвення’ (Інстр. II). Да вага (гл.). Серб.-харв. ва̑г ’рычаг’ дазваляе меркаваць, што гэта значэнне з’яўляецца праславянскім.

Ваг2 ’від павіннасці пражай у час прыгону’ (Шатал.). Да вага. Форма м. р. можа быць вытлумачана ўплывам рус. вес.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Люцы́пар, люцы́пер ’д’ябал’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас., Бяльк.), ст.-бел. люциферъ, люциперъ, люцыперъ ’тс’ (XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. lucyper, lucyfer (лац. lūcifer ’той, хто прыносіць святло’: lūx, lūcis ’святло’, ferre ’несці’), ’д’ябал’, ст.-польск. і ’Венера’. У некаторых айцоў царквы — гэта імя ўзбунтаванага анёла, скінутага ў пекла. Аналагічна і франц. lucifer ’сатана’, ’Венера’ (Слаўскі, 4, 362–363; Кюнэ, 73; Зайцава, Лінгв. дасл., 69; Булыка, Лекс. запазыч., 176).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́нгра ’венгерац’ (Шат.). Кантэкст: «Па сяле ходзіць вэнгра з лякарствамі». Таму можна меркаваць, што гэта слова мела таксама значэнне ’вандроўны гандляр’. Параўн. рус. венге́рец, венгр ’венгерац’, а таксама ’бродячий торговец, продававший по городам и поместьям товары и лекарства, по происхождению главным образом словак из Венгрии’ (Фасмер, 1, 290, са спасылкай на Мельнікава–Пячэрскага). З польск. węgier ’венгерац’ (гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама дадаткі Трубачова (там літ-ра адносна венгерец ’гандляр’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)