Атэі́ст (БРС), атэі́ста (Нас.), атеисты з 1597, Гіст. мовы, 1, 307; Гіст. лекс., 220. Рус. атеист 1726, аѳеист 1718 (Біржакава, Очерки, 344; Фогарашы, Beiträge, 34). Атэіст Булыка выводзіць з ням. Atheist, афеист — з ст.-грэч. ἀθεία. Паводле Краўчука, ВЯ, 1968, 4, 123, украінскае з захаду (праз польскую). Рус. атеист, паводле Смірнова, цытаванага Фасмерам, 1, 95, з ням. Atheist; паводле Нардстэта (у якога слова ўпершыню трапляе ў слоўнік), цытаванага Шанскім, 1, А, 170, з франц. athéiste; паводле Біржакавай, Очерки, 344, з ням. Atheist < грэч. ἄθεον непасрэдна і праз украінскую. У старапольскай мове не зафіксавана, таксама як і ў грэчаскай; таму думка пра лацінска-нямецкую крыніцу, верагодна (звычайна на грэчаскай базе), з папраўкай на тое, што ў рускай не толькі праз украінскую, але і праз беларускую. Французскае слова магло толькі садзейнічаць замацаванню слова ў рускай. Паколькі ў беларускай мове фіксуецца ў канцы XVI, XVIII, XIX стст., верагодна, што сучаснае слова працягвае старабеларускую традыцыю. Форма ў Насовіча, відаць, адлюстроўвае звычайную для слоў на ‑іст‑а мадэль польскага паходжання. Гл. атэізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плаз ’плоскасць якой-небудзь доўгай рэчы’, ’паласа ад удару чым-небудзь доўгім’ (Нас., Яруш.), плаз ’плоскі бок якога-небудзь прадмета’ (беласт., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. плазъ ’плоскі бок шаблі’ (1539 г.) са ст.-польск. płaz ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 70), якое Банькоўскі (622) узводзіць да plaza ’плоскі камень, каменная пліта’, а апошняе — да і.-е. *plōgʼā, прыметнік *plōgʼ‑o‑s (швед. flack, гал. vlak, ням. flack ’плоскі’, англ. flagstone ’каменная пліта для брукавання’). Брукнер (420) мяркуе, што польск. płaza — выключна польск. лексема, аднак параўн. стараж.-рус. плазивый ’гладкі’ (XII–XIII стст.). Бязлай (3, 51) славен. plȃz, pláza ’паласа, лінія, рыска, стужка’ параўноўвае з літ. plúoš(t)as ’лыка’, ’паласа’ і адносіць іх да і.-е. (s)p(h)el‑gʼ‑. Аднак, відаць, гэтыя славенскія лексемы генетычна не тоесныя з беларускімі. Сюды ж: плазава́ць ’біць, лупцаваць, сячы’ (Растарг.) < польск. plazować ’біць тупым канцом шаблі’ (з 1621 г.), а таксама плазава́ты ’які мае гладкую паверхню, гладкі, роўны’ (ТСБМ, Яруш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаўбу́н 1 ‘збан’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Жд. 3, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘высокі конусападобны прадмет з круглым верхам’, ‘слуп чаго-небудзь (пылу, дыму), які падымаецца ўверх’, ‘віхор, ураганны вецер’ (ТСБМ), а таксама ‘кветаноснае сцябло’ (Мат. Гом., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘кадаўб’ (Сл. ПЗБ), ‘грубка’ (Сцяшк.), стаўбу́н, сталбу́н ‘гарлач (збан); гліняны гаршчок з ручкамі’, значэнні і лінгвагеаграфію гл. ЛА, 1; з іншай суфіксацыяй стоўба́к ‘высокая вузкая бочка’ (Юрч. Вытв.), стоўба́н ‘тс’, перан. ‘галава’ (там жа), стаўбу́нік ‘высокая і вузкая шафа’ (Сл. рэг. лекс.), стаўбуне́ць ‘расці не ў карняплод, а ў сцябло’, стаўбуні́цца ‘ўзнімацца слупам (пра дым, зямлю)’. (ТСБМ). Укр. стовбу́н ‘высокі гаршчок’, рус. столбу́н ‘высокі і вузкі збан’. Да стоўб з суф. ‑ун, ‑ак, ‑ан. Сюды ж стаўбу́н ‘высокая футравая шапка без вушэй’ (Жд. 1), стамбуно́ўка ‘тс’ (Шат.), стаўбуноўка ‘тс’ (гродз., Нар. сл.).

Стаўбу́н 2 ‘параліч, паралюш’ (Растарг.). Да стоўб (гл.), параўн. рус. столбня́к ‘заражэнне крыві, якое выклікае аслупяненне’. Сюды ж, відаць, стаўбні́к, стаўбня́к ‘расліна стальнік’ (Сцяшк. Сл.), якую «рвуць на лекі» (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пусці́цца, пушчуся, пусцішся, пусціцца; зак.

1. Адправіцца, накіравацца куды‑н. [Міхась] зноў і зноў дакараў у думках сястру, а заадно і Толю, што яны згадзіліся пусціцца ў такую далёкую і небяспечную дарогу. Якімовіч. Каб не астацца пры немцах, маці пусцілася ў эвакуацыю. Скрыган.

2. Пачаць хутка ісці, бегчы ў якім‑н. напрамку. Машына пайшла па шашы, а Люты з усёй сілы пусціўся за ёю. Кулакоўскі. [Ніна] спалохалася і не стала чытаць, залажыла пісьмо глыбока ў кашолку і пусцілася дадому. Лобан.

3. з інф. і ў што. Пачаць рабіць што‑н. Пусціцца даганяць. Пусціцца ў скокі. Пусціцца ў разважанні. □ — Ромка! Сюды! — закрычаў Віталік. Павярнуўся і пусціўся бегчы на вуліцу. Даніленка. За.. [дзяўчынаю] пусціўся ў рогат Воранаў, а тады і ўсе астатнія. Не стрымалася і Таццяна. Васілёнак. Калі сабраўся дзед з Міколкам рушыць у паход, маці таксама пусцілася ў слёзы. Лынькоў. // Пачаць займацца чым‑н. Дамеця, дык таго рэдка калі хто бачыць. Ён пусціўся ў навуку і ходзіць у Верамеевіцкую школу. Сабаленка.

4. на што. Рашыцца, пайсці на што‑н. Пусціцца на авантуру. Пусціцца на хітрасць. □ Тады толькі Шы Ку-ан зразумеў, на якую рызыку ён пусціўся. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

харо́шы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Прыгожы, прывабны. Вельмі харошага жаніха.. дачцэ [Лопаніхі] ўжо не шукаць, а гэты хоць і дохленькі, крываногі, ды ўсё ж — гаспадар. Кулакоўскі. Прыбяры пень, дык і пень будзе харошы. Прымаўка.

2. Які вызначаецца станоўчымі маральнымі, душэўнымі якасцямі. Харошы.. [Сымон Пятровіч] мужык, справядлівы... Грахоўскі. Харошы салдат ехаў з намі. Такі не толькі плашч-палатку аддасць, а калі трэба, то і сабою заслоніць. Хомчанка.

3. Добры, высакаякасны. Гэты невялікі рэстаран быў трэцяга разраду. Тут падавалі селядцы з бульбай, харошы капусны боршч з мясам, бульбяныя, грыбныя супы, гарохавы, фасолевы, грэцкую кашу. Пестрак. Харошы быў крук, моцны. Лынькоў. // Які прыносіць задавальненне; прыемны. [Гарлахвацкі:] Такія ўсякія харошыя ідэі прыходзяць у галаву, так лёгка працуецца. Крапіва. Маладыя, родныя, харошыя, Не крычыце пад маім акном У той час, як госцяю няпрошанай Узыходзіць поўня над сялом. Жычка.

4. (у сяброўскім звароце). Дарагі, любы, мілы. Мой харошы, мой саколік, Сэрца тваё чую. Абніму і, як ніколі, Моцна пацалую. А. Александровіч. — Другая рэч, Антось харошы: Таксама трэба мець і грошы, — Міхал прамовіў ціхім басам. Колас. — Добра, — засмяялася маці. — Памочнік ты мой харошы! Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чачо́тка ​1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Невялікая пеўчая птушка сямейства ўюрковых. Трохі далей, якраз ля і дарогі, у кроне старой разгалістай грушы трапечуць крыльцамі і шчабечуць чачоткі. Хомчанка.

2. Хуткі, рытмічны танец з частым пастукваннем падэшваў і абцасаў аб падлогу, а таксама музыка да гэтага танца. Гралі.. [кравец і каваль] тое, што трэба было на абыходак тутэйшым людзям, — польку, кракавяка, чачотку. Чорны. // Дробнае пастукванне ног (у час танца). Марыя выбіла чачотку і, увайшоўшы ў азарт, пусцілася па кругу. Гроднеў. / у перан. ужыв. А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў. Астрэйка. А карась чачотку выбіваюць: Зялёны панцыр цяжкіх лапухоў Спрабуюць скінуць, выскачыць жадаюць У вольны свет травы, вады глухой. Прануза.

чачо́тка ​2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Від бярозы з прыгожай узорнай драўнінай на разрэзе; карэльская бяроза. [Серада:] Мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка дый толькі. Брыль. // Драўніна такой бярозы. Пасучы кон[ей], ён [Нямко] заўсёды што-небудзь рабіў: то плёў лапці, .. то вымайстроўваў якую-небудзь штучку з чачоткі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ткаць 1 ’вырабляць тканіну’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Бяльк., Касп., Сержп. Прымхі, Федар. 4): ткаць ряшоты (Рам. 4); ткаць кросны перан. ’плесці павуціну’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тка́ці, тка́ты (тка́тэ) ’ткаць’ (Сл. Брэс.; кам., Сл. ПЗБ), ст.-бел. ткати (1598 г., КГС). Укр. тка́ти ’тс’, рус. ткать ’тс’, польск. tkać, н.-луж. tkaś ’вязаць’, в.-луж. tkać, палаб. tåkăt, чэш. tkát, славац. tkať, славен. tkáti, серб.-харв. тка̏ти, макед. ткае, балг. тъка́, дыял. тка́я ’тс’, ст.-слав. тъкати ’тс’. З прасл. *tъkati ’ткаць’, роднаснага да *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’ткнуць’, а таксама да лат. tukstêt ’стукаць’, taucêt ’таўчы ў ступе’, ст.-в.-ням. dūhen ’прыціскаць’, ст.-англ. ðýn, ðýan ’ціснуць, штурхаць’, ст.-ірл. tool ’парожні’, грэч. τύκος ’каменячосы молат’, τυκίζω ’абчосваю, чашу’ (Фасмер, 4, 64; Брукнер, 571; ЕСУМ, 5, 582). Трубачоў (Ремесл. терм., 117; Труды, 2, 44) сцвярджае другасны характар слова паводле словаўтварэння і семантыкі, параўн. ткаць 2, гл. Фурлан (Бязлай, 4, 185) мяркуе пра зыходнае значэнне ’вязаць, шыць’, Борысь (633) — пра ’соваць, прасоўваць (ніткі праз аснову)’ і першасную форму *tъkti, суадносную з *tykati (гл. тыкаць), гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507. Акрамя таго, звязваюць (Махэк₂, 644) з грэч. τεύχω ’будую; вырабляю; раблю’, і.-е. *teu̯kh‑, а таксама (Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 477) з прасл. *tesati ’часаць’, і.-е. *tesk‑.

Ткаць 2 ’соваць, піхаць’, перан. ’папіхаць, папракаць’ (Нас.), ’торкаць, саджаць’, ’даваць’ (Юрч. Фраз. 1): між дзвярэй пальцы не ткай (брасл., Рабк.), сюды ж тка́цца ’штурхацца’ (Нас.), ткану́ць ’уваткнуць’ (люб., Ск. нар. мовы), ткнуць ’пакласці, уторкнуць’ (ТСБМ, Касп., Барад.), ’тыкнуць, піхнуць, сунуць’ (Нас.), ’крануць’ (Ласт.), ткну́ті ’торкнуць, падаць рэзка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.). Параўн. укр. ткну́ти ’тыкнуць’, рус. ткнутъ ’тс’, польск. tkać ’соваць, упіхваць, утыкаць’, tknąć ’ударыць, штурхнуць, дакрануцца’, н.-луж. tkaś ’утыкаць, папіхаць’, чэш. tknout ’дакранацца’, славац. tkať ’тс’, серб.-харв. та̀кнути ’дакрануцца’, ст.-слав. тъкати ’кранаць, штурхаць, стукаць’, тъкнѫти ’крануць, штурхнуць, стукнуць’. Прасл. *tъkati ’кранаць, штурхаць, піхаць, соваць’, *tъknǫti ’дакрануцца, піхнуць, стукнуць; усунуць, увапхнуць’; этымалагічна звязанае з папярэднім словам, гл. тыкаць. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507–1508; Борысь, 633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыц — выклічнік, выражае раптоўнае дзеянне, нечаканую з’яву, сустрэчу (Нас., Пятк. 2, Сержп. Прык., ТС; даўг., іўеў., астрав., шальч., Сл. ПЗБ; мсцісл., Нар. лекс.): а ім у варотах тыц — Дыдона («Энеіда навыварат»), тыц! стаў конь, наравіцца! (Ф. Багушэвіч), ‘дотык’: вады на тыц рукі; тры разы тыц рукой (леп., Нар. медыцына), тыц‑тыц ‘тык-мык, пык-мык’: тыц‑тыц, і няма чаго сказаць (астрав., Сл. ПЗБ), тыц‑мыц ‘тык, тыц’ (карэліц., Нар. словатв.). Параўн. укр. тиць — для выражэння нечаканай сустрэчы (ад дзеяслова ткнути), тыць‑миць ‘тык-мык’, рус. дыял. тыц — пра раптоўны рух, польск. tyc — водгалас утыкання (Вілен. сл.). Да ты́каць (гл.). Карэннае ‑ц узыходзіць да формы заг. ладу прасл. *tykati — *tъci (ЕСУМ, 5, 577). Сюды ж тыцаті ‘шукаць’ (пін., Шатал.; Сл. Брэс.), тэ́цнутэ (ногою) ‘даць выспятка’ (драг, Ск. нар. мовы), ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’, а таксама ўскладненыя суфіксамі вытворныя ты́цкаць ‘тыкаць’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Нар. Гом., Др.-Падб.); ты́цканне ‘тыканне пальцам’ (Ласт.), ‘звяртанне ўвагі на што-небудзь зробленае дрэнна, як бы папікаючы’ (Нар. Гом.); ты́цкацца ‘лезці ў чужую справу’ (Шат.), ‘соваць, тыцкаць’ (Касп.); ты́цнуць ‘сунуць’ (Жд. 1, ТС; люб., ЖНС), ты́цнуцца ‘ўсунуцца, умяшацца’ (Юрч. СНЛ), тицʼнути ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ты́цьнуты ‘ткнуць’ (Клім.). Талстой (ЛП, 17) параўноўвае апошняе слова з серб.-харв. ти́цаті ‘датыкацца’; Скок (3, 429) разглядае яго як вынік другаснай палаталізацыі з прасл. *tъk‑, гл. таксама Глухак, 618.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад біць (у 1–3, 10 і 16 знач.).

2. у знач. прым. Зарэзаны, забіты; настраляны (пра дзічыну). Завёзшы свініну.., [Вадап’ян] варочаецца назад, пакінуўшы.. [на рынку] жонку, а па дарозе прыхваціць пару бітых ці жывых япрукоў, парадкуе іх, калі яны ўжо старгаваны і куплены бітымі. Колас.

3. у знач. прым. Разбіты на кавалкі; расколаты, раструшчаны. Бітае шкло звонка храбусціць пад нагамі. Лынькоў. На месцы бацькавага дома, зарослы травой і адуванчыкамі, узнімаўся курган з бітай цэглы. Карпюк.

4. у знач. прым. Валены. У мяне на нагах таксама някепскі абутак — бітыя валёнкі. Місько.

•••

Бітая гадзіна гл. гадзіна.

Бітая дарога гл. дарога.

Карта (стаўка) біта гл. карта.

Козыр біты гл. козыр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́сія, ‑і, ж.

1. Адказная роля, высокае прызначэнне каго‑н. Наша партыя высока нясе рэвалюцыйны сцяг марксізма-ленінізма і пралетарскага інтэрнацыяналізму, з гонарам ажыццяўляе сваю гістарычную місію, нястомна змагаецца за перамогу камуністычных ідэалаў. Брэжнеў. Літаратура і мастацтва выконваюць у савецкім грамадстве пачэсную місію. Шкраба.

2. Заданне, даручэнне. Найбольш адказная місія — спыніць дзяўчынку, не спалохаўшы, і наладзіць з ёй сувязь, была даручана мне. Брыль. Анэтка павінна памятаць, што на яе ўскладаецца важная місія — быць аховаю сям’і і гэтага хутарка. Колас.

3. Пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва пры якой‑н. дзяржаве звычайна на чале з пасланнікам, а таксама памяшканне, якое займае такое прадстаўніцтва.

4. Прадстаўнікі адной дзяржавы, якія пасылаюцца ў другую са спецыяльнай мэтай. Ваенная місія.

5. Місіянерская арганізацыя.

[Ад лац. missio — адпраўленне, пасылка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)