бубні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; ‑нім, ‑ніце; незак., што і без дап.

Разм.

1. Біць у бубен; барабаніць. [Юрка:] — Нашто вы бубен дасталі? [Жыгунец:] — Бубніць пайду. Чорны. // Ствараць, утвараць гукі, падобныя да гукаў бубна. Аднастайна, сумотна бубніць дождж у шыбы акон. Шамякін.

2. перан. Гаварыць ціха, незразумела, манатонна. Таркевіч рабіў уражанне сярдзітага чалавека. Бровы яго пераважна былі нахмураны, ён меў звычай бубніць і прыгаворваць: «Ці гэта парадак?» Колас. Дастаўшы чыгунок ці якую варэйку, .. [Андрэй Данілавіч] адхопліваў гарачы кружок, заглядваў у пасудзіну і дабрадушна бубніў: «Ну, а тут што ёсць? Чаго нам тут накухарыла?» Ракітны. // Назойліва паўтараць адно і тое ж. — Печаны гад! І зямля іх такіх носіць. Усю дарогу мне бубніў, што вайне канец. С. Александровіч.

•••

Бубніць (сабе) пад нос — гаварыць вельмі ціха, незразумела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змы́цца, змыюся, змыешся, змыецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ад мыцця сысці, знікнуць (звычайна пра тое, што забруджвае, робіць нячыстым). Смала змылася. Фарбы змыліся. Плямы змыліся.

2. перан. Разм. Знікнуць, пайсці адкуль‑н. (хутка, непрыкметна). — Немцы ў Зарэччы ёсць? — ціха спытаў Валодзя ў старога. — Днём былі. .. Нанач змыліся. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іглі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з ігліцы, іголак (у 3–5 знач.), густа пакрыты імі. Іглістая елка. □ Адна галіна з пажоўклай шышкай, з іглістымі кусточкамі, ціха гайдаючыся, цягнулася да расчыненай форткі, нібы заглядвала ў пакой. Мележ. Тут, у зацішку, не мяла. Толькі церушыўся з дрэваў калючы снегавы пыл, прысыпаючы дарогу іглістай намараззю. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантра́стны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца кантрастам каму‑, чаму‑н.; рэзка процілеглы. Кантрастныя з’явы. Кантрастныя колеры. □ І справа і злева грымелі ўзрывы, а тут было ціха. Цішыня трывала можа толькі якую хвіліну, але была яна такой кантрастнай, што здавалася чужой, незразумелай. Шахавец.

2. З рэзкай розніцай паміж светлымі і цёмнымі часткамі. Кантрастны здымак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падчапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

Разм. Прычапіцца да каго‑, чаго‑н. Чаратун узяў пад рукі Валодзю і Стахея Іванавіча, Віця падчапіўся з другога боку Валодзі, а я за дзеда. Місько. — Махнём заўтра да мяне ў Грамы, прафесары! — гукае Мікола. — ..А назад можна на таварняку. Там якраз пад’ём, поезд ідзе ціха, падчэпіцеся. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́йна,

1. Прысл. да спакойны.

2. безас. у знач. вык. Ціха. У лесе было спакойна. Якімовіч.

3. безас. у знач. вык. Пра душэўны спакой. На душы ў.. [Аркадзя Цімафеевіча] было спакойна і радасна. Дуброўскі.

4. безас. у знач. вык. Утульна, прыемна. Спакойна будзе тут старому паляўнічаму, — казаў Ігнат. Танк. У будане спакойна мне. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усхлі́пванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усхліпваць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Цішыня... Толькі чутны ціха ўсхліпванні прысутных ды прыглушаныя гукі вуліцы. Сяргейчык. Ноччу і ўсхліпванні старой Грыбіхі можа паказацца начлежніку крыкам набалелай душы. «ЛіМ». Плакаў Нік. Плач яго то сціхаў, пераходзячы ў палахліва ўсхліпванне, то ўзнімаўся з новай сілай. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рамані́цьціха стукаць (пра дождж)’ (Растарг.), ра́маць ’стукаць’ (Мат. Гом.). Чэш. romoniti ’шалясцець, цурчаць; громка гучаць’, славац. romoniť ’грымець, трашчаць’, параўн. славен. разьян. romoniti ’размаўляць, гаварыць’, серб.-харв. ромо̀нити ’балбатаць, мармытаць, шаптаць’, балг. ромо́ня ’цурчэць; ціха гаварыць, гаманіць’, макед. ромо́ни ’шалясцець, цурчаць’. На аснове аддзеяслоўных назоўнікаў Бязлай (3, 195) рэканструюе прасл. *romonъ ’шум, шалясценне, цурчанне, гоман’ (< і.-е. *re(i̯)‑ ’крычаць, раўці, стукаць, грукаюць’, параўн. ст.-сканд. rōmr ’голас’, італ. rumore ’шум’, лац. rumor ’віск’), а таксама дзеяслоў *romoniti (*ramaniti, гл. БЕР, 6, 319). Гл. таксама Скок, 3, 158. Словаўтваральнай асновай мог быць гукапераймальны корань *rom‑/*ram‑, параўн. славен. rompompom ’гукаперайманне грукату’, rompljati ’грукаць, стукаць’, славен. romon ’шум, мармытанне’, харв. romon ’тс’, romoriti ’гучаць, шумець’. Борысь у экспрэсным славін.-каш. x‑ram‑ota‑ć ’бразгатаць, грукаць, брахаць (пра сабак)’, xramot ’брацанне, лязганне, грукат, брэх’ адзначае паралельнае выкарыстанне суф. ‑ota‑/‑oni‑ з семантыкай узмацнення дзеяння ў анаматапеічных дзеясловах, напрыклад, кашуб. fafrotać/fafronić ’балбатаць, вярзці’ (Борысь, Leksyka słów., 26). Іншыя экспрэсіўныя дзеясловы з элементам ram‑: польск. дыял. chrampać ’прасоўвацца з шэлестам’, chramastać ’есці з храбусценнем’, падляш. chramać ’есці, грызці’. Першаснае значэнне элемента ‑ram‑ (варыянт ‑chram‑) магло быць менавіта ’шалясценне, хрусценне’ (Борысь, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́мрыць ’хрупаць (есці)’ (КСТ), кобр. жо́мраты ’павольна есці, жаваць’ (Жыв. сл., 100). Рус. перм., свярдл. жумрить ’жаваць’, укр. жу́мрити, жу́мрати ’есці’ (Грынч.), н.-луж. žumliś ’цяжка жаваць, мямліць’, в.-луж. žumlić ’гаварыць у нос, мямліць’, уст. ’намагацца перажаваць’ (Пфуль). Параўн. серб.-харв. жумо́рити, жубо̀рити і жу̏борити ’рабіць невялікі шум, ціха і няясна гаварыць’, шумо̀рити, шу̀морити ’шамацець’, славен. šumoréti, šumréti ’тс’. Элемент жу‑ суадносіцца, верагодна, з жав‑ у жаваць (гл.) < *žev‑ < і.-е. *g(i̯)eu‑. Далейшыя часткі кораня (м, р) няясныя. Параўн. жупарыць, жабанець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́чыць ’дакараць’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Рус. жу́чить ’тс’. Параўн. серб.-харв. жу̏чити, жу́чити ’рабіць горкім, мучыць’ (відаць, ад жу̑ч ’жоўць, злосць’). Праабражэнскі (1, 239) звязваў жучить з жгут, што неверагодна. Мала верагодна і дапушчэнне Фасмера (2, 68) пра сувязь з жуда, жуткий. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 301, ЭИРЯ, 3, 65) лічыць звязаным з рус. дыял. жук ’сварка, шум’ (у СРНГ не зафіксавана) і жу́ка́ть ’дакараць, спрачацца, сварыцца, гаварыць ціха’. Гэта этымалогія мае больш падстаў. Ці не з польск. zuczyć ’навучыць’ (у рус. тады з бел.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)