Жу́мрыць ’хрупаць (есці)’ (КСТ), кобр. жо́мраты ’павольна есці, жаваць’ (Жыв. сл., 100). Рус. перм., свярдл. жумрить ’жаваць’, укр. жу́мрити, жу́мрати ’есці’ (Грынч.), н.-луж. žumliś ’цяжка жаваць, мямліць’, в.-луж. žumlić ’гаварыць у нос, мямліць’, уст. ’намагацца перажаваць’ (Пфуль). Параўн. серб.-харв. жумо́рити, жубо̀рити і жу̏борити ’рабіць невялікі шум, ціха і няясна гаварыць’, шумо̀рити, шу̀морити ’шамацець’, славен. šumoréti, šumréti ’тс’. Элемент жу‑ суадносіцца, верагодна, з жав‑ у жаваць (гл.) < *žev‑ < і.-е. *g(i̯)eu‑. Далейшыя часткі кораня (м, р) няясныя. Параўн. жупарыць, жабанець.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)