напру́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад напружыць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане напружання. Напружаныя мускулы. Напружанае цела.

3. у знач. прым. Які праходзіць з напружаннем, з затратай вялікіх сіл. Напружаная праца. Напружаная барацьба. □ Быў самы напружаны час веснавой сяўбы. Новікаў.

4. перан.; у знач. прым. Неаслабны, узмоцнены. Напружаная ўвага. Напружанае чаканне. Напружаная цішыня. □ Карызна слухаў даклад з глыбокай напружанай цікавасцю. Зарэцкі. // З павышанай ступенню ўспрымання. Напружаны слых. Напружанае ўгляданне.

5. перан.; у знач. прым. Нацягнуты, цяжкі, які патрабуе ўрэгулявання. Напружаныя адносіны. Напружаныя абставіны.

6. перан.; у знач. прым. Які выражае напружанне; ненатуральны. Апошнія словы Кандрат вымавіў напружаным шэптам. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрысту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога цяжка або немагчыма наблізіцца; цяжкі для падыходу, узыходжання. Паграбішча было вялізным возерам з багністымі непрыступнымі берагамі. Асіпенка. Імкліва, нястрымна неслася вада ракі то роўнай лагчынай, то паміж непрыступных скал. Галавач. // Такі, якім цяжка авалодаць; які добра абараняецца, добра ўмацаваны. Непрыступная крэпасць. Непрыступны рубеж.

2. перан. Такі, да якога цяжка падступіцца: ганарысты. Галіна сядзела за швейнай машынай халодная, непрыступная. Шамякін. А перад вачамі ўсё так і стаяў высокі, з белымі калматымі бровамі стары, .. горды і непрыступны ў размове. Ракітны. // Уласцівы такому чалавеку. І вось.. [Алесь] сядзіць на заднім сядзенні адкрытай вайсковай машыны. Абапал — два штыхі, два непрыступныя твары пад коскамі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяке́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы пеклу, такі, як у пекле. І вось пачалося змаганне Дабра і прадвечнага зла, Світальнай зары і змяркання, Пякельнай начы і святла. Танк.

2. Разм. Вельмі цяжкі, нясцерпны; пакутлівы. Пасля двух пякельных баявых дзён рота лейтэнанта Клямта была адведзена з пярэдняга краю. Мележ. У душы маёй заўсёды быў нейкі пякельны разлад. Купала.

3. Разм. Незвычайны па ступені праяўлення; страшэнны. Пякельная спёка. Пякельны боль. □ Усё цела паліў пякельны агонь, трашчала ад болю галава, ліўся густы пот. Дуброўскі.

4. Разм. Жорсткі, бесчалавечны. Нямала людзей з маёй вёскі не вярнулася з вайны, нямала дзяцей і дарослых загінула ў часы пякельнага рэжыму фашысцкай акупацыі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́чны ‘тлусты’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал., Сцяшк. Сл.), ‘сыты, укормлены’, ‘угноены, добра апрацаваны (грунт)’ (Варл.), ‘вельмі сыты, з тлустасцю’ (Юрч. Сін.); памянш. ту́чненькі ‘тс’ (Ласт.), ту́чнае, тучно́е, туча́нае ‘топкае (сала)’ (Мат. Гом.; бялын., Янк. Мат., ЛА, 4), ту́шны ‘пажыўны’ (паўн.-усх., КЭС), ст.-бел. тучный ‘сыты, тлусты’. Параўн. укр. ту́чный ‘тлусты’, рус. ту́чный ‘тс’, польск. tuczny ‘ўкормлены, тлусты’, ‘пажыўны, сытны’, чэш., славац. tučný ‘тлусты, адкормлены, тоўсты’, в.-луж. tučny, н.-луж. tucny ‘тс’, славен. дыял. tučen ‘тс’, харв. tȕčan ‘адкормлены, цяжкі’, балг. ту́чен ‘тлусты, адкормлены’, ‘буйны, сакавіты (пра траву)’, макед. тучен ‘тлусты’, ‘пладародны’, ст.-слав. тоучьнъ ‘тс’. Прасл. *tučьnъ утворана ад *tukъ (гл. тук1) + ьnъ > *tukьnъ (сляды яшчэ ў стараж.-рус. тукьный) ‘тлусты, тоўсты, урадлівы’ (Цыганенка, 494; Шустар-Шэўц, 1556; Арол, 4, 123), параўн. літ. taũkinas ‘замазаны тлушчам, засалены’, лат. tàuks ‘тлусты, адкормлены’ і інш. Паводле Борыся (652), утворана ад *tučiti, гл. наст. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пове́ргнуть сов.

1. уст. (свалить) звалі́ць, павалі́ць; (бросить) кі́нуць; (положить) пакла́сці; (свергнуть) зве́ргнуць, зры́нуць;

2. перен. (победить) перамагчы́; адо́лець;

пове́ргнуть врага́ перамагчы́, адо́лець во́рага;

3. перен. (в тяжёлое состояние) прыве́сці (у ця́жкі стан); (бросить) кі́нуць; (нагнать) нагна́ць (што); (погрузить) агарну́ць (чым); см. поверга́ть;

пове́ргнуть в прах зні́шчыць дашчэ́нту;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

гадзі́на, -ы, мн. -ы, -дзі́н, ж.

1. Адзінка вымярэння часу, роўная 60 мінутам.

Прыйсці раней на гадзіну.

2. Адзінка часу ў 60 мінут, якую адлічваюць ад паўдня ці ад паўночы.

Г. ночы.

Трэцяя г. дня.

3. Прамежак часу, што адводзіцца на ўрок, лекцыю і пад.

Акадэмічная г.

4. толькі мн. Педагагічныя заняткі, лекцыі (пра нагрузку выкладчыкаў).

Мець гадзіны ва ўніверсітэце.

5. Пара́, час (высок.).

Суровая г. вайны.

6. Час, адведзены для чаго-н.

Прыёмныя гадзіны.

Вольная г.

Гадзіна пік — час найвышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.

Апошняя (смяротная) гадзіна — смерць.

Гадзіна ў гадзіну — дакладна, у вызначаны тэрмін.

З гадзіны на гадзіну — вось-вось, у кожны момант.

Чорная (ліхая) гадзінацяжкі час.

Шэрая гадзіна (разм.) — змрок вечарам пасля заходу сонца.

|| ласк. гадзі́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 1 знач.).

|| прым. гадзі́нны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Г. перапынак.

Гадзінная норма.

Паехаць гадзінным цягніком (які адпраўляецца ў гадзіну дня, ночы).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

крыва́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Напоўнены кроўю; з прымессю крыві. Крывавы мазоль. // Кроватачывы. Крывавая рана.

2. Заліты кроўю; акрываўлены. Крывавыя рукі. Крывавы бінт.

3. Які суправаджаецца праліццём крыві, звязаны з кровапраліццем. Крывавае злачынства. Крывавая помста. □ Не для сваёй жа славы У суровы час вайны З бацькамі ў бой крывавы Кідаліся сыны. Непачаловіч. // Які ўчыніў многа забойстваў. Мы .. не аднойчы чулі пра дэспатаў крывавых і тыранаў. Дубоўка. І ўсплылі ў памяці Андрэя колішнія расказы бабкі аб паншчыне, аб крывавых панах... Пестрак.

4. Ярка-чырвоны, колеру крыві. У змрочным вячэрнім небе замігцелі крывавыя заранкі. Лынькоў. Крывавае сонца ўставала з-за небасхілу. Дамашэвіч.

5. перан. Цяжкі, пакутлівы, горкі. Крывавы пот. Крывавыя слёзы.

•••

Крывавая нядзеля гл. нядзеля.

Да крывавага поту гл. пот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разграмі́ць, ‑грамлю, ‑граміш, ‑граміць; зак., каго-што.

1. Разарыць, разбурыць. Разграмілі польскія легіянеры Мартынаву хату, павыбівалі вокны. Колас. Дэфензіва разграміла рэдакцыю газеты, а самога паэта і яго таварышаў, што групаваліся вакол гэтай трыбуны, кінула на лаву падсудных. «Полымя».

2. Разбіць, знішчыць у баі, у выніку барацьбы. А ішлі яны [партызаны] граміць варожы гарнізон у Вежанцы. І разграмілі. Бой быў цяжкі. Паўлаў. Не паспелі разграміць Юдзеніча, як з захаду пачалі насоўвацца белагвардзейскія легіёны Пілсудскага. Паслядовіч. // перан. Даказаць ілжывасць, памылковасць чыіх‑н. перакананняў; нанесці ідэйнае паражэнне каму‑н.; разнесці. Вось дык крытык! Ну і смелы! Пачытай — агорне страх. Без аглядак зборнік цэлы Разграміў у пух і прах. Гілевіч. Дзеля хутчэйшага дасягнення .. мэты неабходна было разграміць трацкісцка-зіноўеўскі блок. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мудрёный

1. (странный) дзі́ўны; (непонятный) незразуме́лы;

мудрёный челове́к дзі́ўны (незразуме́лы) чалаве́к;

мудрёное де́ло дзі́ўная спра́ва;

ничего́ мудрёного нічо́га дзі́ўнага;

2. (замысловатый) хі́тры, мудраге́лісты, разг. мудро́ны; (трудный) ця́жкі; (сложный) склада́ны;

мудрёная шту́чка хі́трая (мудраге́лістая, мудро́ная) шту́чка;

мудрёный узо́р склада́ны ўзор;

мудрёная зада́ча ця́жкая (склада́ная) зада́ча;

у́тро ве́чера мудрене́е посл. пераначу́ем — бо́лей пачу́ем.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Га́ман ’нікчэмны чалавек; злы’ (Нас.), ’злюка’ (Касп.). Паводле Насовіча, ад уласнага імя Амман (мы знаходзім імя Аман у біблейскай кнізе «Эсфирь», дзе ён выступае як ліхадзей). З іншага боку мы знаходзім у ст.-укр. мове гамонъ (XVIII ст.) ’разява, дурань і г. д.’, якое Цімчанка (1, А–Г) выводзіць з польск. gamoń (аб польск. слове гл. Брукнер, 134; інакш Цімчанка, там жа). Магчыма, што і бел. лексема таго ж паходжання, што і ўкр. слова. Але параўн. яшчэ польск. haman ’вялікі, цяжкі; няўклюда’ (якое Брукнер, 168, выводзіць з біблейскага імя Haman), польск. дыял. haman ’вялікі, рослы, моцны’ (гл. Карловіч, 2, 164).

Гама́н, гыма́н ’торбачка, машна для грошай’ (Бяльк.). Рус. гама́н, укр. гама́н ’тс’. Паходжанне слова вельмі спрэчнае. Вінэр (ЖСт., 1, 1895, 61) меркаваў, што гэта назва паходзіць ад уласнага імя (біблейскае) Гаман. Фасмер (1, 391) сумняваецца, але іншай этымалогіі не дае. Таксама сумняваецца Рудніцкі, 553 (але яго вывядзенне гэтага слова ад тур.-араб. hammāl вельмі няпэўнае). Вытворныя ад гама́н: бел. гамане́ц (Жд. 2, Бяльк.), гымане́ц (Бяльк.), укр. гамане́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)