сапраўды́,
1. прысл. На самай справе. [Праменны:] Ты сапраўды пішаш гэту камедыю ці толькі дурышся? Крапіва. Ва ўсёй постаці старога зубра было сапраўды нешта дзікае, лясное, першабытнае. В. Вольскі.
2. прысл. Па-сапраўднаму. Я так каханне разумею: Калі кахаеш, сапраўды, Ідзеш да любай у завею, А глянеш — расцвітуць сады. Прануза.
3. у знач. пабочн. На самай справе. Чаму ж, сапраўды, не паслухаць было Вінцуся Шавеля зразу? Гартны. Андрэя ўсё не было, і маці яшчэ больш занепакоілася аб сыне. Андрэй, сапраўды, устаўшы, падаўся ў Галы. Дуброўскі. // Папраўдзе, праўду кажучы. Сапраўды, .. [маці] ўжо цяжка працаваць. Бядуля. Сапраўды, конь быў нікуды не варты. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разва́ліна, ‑ы, ж.
1. звычайна мн. (разва́ліны, ‑лін). Рэшткі разваленай пабудовы альбо групы пабудоў. На муроў граніт, На чорныя разваліны Нямігі Крутымі рэчышчамі вуліц, як прыбой, Плывуць веснавыя крыгі, Далёкі золак несучы з сабой. Танк. Некалькі раненых афіцэраў, цудам уцалеўшых і выкапаных з-пад развалін школы, расказалі аб гераічнай смерці Андрэя. Шамякін. Як героі, то ўпалі, Расстраляныя, ніц, Злеглі ў грудах развалін Сотні сот камяніц. Гілевіч. // Разм. Расстроеная, разбітая машына або механізм. — Малатарня была, што і казаць. Не тое, што гэта разваліна, — у тон .. [Андрэю] адазваўся Костусь. Васілевіч.
2. перан. Разм. Пра старога або разбітага хваробай чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паяды́нак, ‑нка, м.
Баявая сутычка двух праціўнікаў. Паядынак, відаць, быў няроўны: адна з варожых куль скасіла .. [дзядзьку]. Якімовіч. Тут колісь у начной цішы Сышліся два на паядынак. Гурло. У спадчыну ад бацькі я атрымаў старога беркута з адным вокам, другое вока беркут страціў у паядынку з ваўком. Васілёнак. // У спартыўных спаборніцтвах — барацьба двух праціўнікаў. Лепшыя спартыўныя збудаванні беларускай сталіцы сталі месцамі цікавых паядынкаў. «Звязда». // перан. Наогул барацьба з кім‑, чым‑н. Свістам сініцы, хрустам ільдзінак Сцюжа з вясной пачала паядынак. Грахоўскі. Гутарка Андрэя з стар[астам] выступае як своеасаблівы паядынак, дзе зброяй праціўнікаў з яўляецца ідэалогія, светапогляд. Хромчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрэн, ‑у, м.
1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з тоўстым мясістым коранем, які выкарыстоўваецца як прыправа. За акном у гародзе пад хатай парве хрэн — густа і шырака, як лопух на балоце, — над ім лёталі белыя матылі. Пташнікаў.
2. Горкі корань гэтай расліны, а таксама прыправа з гэтага кораня. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.
•••
Стары хрэн (лаянк.) — пра старога чалавека. — Ну, ідзі, стары хрэн, ды хутчэй, жыва каб мне назад! — кіўнуў паліцэйскі. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Страмі́на ‘драбіна’ (ТС), страмы́на ‘прыстаўныя драбіны’ (Кольб.; брэсц., пін., стол., Нар. лекс.), страбы́на, страмы́на, страмэ́на, стромы́на ‘тс’ (Сл. Брэс.), страмя́нка ‘лескі; драбіна’ (Сцяшк. Сл.), страмы́нка ‘зрубленае маладое дрэва з сукамі, па якім паднімаюцца на дрэва да вулля’ (Анох.). Параўн. укр. дыял. стра́мина, страми́на ‘драбіна’. Да стром, стромы, гл.; першаснае значэнне адлюстравала ў страмынка (Мяркулава, Этим. иссл., 4, 6–7). Паводле Борыся (Czak. stud., 125), узыходзіць да прасл. *strama/*stramъ ‘вертыкальны ці гарызантальны слупок як апора’, дэрыватаў з падаўжэннем каранёвага галоснага ад прасл. *stromiti, старога каузатыва да *strъměti, гл. страміць.
Страміна́ ‘круты схіл, абрыў, круча’ (Нас., Скарбы). Параўн. укр. стре́мʼя ‘абрыў, моцнае цячэнне’, строми́на, стромина́ ‘абрыў, круча’, рус. дан. стре́мя ‘цячэнне, ток ракі’. Да стро́мы, гл. стромкі (Міклашыч, 325; Праабражэнскі, 2, 396; Фасмер, 3, 775; ЕСУМ, 5, 437–438).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суга́к ’касцяное або драўлянае шыла з плоскім вастрыём для падплятання лапцей’, ’роўная тонкая палачка, якая прасоўваецца ў вушкі асновы лапцей’ (Бяльк.; маг., ЛА, 4), ’жалезны прут’ (Маш.), ’пруток з дроту для прапальвання дзірак у дрэве’ (Пятк. 2), ’спічак, швайка, шыла’ (глус., Янк. 3.; Мат. Гом.), ’завостраная палачка падплятаць лапці’ (Сцяшк. Сл.). Укр. суга́к ’жалезнае (або касцяное) шыла для праколвання дзірачак у пасталах, для развязвання вузлоў’. Паводле ЕСУМ (5, 465), з сува́к ’шыла, засаўка, хамуцік’ (гл. суваць), набліжанае да гак. Не выключана сувязь з соўгаць (гл.) з пераходам оў > у, параўн. саўга́к (пра старога чалавека), су́гнуць ’хуткім рухам пасунуць, усадзіць’ (дзятл., Сл. ПЗБ), сугану́ць ’саўгануць, рэзка перамясціць’ (Юрч. Вытв.), або з укр. суга́к, польск. suhak ’антылопа’ < караім. soɣak (sohak) ’малады алень, антылопа’ (Slavica Tarnopolensia, 1, 69), з рагоў якіх вырабляліся прылады. Гл. сайга.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кры́ўда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Несправядлівыя ўчынкі, паводзіны ў дачыненні да каго‑н., якія абражаюць, засмучаюць. — А за што на мяне хто будзе злосць мець? Мне здаецца, я нікому ніколі ніякай крыўды не зрабіў. Чорны. Боль і горыч ад незаслужанай крыўды ахапілі сэрца старога, і ён, стоячы на скрыжаванні, у думках звяртаецца да сына. Хромчанка. // Пачуццё горычы, выкліканае несправядлівымі ўчынкамі, паводзінамі. Горкая крыўда падступіла да сэрца: усё пайшло на вецер. Шкраба.
•••
Быць у крыўдзе на каго гл. быць.
Кроўная крыўда — цяжкая знявага, якая глыбока кранае чалавека.
Не дацца ў крыўду каму гл. дацца.
Не даць (не папусціць) у крыўду каго гл. даць.
Не ў крыўду хай будзе сказана гл. быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
е́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Жаласна стагнаць, крычаць ад болю. [Старая] ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць так, што сэрца разрываецца. Васілевіч. Енчылі непрыбраныя раненыя. Мележ. // Гаварыць з енкам, скардзячыся. — Братачка, паміраць збіраемся, — дрыжачым голасам енчыла жонка старога Хвядоса Пастарунка. Кавалёў. // Абзывацца крыкам, гукамі, падобнымі да енкаў. Журчала рака, і над ёй чалавечым голасам енчыла кнігаўка. Пташнікаў. Заблытаўшыся ў снезе, вецер енчыць. Сумётамі дарогу замяло. Макаль.
2. перан. Разм. Назойліва, надакучліва прасіць аб чым‑н.; ныць. Рыпелі вазы, папіскваў гармонік, жаласліва енчыў жабрак, выстаўляючы перад сабой аголеныя абрубкі рук. Мікуліч. Многія [мяцежнікі] падалі на калені, енчылі і прасілі літасці. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пятля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Разм. Ідучы, рухаючыся не па прамой лініі, рабіць петлі (у 2 знач.). Паўліку .. цяпер было не да разваг. Ён то пятляў накшталт зацкаванага беляка, то рабіў рэзкія скачкі ўбок. Беразняк. У збіраюся на пагоркі, апускаюся ў лагчыны, іду прама і пятляю сюды-туды, як пятляюць і самі дарогі. Сачанка. // Ісці, праходзіць петлямі; выгінацца. У сваё мястэчка з Врусоў я вяртаўся другой дарогай, якая пятляла па лесе па той бок чыгункі-аднапуткі. Навуменка. Па вузкай камяністай дарозе, што пятляе сярод сопак, сёння ішла пяхота. Шамякін. Дарога пятляла сярод палеткаў, часам збягала ў нізіну, дзе ад альховых парасткаў рэзка патыхала пахам рачной твані і старога зляжалага лісця. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раска́т, ‑у, М ‑каце, м.
Доўгі, перарывіста гул, грукатанне (грому, кананады і пад.). Дзесьці далёка за лесам бліскалі зарніцы, і адтуль чутны былі глухія раскаты грому. Сачанка. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсе большую і большую імклівасць, .. ён ператвараецца ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху, абуджаючы грамавымі раскатамі даліны і горы. Лынькоў. Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Чарнышэвіч. // Перарывістыя моцныя гукі (чалавечага голасу, музыкі і пад.). — Мат! Гага-га... — ускалыхнуў кабінетную цішу магутны раскат шчаслівага смеху. Быкаў. Раскатамі грымеў, сатрасаючы паветра, нізкі, хрыплы бас старога аленя, зліваючыся ў адзіны хор з высокімі і звонкімі галасамі маладзейшых. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)