-сь — часціца, звычайна са значэннем нявызначанасці, у складзе займеннікаў і прыслоўяў тыпу хтось, колісь, параўн. прыйшоў хтось, ўзяў штось, дай пашоў кудысь (Пятк. 2), якія далей могуць быць пашыраны часціцамі ‑ці (калісьці, чамусьці), ‑кі (хтоські, штоські, Мат. Маг.), ‑ка (у неякагосціка, Федар. 1) і інш. Укр. ‑сь, польск. ‑ś, чэш. ‑si (kdysi ’некалі’), славац. ‑si, в.-луж. ‑s, н.-луж. ‑sy (gdysy ’некалі, часамі’). З прасл. *si, кароткай формы Д. скл. зваротнага займенніка *sebe (гл. сябе), гл. ESSJ SG, 2, 607; ESJSt, 13, 814; ЕСУМ, 5, 492. У беларускай мове Карскі (2–3, 90, 97) дапускае змяшэнне са зваротнай часціцай -ся (гл.) пад уплывам польскай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́бліка ’супольнасць людзей, сабраных у пэўным месцы’ (ТСБМ), ст.-бел. публика ’публічнасць’ (1687). Запазычана праз польск. publika ’вялікі з’езд, публічны сход; грамадскасць’, першапачаткова ’агульны або дзяржаўны інтарэс’ (XVI–XVII стст.), што ўзыходзіць да лац. (res)publica, літаральна ’агульная справа’, гл. рэспубліка (ад лац. pūblicus ’народны, дзяржаўны, грамадскі’, скарочаны варыянт ад незафіксаванага *populicus < populus ’тлум, люд, народ’, гл. Банькоўскі, 2, 961, даслоўным перакладам якога было рэч паспалітая, адсюль паспо́льства ’грамадскасць, грамадства’. Розныя дэрываты, большасць з якіх запазычана з польскай і рускай моў, а таксама непасрэдна з лацінскай мовы (параўн. яшчэ ст.-бел. публикация, публиковати, публичный, Булыка, Лекс. запазыч., 33), распаўсюдзіліся пад уплывам франц. publik, publique (з XIII ст.) ’яўны, адкрыты, даступны ўсім’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стасава́ць, стасава́цца ‘быць, знаходзіцца ў адпаведнасці з кім-небудзь, чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), стосова́цца ‘адносіцца’ (ТС). Запазычанне з польск. stosować (się) у розных значэннях, якое з с.-в.-ням. stôʒen ‘удараць; прыстаўляць; распасціраць’ і г. д., ням. stossen ‘тс’; гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 119 з літ-рай. Ст.-бел. стосоватися (XVI ст.), ‘складваць у стосы; прыстасоўваць’ з ст.-польск. stosować ‘тс’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 93. Сюды ж стасу́нкі ‘адносіны’, дыял. стасу́нак ‘згода’, якія таксама паходзяць з польскай; параўн. stosunek ‘адносіны’, гл. Карскі 2–3, 36; Брукнер, 517; Борысь, 578; ЕСУМ, 5, 425.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суда́к1 ’рыба сямейства акунёвых, Lucioperca lucioperca L.’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС, Меер Крыч.; полац., З нар. сл., Жыв. св.). Укр., рус. су́дак, ст.-рус. судокъ, польск. sandacz, sędacz (XVI ст.), чэш. candát, дыял. sandát. Махэк₂ (81) рус. і ўкр. словы лічыць запазычаннямі з польскай. Брукнер (481) польскае выводзіць з ням. Zander, с.-н.-ням. sandāt. Аднак н.-в.-ням. Zander, паводле Клюге-Гётце (702 і наст.), Беке (JF, 52, 138), само запазычана са славянскага. Каламіец (Рыбы, 113–117) прыходзіць да высновы пра славянскае паходжанне назвы, якая павінна разглядацца як субстратная з няяснай этымалогіяй, што ўзгадняецца з меркаваннямі Махэка (там жа) адносна “праеўрапейскага” паходжання слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тымчасо́вы ‘зроблены за невялікі прамежак часу’ (Нас.), ‘часовы, да часу’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Яруш., Вруб.), тымчасо́ва ‘часова’ (Байк. і Некр.), тым‑часо́во ‘тс’ (Скарбы). Утвораны ад спалучэння тым часам ‘тс’, ‘на пэўны час’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк.), тым часом ‘тс’ (ТС), гл. тым, часам, час, паводле Карскага (2–3, 75), можа спрашчацца да тымча́с ‘тады’. Беларуска-ўкраінска-польская ізалекса: укр. тимча́сом (як), польск. tymczasem, ст.-польск. temczasem ‘менавіта ў гэты час, калі што-небудзь іншае адбываецца’, ‘зараз’, ‘аднак’, ‘нягледзячы на’ (Борысь, 659). Паводле Віткоўскага (Słownik, 185), рус. тем часом ‘у той час’ (1731 г.) запазычана з польскай мовы, хутчэй за ўсё, праз беларускую.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́ртус ‘гул, шум; жах’ (Касп.), ‘клопат’ (Сцяшк. Сл.), tertes ‘спрэчка, блытаніна, непаразуменне’: u ich byŭ tertes za lon (Арх. Федар.). Параўн. укр. тарта́с ‘шум, галас’, турту́с ‘стук, грукат’, польск. tertas, tartas ‘шум, галас, мітусня, неразбярыха’, чэш. tartas ‘тс’, славац. tartas ‘тс’. Лічыцца словам гукапераймальнага паходжання, гл. Брукнер, 566 (параўноўвае з славен. tertranje ‘галас’), Махэк₂, 636 (аналагічна да чэш. экспр. varvas, tarvas, harvas з канцавым ‑s, як у halas), ЕСУМ, 5, 525 (пранікненне з польскай мовы). Паводле Чэкмана (Гісторыя, 115), па фанетычных прычынах паходзіць з мовы ідыш як мэтлух, вэрхал і пад. Да апошняга параўн. ід. tertl‑mertl ‘від гульні ў карты’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), відаць, імітатыўнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапаву́хі, лыпаву́хі ’аблавухі’ (Шат., ТСБМ, Яўс.; паўн.-усх., КЭС) ’някемлівы, непаспешлівы’ (ТСБМ), рус. наўг., валаг. лопоу́хий ’кіжлай, цяльпук, цюхцяй’, ’разява’, ’ёлуп’, а ў літаратурнай мове і ’аблавухі’. Бел.-рус. ізалекса старажытнай пары. Балтызм, параўн. літ. lapaaũsis ’лапавухі’, ’разява’. Ёсць і інш. балт.-усх.-слав. ізалекса: літ. aplėpaũsis, nulėpaũsis, лат. ļutausis, lutàusisбел. віславухі, рус. вислоухий ’аблавухі; павольны, някемлівы, няўклюдны’. Першая частка звязана са значэннем ’вісець, абвісаць’. Такі ж сэнс і ў літ. luzgaũsis (дзе luzgė — ’галіна павіслай бярозы’). У ідэнтычных (паводле семантыкі) лексемах польскай, украінскай і паўднёва-славянскай моў першая частка звязана з klepati: польск. klapouchy, укр. клапоухий, капло(в)ухий, славен. klapoúch, серб.-харв. кле̏мпав, балг. клепоу́х ’аблавухі’, макед. клапушест ’нязграбны, няспрытны’. Сюды ж лыпаву́шка, лыпаву́шына ’аблавушка’ (Яўс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арэ́нда, у XIX ст. часта арандар ’гаспадар гасцініцы, шынкар’. Гэта значэнне з’явілася з ранда́ ’карчма’ (XIX ст. — Шакун, Тр. БГУ, 1958, 114) у выніку пераасэнсавання арэнда: корчмы даваліся ў арэнду. Параўн. таксама дыял. рэнда ’арэндная плата’ (Бяльк.) і пад. У старабеларускіх помніках з XVI ст. аренда, арендаръ (Гіст. мовы, 1, 249, 255), арендовати (Гіст. лекс., 111). Укр. з XVI ст. аренда, цяпер оренда, рус. з XVII ст. аренда ’тс’. Польск. з XVI ст. arenda і arendarz. З с.-вяк. лац. arrenda ’гадавая плата’ магчыма, але неабавязкова праз польскую, бо ў польскай з’яўляецца адначасова з бел. Вясноў, Бел. лекс., 35; Булахаў, Курс. суч., 164; Паўтарак, Бел. лекс., 135. Рускае праз польскую (Фасмер, 1, 85) ці праз беларускую, украінскую.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аста́цца. Праслав. ostati sę — зваротная форма да *o‑stati, o‑staviti, утворанага з прэфіксальным o‑ ад дзеяслова *stati (> стаць). Ад гэтага дзеяслова ўтвораны дзеепрыметнік остатъ, адкуль астатак (остатъкъ) (КЭСРЯ, 316) і астача (*остатја). Параўн. падаць, падатак, падача. Дзеепрыметнік даў аснову і для ўтварэння з суфіксам ‑ьн‑ прыметніка остатьний > астатні ’апошні’ (Булахаў, Працы IM, 7, 142; Анічэнка, Праблемы філал., 9). Ад остатъкъ утворана остаточьныи (Карскі, Труды, 372; Булахаў, Працы IM, 7, 141) і астаткавы (остатък‑ов‑ъ); ст.-бел. остатечный ’апошні’ — з польскай (Гіст. лекс., 96), дзе ъ > е. Ад гэтага ж дзеяслова ўтворана было осталь ’тое, што засталося’ (Даль; гл. КЭСРЯ, 315), адкуль астальцы ’астатак’ (Касп.), ст.-рус. остальць ’той, што застаўся’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апанча́, ст.-рус. япончица (Слова аб палку Ігаравым), ст.-бел. епанча, апонча, опанча, опонча (з 1508, Гіст. лекс., 139, 142). Рус. епанча (з канца XVI ст., Сразн.); дыял. опунча ’неахайны чалавек’, укр. дыял. опанча. Польск. oponcza, балг. япанджак, макед. јапанџак. Параўн. тур. yapinca, крым.-тат. јапынџы ’плашч, папона’ і пад. ад цюрк. jap‑ ’пакрываць’ (Расянен). У бел. з крым.-тат. ці тур., магчыма, праз укр. Бел., укр., польск. формы адлюстроўваюць кантамінацыю з опона ’пакрывала’. Параўн. бел. дыял. апоня ’шырокае, не дапасаванае да фігуры адзенне’ і ’чалавек, які носіць такое адзенне’ (Янк. III). Літ. jupančia, магчыма, не толькі з польскай (Фрэнкель, 198), але і праз беларускую. Гл. Фасмер, 2, 20–21; Конанаў, ИОРЯ, 1966, 226.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)