ра́ка, ‑і, ДМ ра́цы, ж.

У хрысціянскай царкве — грабніца, у якой захоўваюцца мошчы святых.

рака́, і́, ДМ рацэ́; мн. рэ́кі, рэк; ж.

1. Прыродны вадаём, які пастаянна цячэ па пракладзеным вадой рэчышчы ад вытоку ўніз да вусця. На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы. Чорны. // перан.; каго-чаго або якая. Вялікая колькасць, няспынны паток чаго‑н. Па .. [вуліцы] плыла людская рака, павольная, але шумная. Шамякін. Людское шчасце палілося бурнаю ракой радасці. Кавалёў.

2. у знач. прысл. рако́й (рако́ю). Няспынным патокам, у вялікай колькасці. Паліліся слёзы ракою. □ І калі пахучыя зярняты У засекі хлынулі ракою, З радасцю ажыўшы элеватар Убачыў на акраіне лясной, як па рэйках да яго ізно[ў] Груз патрэбны везлі цягнікі. Танк.

•••

Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі — прывольнае, забяспечанае жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сакрата́р, ‑а, м.

1. Асоба, якая вядзе справаводства, канцылярыю якой‑н. арганізацыі або перапіску і справы прыватнай асобы. Сакратар канцылярыі. Асабісты сакратар. □ Дзядзька Рыгор сказаў сакратару, каб напісаў дзеду даведку. Якімовіч.

2. Асоба, якая піша пратакол сходу, пасяджэння і пад. Сакратар сходу, заслухаўшыся, нічога не пісаў. Шахавец.

3. Выбарны кіраўнік якой‑н. арганізацыі, якога‑н. органа. Сакратар райкома партыі. Сакратар Саюза пісьменнікаў. □ Камсамольска сакратар гаварыў маладым, звонкім голасам. Кавалёў. Сёння запрашаць на сход прыйшоў сам сакратар калгаснага партбюро Глеб Званец. Дуброўскі.

4. Асоба, якая загадвае арганізацыйна-выканаўчым аддзелам якой‑н. установы. Вучоны сакратар інстытута. □ Рэдактара яшчэ не было. Лабановіча прыняў сакратар рэдакцыі, малады, бялявы, прылізаны чалавек. Колас.

5. Драпежная птушка афрыканскага кантынента з доўгімі нагамі і чубам на галаве ў выглядзе гусінага пяра.

[Фр. secrétaire.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Хадзіць туды-сюды; сланяцца. Увесь дзень я соўгаўся між дваром і пуняй: насіў ваду, рэзаў сечку, калоў дровы. Асіпенка. Янук жа ў гэты час соўгаўся па калідорах, не ведаючы, якія дзверы адчыняць, бо ніхто яго не праводзіў. Лупсякоў. П’яныя швэндаліся па вуліцы, соўгаліся ад хаты да хаты, абдымаліся. Кавалёў.

2. Пасоўвацца паволі, з цяжкасцю. Сёлета ўсю вясну бабка пісала Валі, што яна вельмі аслабела, ледзьве соўгаецца па хаце. Сачанка. Восенню, калі холадна, .. [гадзюкі] санлівыя, ледзь соўгаюцца. Ваданосаў.

3. Перамяшчацца, рухацца. Манжосаў Дзік, які звычайна бегаў на ланцугу, што соўгаўся колцам па дроце, напятым праз увесь двор, гэты раз быў спушчаны з прывязі. Сабаленка. На тым баку вуліцы ўзад-уперад соўгаўся доўгі вежавы кран. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрактыкава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вопыт, практычныя веды ў якой‑н. галіне. Гэта быў стары спрактыкаваны паравознік, адзін з тых, пра каго кажуць: «Ну, гэты сабаку з’еў у сваёй справе!» Васілёнак. [Кляпнёў:] — Прашу! — і рухам спрактыкаванага падавальшчыка кінуў паднос на столік, паставіў пляшку. Шамякін. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Колас. // Бывалы, умудроны жыццём. Драпеза быў ужо спакойны, і ў апошніх словах чуліся нават павучальныя ноткі чалавека бывалага і спрактыкаванага. Паслядовіч. Але спрактыкаваныя бацькі, як ні шкода было дзяцей, не згадзіліся ляцець наўздагон за імі. Пальчэўскі. // Пра рукі, вочы і пад. чалавека, які мае вялікі працоўны або жыццёвы вопыт. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнкі і пачала забаўляць. Даніленка. Скрыгануўшы каўшом аб нешта цвёрдае, Грыша спрактыкаваным вокам вызначыў, што гэта стары падмурак. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таргану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Рэзкім рухам пацягнуць за што‑н., штурхануць. Машыніст Андрэй Беражкоў таргануў за прывод сігнала, пасунуў рэгулятар назад і ўключыў тармазы. Васілёнак. Старэйшы з хлопчыкаў, якога звалі Валерый і які сядзеў цяпер побач з Зінай, таргануў яе за руку і нешта ёй сказаў паціху. Кавалёў. — Не спі ты, дурань! — крыкнуў бацька і балюча таргануў: — Ці замерзнуць хочаш? Гарэцкі. / у безас. ужыв. Пры слове конь Сяргея неяк тарганула. Нікановіч.

2. чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Марына:] — А зямля?.. Ты ж цэлую граду адхапіў?.. Платон у адказ насмешліва таргануў плячом: чаго ад яго хоча гэтая баба? — і прысеў прымераць цвікі — ці добра яны будуць. Ракітны. / Пра рэзкі неадвольны рух. Лінкевіч усхваляваўся, заморгаў вачыма, таргануў шчакой. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.

1. Згарнуць у адно месца; загрэбці. [Люба] загарнула жар, засланіла печ. Чорны.

2. Прыкрыць зверху (пяском, лісцем і пад.). Загарнуць зямлёй свежы пень.

3. Ахінуць, закруціць у што‑н. Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Броўка. Загарнула маці Стася ў свой кажушок і панесла да хаты. Кавалёў.

4. Закрыць (кнігу, сшытак і пад.). [Алеся] з шумам загарнула канспект, энергічна пляснула па ім рукой. Васілевіч.

5. Загнуць, адвярнуць край адзення, тканіны і пад. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Чорны. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножкамі, зняў яе. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Узяць сабе, прысвоіць. — Ты такі прагны, што ўсё загарнуў бы сабе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўжо прайшоў, мінуў. Марыя з роспаччу паведаміла, што мінулай ноччу ў санчасці было трывожна. Кулакоўскі. Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. // Які быў раней, былы. Нібы зноў вярнуліся мінулыя радасці, мінулыя думы. Лынькоў. А тым часам перад Палінай праходзілі ўсе, адзін за адным, дні яе мінулага жыцця. Кавалёў.

2. у знач. наз. міну́лае, ‑ага, н. Тое, што прайшло, адышло; былое. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі. Аддаючы належнае народнаму мастацтву, многія дзеячы культуры разумелі, што нельга .. фарміраваць нацыянальны стыль, пакінуўшы без увагі багатыя мастацкая традыцыі мінулага. Шматаў. Лізу Сцяпан ніводнага разу не папракнуў мінулым. Корбан.

•••

Адысці ў мінулае гл. адысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Іграючы сумесна, выканаць (музычны твор, тэатральную п’есу). Разыграць квартэт. Разыграць спектакль. // У каманднай гульні выканаць якую‑н. камбінацыю. Разыграць мяч.

2. Давесці якую‑н. гульню да канца, прымяняючы тыя або іншыя спосабы, хады і камбінацыі. Разыграць сіцыліянскую абарону.

3. Прысудзіць або размеркаваць шляхам латарэі, жэрабя і пад. Як падраслі .. [дзедавы] сыны, ён чатыры дзесяціны зямлі пароўну падзяліў на трох сыноў, а будынкі разыграў, хто які выцягне. Кавалёў.

4. Прадставіць што‑н. як рэальнае; састроіць з сябе каго‑, што‑н. — Ён нічога пра ўцёкі не гаварыў! — разыграў шчырую нявіннасць брат і нават узняў плечы: — Я сам здзівіўся, калі яго не стала! Карпюк. Сальнікава ўдала разыграла ролю стомленай, няшчаснай жанчыны. Пятніцкі.

5. Разм. Паставіць у недарэчнае становішча шляхам падману; абдурыць. — Можа, разыграў хто Васількова, падрабіўшы дырэктарскі голас? Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяме́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае сям’ю (у 1 знач.), не адзінокі. [Павел Іванавіч:] — Сямейны чалавек [шафёр] ужо: жонка і двое дзяцей. Кулакоўскі. / у знач. наз. сяме́йны, ‑ага, м.; сяме́йная, ‑ай, ж. Дом адпачынку для сямейных.

2. Які мае адносіны да сям’і (у 1 знач.); звязаны з сям’ёй, з жыццём сям’і. Сямейнае выхаванне. Сямейны альбом. Сямейнае шчасце. Сямейная сцэна. □ Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага. Колас. [Вера Адамаўна] паехала ад нас па сямейных абставінах. Ермаловіч. У той жа дзень склікана была сямейная нарада. Крапіва. // Прызначаны для сям’і. Куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Якімовіч. Там [у райкоме] сказалі, што ёсць свабодная сямейная пуцёўка на курорт. Кірэйчык. // перан. Прыветны, унутраны, дамашні. Сямейныя справы. □ Віктар неяк нечакана пераключыўся з сямейнай на літаратурную гаворку. Кавалёў.

3. Які грунтуецца на сямейнасці (у 2 знач.). Сямейны падыход у падборы кадраў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што на каго-што.

1. Падняўшы што‑н. (звычайна цяжкае, грувасткае), пакласці, нагрузіць, наваліць. Узваліць мех на спіну. Узваліць куфар на воз. □ Сашка ўзваліў па плечы лодку, Вадзік узяў вёслы і вуды, і яны падаліся да возера. Гамолка. Чалавек дваццаць сялян, узваліўшы невад на сані, выходзіць на затокі. Колас. Павярнуўся [вознік], выскраб з-пад сябе сена і ўсё ўзваліў на Раю. Новікаў.

2. перан. Разм. Прымусіць выконваць якую‑н. работу, абцяжарыць работай. [Заранік:] — Мала паездак, дык на мяне яшчэ і сельгасаддзел узвалілі. Хадкевіч.

3. перан. Незаслужана абвінаваціць у чым‑н., прыпісаць каму‑н. што‑н. ганебнае. [Языковіч] узваліў на Зіну Дарошка бадай усю віну за недахопы ў брыгадзе. Кавалёў.

•••

Узваліць на плечы каго, чые, каму — тое, што і ускласці на плечы каго, чые, каму (гл. ускласці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)