ты́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Тое, што і тыкаць. Ярошка са злосцю тыркаў пальцам у нейкую паперу. Броўка. [Байкоў:] — Што вы ўвесь час тыркаеце на Байкова? Шамякін. Гюнтэр Ліндэ не раз балюча тыркае ў худыя плечы Ота вострым канцом стэка. Бядуля.

2. Утвараць гукі (пра машыны, маторы і пад.). Жывы быў толькі матацыкл: ён усё тыркаў, гатовы зноў сарвацца з месца. Брыль. У Валілах тыркае буйнакаліберны кулямёт, гучыць пару спозненых вінтовачных стрэлаў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успаро́ць, успару, успораш, успора; зак., каго-што.

1. Падчапіўшы чым‑н. вострым, распароць, разрэзаць. Успароць мяшок. □ Бляшанку кансерваў разрэзалі, успаролі нажом, адкаркавалі і паўлітэрка. Сачанка.

2. Разм. Разбудзіць, падняць рана. [Сцяпан:] Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі... Сягоння яшчэ дасвета мяне мая ўспарола. Купала. // Узагнаць са свайго месца. [Пушкарэвіч:] — З-за вашага брата-рыбака ніводнай качкі сядзячай не возьмеш, усюды ўспоруць. Гурскі. Летась, успамінае Ульяна, такой парой, косячы, успаролі ў гэтым кутку ласіху. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устро́іцца, устроюся, устроішся, устроіцца; зак.

1. Уладкавацца на работу, заняць якое‑н. месца, пасаду. Кулік, які пераходзіў якраз на завочнае, прыняў на сябе ўсю віну і гэтым самым выратаваў таварышаў. Сам ён устроіўся ў школу, але адразу ж зрэзаўся з дырэктарам. Дамашэвіч.

2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы існавання. Устроіцца на кватэру. □ [Сцяпан Жыхар:] — А-а-а, Пятух... Не блага ўстроіўся... А я думаў, ты са мной адлучышся. Чарку зрабілі б... Пташнікаў. // Размясціцца, распалажыцца. Устроіцца спаць на канапе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяць, тну, тнеш, тне; тнём, тняце; пр. цяў, цяла, ‑ло; заг. тні; зак. каго-што і без дап.

1. Ударыць, даць чым‑н. Каманду пастроілі і загадалі: «Марш!» Калі ж яна не скранулася з месца, былы гандляр яйкамі з бабскім віскам кінуўся на першага ў крайняй двойцы і з маху цяў яму прыкладам у грудзі. Брыль.

2. Балюча ўкусіць. Сабака моцна цяў за нагу. □ Блыха тне чалавека, ды і схаваецца ў кажушнай воўне. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мача́ць ’акунаць у што-небудзь вадкае або сыпкае’, ’расходаваць што-небудзь мачаннем’, ’вырабляць што-небудзь апусканнем у раствор’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС), лях. ’мачыць’ (Сл. ПЗБ); мачы́ць ’рабіць мокрым’, ’трымаць у мокрым’ (ТСБМ). Укр. моча́ти, мочи́ти; рус. моча́ть, мака́ть, мочи́ть; польск. maczać, moczyć, в.-луж. mačeć, močić, чэш. máčeti, močiti, славац. mačať, močiť, славен. pomákati, močíti, серб.-харв. ума́кати, мо̀чити і мо̀чати, макед. мака, моча, ст.-слав. мочити. Прасл. močiti > močati утвораны ад назоўніка moča, які ўзыходзіць да і.-е. асновы *mok‑ (параўн. прасл. moknǫti): літ. makénti, mak(n)óti ’таптаць гразь, хадзіць па гразі’, makalỹnė ’гразь’, ’слота’, makónė ’лужа’, лат. mãkulis ’хмара’, makņa ’гразкае месца’. Відавочна, сюды і асец. moecyn ’пакласці ў вадкасць’ (Міклашыч, 199; Бернекер, 2, 69; Фасмер, 2, 666; Бязлай, 2, 199). Сюды ж мачлі́вый, машлі́вы ’мокры (пра год)’ (жлоб., Нар. словатв.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Ян.), мачы́льнямесца, дзе мочаць лён, каноплі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́дала ‘жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія ноччу садзяцца куры; курасадня’ (ТСБМ, Касп., ЛА, 1), се́дало ‘тс’ (Пятк. 2., ТС, Сл. Брэс.), се́дла ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), се́дала ‘сядзенне ў прасніцы’ (гарад., Сл. ПЗБ), се́дало ‘дэталь калаўрота’ (Сл. ПЗБ), ‘месца, дзе чалавек часта бывае’ (Сл. Брэс.), ‘месца адпачынку’ (ТС). Укр. сі́дало, рус. зах. і паўдн. се́дало і седа́ло, ст.-рус. сѣдало, чэш. sedadlo, в.-луж. sedźadlo, серб.-харв. сје̏дало ‘сядзенне’, дыял. sedàlu ‘сядзенне ў кроснаў’, славен. sedálo, балг. седа́ло, макед. седало ‘сядзенне’. Ад *sědati, ітэратыва дзеяслова sěděti ‘сядзець’ з суф. ‑dlo; гл. Махэк₂ 539. Паводле Слаўскага (SP, 1, 113), гэта ўтварэнні ўжо асобных славянскіх моў. Аднак Трубачоў (Ремесл. терм., 134) лічыць, што прынамсі як назва ткацкай лаўкі гэта слова праславянскае, паколькі мае адпаведнікі ў літ. sédeklė, лат. sēdekle ‘сядзенне ў кроснаў’ і лац. sediculum ‘сядзенне’. Варбат (Морфон., 213) таксама разглядае слова як праславянскае *sědadlo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ста́віць, ста́ўлю, ста́віш, ста́віць; незак.

1. што. Размяшчаць, умацоўваць што-н. вертыкальна, у стаячым становішчы.

С. слупы.

С. кнігі на паліцу.

2. каго (што). Прымушаць або памагаць каму-н. устаць, заняць дзе-н. месца стоячы.

С. дзіця на падлогу.

3. каго (што). Прызначаць на работу, прапаноўваць рабіць што-н., назначаць на якое-н. месца, пазіцыю.

С. новага механіка.

С. вартавога на пост.

4. што. Устанаўліваць, будаваць.

С. помнік.

5. што. Змяшчаць на пэўнае месца, пакідаць у пэўным становішчы.

С. аўтобус у аўтапарк.

С. посуд на стол.

6. што. Прыводзіць у патрэбны стан; вучыць правільнаму валоданню (голасам, дыханнем і пад.), надаваць чаму-н. патрэбнае становішча, форму.

С. голас (маладому спеваку). С. рукі цымбалісту.

С. словы ў патрэбным склоне.

7. што. Прыкладваць, накладваць, устаўляць і пад. да якой-н. часткі цела з лячэбнай мэтай.

С. гарчычнікі.

С. тэрмометр.

С. пломбу.

8. што. Рабіць метку, знак на чым-н., пісаць, рысаваць, падпісваць.

С. подпіс.

С. дату.

С. адзнакі ў дзённік.

9. што. Арганізоўваць, наладжваць; ажыццяўляць пастаноўку на сцэне.

С. доследы.

С. балет.

С. спектакль.

10. што. Майстраваць, устанаўліваць.

С. палаткі.

11. што і без дап. У азартных гульнях: уносіць, укладваць у гульню (грошы).

С. у банк 100 рублёў.

12. што. Задаваць, прапаноўваць для выканання, абмеркавання.

С. сціслыя тэрміны.

С. на галасаванне.

С. перад фактам.

13. перан., каго-што. Ствараць для каго-н. умовы, абставіны, прыводзіць у якое-н. становішча.

С. героя ў складаныя абставіны.

С. пад кантроль.

14. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: лічыць чым-н., разглядаць як-н. што-н.

С. сваёй мэтай.

С. у віну.

15. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі ўжыв. ў знач. рабіць (тое, што абазначае назоўнік).

С. рэкорд.

16. што. Нарыхтоўваць, складаючы якім-н. чынам.

С. сена ў копы.

Ставіць дыягназ — вызначаць, устанаўліваць хваробу, характар захворвання.

|| зак. паста́віць, -ста́ўлю, -ста́віш, -ста́віць; -ста́ўлены.

|| наз. пастано́ўка, -і, ДМо́ўцы, ж. (да 1, 6, 9 і 12 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Трасці́на ‘тонкая пласцінка ў бёрдзе’ (ТСБМ, Касп.), ‘чарот, трыснёг’ (Сцяшк., Скарбы; зэльв., віл., ЛА, 1), трасціна́ ‘пласцінка ў бёрдзе’, ‘трыснёг, чарот’ (Сл. ПЗБ), тросціна́ ‘трыснёг, чарот’ (Бес.), трасці́на ‘багністае, зарослае чаротам месца’ (слонім., ДАБМ), тросці́на ‘пласцінка ў бёрдзе’ (ТС), трості́на ‘тс’ (лун., Шатал.), тро́стіна ‘чарот’ (беласт., Сл. ПЗБ), тросты́на ‘тс’, ‘буйное жыта’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тростина, тристина, трстина, трыстина, ‘чарот’ (ГСБМ). Гл. трысціна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Радзі́мы ’родны, свой (ад нараджэння); спадчынны’ (ТСБМ, Нас.), радзімы ’прыродны, ад роду’ (ТС). Ад радзіць1 (гл.) па ўзору любімы. Сюды ж радзі́мы знак ’прыроджаная плямка на целе чалавека’ (Шат., Сцяшк.; ашм., Стан.), радзі́мая заме́тка ’тс’ (Сл. ПЗБ), радзі́мка ’тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), радзі́мае це́ла ’непашкоджанае месца на целе’ (Ян.), радзі́мы дзень ’дзень нараджэння’ (Мат. Гом.), параўн. рус. роди́мое пятно́, укр. роди́мка, родима пляма ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Радо́вішчамесца нараджэння карысных выкапняў’ (ТСБМ), радо́вішчы ’нетры’ (Сцяшк. Сл.). Уведзена ў літаратурную мову стваральнікамі БелСЭ (Каўрус, Мова народа, мова пісьменніка, Мн., 1989, 230) як калька рус. месторождение ’тс’; аўтарства прыпісваецца Я. Казеку (Полымя, 1997, 12, 2000; Роднае слова, 1995, 1, 11). Параўн. аднак укр. родови́ще ’тс’, што побач з рус. родни́к ’крыніца’ сведчыць аб прадаўніх уяўленнях пра нараджэнне (корань род‑) усяго існага (Німчук, Давньорус., 14).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)