Ле́вы, ле̂вы, ле́вый, лі́вы(й) ’размешчаны з таго боку цела, дзе знаходзіцца сэрца’, ’адваротны бок тканіны, адзежыны’, ’радыкальны’, ’рэвалюцыйны’ (ТСБМ, КЭС, Сл. паўн.-зах.). Укр. лівий, рус. левый, польск. lewy, палаб. levĕ (ж. р.), н.-луж. lěwy, liewi, в.-луж. lěwy, liwy, чэш. levý, славац. ľavý, славен. lę̑v, lę́vi, серб.-харв. ле̑ви, чак. ле́ви, lȉjevi, макед. лев, lʼav, lʼäf, балг. ляв, ст.-слав. лѣвъ. Прасл. lěvъ ’левы’, дакладнымі адпаведнікамі якога з’яўляюцца лац. laevus ’тс’, ’пахілены да зямлі, закрыўлены’, ст.-грэч. λαιός (< λαιϜός), літ. išlaivóti ’віляць’. І.‑е. *lai̯uo ’крывы, загнуты’ < *lei‑ ’звіваць’. Параўн., аднак, славен. kriva roką ’левая рука’, чак. кри̑в, польск. krzywy ’левы’ < прасл. krivъ ’крывы’, ’левы’ ў процілегласць прасл. pravъ ’прамы’, ’правы’. Пазней пад італійскім уплывам значэнне ’левы’ замацавалася за лексемай lěvъ амаль паўсюдна на слав. тэрыторыі (аб гэтым гл. Мартынаў, Балто-славяно-италийские изоглосы: Лексическая синонимия, Мн., 1978, 26) (Слаўскі, 4, 190–191; Фасмер, 2, 473; Бязлай, 137; Скок, 2, 299, Шустар-Шэўц, 834–835 і інш.; там жа і літаратура). Сюды ж леварукі ’ляўша’ (чэрв., Жд. 2; карэліц., Сцяшк. Сл.) — відаць, вельмі старое словаскладанне. Параўн. польск. leworęki, рус. леворукий, чэш. levoruký, славац. ľavoruký, серб.-харв. лево̀рук.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лек, ле́кі ’лякарства’, ’лячэнне’ (Яруш., Шат., ТСБМ), лёкі ’тс’ (Касп., Шат.), укр. лік, лі́ка, рус. лека, паўдн. леко, польск. lek, leki, старое leka, в.-луж. lěk, чэш. lék, славац. liek, славен. lė́k, серб.-харв. ле̑к, lijeka, макед. лек, lʼäk, lḁkó(t), балг. лекът, ц.-слав. лѣкъ, ст.-слав. лѣчьба. Прасл. lěkъ ’лякарства’. Ад яго — дзеяслоў лячыць. Звычайна гавораць як аб запазычанні з прагерм. *lēka ’лякарства’, параўн. гоц. lekeis ’урач’, lēkinón ’лячыць, вылечваць’, ст.-англ. lÆce ’ўрач’, швед. läka ’лячыць’, ст.-в.-ням. láhhi, lāhhinān ’тс’, англ. leech ’урач’ (Бернекер, 1, 710; Брукнер, 293; Фасмер, 2, 478–9; Махэк₂, 325; Мартынаў, Лекс. взаим., 210–213 і інш.). Германскае слова запазычана, аднак, з кельц., параўн. ірл. líaig (р. скл. léga) ’урач’ (Стоўкс, 251). Слаўскі (4, 124) не выключае сувязь герм. са ст.-грэч. léγω ’збіраць, лічыць, гаварыць’ і лац. legō ’гучна прачытваць’, ’агалошваць’, што магло б мець значэнне ’замаўляць’, ’лячыць замовамі’. Агляд літаратуры гл. таксама Фасмер, 2, 477–478; Скок, 2, 296; Бязлай, 2, 132; Шустар-Шэўц, 822–823; Цэйтлін, Этымалогія–75, 69. Сюды ж ле́кар ’урач, знахар’ (Касп., Шат., ТСБМ), ляка́рства, паст. лекарства ’лякарства, лячэнне’ (Яруш., ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ліка́рства ’тс’ (Бяльк.), гродз. лекав́аць ’лячыць’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скронь ‘бакавая частка чэрапа ад вуха да лобнай косці’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., ТС), скронь, скро́на ‘тс’ (паст., астр., шчуч., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), скронь ‘вейка’ (Нас.), ‘калена’: пасадзі дзіця на скроні (Мат. Маг.). Паводле фанетыкі (склад ‑ро‑), запазычанне з польск. skroń ‘скронь’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 60). Параўн. укр. скро́ня ‘тс’, рус. скоро́нь ‘тс’, дыял. скорынья́ ‘сківіца’, рус.-ц.-слав., серб.-ц.-слав. скрания ‘скронь’, каш. skrńå ‘скронь, шчака’, чэш. skráň ‘тс’, славац. skráň, škraňa ‘выпукласць на шчацэ, ягадка’, в.-луж. skroń, н.-луж. skŕono ‘скронь, ягадка’, славен. skrȃnj, skrenja ‘падбародак, ягадка, сківіца’. Прасл. *skornь. Усе версіі не вельмі надзейныя. Параўноўвалі з ст.-ісл. hvarmr ‘павека’ і, далей, з лац. parma ‘кароткі круглы шчыт’. Паралель у грэч. κρανίον ‘чэрап’ (Мацэнаўэр, LF, 20, 20 і наст.; Брукнер, 496) адвяргаецца Фасмерам (3, 653) па фанетычных прычынах. Махэк₂ (548) набліжае да прасл. *černъ ‘карэнны зуб’. Аднак не выключае праславянскае паходжанне і ўзвядзенне да *skrena на падставе н.-луж. škrjeny мн. л., дыял. škrjena ‘верхняя сківіца’ (Шустар-Шэўц, 1296), што дазваляе трактаваць беларускія і ўкраінскае словы як рэфлексы старога *skronь (Сной у Бязлай, 3, 248). Магілёўскае скронь ‘калена’ або памылковы запіс, або змена значэння ў выніку дээтымалагізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́на ‘цягучая вадкасць у роце’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Сержп., Варл.), слі́ня ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), слі́ніць ‘мачыць слінаю’ (ТС, Варл., Сцяшк.), ‘плакаць’ (Жд. 2, Варл.), сліня́ты, слінка́ты ‘слюнявы’ (Сцяшк. Сл.), слю́на ‘сліна’ (ЛА, 3), слю́ня ‘тс’ (Гарэц., Бяльк., ЛА, 3). Укр. сли́на, дыял. слюна́, рус. сли́на, слина́, слюна́, стараж.-рус. слина, польск. ślina, в.-луж., н.-луж. slina, чэш., славац. slina, серб.-харв. сли̏на, славен. slína, балг. сли́на, слю́нка, макед. слинка, ст.-слав. слина. Прасл. *slina, *slʼuna. Бліжэйшыя адпаведнікі ў лат. sliẽnas ‘слюні, густая слізь’, sliẽnât ‘пырскаць (пра сліну)’, sliẽkas ‘слюні’; да і.-е. *(s)lei̯‑ ‘слізкі, клейкі’, гл. Траўтман, 269; Мюленбах-Эндзелін, 3, 939; Міклашыч, 307; Покарны, 662–663. Бязлай (3, 260) параўноўвае яшчэ з формамі без пачатковага зычнага грэч. αλίνω ‘намазваю’, лац. linere ‘мазаць, пэцкаць’. Фасмер (3, 672) гэтыя паралелі лічыць сумніўнымі. Сной₁ (580) разглядае як роднаснае слізь, слізкі (гл.). Гл. яшчэ Махэк₂, 555; Скок, 3, 285–286; БЕР, 6, 880; Глухак, 562; Жураўлёў, Язык и миф, 200–201; Шустар-Шэўц, 1314–1315; Борысь, 616; ЕСУМ, 5, 300–301. Карскі (1, 19) тлумачыць формы з канцавым ‑ня уплывам мяккасці папярэдняга склада і дзеяслова слініць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сні́ца ‘скабка або пласцінка (драўляная ці металічная), якой змацоўваюць закругленыя дошчачкі; асабліва два колцы ў дышлі пад падушкай калёс, якія служаць для павароту калёс’ (Нас.), сні́ціна ‘дошчачка, якой закрываюць бакавы ўваход у калодачны вулей’ (зэльв., Сл. ПЗБ), сні́цы ‘крыжавіна, перакладзіна ў перадку воза, куды ўстаўляецца канец дышля’ (Маслен.), ‘пярэдняя і задняя часткі калёс’ (ПСл). Укр. сни́ця ‘падоўжная жэрдка ў возе, плузе; частка воза, дзе замацаваны дышаль’, рус. сни́ца, шни́ца ‘адзін з двух брускоў, між якімі ўмацоўваецца дышаль’, польск. śnica, sznica, чэш. дыял. snica, šnyce, snice, в.-луж. snica і šnica, н.-луж. snica ‘тс’. Міклашыч (312) лічыў слова няясным. Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Паводле Праабражэнскага (2, 344), рускае слова запазычаны з польскай, а там з ням. Schnitt ‘разрэз, прарэз’ або Schnitz ‘кавалак, скрылік’. Фасмер (3, 699), а следам за ім і Махэк₂ (564), Шустар-Шэўц (1329) выводзяць з *ojesьnica ад *oje, Р. скл. ojese ‘дышаль, аглобля’. Гл. вайе. Збліжэнне з сныч, снычок ‘засаўка ў замку’ (Ласт.), рус. дыял. сныч ‘стрыжань у дзвярным замку’, ‘шпонка, якая змацоўвае дошкі’, што звязваюць з снаваць (Гараеў, 334), сумніўнае (гл. Фасмер, 3, 702). Не выключана сувязь з ст.-бел. снитие ‘злучэнне, сыходжанне’, снити ‘дайсці, дасягнуць; легчы, упасці’, што да *iti з прыстаўкай *sъn‑ (гл. ісці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стагна́ць ‘енчыць, скардзіцца, наракаць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Шат., Сл. ПЗБ), сто́гнуць ‘тс’ (Нас.), стогна́ць ‘тс’ (ТС), стогне́ць ‘ледзь дыхаць, існаваць’, ‘гудзець’ (там жа), стогн ‘жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам’, ‘скарга, нараканне’, стагната́ ‘стагнанне’ (Нас.), стогно́та ‘тс’ (Гарэц.), стогно́та ‘хвароба’ (ТС), ст.-бел. стогнание (Скарына). Укр. стогна́ти, рус. паўд. сто́гнуть ‘стагнаць; крычаць непрыемным голасам’, ст.-рус. стогнание ‘стогн’, старое в.-луж. stohnam ‘стагну’. Карскі (1, 372) лічыў старой формай на фоне выпадзення ‑г‑ у рускай і царкоўнаславянскай (у апошняй не заўсёды). Фасмер (3, 763) звязвае з рус. стон, стона́ть, стена́ть; Цвяткоў (Запіскі, 2, 1, 81) меркаваў пра ўплыў дзеясловаў тыпу цягну́ць (гл.); Махэк₂ (579) усх.-слав. ‑г‑ лічыць экспрэсіўнай устаўкай і ўзводзіць таксама да прасл. дыял. *stonъ, *stonati, параўн. рус. стона́ть, ст.-рус. стонати, чэш. stonati, ston, славац. stonať, ston, балг. стон, в.-луж. stonać, якое параўноўваюць з грэч. στόνος ‘стагнанне’, ст.-інд. *stanas у abhistanás ‘гул’, ірл. son ‘гук’, а таксама без s‑: лац. tonō ‘грымець (пра гром)’, ст.-інд. tányati ‘шуміць, гучыць, грыміць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1360; ЕСУМ, 5, 423. Адносна прасл. *stenati ‘гудзець, грымець’ гл. Глухак, 583. Параўн. стогнуць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стажа́р ‘уваткнуты ў зямлю шост, вакол якога кідаецца стог’, стажа́рʼе ‘аснова стога; падсцілка, на якую ставяць стог сена, каб зберагчы яго ад сырасці’ (ТСБМ), таксама ‘месца, дзе стаяў стог’ (Янк.), стажа́рка ‘стрэшка на чатырох слупах, пастаўленая над стогам’ (Сл. ПЗБ, мёрск., ЖНС), стажа́рня ‘стажарка’, ‘падсцілка пад стог’ (Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), стажа́рыньне ‘падсцілка пад стог’ (пін., Шатал.), стажа́рышча ‘тс’ (Сцяшк.). Укр. дыял. сто́жар ‘месца, дзе стаяць стагі сена’, стожа́рище ‘месца, дзе стаяў стажок’, рус. стожа́, стожара́, стожера́ ‘кожны з калоў, якімі ўмацоўваецца стог сена’, стожа́р, стожа́рь ‘шост у стагу’, ст.-рус. стъжаръ ‘шост, уваткнуты ў зямлю для ўмацавання стога’, в.-луж. sćežor ‘шост’, н.-луж. sćažor ‘жардзіна’, чэш. stožár ‘мачта’, славац. stožiar ‘тс’, славен. stožẹ́r ‘шост у стозе’, серб.-харв. сто̏же̑р ‘паля, уваткнутая на таку’, балг. сто́жар, сто́жер ‘тс’, макед. стожер ‘тс’. Прасл. *stožerъ ‘стоўб, шост, жэрдзь’; утворана ад прасл. *stogъ ‘стог’ (гл.) з суф. ‑erъ, гл. Слаўскі, SP, 2, 23. Параўн. літ. stãgaras ‘сухое доўгае сцябло расліны’, лат. stagars ‘тс’, ст.-в.-ням. stecho ‘паля, слуп’; гл. Фасмер, 3, 764; Махэк₂, 580; Сной₁, 611; Шустар-Шэўц, 1274–1275; ЕСУМ, 5, 424. Гл. сцежар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́так1 ‘гурт буйной дамашняй жывёлы’, ‘пагалоўе; быдла; рагатая жывёла’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Арх. Федар., Шымк. Собр., Бяльк., Сержп., Сл. ПЗБ; полацк., Шн. 2), ‘чарада кароў’ (ЛА, 1), ‘буйная рагатая жывёла’ (Нас., Мал.), ‘стада’ (Шат., Касп.), ‘інвентар; стада’ (Др.-Падб.), ‘стада авечак, коз і да т. п.’ (Мядзв.), ‘рухомая маёмасць’, ‘стада жывёлы’ (Федар. 7), ‘пасудзіна’, ста́ток ‘інструмент’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ), ста́ткі толькі мн. л. ‘снасці, прылады, прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), ‘рэшткі, спадкі, спадчына’ (Нас.), ст.-бел. статокъ ‘маёмасць’ (Ст.-бел. лексікон; Сташайтэне, Абстр. лекс., 161), ‘буйная рагатая жывёла’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́ток ‘статак’, рус. ста́ток ‘дастатак; маёмасць’, зах. ‘жывёла’, польск. statek ‘рухомая маёмасць; жывы інвентар’, дыял. ‘быдла, хатняя жывёла’, н.-луж. statk ‘прадпрыемства; дзеянне; справа’, чэш. statek ‘маёмасць, рэчы’, дыял. ‘буйная рагатая жывёла’, славац. statok ‘тс’. Прасл. дыял. *statъkъ, дэрыват ад *stati ‘стаць’ з суф. ‑ъkъ. Гл. Махэк₂, 675; Фасмер, 3, 745. Шустар-Шэўц (1356–1357) мяркуе, што *statъkъ утворана ад праславянскага назоўніка *statь (параўн. стаць2, постаць, гл.; рус. стать ‘пастава’) з суф. ‑ъkъ; Борысь (576) выводзіць ад прасл. *statъ < *stati. Ст.-бел. статокъ ‘рэчы, маёмасць’ Булыка (Лекс. запазыч., 78) лічыць паланізмам, што, ведаць, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́нна ‘дарэмна, дарма, марна’ (Нас., Гарэц. 1.), ‘бясплатна’, ‘без пакарання’: гэта табе тунна ня пройдзець; ту́нны ‘марны, дарэмны’, ‘бескарысны (пра працу)’ (Нас.), ст.-бел. туне ‘дарма, марна’ (ГСБМ). Укр. ту́нний, ту́ній ‘танны, даступны’, рус. ту́но ‘дарма, дарэмна, упустую’, ту́нный ‘дармавы’, ‘марны’, рус. і стараж.-рус. туне ‘дарэмна’, польск. усх. tuni, сілез. tůńi, каш. tóni, tóńi ‘танны’, н.-, в.-луж. tuni, славац. tuni, tuný, славен. tônj ‘тс’, zastóņj ‘дарэмна’, ст.-харв. ostunj, stunj, stunje ‘задарма, бясплатна, дарма’, балг. ту́на ў выразе: ту́ня беда ‘вялікая бяда’, ‘беспадстаўнае абвінавачанне’, макед. туне беда ‘тс’, ст.-слав. туне ‘дарэмна, бясплатна’. Прасл. *tuńь ‘дарэмны’ (Борысь, 626) ці *tunь‑jь ‘танны, даступны, дарэмны, бясплатны’ (ЕСУМ, 5, 676) узыходзіць да і.-е. *teu̯n‑. З іншым вакалізмам кораня на польскай моўнай тэрыторыі (другасная назалізацыя) прасл. *tanьjь, *tonьjь > та́нны (гл.). У якасці роднасных падаюцца: лат. taúņa ‘гультай’, taūņât ‘бадзяцца, хадзіць без справы, не брацца за работу’, ст.-в.-ням. dunni, ст.-н.-ням. thunni, ст.-ісл. þunnr ‘тонкі’. Развіццё індаеўрапейскай семантыкі ішло ад ‘тонкі, доўгі, выцягнуты’ > ‘невялікай вартасці’ > ‘танны’ (Шустар-Шэўц, 1558; (гл. таксама: Этимология–1967, 74; Зб. Бернштэйну, 474–480), чаму пярэчаць Фасмер, 4, 121; Сной у Бязлай, 4, 393. Адсутнічае пераканальная этымалогія (ESJSt, 17, 998).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́ды ’два вядры, звычайна з вадой (на каромысле)’ (ТСБМ, Др.-Падб., Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Варл., Шатал.), суда́ ’посуд’ (Сл. рэг. лекс.), суды́, су́дны ’пара вёдзер’ (Касп., Барад.), зборн. су́дзя ’посуд’ (Скарбы; гродз., ЖНС), ’драўляны посуд’ (гродз., Сл. ПЗБ; З нар. сл.), памянш. су́дца ’адно вядро’ (лаг., Жд. 2). Укр. суди́на ’пасудзіна’, рус. дыял. суд ’посуд’, суды́ ’два вядры’, сос́уд, пасу́да, ст.-рус. судъ, ст.-польск. sǫd ’пасудзіна’, в.-луж., н.-луж. sud ’бочка, чан’, чэш., славац. sud ’бочка’, серб.-харв. суд, славен. sọ̑d ’пасудзіна’, балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’пасудзіна’. Прасл. *sǫdъ, этымалагічна тое ж, што і суд (гл.): з прыст. *som‑ і коранем ‑d‑, які да і.-е. *dhē‑ ’ставіць, класці, садзіць’ (гл. дзеяць); параўн. літ. ìndas ’сасуд’, гл. Фасмер, 3, 794; Брукнер, 483; ESJSt, 14, 862. Шустар-Шэўц (1375), следам за Махэкам₂ (591), мяркуе, што гэта назва адносіцца да часу, калі яшчэ не ўжываўся ганчарны круг, а посуд “складвалі” або склейвалі з лазы ці гліны, што адлюстравалася ў чэш. sudy ’цотны’, славен. sod ’тс’, soda ’пара’ (літаральна ’складзены з двух’ або ’складзены ўдвая’), параўн. ст.-інд. samdha‑ ’злучаны, аб’яднаны’, гл. Сной₂, 679. Адсюль і значэнне ’пара вёдзер’ або ’вёдры на каромысле’.

Суды́ ’сюды’ (Мат. Маг.), судэ́мі ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Гл. сюды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)