Ке́бка ’пячурка ў печы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. кабиця ’круглая яма пад ганчарнай печчу, летняя кухня’, рус. кабица ’летняя кухня, будка сабакі, логава зайца’. Укр. ковбиця ’наглыбленне для попелу ў печы’, кобиця ’паглыбленне пад прыпечкам’. Украінскае слова не мае надзейнай этымалогіі. Запазычанне з тур. kabig ’вялікі кол’ неверагодна па значэнню, са шв. kabyss ’камбуз’ — па гісторыка-культурных прычынах (гл. ЕСУМ, 2, 332, 481). Бел. кебка ў гэтых этымалогіях не ўлічваецца. Існуе, аднак, рус. кибитка ў значэнні ’цагляны каркас рускай печы, у якую складаюць гаршкі пасля абпалу’. Апошняе значэнне супадае з першым значэннем укр. кабиця. Адсюль можна меркаваць, што крыніцай разглядаемых слоў і рус. кибитка была тая ж цюркская лексема kibit, käbit ’будка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вата́га ’ватага’ (Др.-Падб.); ’арцель сплаўшчыкаў’ (Кольб.). Укр. вата́га ’атрад, натоўп; атара, чарада’. Ст.-рус. ватага ’шацёр, палатка, жыллё качэўнікаў’, рус. вата́га ’натоўп; статак, чарада, стая; рыбалавецкая арцель; месца промыслу, сяліба рыбакоў; рыбацкая хатка; сям’я і г. д.’ Старое запазычанне з цюрк. моў (ст.-чуваш. *våtaɣ, *uotaɣ, ст.-цюрк. otaɣ ’палатка; пакой; сям’я’; параўн. і тур. oda, odak ’пакой, хата’) (Меліаранскі, ИОРЯС, 10, 4, 118 і далей; Корш., AfslPh, 9, 659; Младэнаў, 58; Фасмер, 1, 278). Іншыя тлумачэнні пераконваюць менш: 1) запазычанне з паўн.-цюрк. vataga (гэта хутчэй само запазычанне з рус.; гл. Фасмер, там жа, там і літ-ра); 2) запазычанне з рум. vătaş ’стораж’ (літ-py гл. Фасмер, 1, 278). Параўн. яшчэ Шанскі, 1, В, 23–24.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калу́фар ’расліна Tanacetum balsamita (він., Кіс.), колуфер ’тс’ (Нас.). Рус. калуфер, кануфер ’тс’, ст.-польск. karupiel, karupień, karupier, karpiel ’назвы раслін’. Магчыма, апошняя форма сюды не адносіцца, гл. Слаўскі, 2, 85–86. Крыніцай прывсдзепых лексем лічыцца лац. або грэч. назва гваздзікоў caryophyllum, καπνόφυλλο v гл. Слаўскі, там жа; Фасмер, 2, 771 (дзе і літ-pa). Корш. (AfslPh, 9, 510) меркаваў аб турэцкім пасрэдніцтве (тур. karanfil), што цалкам магчыма, калі улічыць такую назву, як польск. turecka piwonia для Tanacetum balsamita. Расліна вядомая як лекавая і аздобная, у Еўропе сустракаецца і як здзічэлая; відавочна, што назва прыйшла разам з рэаліяй. Для бел. мовы, як можна меркаваць паводле лінгвагсаграфічнага крытэрыю (поўнач і усход), пасрэднікам была рус. мова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тырпуга́, тэрпуха́ ‘мянташка’ (Сл. Брэс., Касп.), трапуга́ ‘тс’ (ДАБМ), тэрпу́ха, тэрпу́га, трыпу́га ‘тс’ (зах.-палес., ЛП); сюды ж тырпу́жыты ‘мянціць касу’ (там жа). Няясна; параўноўваюць з укр. карп. терпу́г, терпу́га ‘піла’, торпу́жити ‘церці, шліфаваць’, рус. терпу́г ‘напільнік, рашпіль’, дапускаюць запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тур. törpü, азерб. төрпу, ст.-цюрк. törpüg ‘піла’, ‘напільнік, рашпіль’, törpi ‘абстругваць’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 558). Аднак абмежаваны арэал ужывання на захадзе ўсходнеславянскай тэрыторыі і пераважна аддзеяслоўнае паходжанне назваў рэаліі ставіць пад сумненне прынятую этымалогію, ва ўсякім разе, дапускае мажлівасць збліжэння з трапаць (гл.), польск. дыял. tyrpać ‘торгаць, біць, штурхаць’, укр. те́рти ‘церці’, параўн. терпу́га ‘апілкі’ (ЕСУМ, 5, 558), што вяртае да вядомай этымалогіі Міклашыча (353).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Талма́ч ’перакладчык’ (Некр. і Байк., Варл., Скарбы), то́лмач ’тс’ (Янк. 1), ст.-бел. толмачъ ’перакладчык, тлумачальнік’ (Ст.-бел. лексікон); сюды ж талма́чыцъ ’перакладаць’ (Варл.), ’тлумачыць’ (Ян.), толмачыць ’тс’ (ТС). Укр. товма́ч, толма́ч, рус. толма́ч, польск. tłumacz, в.-луж. tołmač, чэш. tlumač, славац. tlmač, славен. tolmá, серб.-харв. ту́ма̑ч, балг. тълма́ч, макед. толмач ’перакладчык, тлумачальнік’. Старажытнае запазычанне, мяркуецца прасл. *tъlmačь, з цюркскіх моў, найбольш блізкімі да славянскіх формаў з’яўляецца палавец. і караім. tolmač ’перакладчык, тлумач’ (Булыка, БЛ, 23, 67), параўн. таксама кыпч. tylmač, казах. tilmäč, тур. dilmač, ст.-цюрк. tïlmači ’тс’, што звязаны з цюрк. til ’мова’ (ЕСУМ, 5, 588; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 572). Паводле Глухака (643), вандроўны тэрмін, які ў цюркскіх мовах зблізіўся з dyl, dil ’мова’ і мае аналагічныя семантычныя адпаведнікі ў іншых мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Та́ранікі ’аладкі з бульбы, дранікі’ (Ян.), адз. л. та́ранік ’тс’, та́ранка ’бабка’ (Мат. Гом.), та́рнікі ’аладкі’ (Сцяшк.). Утворана ад та́раны ’цёрты на тарцы’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), гл. тарыць. Запрудскі (дыс., 112) параўноўвае з серб.-харв. тара̀на ’цёртае цеста’, макед. тарана ’сушаныя крупы з цеста і ежа з іх’ (відаць, памылкова, бо гэта балканскі турцызм з тур. tarhana ’тс’; Скок, 3, 444) і (з пытальнікам) рус. та́рань ’зброд, вырадкі’ (без пэўнай этымалогіі, гл. Фасмер, 4, 22); фармальна супадае з серб.-харв. та́рањ ’бандарны інструмент для стругання клёпак’, што, паводле Скока (3, 512), звязана з tr̥ti (тр̏ти), гл. церці. Магчыма, сюды і чэш. дыял. taraňa ’сухія грушы, размятыя ў малацэ’ (Махэк₂, 636: няясна). Незвычайная рэфлексацыя слова можа сведчыць пра польскі ўплыў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Басурма́н 1 ’басурман’, ст.-бел. бесурман, бесурмянин, бусурмянин (Булыка, Запазыч.), рус. басурма́н, бусурма́н, ст.-рус. бесерменин, бесурменин, укр. басурма́н, бусурман. Запазычанне з цюрк. моў, дзе адпаведнае слова азначае ’мусульманін’. Параўн. тат., казах. musulman, тур. müslim, müslüman, müsürman, кірг., кумык., балкар. busurman (цюрк. словы з перс.). Меліаранскі, ИОРЯС, 10, 4, 113–116; Шэльд, Slavia, 2, 290; Фасмер, 1, 132; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 19 (< тат.); Шанскі, 1, Б, 54 (падтрымлівае тат. версію); Рудніцкі, 270–271, гл. яшчэ Сольмсен, KZ, 37, 590. Варыянт тыпу бесурман і пад. лічыцца запазычаннем з цюрк. дыял. варыянта (гл. Фасмер, 1, 160). Параўн. басурма́н 2.
Басурма́н 2 ’заняпалы чалавек’ (Касп.). Ужыванне ў якасці экспрэсіўнага слова басурма́н 1 (гл.) ’мусульманін’. Таксама і ў іншых мовах. Параўн. рус. дыял. бусурма́н ’разбойнік’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сунду́к ’куфар’ (мін., Сл. ПЗБ; Бяльк., Сцяц. Сл., ТС, Мат. Гом.), ’дарожная сумка’ (Сцяшк. Сл.), ’рамачны вулей’ (Анох.); перан. сунду́к, сунды́к ’пра тупога, абмежаванага чалавека’ (Мат. Гом.), на Смаленшчыне таксама санду́к ’тс’ (Дабр.). Дапускаюцца розныя шляхі запазычання мяркуемага цюркізма, у тым ліку праз рус. сунду́к ’куфар, скрыня’, дзе, магчыма, чувашскае пасрэдніцтва (Дабрадомаў, Бел.-рус. ізал., 40), або ўкр. сунду́к ’тс’, відаць, з палавецкага сундух (Тагіеў, Цюркізмы, 151). Але параўн. ст.-бел. сундукъ ’куфар’ (1598 г.) са стараж.-рус. сундукъ ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 104). Крыніцай можа быць кыпч. sunduq, тур. sandik крым.-тат. сандык ’тс’ < араб. ṣandûḳ, ṣundûḳ якія ўзводзяцца да грэч. συνδοχετον або συνδυκετον ’тс’; гл. Фасмер, 3, 803 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 475 і наст. Малаверагодны ўплыў польск. sądek ’кадушка, кубел’, як мяркуе Цвяткоў, Запіскі, 2, 67.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Су́чча вы́мя ’павялічаныя залозы пад пахай’ (чавус., Нар. медыцына), ’павялічаныя грудкі ў нованароджаных’ (там жа), су́ччае вымя (сучее выме) ’павелічэнне залоз пад пахай, пераходзячае ў скулу’ (Нас.), сучы́нае вы́мя ’нарыў пад пахай’ (ТСБМ), сучаі́м’е, сухаі́мʼе ’гідрадэніт, запаленне залоз пад пахай’ (шчуч., люб., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. палес. су́че ви́мйе ’нарыў пад пахай’, рус. су́чье вы́мя ’тс’. Варыянтнасць абодвух элементаў словазлучэння, параўн. укр. палес. собаче вымйе, суча цицька, рус. дыял. собачье вымя, сучья ти́тька, таксама тыпалагічныя паралелі тур. köpekmemesi ’нарыў пад пахай’, тат. эт имчэге ’тс’ (“сучча вымя”) сведчаць, паводле Беразовіч (Язык и трад. культура, 514), пра вобразны характар намінацыі хвароб, дадатковым матывуючым прызнакам пры ўтварэнні якіх з’яўляюцца негатыўныя канатацыі, звязаныя з вобразам сабакі. У беларускай мове звычайна характэрныя для ўтварэння назваў раслін (гл. сабачы). Крыніцы паходжання няясныя (першасная метафара?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бу́ры. Засведчана з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 53). Рус. бу́рый (з XII ст.), укр. бу́рий, польск. bury ’цёмна-шэры’, славац. burý. Зыходзячы з геаграфіі слова, лічаць, што гэта запазычанне з усх. моў (як і многія іншыя назвы колеру): з цюрк. (тур.) bur ’рыжай масці’ < перс. bōr ’гняды, рыжай масці’. Міклашыч, Türk. El., 1, 269; Nachtr., 1, 18; 2, 90; Міклашыч, 24; Корш, AfslPh, 9, 493 і наст.; Праабражэнскі, 1, 54. Але і тут ёсць няпэўнасці (гл. Слаўскі, 1, 51; Курыловіч, PF, 10, 335–336). Іншая версія: запазычанне з лац. burrus ’багровы’ (Бернекер, 102; Мацэнаўэр, LF, 7, 17 і наст.; Брукнер, 50). Махэк₁ (51–52) лічыў, што славац. burý (аб масці валоў) < рум. bur(ă) ’вол’ (а гэта з лац. burrus) і пасля пашырылася і ў іншых слав. мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)