забасто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Арганізаванае масавае спыненне работы на прадпрыемстве, каб прымусіць капіталіста задаволіць патрабаванні рабочых; стачка. Усеагульная забастоўка. □ Забастоўка рабочых на лесапільні паказала Андрэю, што сіла працоўнага народа ў яго салідарнасці, арганізацыі. Хромчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падве́ргнуць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; пр. падверг і падвергнуў, ‑гла; зак., каго-што.

Кніжн. Прымусіць адчуць на сабе ўздзеянне чаго‑н., зрабіць аб’ектам якога‑н. уздзеяння. Падвергнуць пакаранню. Падвергнуць крытыцы работніка. Падвергнуць метал апрацоўцы. // Паставіць у нейкае становішча. Падвергнуць небяспецы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́маніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм.

1. Вабячы, прымусіць выйсці адкуль‑н. Выманіць драпежніка з нары. □ Дзеці кінуліся за ім, паспрабавалі выманіць яго адтуль, але кацянё натапырылася, зафыркала і выйсці не жадала. Васілевіч.

2. Набыць што‑н. хітрыкамі, падманам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Штурхнуўшы, прымусіць увайсці, штуршком упіхнуць куды‑н. Маці кінулася да бацькі, але фашысты схапілі яе і ўштурхнулі ў пакой. Рамановіч. На дварэ Ніну ўштурхнулі ў нізкую, нібы сплюшчаную, легкавую машыну. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак., каго.

Разм.

1. Голасна завучы каго‑н., прымусіць адклікнуцца, прыйсці; дазвацца. — А я да вас сюды яшчэ ўчора вечарам прыйшоў. Крычаў, крычаў. Так і не дакрычаўся вас. Няхай.

2. Крыкам давесці сябе да непрыемных вынікаў. Дакрычацца да хрыпаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́даліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць выйсці, знікнуць; перамясціць. Выдаліць пабочных асоб. Выдаліць прымесі. □ А Мурамцаў усяго толькі і зрабіў, што на першым пасяджэнні загадаў выдаліць з залы паліцыю. Колас.

2. Выразаць, вынуць шляхам аперацыі. Выдаліць пухліну. Выдаліць нырку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абрамі́зіць, ‑міжу, ‑мізіш, ‑мізіць; зак., каго.

У картачнай гульні — прымусіць каго‑н. прайграць у выніку рэмізу. // перан. Разм. Паставіць у цяжкае, нязручнае становішча, зрабіць непрыемнасць каму‑н. [Пётр Пятровіч:] — Ну, узяў я тую міску ды надзеў яму на галаву. Падумаеш — так ужо абрамізіў! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захаце́ць, ‑хачу, ‑хочаш, ‑хоча; зак., чаго і з інф.

Адчуць ахвоту да чаго‑н.; пажадаць. — Мяне ніхто не можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, — чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваханаў. Колас. Так расхвалілі гэту кнігу, што я захацеў пачытаць яе. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да сагнаць.

зганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Разм. Гонячы, прымусіць пабыць дзе‑н. і вярнуцца назад. Зганяць коней на вадапой. □ — А, не пытай, — адказала Марыля. — Веру арыштавалі, і мяне зганялі ў воласць. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць пайсці адкуль‑н. [Лабановіч] помніць спатканне з незнаёмаю жанчынаю, што ішла да яго, а ён прагнаў яе. Колас. Стары таксама падняўся.., без патрэбы паправіў на стале бялюткі абрус, прагнаў з лавы ката. Васілевіч. // Вызваліць прымусова ад выканання якіх‑н. абавязкаў. [Антаніна Пятроўна:] З завода цябе прагналі, і тут я вінавата. Крапіва. // Прымусіць адступіць (ворага, непрыяцеля). Калі ж прагонім чужаземца, Калі пакінем мы лясы, Случчанка гладзіць зноў красёнцы Ткаць залатыя паясы. Астрэйка.

2. каго-што. Гонячы, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку праз што‑н., побач з чым‑н. і пад. Па цэнтральнай вуліцы прагналі некалькі чалавек палонных немцаў. Гурскі. — Я табе памагу прагнаць [кароў] паўз грэчку, — сказаў Скуратовіч. Чорны. // Накіроўваючы куды‑н., правесці. Прагнаць плыты.

3. перан.; што. Прымусіць знікнуць; рассеяць, спыніць, пазбавіцца чаго‑н. Думкі зусім прагналі сон. [Якаў] адчыніў свіран і сеў на парозе. Чарнышэвіч. Пачуўся недзе далёка-далёка плач трубы пастуха. Гэты знаёмы і блізкі сэрцу гук прагнаў усе змрочныя думкі. Чарот.

4. што і без дап. Вельмі хутка праехаць, прабегчы якую‑н. адлегласць.

5. што. Хутка рухаючыся або накіроўваючы рух чаго‑н., утварыць пракос, разору і пад. Прагнаць пракос. Прагнаць разору.

6. перан.; што. Разм. Напіцца; наталіць. [Нор] піў і ўсё ніяк не мог прагнаць смагу. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)