яны́, іх, ім, іх, імі, аб іх; займ. асаб. 3 ас. мн.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка множнага ліку, які ў папярэднія кантэксце абазначае прадмет гаворкі. І сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годным. Купала. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча іх да новых подзвігаў. Крапіва. // (у спалучэнні са словамі: «самі», «самыя»). Іменна тыя, а не хто іншы; тыя самыя.

2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; іхні. Мартын таксама глянуў У дзедавы цёмныя вочы, адчуваючы іх уладу над сабою, і потым мімаволі апусціў свае вочы. Колас. Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Іх галасы ціха гулі недзе ў большым пакоі. Чорны.

3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яны — палі густыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сват ‘асоба, якая сватае жаніху нявесту ці нявесце жаніха’, ‘бацька мужа ў адносінах да жончыных бацькоў ці наадварот’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Сцяшк., З нар. сл., Бір. дыс., Сл. ПЗБ, ТС, Байк. і Некр.), ‘на вяселлі родзіч з боку маладога’ (Сл. ПЗБ), ‘адзін з удзельнікаў вясельнай дружыны’ (віл., З нар. сл.), сваты́бацькі маладых і ўсе родныя госці’ (“якіх называюць сватамі”, Сержп. Прымхі), свато́ве ‘тс’ (Нас., Касп.). Укр., рус. сват, ст.-рус. сватъ, польск. swat, н.-луж. svat ‘шафер, дружка’, ‘усякі сваяк заручанай пары’, чэш. svat, славац. svat ‘бацька зяця або нявесткі’, серб.-харв. сва̏т ‘сват’, славен. svȃt ‘сват, дружка’, балг., макед. сват ‘сват’, дыял. ‘сваяк’. Прасл. *svatъ, дэрыват ад кораня *swo‑ ‘свой’, з і.-е. *su̯a‑tō (*swō‑t‑), дзе ‑t‑ вытворнае ад займеннікавага кораня (гл. той), першапачаткова ‘свой, блізкі чалавек, суродзіч’; значэнне ‘чалавек, які сватае’ з’явілася пазней пад уплывам дзеяслова *svatati (гл. Трубачоў, История терм., 142–143). Паралелі ў літ. svẽcias, svẽtis ‘госць (чужынец)’, грэч. (Ϝ)έτης ‘родзіч, прыяцель’, гоц. swēs ‘уласны’, ст.-інд. svás ‘свой’. Махэк₂ (594) на аснове чэш. svatví * < *svatvьji адносіць слова да асновы на ‑u‑ і параўноўвае з авест. xvaētu‑, што адвяргаецца па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, 3, 570; Борысь, 589; Шустар-Шэўц, 1384; БЕР, 6, 534–535; Сной₂, 713; Глухак, 597 (збліжае з *xvatati, гл. хватаць); Шаўр, Etymologie, 45 (дапускае незалежнае ад славянскіх развіццё балтыйскіх і грэчаскай формаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

га́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

Разм.

1. Адчуваць агіду да каго‑, чаго‑н.; брыдзіцца. Тараска гадзіўся жаб. Юрэвіч.

2. Псавацца ад забруджвання. Адзенне гадзіцца.

гадзі́цца 1, ‑джу́ся, ‑дзі́шся, ‑дзі́цца; незак.

Разм. Быць прыгодным, падыходзячым для чаго‑н., адпавядаць якім‑н. патрабаванням. — Я вывучаў дакументы і думаў: вось гэта для маёй дысертацыі падыходзіць. І гэта гадзіцца. Арабей. // безас. (звычайна з адмоўем). Варта, трэба, к месцу. Сцёпка перамог сябе; не, спаць не гадзіцца! Колас.

•••

Гадзіцца ў бацькі (у маці, сыны і пад.) каму — адпавядаць па ўзросту чыйму‑н. бацьку (маці, сыну і пад.).

Куды гэта гадзіцца; нікуды не гадзіцца — вельмі дрэнна, дрэнны.

гадзі́цца 2, гаджу́ся, го́дзішся, го́дзіцца; незак.

Разм. Канчаць спрэчку; згаджацца, пагаджацца. Рэдкія выпадкі лаянкі толькі на кароткі час раскідалі іх дружбу, і хлопцы скора зноў гадзіліся. Колас. Слугі князя з дарам князевым прыйшлі, З Вялем-волатам, з дружынаю гадзіцца. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызвыча́іцца, ‑чаюся, ‑чаішся, ‑чаіцца; зак.

1. Прывыкнуць да чаго‑н. як да звычайнага, абавязковага. Часта .. [Манг] адлучаўся на некалькі дзён, і бацькі прызвычаіліся да гэтага і не пярэчылі. Маўр. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Коля] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. [Цярэшка] прызвычаіўся да жыццёвага дабрабыту і не хацеў страціць яго. Мікуліч. // Адчуць сябе звычайна, нармальна ў якой‑н. абстаноўцы; асвойтацца, звыкнуцца. Ужо дні праз чатыры Віцька прызвычаіўся да работы. Паслядовіч. [Зіна] прызвычаілася да чужых людзей. Брыль. Пакрысе прызвычаіўшыся да цемры, Аўсееў стаў бачыць цьмяную лінію чыгункі. Быкаў.

2. Адчуць сімпатыю, прывязанасць да каго, чаго‑н. [Марыя:] Пажывуць далей-болей, паразумнеюць абое, прызвычаяцца адно да аднаго [дачка з мужам]. Пальчэўскі.

3. Набыць навык да чаго‑н., прывучыцца рабіць што‑н. У апошні час .. [Чыжык] прызвычаіўся не выказваць сваіх адносін да людзей і навін. Лупсякоў. Ніякай працы .. [Лабановіч] не баіцца, бо змалку прызвычаіўся да яе... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрабіць амаль нябачным; часова схаваць. Малады бярэзнік і альшэўнік атулілі буданы зялёным аксамітам, прыхавалі ад чалавечага вока. Шчарбатаў. Падчас бойкі ля універсітэта яшчэ мінулай восенню.. [Вольга] памагла мне апрытомнець і прыхавала наган, калі ён выпаў у мяне з кішэні. Карпюк. — А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенне. Чорны. // Зберагчы для будучых часоў; пакінуць на запас. — Трэба нам быць гатовым на ўсё і хоць што-небудзь прыхаваць. Прыйдзецца ў лес бегчы, тады з лесу выходзіць, дык застанешся ў чым стаіш... Карпюк. — Не, брат Стары, тут і танней пражыць можна. Будзеш сабе сталавацца ў бацькі, можна і капейку прыхаваць. Колас.

2. перан. Схаваць, утаіць, скрыць што‑н. У Марыі кальнула ў сэрцы, але яна старалася прыхаваць гэта ад мацеры. Кулакоўскі. Каб прыхаваць сваю збянтэжанасць, я ўнурыўся ў школьны журнал, разглядаючы спісы вучняў мінулых гадоў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыво́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трывогі (у 1 знач.), поўны трывогі, неспакою, хвалявання. Трывожныя думкі. Трывожны сон. Трывожная ноч. □ Слаўце ж заўсёды Імкненні трывожныя, Што падрыхтоўваюць смелы палёт. Кірэенка. // Які выклікае трывогу, неспакой. Трывожныя чуткі. □ За хвіліну ўвесь лагер абляцела трывожная вестка: з рэчкі не вярнуліся Ціма і Валодзя, піянеры другога атрада. Пальчэўскі. У хату ўваліўся .. друг [Дзям’яна] Тодар Касцецкі — загадчык свінафермы. Ён прынёс трывожную навіну. Дуброўскі. // Які выражае трывогу. Трывожны погляд. □ Глядзім на ўсё трывожнымі вачыма, Аж шалясціць ад позірку лісцё. Камейша.

2. Схільны да трывогі, неспакойны (пра чалавека). Мікола апошні час стаў трывожным: з дня на дзень чакаў перагляду сваёй справы. Машара. [Феня] ішла па бальнічным калідоры, уся сцішаная, трывожная, са страхам адчыніла дзверы ў палату. Арабей.

3. Небяспечны. Час быў трывожны, і музыка гучала неяк дзіка і недарэчна. Няхай. Неспакойная, трывожная служба ў Міхаськавага бацькі. Хомчанка. // Які паведамляе пра небяспеку. Трывожны сігнал. Трывожны гудок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак.

1. каго-што. Пакласці на верх, паверх чаго‑н. Ускласці плуг на калёсы. Ускласці рэчы на воз. □ [Антон] нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. Быкаў. Трэба было ўскласці камель бервяна на перадок, а верх на заднюю вось. Галавач.

2. што. Урачыста пакласці. У дні свят і мінчане і госці з розных краін і гарадоў прыходзяць сюды, каб ускласці вянкі і букеты, каб выказаць яшчэ раз сваю пашану памяці герояў... В. Вольскі. І прыйдуць сюды піянеры са школы Ускласці на помнік вянкі. Тарас.

3. што. Даручыць што‑н. каму‑н. На Шалюту, як былога камандзіра атрада, усклалі абавязкі старшыні райвыканкома. Дуброўскі.

4. што. Абл. Надзець. Ганна Сымонаўна.. другі раз у жыцці апранула шлюбную сукенку. Затым усклала на шыю пацеркі, а яны ж — у некалькі радоў! Дубоўка.

•••

Ускласці (узваліць) на плечы каго, чые, каму — абцяжарыць чым‑н., звычайна справамі, працай, клопатамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаспада́р, ‑а, м.

1. Уласнік, уладальнік каго‑, чаго‑н. Гаспадар кнігі. Гаспадар кватэры. Гаспадар фабрыкі. // Прыватны наймальнік. Гаспадар не хацеў задавольваць патрабаванні рабочых, пагражаў абвясціць лакаут. Лынькоў. // Селянін, уладальнік сялянскага двара, надзелу. Ніхто.. [Лаўрэна] не лічыў за гаспадара, а яго хату — за гаспадарку. Якімовіч. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна, без заганы, Зялёны дол гаспадары. Колас.

2. (звычайна з азначэннем). Чалавек, які вядзе гаспадарку, займаецца гаспадарчымі справамі. Дбайны гаспадар. □ Навучыліся тут людзі працаваць.., адчуваць сябе добрымі, руплівымі гаспадарамі. Кулакоўскі.

3. Галава сям’і, дома. Мужчыны падалі адзін аднаму рукі, гаспадар — цвёрда і самаўпэўнена, госць — .. нясмела. Чорны.

4. Той, хто мае ўладу над кім‑, чым‑н.; паўнаўладны распарадчык. Гаспадар становішча. □ Кандрат Гуга быў больш-менш незалежным гаспадаром у сваім доме. Колас.

5. Разм. Муж. Вестка пра падзенне самаўладства ўсімі ўспрымалася як вестка пра канец вайны, пра тое, што да дзяцей вернуцца бацькі, да маці — сыны, да жонак — гаспадары. Лобан.

•••

Гаспадар свайго слова — пра чалавека, у якога слова не разыходзіцца са справай.

Сам сабе гаспадар гл. сам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́та 1, ‑ы, ДМ ноце, ж.

1. Умоўны графічны знак для запісу гукаў музыкі.

2. Асобны гук пэўнай вышыні ў музыцы і спевах. Высокія ноты ў песнях. □ На сярэдзіне сяла моцна за[й]граў гармонік; ноты яго былі то вельмі гучнымі, то зусім зніжаліся і разносіліся — ціха ды роўна. Каваль.

3. толькі мн. (но́ты, нот). Тэкст музычнага твора ў нотным запісе; сшытак, кніга або старонка з запісам музычнага твора. Адзін з.. [аркестрантаў] — той, што выконваў абавязкі бібліятэкара, — застаўся збіраць папкі з нотамі. Мехаў.

4. перан. Тон, інтанацыя мовы, якія выражаюць якое‑н. пачуццё. — Глядзіце, што за дуб! І бура не зваліць! — і нота задавалення пачулася ў голасе Баруты-бацькі. Колас. На якіх нотах адбылася паміж.. [механізатарам і Міколам] размова, Мікола не расказваў нікому. Б. Стральцоў.

•••

Як да нотах — без цяжкасцей, вельмі лёгка.

[Ад лац. nota — знак, заўвага.]

но́та 2, ‑ы, ДМ ноце, ж.

Афіцыяльны дыпламатычны зварот урада адной дзяржавы да другой. Абмен нотамі. Нота пратэсту.

•••

Вербальная нота — дыпламатычнае пісьмовае паведамленне, не змацаванае подпісам, якое мае значэнне вуснай заявы.

[Ад лац. nota — знак, заўвага.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спе́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які патрабуе хуткага выканання; тэрміновы. За дзвярыма грукаталі боты, Над сталом задумаўся марксіст І, адклаўшы спешную работу, Малаком пісаў па волю ліст. Грахоўскі. Як Антось мацней за ўсіх бегае, то яму даваліся найбольш спешныя заданні. Кулакоўскі. Калгас засыпаны дэпешамі З Масквы, Туркменіі, Дняпра, — І ўсе вітальныя і спешныя, То ад Івана, то Пятра. Астрэйка. // Які выконвае што‑н. тэрміновае. Красуняй паланянкай паланёны, ён [Кайдан] выгнаў нават спешнага ганца, прысланага з далёкага загону, дагаварыць не даўшы да канца. А. Вольскі.

2. Які робіцца або адбываецца хутка; паспешлівы. Дзед Талаш з сваім войскам спешным маршам рушыў на Прыпяць, каб заняць пераправу. Колас. У штабах спешным парадкам складалі спісы. Пальчэўскі. Сяргееў быў здаволены, што хлопец не робіць спешных вывадаў, а цвяроза ацэньвае абстаноўку. Федасеенка. Чалавек дваццаць паліцыянтаў скакала на конях спешнай рыссю. Пестрак. // Уласцівы таму, хто спяшаецца. А Казік падбег да бацькі і, Юзік чуў, казаў ён спешным дрыжачым голасам: — Злодзей!.. Злодзей... Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)