заслані́цца, ‑сланюся, ‑слонішся, ‑слоніцца; зак.

1. Засланіць сябе чым‑н. Засланіцца шчытом ад удару. Засланіцца рукой ад сонца.

2. Аказацца нябачным, заслоненым чым‑н. Адна жоўтая лапінка ўвесь час паказваецца праз лісце. Мільгне, на момант заслоніцца, а потым зноў ярка жаўцее, амаль свеціцца, як уначы агонь машыны. Кулакоўскі.

3. перан. Адысці на задні план. Раззбраенне польскага канвою, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах — усё гэта адышло цяпер на другі план, засланілася ганусанскімі падзеямі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́сткі, ‑так; адз. звестка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Даныя, паведамленні аб кім‑, чым‑н. Хлопцы ўсё больш смялелі і ўжо проста, як старому сябру, пачалі расказваць Лясніцкаму ўсе вясковыя навіны, зусім не падазраючы, што для камісара гэта былі амаль што самыя каштоўныя звесткі аб ворагах і сябрах. Шамякін. Партызаны заўсёды заходзілі да .. [настаўніцы], як да сваёй сувязной, дзяліліся навінамі, адпачывалі, атрымлівалі ў яе неабходныя звесткі. Шчарбатаў. // Даныя, якія характарызуюць каго‑, што‑н. Статыстычныя звесткі. Звесткі аб надвор’і.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло́дзей, ‑я; мн. зладзе́і (з ліч. 2, 3, 4 зло́дзеі), зладзе́яў; м.

1. Той, хто крадзе, робіць кражу. Злавіць злодзея. Пільнаваць злодзея. □ Як яму кепска ні жылося, а ён ніколі ў жыцці не быў злодзеем. Бядуля.

2. Ужываецца як лаянкавае слова. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых, — ціха з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

•••

Кішэнны злодзей — той, хто крадзе з кішэняў.

На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зру́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Добра прыстасаваны для выкарыстання, такі, якім лёгка ці прыемна карыстацца. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.

2. Добры, падыходзячы; такі, які патрэбен. Зручны выпадак. □ [Тварыцкі] знайшоў зручны момант. Выйшаў з хаты, ляпнуў дзвярамі. Чорны. Хлопцы выбралі зручнае месца пад кустом ажыны, адкуль быў відаць увесь сад. Хомчанка. // Практычны, выгадны. — Мне чалавек зручны патрэбен. І я яго знайду, вядома, знайду. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтуі́цыя, ‑і, ж.

1. Неўсвядомленае чуццё, заснаванае на папярэднім вопыце, якое накіроўвае на правільныя дзеянні; прадбачлівасць, здагадка. За доўгую практыку ў [цёткі Эмілі] развілася такая інтуіцыя, што ў дзевяноста выпадках яна трапляла акурат на такіх людзей, з якімі можна было дагаварыцца. Маўр. — Дакладнасць — добрая рэч, — змякчаў сваю рэзкасць начальнік штаба, — але ж часамі патрэбна разведчыкаў і інтуіцыя, нюх ці як хочаш гэта называй... Шахавец.

2. У ідэалістычнай філасофіі — нейкая містычная здольнасць непасрэднага пазнання ісціны без дапамогі вопыту і лагічных вывадаў.

[Ад лац. intueri — пільна, уважліва глядзець.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абыхо́дак, ‑дку, м.

1. Патрэбы штодзённага жыцця. Жанкі і дзяўчаты збіраюць летам ягады і грыбы і гэтым трохі падзарабляюць на дамашні абыходак. Колас. [Федзя:] — Заўсёды нейкі грош трэба мець на абыходак. Крапіва.

2. Разм. Неабходныя рэчы, абстаноўка. [Маці:] — Стараючыся, дык і на дзвюх дзесяцінах льга жыць. Людзі жывуць. А гэта — што папрадаем увесь абыходак свой — дык яно, жывучы, нажывецца зноў. Чорны.

3. Ужытак, карыстанне. Увесці ў навуковы абыходак невядомыя дакументы.

•••

На першы абыходак — на першую патрэбу, на першы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абра́з 1, ‑а, м.

Малюнак бога або святога ў выглядзе партрэта як прадмет рэлігійнага пакланення. Старая паляшучка, знахарка Мар’я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз. Колас. Дзеці баяліся бога, што сярдзіта пазіраў з абразоў на покуці. С. Александровіч.

абра́з 2, ‑а, м.

Тое, што і вобраз (у 1 знач.). Скарылася стыхія, Змяніла свой абраз. Колас. Лапці ды сярмягі — як абраз не боскі: Гэта нашы людзі, Людзі нашай вёскі. Купала. Абразы змагання за волю прыгнечаных праходзяць кінастужкай перад Міхалкам. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. панаваць.

2. Улада, уладанне. У сатырычным часопісе «Маланка», які сістэматычна выходзіў з пачатку 1926 г.. высмейваліся самыя змрочныя бакі панавання польскіх памешчыкаў і буржуазіі. Палуян. Фашызм на злом галавы, з нахабнай і агіднай хваткай злачынца рваўся да панавання над светам.. Перкін.

3. Перавага. Калі гаварыць пра стыль К. Чорнага, дык першае, што кідаецца ў вочы, — гэта панаванне ў мастацкай фразе дзеяслова. Юрэвіч.

4. Кіруючае становішча каго‑н., галоўнае, значэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́нства, ‑а, н.

1. зб. Паны. Шыш-Шышнеўскі быў нядрэнны настаўнік, але цягнуўся за мясцовым панствам, з вучнямі і іх бацькамі трымаўся здалёк і афіцыйна. С. Александровіч.

2. Панаванне, улада паноў. — Уціск вечнага панства палажыў на.. [чалавека] свой адбітак. Чорны.

3. Спешчанасць, імкненне жыць у раскошы, пагардлівыя адносіны да працы, уласцівыя панам. [Лоўгач:] — Ці правільна гэта? Адзін пакой на чацвярых. А ў нас пяць пакояў на чацвярых. І якія? Амаль удвая большыя. Панства нейкае ў нас з табой... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касцю́м, ‑а, м.

1. Камплект адзення, які складаецца з пінжака, штаноў і часам камізэлькі (у мужчын) або жакета і спадніцы (у жанчын). Картовы касцюм. □ Гадомскі і Строіш былі ў касцюмах і плашчах. Брыль. Гэта высокая хударлявая жанчына хадзіла заўсёды ў строгім англійскім касцюме. Васілевіч.

2. (часцей з азначэннем). Адзенне спецыяльнага прызначэння. Спартыўны касцюм. Купальны касцюм. // Тэатральнае або маскараднае адзенне. Касцюм мушкецёра. Касцюмы да спектакля. □ Мільгалі твары ў масках і без масак, у самых нечаканых мудрагелістых касцюмах. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)