Ля́га1 ’жаба’ (Рам. 3, Нар. Гом.). Рус. калуж., тул. ля́га, ляга́ ’тс’. Да лягаць, ляга́цца, параўн. рус. паўн. ляга́ть ’біць’, ’адштурхоўваць’, ляга́ться ’рухацца’, ’калыхацца’, ’брыкацца’, ля́га ’сцягно’, ля‑д‑вея ’тс’, якія з прасл. lęgati (польск. ligać ’біць нагой’, чэш. líhati ’рухаць’, укр. ли́гнути ’ўдарыць’; і.-е. адпаведнікі: літ. lingúoti ’хістаць’, лат. linguôt ’хістацца’, ст.-інд. laηghati, laηghayati, rḗjate ’ўскоквае, скача, дрыжыць’, ірл. lingid ’скача’, ст.-в.-ням. lungar, ст.-англ. lunger ’хуткі’, лац. lumbus, ст.-ісл. lend ’сцягно’, ст.-грэч. ἐλαφρός ’лёгкі, рухомы’ (Слаўскі, 4, 250; Фасмер, 2, 548; Аткупшчыкоў. Из истории, 133; ён жа, Этимология–84, 193).

Ляѓа2 ’гультай, лежабок’ (Растарг.; паўд.-усх., КЭС; клім., Мат. Маг.), укр. ля́га, рус. смал., арл., бран. ля́га ’тс’, польск. (з іншым суфіксам) leguś, каш. legas, legan, славац. lehen, серб.-харв. чак. lêganj ’гультай, які ўвесь час ляжыць’. Да ляга́ць < прасл. lěgati > legtʼi > ле́гчы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляка́ць, ляка́тэ ’пужаць’, ляка́цца, ляка́тысь, ляка́тыся ’палохацца’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц., Шпіл., Бес., Ян., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Касп., БСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Шат., З нар. сл., Нар. лекс.). Укр. ляка́ти(ся), рус. паўд.-зах. лякать(ся), ст.-польск. lękać, польск. lękać się, н.-луж. lěkas (se), чэш. lekati (se), славац. ľakať (se), славен. lę́cati se ’баяцца, падаць духам’, серб.-харв. ле́цати се ’палохацца’, ст.-слав. лѧцати ’ставіць сілы’ — апошняя форма (з III палаталізацыяй) прадстаўлена ва ўсіх групах слав. моў. Прасл. lękali ’згінаць, гнуць, закрыўляць’, ’нацягваць’, ’ставіць сілы’ (Слаўскі, 4, 206–208). Са значэння ’згінаць’, ’згінацца’ развілося ’палохаць’: ’згінацца, схіляцца, сціскацца ад жаху, трывогі’. Роднаснымі з’яўляюцца: літ. leñkti ’схіляць, гнуць’, лат. lìekt ’тс’, ст.-ісл. lengia ’пуга’, алб. lëngór ’гнуткі’. Усе да і.-е. *lenk‑/*lek‑/*lonk‑ (Бернекер, 1, 707; Фасмер, 2, 551; Махэк₂, 325; Скок, 2, 280–281; Бязлай, 2, 129; Шустар-Шэўц, 11, 823–824).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжнаяКТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нара́ ’нара, дзірка ў зямлі ці інш.’ (Яруш., Байк. і Некр., ТСБМ), таксама но́ра ’тс’ (Янк. 3.), нура́ ’тс’ (віл., Сл. ПЗБ), нора́ ’нара, глыбокая яміна з вадой’ (ТС), укр. нора, рус. нора, польск. nora, nura, чэш., славац. nora ’тс’; славен. nora ’яма, пячора’ лічаць запазычаннем (параўн. Копечны, Zákl. zásoba, 275), аднак наяўнасць адпаведных мікратапонімаў пярэчыць гэтаму (Бязлай, 2, 227). Відаць, лакальнае ўтварэнне па тыпу жара́ (гл. жа́рыць) ад прасл. *noríti, гл. тураўск. нора́ць, норня́ць ’даваць нырца’ (ТС), укр. пори́ти ’рыць норы’, параўн. польск. norzyć ’ныраць, заглыбляцца’, чэш. nořiti, славац. noriť, в.-луж. norić, славен. noríti, серб.-харв. но̀рити (з метатэзай ро̀нити), балг. дыял. но́рвам, макед. норка ’тс’, нарне ’рынуцца’; праблематычна суаднясенне з ныраць ’тс’, роднасным да літ. neriù, nė́rti, nė́riau, nãras ’нырнуць, уцячы ў нару’, лат. nìrt, nirstu ’ныраць’ і інш. (гл. Фасмер, 3, 82; Махэк₂, 401; Брукнер, 365–366, а таксама: РР, 1975, 1, 101–103).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Норт ’цячэнне; паглыбленне, вір на павароце ракі’ (Сл. ПЗБ), ’паўвостраў, які ўтварае рака, мяняючы напрамак свайго цячэння’ (карэл., З нар. сл.), ’неглыбокае месца ў рэчцы, дно якога ў карчах’ (навагр., Нар. лекс.), ’спакойная частка ракі ў вілейскіх плытагонаў’ (JP, 64, 31), ’калена ў рацэ’ (астрав., ул. інф.), ’фарватар ракі; месца, якое агібае рака’ (гродз., Яшк.), ну́орт ’глыбокае месца на павароце ракі’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. нуртъ ’цячэнне’ (1603). Запазычанне з польск. nort, nurt ’цячэнне, стрыжань, быстрак у рацэ’, дыял. nort, nord, nórt ’куток, канец, край, узлесак’, ст.-польск. nurt, nurta ’яма, пячора і пад.’ (Булыка, Лекс. запазыч., 138; Бяднарчук, JP, 64, 31–32), пра што сведчыць у першую чаргу лінгвагеаграфія. Аднак славен. Nart, Narte ’назвы правалаў’, якія Бязлай звязвае з польск. nort, што суадносіцца з літ. nàrtas ’кут, вугал’ (Бязлай, 2, 215), дае падставы лічыць беларускія словы даўнімі ўтварэннямі ад прасл. *nor‑ (*ner‑, *nьr), гл. нара́, пану́ры (параўн. Брукнер, 366).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нура́1 ’маркота; знясіленне’ (Нас., Касп.), ну́ра ’знясіленне’ (Яруш., Гарэц.), нуря́ ’мучэнне’ (Бяльк.), нуры́ць ’марыць, мардаваць; падаць тварам на зямлю’, нуры́цца ’маркоціцца, мардавацца’ (Нас.), параўн. рус. ну́ра ’маўклівы, пануры чалавек’ (пск., цвяр.), ну́рить ’прымушаць; знясільваць, мучыць; маркоціцца, бедаваць; гнаць, паганяць’, польск. nurzyć ’апускаць (у ваду)’, у тым ліку nurzyć oczy w ziemie ’быць панурым, апускаць галаву’. Параўноўваюць са ст.-слав. изноурити ’грабіць, нападаць’, изноурение ’здабыча’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай; больш блізкае балг. дыял. нюрим ’заўсёды маўчаць, нават калі пытаюць’, што адпавядае літ. niū́roti ’глядзець з-пад ілба, панура стаяць’. Звязана чаргаваннем з *noriti, гл. нор, нурэц, ныра́ць, пануры. Змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар. Да семантыкі параўн. фразеалагізм як у ваду апушчаны ’сумны, маркотны, маўклівы’.

Ну́ра2 ’ніцма’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, да нур! — выклічнік, што імітуе раптоўнае заглыбленне ў ваду, параўн. рус. нуром ’уніз, уперад галавой упасць’. Гл. папярэдняе слова і нуры́ць ’падаць уніз тварам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арба́1 (БРС). Рус. арба́, араба́, укр. гарба́, рэдка арба́ ’павозка’, араба́, гараба́ ’цыганскі, малдаўскі ці татарскі воз’, польск. arba, чэш. arba (экзатызмы). Заходнеславянскія формы запазычаны праз рускую мову. Крыніца рускага слова, напэўна, татарская (Дзмітрыеў, Строй, 521); экзатычнае значэнне ўказвае на крымска-татарскую і азербайджанскую магчымыя крыніцы запазычання слова. Параўн. Фасмер, 1, 83; Шанскі, 1, А, 135. Гараеў, 5, слушна звярнуў увагу і на наяўнасць слова не толькі ў цюркскіх, але і ў іншых каўказскіх мовах, напрыклад у асецінкай, што садзейнічала пранікненню слова ў рускую мову. Бел. арба мае цюркскую крыніцу, але не без падстаў Крукоўскі (Уплыў, 74) адзначаў ролю рускай мовы ў перадачы слова да беларускай.

А́рба2 ’старажытнай прылада’ (Касп.). Параўн. арфа2 ’веялка’ (гл.). Субстытуцыя бф цераз п (арпа); нельга выключыць, што бел. арба < літ. дыял. árba ’арфа (веялка)’ (LKŽ), хаця літоўская форма зарэгістравана на паўночным захадзе.

Арба́3. Назоўнік ад дзеяслова араць (з суф. -ба).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба1 выклічнік, які выказвае здзіўленне (Бяльк.). Рус. ба, укр. ба, балг. ба, серб.-харв. ба ’тс’. Першасны выклічнік, вядомы і ў іншых мовах (параўн. ням. ba, франц. bah, тур. ba). Гл. Бернекер, 36; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 99; БЕР, 1, 22. Параўн. ба2. Памылкова Макарушка, Словар, 4 (запазычанне з тур. мовы).

Ба2 злучнік, гл. КЭС. Магчыма, захаваўся ў бел. са значэннем ’каб, калі б’ (Нас.: «Ба, калі б гэта спраўдзілася»). Укр. ба, польск. ba, чэш. ba, славац. ba ’нават’. Слав. ba, роднаснае літ. , лат. ba, ст.-грэч. φή, ст.-іран. , гоц. ba. Іншая аблаутная форма гэтага злучніка — слав. bo ’таму што’ (гл.). Бернекер, 36; Траўтман, 22 і наст.; Фасмер, 1, 99; Махэк₂, 39; Слаўскі, 1, 24; параўн. таксама Развадоўскі, RO, 1, 102. Да праформы (*bо : *bā) і ўжывання злучніка гл. Шавялоў, Prehistory, 117. Брукнер (9) дапускае магчымасць ідэнтычнасці паходжання ba1 і ba2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бало́та ’багна; гразь, балота’ (БРС, Шат., Нас., Чуд., Яшкін, Бяльк.), ’месца, дзе заўсёды стаіць вада’ (Інстр. I, 15), ’сенажаць, луг’ (Сцяц., Сцяшк.), ’лес, галоўным чынам балотны’ (Касп.). Рус. боло́то, укр. боло́то, польск. błoto, чэш. bláto, ст.-слав. блато, балг. бла́то, серб.-харв. бла̏то і г. д. Прасл. bólto. Бліжэй усіх стаіць да слав. слова алб. baltë ’ціна, твань, багна, гліна, зямля’ (ілір. паходжання: параўн. паўн.-італ. palta, ламбард. palta, п’емонт. pauta). Далей параўноўваюць літ. báltas ’белы’ (выходзіць, *bolto — спачатку ’белае, светлая багна, балота’). Балта-слав. *bālta‑ ’белы’; ’балота’ (гл. Траўтман, 25) далей звязваюць з *bēla‑ ’белы’ (слав. bělъ; Траўтман, там жа). Гл. яшчэ Бернекер, 70; Фартунатаў, AfslPh, 4, 579; Буга, РФВ, 67, 232; Фрэнкель, 30 (пад balà), 32 (пад bálti); Махэк₂, 55; Слаўскі, 1, 37; Фасмер, 1, 190. Падрабязна аб слав. bolto ў слав. мовах гл. Талстой, Геогр., 144–150 і наст. Сюды і бало́цвіна ’невялікае балота’ (Яшкін).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́чка. Рус. бо́чка, укр. бо́чка, чэш. bečka, bečva, польск. beczka, серб.-харв. ба̏чва, славен. bečvà, bečkà, bȃčva і г. д. Слав. bъči (род. скл. bъčьve), аснова на ‑ū. Слова яўна запазычанае, але дакладная крыніца невядомая (вельмі многа версій). Падрабязны агляд літ-ры гл. Фасмер, 1, 202; Шанскі, 1, Б, 179–180. Паводле Слаўскага, 1, 29, трэба зыходзіць з bъčьka (памяншальнае ад bъča, якое не захавалася), а гэта запазычанне з герм. моў (параўн. бавар. die Butschen, Bütschen). Вельмі падрабязна слав. словы разглядае Губшмід, Schläuche, 47, 51–53, які лічыць, што крыніцай іх (як і паўдн.-ням. форм: бавар. bütschen і да т. п.) з’яўляецца раманскае *bŭtša, *bŭtšu (< *buttia, параўн. buttis). Зыходнымі славянскімі формамі Губшмід лічыць *bŭčy (род. скл. *bŭčŭve), *bŭči (род. скл. *bŭčǐve) і *bŭča. Сюды і бел. бачо́нак, рус. бочо́нок, укр. бочо́нок, якое, як лічыць Шанскі, 1, Б, 180–181, з’яўляецца ўсх.-слав. утварэннем (суф. ‑еnъkъ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)