зава́ла, ‑ы, ж.
1. Прыстасаванне ў форме металічнага стрыжня або палкі для запірання дзвярэй. Жудро і Макарэнка зачыніліся на замок і завалу. Новікаў. Баніфацый імгненна зачыніў дзверы і наклаў завалу. Чарнышэвіч. У сенцах зноў заскрыпелі дзверы, грукнула адкінутая завала знадворных дзвярэй. Краўчанка.
2. Тое, што і завал (у 1 знач.). У гэту ноч яму [Грысю] з Модарам загадана зрабіць завалу на адной важнай дарозе. Кулакоўскі.
3. перан. Лянівы чалавек; лежабок. — Ну і народ, каб ён апрогся! Так запусціць зямлю нядбала? Не гаспадар быў, а завала! — Антось стаіць, штось разважае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак.
1. што і ў чым. Нагрэць паленнем 1 (пра печы, грубкі). Стораж Піліп, не скупячыся, напаліў печы. Колас. // Падняць тэмпературу ў памяшканні. Напаліць у хаце. □ Аддубасілі.. [мужа Амельяніхі] панскія служкі ў лесе, куды ён пайшоў назбіраць галля, каб напаліць у лазні. Кавалёў.
2. што. Нагрэць да вельмі высокай тэмпературы. Напаліць жалеза. Сонца напаліла зямлю. □ Сонца ўсё перагрэла, напаліла да апошняй мяжы, здаецца, расплавілася само. Ракітны.
3. чаго. Нагатаваць у нейкай колькасці шляхам перапальвання. Напаліць вугалю з дрэва.
4. чаго. Разм. Расходаваць у нейкай колькасці. Напаліць электрычнасці на два рублі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наўсця́ж, прысл. і прыназ.
1. прысл. Ва ўсю даўжыню чаго‑н. І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка.
2. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; навокал. І ўся зямля наўсцяж — Законны наш спажытак. Колас. А жыта красуе, а жыта красуе, Каб потым наўсцяж палавецы.. Кляўко.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўсцяж» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Самалёты, як развярнуліся, так і паляцелі наўсцяж дарогі, на захад, на гарадок. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
незале́жна,
1. Прысл. да незалежны (у 1 знач.). У гутарцы з малазнаёмымі людзьмі .. [рэдактар] трымаўся незалежна, любіў ужыць такое слова або сказ, каб паказаць сябе чалавекам самабытным, непадобным да іншых і ў той жа час жартаўлівым і аптымістычным. Колас.
2. у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). Нягледзячы на што‑н., не прымаючы пад увагу чаго‑н.; насуперак чаму‑н. Іван любіў бачыць вакол сябе людзей, незалежна ад таго, былі гэтыя людзі яго знаёмыя ці сустракаў іх першы раз у жыцці. Шахавец. [Ярохін:] — Усё добра, што добра канчаецца, незалежна ад таго, як яно пачыналася. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́льга, безас. у знач. вык.
1. Немагчыма; няма магчымасці. Да майго слыху даляталі толькі адны галасы, слоў жа разабраць было нельга. Нікановіч. Пісаць больш нельга, бо ў нас трывога, І я кладу за плечы клунак свой. Астрэйка. Шкадавала маці Ігнася, ой, як шкадавала, — выказаць нельга. Мурашка.
2. Забаронена, не дазваляецца. Курыць тут нельга: побач бензін. // Няможна, не трэба. Нельга ж так мучыць каня, трэба адпачыць жывёле. Сёмка даў каню захвачаны [з дому] авёс і .. прылёг каля воза. Гартны. — Глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца. Зарэцкі.
•••
Нельга не адзначыць гл. адзначыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязна́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Не бачаны раней, невядомы; нявывучаны. Калі [сябры] наблізіліся, бачаць: Зусім нязнаны край зямлі. Танк. Ногі просяцца ў далеч нязнаных дарог, Свежасць ніў удыхнуць хочуць грудзі. Арочка. / у знач. наз. нязна́нае, ‑ага, н. І тады за сябрам следам Стаў чацвёрты гаварыць: — Да ўсяго патрэбны Веды, Каб нязнанае скарыць. Кірэенка.
2. Такі, якога не давялося перажыць, зведаць; нязведаны. З канвертам у руках.. [Алаіза] хадзіла па пакоі, адчувала, як нейкая нязнаная дагэтуль радасць поўніць яе. Арабей. Міця адчуваў сябе трывожна. Нязнанае, нязведанае раней пачуццё непакоіла яго і хвалявала. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. пагрыз, ‑ла; зак., каго-што, чаго і без дап.
1. Згрызці, разгрызці ўсё, многае. А вавёрка, быццам на тое ліха, на наступны дзень пагрызла падэшвы на прыгожых маміных туфлях. Даніленка.
2. Грызучы, паесці чаго‑н. Неяк уранні .. стары спыніўся на павароце і сказаў: — Хай коні пагрызуць травы, а ты паслухай, Алекс, што было... Брыль. Язэпка пагрыз сухарык на хаду маладымі зубамі, і млосць прайшла. Якімовіч.
3. Грызці некаторы час. Пагрыз і пакінуў.
4. перан. Разм. Памучыць папрокамі, прыдзіркамі. [Тадора] даўно ўжо шукае якой-небудзь прычэпкі, каб пагрызці нявестку. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’ёмны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пад’ёму (у 1 знач.). Пад’ёмная сіла крылаў. // Які служыць для пад’ёму чаго‑н. Пад’ёмны кран. Пад’ёмны механізм. □ Тэадаліт мае тры пад’ёмныя вінты — пры дапамозе іх прыводзяць лімб у гарызантальнае становішча... Пташнікаў.
2. Зроблены так, каб можна было падняць. Пад’ёмная заслона. Пад’ёмны мост.
3. у знач. наз. пад’ёмныя, ‑ых. Грошы, якія выдаюцца пры пераездзе на новае месца работы. Атрымаць пад’ёмныя. □ [Чалавек], здаецца, не адказаў на маё прывітанне, а папрасіў маё накіраванне. Прабег яго вачыма, паклікаў нейкую Надзю, загадаў ёй мяне «правесці загадам» і выплаціць пад’ёмныя. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падко́ва, ‑ы, ж.
1. Жалезная дугападобная пласціна, якая прыбіваецца пад конскія капыты для засцярогі іх ад пашкоджання, а таксама для таго, каб пазбегнуць слізгацення. Верхавыя падковы. □ Брук грыміць стукатам колаў і конскіх падкоў. Скрыган. // перан. Тое, што нагадвае форму такой пласціны. За домам — прастор сенажацяў аж да спавітай смугой падковы лесу. Навуменка. Невялічкая рэчка падковай агінала гуту. Гурскі.
2. Металічная пласцінка дугападобнай формы, якая прыбіваецца пад абцас абутку. Гаворачы,.. [Андрэй Клыга] паволі хадзіў па краі сцэны, грузна згінаючы ногі ў каленях і бразгаючы па сухіх дошках адстаўшымі падковамі ботаў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́дла, ‑ы, ж.
1. Труп жывёліны; мярцвячына. Калі звер галодны дарвецца да падлы — да яго падыходзяць бліжэй: не чуе, заняўшыся. Пташнікаў. Гэтыя агідныя звяры [гіены] кормяцца больш усялякай падлаю і рэдка нападаюць на людзей. Маўр.
2. Разм. зневаж. Аб кім‑, чым‑н. вельмі дрэнным. [Антон:] — Яшчэ гэтага толькі нам не хапала, каб псаваць сваё здароўе праз кожную падлу. Машара. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся. Колас. // Лаянка, грубы зварот. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны! Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)