га́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. гас, ‑ла і ‑нуў, ‑нула; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пераставаць гарэць, свяціць; тухнуць. Гаслі зоркі. □ Гаслі і астывалі патрошкі і вугельчыкі, пакрываючыся лёгкім белым попелам. Колас. Промень гаснуў, і наваколле ахіналі мяккія змрокі. Карпаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Памяншацца, знікаць (пра пачуцці, веру, жаданні і пад.). Гасне туга, адыходзіць самота. Панчанка. Кляновіч адчувае ў гутарцы з сябрамі, што крыўда паволі гасне ў яго грудзях. Пестрак.

3. перан. Слабець, траціць сілы; чахнуць. Барташэвіч гас і згараў увачавідкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кава́ны і ко́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад каваць (у 1, 2 і 3 знач.).

2. у знач. прым. Зроблены з металу каваннем. Каваны меч.

3. у знач. прым. Абабіты палосамі жалеза. Каваная скрыня. Каваныя драбіны.

4. у знач. прым. З падковамі, падкаваны. Каваныя коні. // З металічнымі падкоўкамі (пра боты, абцасы і пад.). Наперадзе, як ступа, Ішоў млынар Ігнат; Каваным ботам стукаў, Масніцы ўгінаў... Панчанка.

5. перан.; у знач. прым. Дакладны, выразны, пластычны (пра верш, стыль і пад.). Янка Купала з уласцівым яму майстэрствам перакладаў каваныя радкі «Меднага конніца». Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што.

1. Даглядаючы, выхоўваючы, забяспечваць рост, развіццё каго‑н. Гадаваць дзяцей. // Разводзіць, вырошчваць (жывёлу, расліны). Гадаваць цяля. Гадаваць сад. // перан. Быць асновай развіцця, існавання чаго‑н. Цвітуць палі ў адзенні новым, Гадуюць новыя сады. Колас. З сонцам гадуе зямля вінаграды. Купала.

2. Адрошчваць (валасы, ногці і інш.). Гадаваць бараду.

3. перан. Абдумваць у дэталях, выношваць (думку, план і пад.). У кожнага мара свая залатая, Якую мы песцім, гадуем і любім. Панчанка. [Кляновіч] кожны дзень гадаваў у душы нешта такое, што ў плыні афіцыяльнай работы лічыў самым галоўным. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малі́цца, малюся, молішся, моліцца; незак.

1. Звяртацца з малітвай да бога, святых. Акрамя няньчання дзяцей, у Васількі быў яшчэ адзін цяжкі абавязак — штодзень маліцца богу. Крапіва. А маці ноч бяссонную Малілася, каб бог Ад бед, ад гора чорнага Ёй сына пабярог. Панчанка. // перан. Вельмі моцна прасіцца. — Паночку, даражэнькі, — моліцца Сяргей, — няма ў мяне каня!.. Нікановіч.

2. перан.; на каго-што. Разм. Богатварыць, абагаўляць. [Маргарыта:] — Якія ж бываюць людзі, толькі падумаць! А Барыс жа на .. [Усевалада] маліўся. Скрыган. [Васіль:] — Я не намераны маліцца на лепшых звеннявых і на звенні, як вы робіце ў адносінах да Міхальчук. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мёд, мёду, М мёдзе, м.

1. Салодкае сіропападобнае рэчыва, якое выпрацоўваюць пчолы з нектару кветак. Ліпавы мёд. □ Але як весела і міла Тут пчолка ў вуллях гаманіла! І як прыемна пахла мёдам! Колас. Ануфрэіха прыносіць мне вялікую міску з мёдам. Бядуля. // Пра саладкаватую духмянасць кветак, травы і г. д. Па пояс тут вырасце грэчка І мёдам запахнуць палі. Панчанка.

2. Напітак, прыгатаваны з гэтага рэчыва. Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. І я на тым вяселлі быў, мёд, віно піў. Якімовіч.

•••

Падзевы мёд — мёд, які вырабляецца пчоламі з падзі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́ка, ‑і, ДМ му́цы, ж.

1. Фізічная або маральная пакута. Душэўныя мукі. Мукі няпэўнасці. Мукі тугі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. Не жыццё было, а мука, Мы старэлі ў дваццаць год. Грахоўскі.

2. Фізічны здзек, катаванне. Маці ў лагеры смерці разам з намі была, Мук усіх перанесці Там яна не змагла... Смагаровіч. Чым здраднікам быць — лепш у муках памерці. Панчанка.

мука́, і́, ДМ муцэ́, ж.

Прадукт размолу збожжа. Жытняя мука. Пытляваная мука. Кукурузная мука. // Размолатыя або расцёртыя ў парашок якія‑н. жывёльныя ці мінеральныя рэчывы. Фасфарытная мука. Рыбная мука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наскро́зь, прысл.

1. Праз усю таўшчыню чаго‑н. Прарэзаць наскрозь. Прамокнуць наскрозь. □ Удары перуноў раз-поразу, здавалася, наскрозь прабівалі зямлю. Самуйлёнак. // Ад аднаго краю да другога, з канца ў канец. Прайсці лес наскрозь.

2. перан. Поўнасцю, цалкам. У гэту ноч туманы парк наскрозь Малочнымі заліт быў літарамі. Панчанка. Вось яны: землякі, беларускія людзі, Закаханыя ў працу, зямныя наскрозь. Звонак.

3. Разм. Без перапынку на працягу якога‑н. часу. І наскрозь — да відна, усю ноч Вартавога напружаны вочы, Бо гатова сцяжынка і корч Варушыцца, з гранатамі крочыць. Астрэйка.

•••

Бачыць наскрозь гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недалёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца або адбываецца на нязначнай адлегласці; блізкі. Пры карчме была крама і шынок, у які гарэлку прывозілі вочкамі з недалёкага бровара. Бядуля. Злева ад нас памалу заціхаў бой, а начную цемрадзь спакваля разганялі водсветы недалёкага пажару. Дзенісевіч. // Які мае невялікую працягласць; кароткі. Дарога была недалёкая: сем вёрст. Чарнышэвіч.

2. Такі, які адбываўся нядаўна або адбудзецца, надыйдзе неўзабаве. У недалёкім мінулым. □ Быў шэры дзень, ужо напоўнены подыхам недалёкай зімы. Пестрак.

3. Разумова абмежаваны; някемлівы. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўмяша́нне, ‑я, н.

Адмаўленне ад умяшання ў што‑н. Даволі палітыкі неўмяшання У п’янства і рознае ашуканства! Панчанка. // У міжнародных адносінах — адмаўленне ад умяшання ў справы іншых дзяржаў. Адносіны СССР з іншымі дзяржавамі будуюцца на аснове захавання прынцыпаў суверэннай роўнасці; узаемнага адмаўлення ад прымянення сілы або пагрозы сілай; непарушнасці граніц; тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў; мірнага ўрэгулявання спрэчак; неўмяшання ва ўнутраныя справы; павагі правоў чалавека і асноўных свабод; раўнапраўя і права народаў распараджацца сваім лёсам; супрацоўніцтва паміж дзяржавамі; добрасумленнага выканання абавязацельстваў, якія вынікаюць з агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права, з заключаных СССР міжнародных дагавораў. Канстытуцыя СССР.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набале́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў вельмі балючым ад працяглага болю. Набалелая рана. // перан. Які стаў вельмі адчувальным яд доўгіх пакут. Крык набалелай душы. □ Не плач, шматпакутная маці! Мы прыйдзем і ласкай сагрэем Тваё набалелае сэрца. Панчанка.

2. перан. Які даўно наспеў і патрабуе неадкладнага вырашэння. Набалелая праблема. // Які накапляўся, збіраўся на працягу доўгага часу. [Баец] быў змораны, цяжка дыхаў і гаварыў з даўно набалелай злосцю. Быкаў.

3. у знач. наз. набале́лае, ‑ага, н. Тое, што мучыць, выклікае пакуты. Маці ішла побач з сынам і выказвала набалелае за гады. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)