ініцыяты́ва, ‑ы, ж.
1. Самастойны пачын, першы крок у якой‑н. справе, абумоўлены ўнутраным пабуджэннем да дзеяння. Зрабіць па сваёй ініцыятыве. □ Па ініцыятыве тэатра і ў супрацоўніцтве з ім пісаў К. Чорны п’есу «Бацькаўшчына». «Полымя». // Вядучая роля ў якіх‑н. дзеяннях. Узяць ініцыятыву ў свае рукі. □ — Соль — патрэба найважнейшая, — зноў перахапіў ініцыятыву гаваркі стары Хвядос, — але ці да справы гаварыць пра яе ў такі для партызан час? Кавалёў.
2. Здольнасць да самастойных актыўных дзеянняў; прадпрымальнасць. Выхаванне ініцыятывы. Гаспадарчая ініцыятыва. Разгортваць ініцыятыву. □ [Русаковіч:] Трэба даць прастор творчай ініцыятыве. Крапіва. Колькі здольнасці ў гэтага чалавека, колькі энергіі, вытрымкі, разумнай ініцыятывы! Кулакоўскі.
•••
Заканадаўчая ініцыятыва — права ўзбуджаць пытанне аб выданні новых законаў і ўносіць на разгляд законапраекты ў заканадаўчы орган.
[Фр. initiative.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́піна, ‑ы, ж.
1. Пляма іншага колеру на чым‑н. Магутныя ногі птушак ашчарэпілі жардзіну. Белыя лапіны на плячах [іх] нагадвалі пагоны. Беразняк. Яблыневыя цені і сонечныя лапіны на зямлі заскакалі і пераблыталіся. Чорны. // Мясціна, якая чым‑н. вылучаецца на агульным фоне. Між лесу пракідаліся лапіны сенажаці. Мурашка. На чарнаце пажарышчаў добра былі відны чыстыя лапіны замеці і языкі сумётаў. Мележ. // Прагаліна. На палях, асабліва на ўзгорках, ад сонца адна за адной з’яўляліся праталіны, з-пад снегу выступалі чорныя лапіны зямлі. Краўчанка. Дарогу злёгку зацерушыла снегам. Там-сям відны асфальтаваныя лапіны. Кавалёў.
2. Разм. Невялікі кавалак зямлі. З гаспадаркі ўсяго і было ў таго чалавека, што лапіна зямлі на ўзгорку. Якімовіч. [Касперскі:] І ўсё [Бондар] засеяў? [Рымша:] Ні лапіны не пакінуў. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падазро́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае падазрэнне, недавер’е. Надазронае здарэнне. Падазронае месца. Падазроны чалавек. □ Глухімі воўчымі сцежкамі адыходзіўся Гамыра з канём, туляючыся ў кустах пры кожным падазроным шуме. Колас. Генрых выказваў да мяне падазроную ўвагу і ветлівасць. Карпюк. // Які не выклікае даверу, не можа лічыцца прыстойным. Хіба не з-за [Івана] учора Змітрок трапіў у рэстаран з падазронымі асобамі? Ваданосаў. / у знач. наз. падазро́ны, ‑ага, м. Перад самым сваім адступленнем.. [фашысты] арыштавалі ўсіх падазроных. Кавалёў. // Які выклікае падазрэнне на якую‑н. хваробу. Падазроны кашаль.
2. Які падазрае, схільны падазраваць; недаверлівы. Апошні час [Антанюк] замыкаўся, рабіўся падазроны і недаверлівы. Шамякін. // Які выражае падазронасць. [Жанчына] акінула салдата падазроным позіркам. Дамашэвіч. Часта .. гаспадыня паднімала падазроныя вочы то на мужа, то на маладую настаўніцу. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазастава́цца, ‑стаецца; ‑стаёмся, ‑стаяцеся, ‑стаюцца; зак.
1. Застацца дзе‑н., не пакінуць якога‑н. месца — пра ўсіх, многіх. Ліда тым часам сустракалася з такімі, як сама, маладымі хлопцамі і дзяўчатамі, што пазаставаліся ў горадзе. Кавалёў. // Не перайсці ў наступны клас — пра ўсіх, многіх.
2. Не перастаць быць якім‑н. — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Дзверы пазаставаліся адчыненымі.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Захавацца, уцалець — пра ўсё, многае. Пазаставаліся сляды ўсюды.
4. Апынуцца ў якім‑н. стане — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Пазаставаліся дзеці сіротамі. □ Плата і штраф былі такія, што людзі .. пазаставаліся голыя. Чорны.
5. Апынуцца ззаду, збоку — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Коннікі пазаставаліся ззаду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пало́ва 1, ‑ы, ж.
Разм.
1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма. Колас. Печ з палком і палаці займалі ледзь не палову хаты. Галавач.
2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежка часу і пад. Яшчэ была толькі палова верасня, а надыход зімы ў тайзе ўжо добра адчуваўся. Мяжэвіч. // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Гадзіннік паказваў палову пятай. Арабей. У райком Даніла прыйшоў прыблізна а палове другой гадзіны дня. Кавалёў.
3. Асобная частка жылога памяшкання. [Нявестка] паклікала нас у другую палову дома і гэтым спыніла нашу гутарку. В. Вольскі.
пало́ва 2, ‑ы, ж.
Рэшткі, якія застаюцца пры абмалоце збожжа і ачыстцы зерня; мякіна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́шта, ‑ы, ДМ ‑піце, ж.
1. Установа для перасылкі пісем, грошай, лёгкіх грузаў і пад., а таксама памяшканне, дзе знаходзіцца гэта ўстанова. Чыгунка, тэлеграф, пошта, школы.., пачынаючы настаўніцкімі семінарыямі і канчаючы вышэйшаю школаю, маюць сваіх прадстаўнікоў з Мікуціч. Колас. На пошце было чалавек з дзесяць наведвальнікаў. Якімовіч.
2. Гіст. Такая ж установа, якая займалася акрамя перавозкі карэспандэнцыі перавозкай пасажыраў у конных экіпажах.
3. Перасылка, ластаўка чаго‑н. сродкамі такой установы. Праўда, .. [дакументы] разам з заявай былі пасланы — пасылалі іх з настаўнікам — па пошце. Колас.
4. Тое, што дастаўлена гэтай установай; карэспандэнцыя. Аляксандра Мікітавіча мы засталі дома. Ён разбіраў сваю ранішнюю пошту. Кавалёў.
•••
Лятучая пошта — часова арганізаваная пошта для хуткай перадачы распараджэнняў і данясенняў.
[Польск. poczta з іт.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́печак, ‑чка, м.
1. Месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы. На руках [маці] данесла яго да прыпечка, а як узяла на вілкі і падняла, каб падаць яго далей у печ, рукі задрыжалі, закружылася галава і чыгун перавярнуўся. Галавач. [Люда] расклала на прыпечку з трэсак агеньчык. Хадкевіч.
2. Выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што‑н.; прымурак. На прыпечку змардаваная гаспадыня, вурк[очучы] верацяном, цягне бясконцую, як жыццёвая нягода, нітку. Зарэцкі. Андрэйка скочыў на прыпечак, потым на печку і, натужыўшыся, галавою ўзняў адну дошчачку, другую і шмыгануў на дах... Кавалёў.
3. Абл. Выемка для вуголля, попелу ў печы. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыхілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., каго-што.
1. Схіліць, нагнуць трохі ўніз, да зямлі. Прыхіліць галіну.
2. Шчыльна наблізіць да чаго‑н., абаперці аб што‑н. Маечка паслухмяна прыхіліла галоўку да дзяўчыны. Краўчанка. — Стамілася я з гэтым канём, — сказала Твораж і прыхіліла веласіпед да спінкі рабрыстай лавачкі. Савіцкі.
3. Прытуліць, прыціснуць каго‑, што‑н. да каго‑, чаго‑н. У незвычайнай усхваляванасці Марына Мікалаеўна прыхіліла да сябе Сяргейку. Кавалёў. Ля ганка, непадалёку ад грушы, ляжала маці на сырой зямлі. Адна рука была падкручана, другой яна прыхіліла і моцна прыціскала да сябе, нібы абараняючы ад каго, Міколкаву сястрычку. Лынькоў. // перан. Даць прытулак каму‑н. Добрая рэч гэты Дом селяніна, і не аднаго толькі Сцёпку прыхіліў ён. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узры́ў, ‑рыву, м.
1. Хімічны распад рэчыва і ўтварэнне нагрэтых газаў, якія суправаджаюцца моцным гукам і разбурэннем чаго‑н.; выбух. Гэта тут грымелі ўзрывы аманалу, а цяпер спакой і толькі блакітныя дыябазавыя сцены .. сведчаць пра тое, з якімі цяжкасцямі быў збудаваны гэты шлюз. Галавач. // Выбух, выбуховая хваля. Паветра раздзерлі гулкія, цяжкія ўзрывы — некалькі .. гранат разнеслі .. сцены штабнога дом[а]. Лынькоў. Нібы вогненнае рэха, частыя ўзрывы трэслі аэрадром. Шахавец.
2. Разбурэнне, знішчэнне чаго‑н. выбуховым рэчывам. — Хто з вас возьмецца за ўзрыў завода? — паставіў пытанне Паддубны. Пестрак. [Кацярына] загінула смерцю храбрых пры выкананні складанага задання па ўзрыву чыгуначнага моста. Кавалёў.
3. перан. Раптоўнае бурнае праяўленне чаго‑н. [Барташэвіч] .. валіўся на брызент, ажно грымела падлога, а ў зале выбухаў новы ўзрыў весялосці. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умясці́цца, умяшчуся, умесцішся, умесціцца; зак.
1. Поўнасцю змясціцца ў чым‑н., дзе‑н. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні. Асіпенка. Чэк трэба было асабліва асцярожна падпісваць: каб умясціцца ў вузенькім радку і, барані божа, не заскочыць якой-небудзь рыскай за блакітнае поле. Скрыган. Падышоў тралейбус, і чарга ўмясцілася ў яго. Сабаленка. // перан. Заняць, запоўніць сабой што‑н. Усё, што здарылася за адзін дзень, не магло ўмясціцца ў галаве [Шылянка]. Кавалёў.
2. Размясціцца на якім‑н. месцы. Міхась паслухмяна саслізнуў з лаўкі і ўмясціўся побач з рыжым хлопчыкам. «Вожык». Глыбока ўздыхнуўшы, Чарнавус лепш умясціўся на лаўцы, паставіў на калені локці і апусціў на далоні сваю жорсткую бараду. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)