ініцыяты́ва, ‑ы, ж.

1. Самастойны пачын, першы крок у якой‑н. справе, абумоўлены ўнутраным пабуджэннем да дзеяння. Зрабіць па сваёй ініцыятыве. □ Па ініцыятыве тэатра і ў супрацоўніцтве з ім пісаў К. Чорны п’есу «Бацькаўшчына». «Полымя». // Вядучая роля ў якіх‑н. дзеяннях. Узяць ініцыятыву ў свае рукі. □ — Соль — патрэба найважнейшая, — зноў перахапіў ініцыятыву гаваркі стары Хвядос, — але ці да справы гаварыць пра яе ў такі для партызан час? Кавалёў.

2. Здольнасць да самастойных актыўных дзеянняў; прадпрымальнасць. Выхаванне ініцыятывы. Гаспадарчая ініцыятыва. Разгортваць ініцыятыву. □ [Русаковіч:] Трэба даць прастор творчай ініцыятыве. Крапіва. Колькі здольнасці ў гэтага чалавека, колькі энергіі, вытрымкі, разумнай ініцыятывы! Кулакоўскі.

•••

Заканадаўчая ініцыятыва — права ўзбуджаць пытанне аб выданні новых законаў і ўносіць на разгляд законапраекты ў заканадаўчы орган.

[Фр. initiative.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)