ці́хі, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь чутны; нягучны. Ціхі посвіст, лёгкі шорах, — Цемра ночы ажыла... Крапіва. Ляснуў кароткі ціхі стрэл. Шамякін. // Які характарызуецца наяўнасцю невялікага шуму ці адсутнасцю яго; бясшумны. Ціхі горад. □ Брод перайшоў [Андрэй]. Вось цёмны ціхі млын Паўстаў прад ім. А далей — сад і круча. З. Астапенка.

2. Агорнуты цішынёй; маўклівы. Ціхая ноч. □ У парку ля ціхіх лагчын Запыленай шыбай віднеюцца лужы, Ільдзінка на сонцы блішчыць. Ляпёшкін.

3. Без адзнак вялікага руху, мітусні, беганіны. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады. Колас. Станцыя, на якой вылазіць Дзмітрый Іванавіч, у познюю асеннюю пару заўсёды ціхая. Навуменка. // Бязветраны; зацішны. Ціхая пагода. □ Нават у самыя ціхія дні, калі і на адкрытых лугах не зварухнецца ні адна травінка, лісце асінніка няспынна дрыжыць і калоціцца. Паслядовіч. / Пра дождж і пад. Мы пад вечар прыселі пад цёплай капай. Ціхі дожджык пра нешта шаптаў нам, як друг. Кірэенка. // Бестурботны; мірны. Ціхае жыццё. □ Росным травам, Што зарой наліты. Пошум іх прысніцца ў ціхім сне. Калачынскі. // Нямоцны, слабы; кволы. Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні. Лынькоў. // Слаба выражаны, ледзь прыкметны. — Жывая!.. Пад пальцамі азвалася ціхае-ціхае тахканне пульсу. Брыль.

4. Лагодны, рахманы; паслухмяны, пакорлівы. Усе яго [Івана Аляксеевіча] ведалі, як чалавека ціхага і сумленнага. Якімовіч. — Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына маці. Пальчэўскі.

5. Які праходзіць спакойна, без буйных праяў. Адным словам, разам з дзяўчынай у лагеры пасялілася ціхая радасць. Ваданосаў.

6. Які не адрозніваецца хуткасцю, павольны, марудны. Ехаць ціхай рыссю. □ Без агнёў і ціхім ходам яны [Крамарэвіч і машыніст] адводзілі цягнік у тыл. Чорны.

•••

Ціхае вар’яцтва — шаленства без прыступаў буянства.

Ціхая гадзіна — тое, што і мёртвая гадзіна (гл. гадзіна).

Ціхай сапай гл. сапа.

Ціхая завадзь гл. завадзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Кідаць, шпурляць што‑н. Сёння Данька больш клапаціўся аб дзяўчатах. Ён паказваў, як лепш укалупіць гной на вілкі, як шыбаць праз акно на двор, не дужа торгаючы рукамі. Ермаловіч. // перан. Разм. Хутка, нядбайна гаварыць, вымаўляць (словы, рэплікі, заўвагі і пад.). Потым, мабыць, зразумеў [Максім] і чамусьці ўзлаваўся — пачаў злосна шыбаць словы. Шамякін.

2. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угару; шугаць (пра полымя, дым і пад.). Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Мележ. Полымя шыбае ўверх роўна, бо ў густым бярэзніку не праймае вецер. Пестрак. / у перан. ужыв. Гараць вераснёвыя ночы У неба шыбае агонь. Пушча. // Распаўсюджвацца, пранікаць куды‑н. Праз новыя крокаў трыста агонь ужо шыбаў па страсе. Чорны. Полымя шыбае праз дзверкі, гудуць паддувалы... Барашка. // безас. перан. Раптоўна ўрываючыся, дзейнічаць з вялікай сілай на каго‑н. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Быкаў. // перан. Налівацца чырванню, палымнець. [Каця] не спалохалася, пачуўшы, што ў скроні гулка забіла кроў, а твар шыбаў полымем. Алешка. // безас. перан. Выклікаць які‑н. стан. [Цобель:] Ну, уцягнуў ты мяне ў гісторыю!.. То ў холад, то ў пот шыбае! Мележ.

3. Разм. Хутка рухацца, ісці, ехаць і пад.; шыбаваць. — Ты вось што, — сказаў.. [гаспадарцы], — бяры сваіх памочніц і шыбай да машыны. Лупсякоў. А вечарком мы выпускалі У паветра белых галубоў. Зрабіўшы некалькі кругоў, У вышыню яны шыбалі. Багдановіч. Гутарка зацягнулася, і мы, выбраўшы зручны выпадак, пакінулі шумную кампанію паэтаў і ўжо шыбалі маскоўскім трамваем да Парку культуры і адпачынку імя М. Горкага. Хведаровіч. // Падаць, ісці (пра дождж, снег, град). Мяккі, пульхны, нібы з ваты, Мітуслівы і таўсматы З неба снег шыбае. Гілевіч.

4. Вельмі хутка расці. Вунь як трава шыбае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм.

1. Утварыць глухі адрывісты гук; грымнуць. Раптам бухнуў гарматны стрэл. Шамякін. І далёка за чаротам Бухнуў, нібы ў кадзь, бугай. Колас. Запішчала скрыпка, заліўся гармонік, бухнуў барабан — маладых, як толькі яны паказаліся ў канцы сяла, сустракалі з маршам. Васілевіч. // Раздацца, пачуцца нечакана, з сілай. Бухнуў рогат. // З сілай вырвацца, памкнуцца. Яму [Сымону] усё цёмна, невядома... І раптам бачыць — бухнуў дым, Як вата белы, а за ім Агонь прарваўся з-пад саломы. Колас.

2. Стукнуць, ударыць; стрэліць. Матрос яшчэ раз бухнуў у дзверы і раптам заціх, прысеў побач са Сцёпкам, уздыхнуў. Хомчанка. Не спяшаючыся, адчыніў [шафёр] дзверцы, вылез з кабіны, бухнуў нагою па пакрышцы, чакаючы, пакуль падыдуць пасажыры. Скрыган. [Аляксей:] — Адыдзіце ад акна, а то яшчэ каменнем дадуць. А могуць і з абрэза бухнуць. Сабаленка.

3. каго-што. З сілай кінуць. Госць спрытна адарваў гаспадара ад падлогі, закруціўся з ім, потым падставіў «ножку» і бухнуў яго ў бярлог. Колас.

4. безас. у знач. вык. Ударыць, стукнуць, грымнуць. — Бах! — гулка бухнула дзесьці непадалёку. Хомчанка.

5. Тое, што і бухнуцца. Бухнуць у ваду. □ Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану. Колас. Галодны і стомлены за ўсе гэтыя дні, не прыглядаючыся да месца, я, што нежывы, бухнуў у лазу тут жа ля берага. Адамчык.

6. Уліць, усыпаць, укінуць адразу ў вялікай колькасці. Бухнуць солі ў суп. Бухнуць вядро вады ў кацёл. Бухнуць усё масла ў кашу.

7. перан. Сказаць, зрабіць што‑н. нечакана, неабдумана. Яна ў тэатры спявае, і нават яму прыносіла білет у тэатр, дык ён, дурань, бухнуў, што нічога не разумее ў гэтых яе операх. Васілевіч.

бу́хнуць 2, ‑не; пр. бух, бухла; незак.

Пашырацца, павялічвацца ў аб’ёме ад вільгаці; разбухаць. Зямля вохкала пад нагамі, стагнала, бухла. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Дазволіць каму‑н. пайсці, паехаць ці адлучыцца. Капітан адпусціў паставога, а сам пачаў пісаць пратакол. Якімовіч. У пачатку вёскі Салаўёў адпусціў машыну.. і пайшоў далей пехатою. Шахавец. // Абслужыўшы, задаволіўшы чые‑н. патрэбы, даць магчымасць пайсці. Доўга давялося чакаць, пакуль Нічыпар адпусціць пакупнікоў. Б. Стральцоў. // Даць мажлівасць пайсці на новую працу, вучобу і пад. [Сазон:] — Конюхам пастанавілі прызначыць Карэньку, а.. [Кліма] адпусцілі ў леснікі. Ермаловіч.

2. каго. Даць каму‑н. свабоду, выпусціць з няволі. Адпусціць затрыманага. □ [Таццяна:] Дайце слова, Што вы адпусціце мяне на волю, І скажу вам праўду. Глебка. // За паншчынай — вызваліць ад прыгоннай залежнасці, даць адпускную, вольную. Адпусціць прыгоннага на волю.

3. Перастаць стрымліваць, сціскаць; выпусціць з рук. Міцька неахвотна адпусціў пальцы, вызваліў .. [Храпкевічаў] каўнер. Шамякін. Галінка, якую адпусціў.. Казак, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк. — Ага, папаўся! — дзед схапіў Язэпа за вуха. Язэп адпусціў падол, і соль пасыпалася на зямлю. Асіпенка. // што. Зрабіць менш нацягнутым, паслабіць. Адпусціць папружку. Адпусціць тармазы. □ Вайтовіч адпусціў трошкі вальней сырамятныя лейцы. Пальчэўскі. // Разм. Зменшыцца, сціхнуць, перастаць мучыць каго‑н. (пра хваробу, болі, пачуцці). [Кірдун:] — Божа ж мой. А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць?! Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Караткевіч. // Аслабець, памякчэць, паменшыцца (пра надвор’е). Мароз адпусціў. / у безас. ужыв. З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок. Грахоўскі.

4. што. Выдаць пэўную колькасць чаго‑н., прадаць. Адпусціць тавары са склада. // Назначыць, выдзеліць пэўныя сродкі для якой‑н. мэты, асігнаваць. Адпусціць сродкі на капітальнае будаўніцтва. // Вызначыць пэўны тэрмін. Адпусціць тры дні на вяселле.

5. што. Адгадаваць (валасы, ногці і пад.). Адпусціць бараду.

6. Уст. Дараваць (віну, грахі, доўг і пад.).

7. што. Сказаць што‑н. вострае, нечаканае або недарэчнае. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі [паўскоквалі] з месца. Колас.

8. Спец. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт.

•••

Адпусціць душу на пакаянне (жарт.) — адпусціць, не чапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́яцца, ба́ецца; незак.

Зал. да баяць (у 1 знач.).

бая́цца, баю́ся, баі́шся, баі́цца; незак.

1. Адчуваць страх; апасацца каго‑, чаго‑н. [Спаткай:] — Сядзелі ў зямлянках, грызлі сухары і носа баяліся вытыркнуць. Навуменка. Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Усе яго баяліся, як чорта. Якімовіч. // Знаходзіцца ў стане трывогі. У Ванды закружылася галава. Яна баялася, каб не страціць прытомнасць. Мяжэвіч. // Непакоіцца за каго‑, што‑н. За Валодзіка.. [Змітрок] менш баяўся. Бажко. // Пазбягаць каго‑, чаго‑н. непрыемнага. Баяцца сустрэчы. □ [Мацей Кулеш:] — Воўкам ты жывеш, кума. Жывых людзей баяцца стала. Шамякін. // Не адважвацца на што‑н.; не хацець узяцца за якую‑н. справу; пасаваць перад цяжкасцямі. [Ігнась] баяўся зрабіць непрыемнае сябру сваімі словамі. Мурашка. На якую хвіліну ў хаце ўсталявалася такая ўрачыстая цішыня, што кожны, здавалася, баяўся парушыць яе сваім дыханнем. Лынькоў. [Заатэхнік:] — Я так і ведала. Значыць, баіцеся паходзіць каля фермы. Сергіевіч. // З цяжкасцю пераносіць што‑н. [Чалавек:] — Гэта далёка, вёрст дваццаць адсюль будзе. Але я дарогі не баюся. Скрыган.

2. чаго. Не пераносіць чаго‑н., адмоўна рэагаваць на што‑н.; псавацца ад чаго‑н. Галава стала, холаду баяцца. Толькі на восень паверне, і Дубель носіць зімовую шапку. Ермаловіч. [Палікарпаўна:] — Любіць, пястуха [расада], каб яе рана сеялі, а калі пачне ўзыходзіць, дык вельмі ж баіцца холаду. Кулакоўскі.

3. (з адмоўем «не»), у знач. пабочн. Разм. Будзь упэўнены, не сумнявайся. [Жлукта:] Не бойся, я ведаю, што раблю. Крапіва. [Дзед:] — О, брат, не бойцеся, — .. [Верачка] ведае, з кім сябраваць. У старшыні не толькі хлеб, — у яго і скварка знойдзецца. Брыль.

•••

Баяцца дыхнуць — трымаць сябе ціха, баязліва.

Баяцца як агню — вельмі баяцца каго‑н.

Баяцца як чорт ладану (крыжа, кадзіла) — вельмі баяцца каго‑, чаго‑н.

Бога ты не баішся! — выражэнне дакору ў сувязі з тым, што хто‑н. робіць нешта недазволенае.

Бойся (ты) бога — май сумленне.

Духу баяцца — адчуваць страх пры адным упамінанні каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́цягнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Прыклаўшы сілу, выняць што‑н. умацаванае, завязлае; вырваць. Выцягнуць кій з плоту. Выцягнуць воз з гразі. □ Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Андрэй крэпка абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас. // Выдаліць, выняць. Выцягнуць нітку з іголкі. Выцягнуць асколак з раны.

2. Разм. Дастаць, выняць што‑н. знутры. Выцягнуць папяросы з кішэні. □ Гаспадыня тым часам выцягнула з-пад прыпека самавар і, перакуліўшы дном угару, стала вытрасаць з яго старое вуголле. Дуброўскі. // Высунуць што‑н. устаўленае. Выцягнуць шуфляду са, стала, // Выцягваючы, здабыць што‑н. Выцягнуць поўны невад рыбы.

3. Перамясціць, цягнучы па паверхні. Выцягнуць човен на бераг. Выцягнуць сані з-пад павеці.

4. Выдаліць што‑н. вадкае, газападобнае з дапамогай якіх‑н. прыстасаванняў. // Разм. Выпіць. [Тодар:] — Я магу, браце Сідор, гарнец выцягнуць і хоць бы што. Чорны.

5. Нацягнуўшы, павялічыць у даўжыню. Выцягнуць дрот. // Выставіць уперад, працягнуць. Выцягнуць лыч, морду, шыю.

6. Выпрастаць, распасцерці. Выцягнуць рукі. □ Адкінуўшыся на спінку крэсла, маёр Раманенка з асалодай выцягнуў ногі і заплюшчыў вочы. Шамякін.

7. перан. Разм. Дапамагчы выйсці з цяжкага становішча; выбавіць. Выцягнуць з бяды.

8. перан. Дабіцца, дасягнуць чаго‑н. з вялікімі цяжкасцямі. Выцягнуць слова праўды.

9. Разм. Прымусіць, пераканаць каго‑н. выйсці адкуль‑н., пайсці куды‑н. Выцягнуць з дому. □ — Дзякую, хлопцы, што выцягнулі, а то занудзіўся быў, — прызнаўся.. [Алесь], калі гульня скончылася. Шыцік.

10. Разм. Асіліць, вытрымаць; адужаць. Выцягнуць дзве нормы. Выцягнуць экзамен на чацвёрку.

11. перан. Разм. Прымусіць каго‑н. патраціцца. Выцягнуць з пакупнікоў апошнія грошы.

12. Разм. Потайкам забраць чужое; украсці.

•••

Выцягнуць (усе) жылы — замучыць якімі‑н. непрыемнасцямі.

Выцягнуць з гразі — дапамагчы пазбавіцца беднасці, галечы.

Ногі выцягнуць — тое, што і ногі працягнуць (гл. працягнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́лас, ‑у; мн. галасы, ‑оў; м.

1. Гукі, якія ўзнікаюць пры размове, крыку або спеве дзякуючы хістанню галасавых звязак. Раздаўся голас. Сціхлі галасы. □ Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ. // Асаблівасці чыйго‑н. вымаўлення, гаворкі. Ласкавы голас. Пазнаць сябраў голас.

2. Гучанне галасавых звязак пры спеве; здольнасць спяваць. Прадаваць голас. Ставіць голас артысту. □ Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, і косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

3. Асобная самастойная партыя многагалосага твора вакальнай і інструментальнай музыкі. Раманс для двух галасоў.

4. Гукі, якія ўтвараюцца некаторымі неадушаўлёнымі прадметамі. Голас ветру. Галасы мора.

5. перан.; чаго або які. Позыў, патрабаванне якога‑н. унутранага пачуцця, інстынкту і інш. Голас сумлення. □ [Маша] прыслухалася, нібы хацела пачуць нейкі патаемны голас душы. Шамякін.

6. Меркаванне, выказванне. Прыслухоўвацца да голасу мае. Голас людзей добрай волі.

7. Права прымаць удзел у абмеркаванні і вырашэнні якіх‑н. пытанняў, выказваць свае меркаванні па гэтых пытаннях. Удзельнічаць у выбарах з правам рашаючага голасу. // Само гэта меркаванне, выказанае ў якой‑н. форме. Падлік галасоў.

8. Разм. Клавіш музычнага інструмента. — Дзядзька Хведар, а дзядзька... — сказаў.. [Міша] да музыканта. — Вы хоць пот з твару змахніце... Ды і галасы хай трохі астынуць. Мыслівец.

•••

Голасам галасіць гл. галасіць.

Голас у голас — пра поўнае падабенства каго‑н.

Дзікім (дурным, немым, не сваім) голасам — вельмі моцна, што ёсць сілы (крычаць, плакаць).

На ўвесь голас — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, плакаць).

Павысіць голас гл. павысіць.

Падаць голас гл. падаць.

Падняць (узняць) голас гл. падняць.

Траціць голас гл. траціць.

У адзін голас — а) адначасова, усе разам (адказваць, гаварыць і пад.). — Дзе ты быў дасюль, чаму не прыходзіў? — у адзін голас запыталі [хлопцы]. Чарнышэвіч; б) аднадушна, аднолькава (паўтараць, пацвярджаць і пад.). На пасяджэнні журы ўсе.. у адзін голас дамагаліся: танец з істужкаю паслаць на рэспубліканскі агляд. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клас, ‑а, м.

1. Сукупнасць прадметаў, з’яў, аб’яднаных на аснове якіх‑н. агульных прымет, якасцей; разрад, падраздзяленне. Да агульных назоўнікаў адносяцца імёны, пры дапамозе якіх абазначаюцца цэлыя класы аднародных прадметаў, з’яў, жывых істот. Граматыка. // У спецыяльнай тэрміналогіі: а) у логіцы — сукупнасць аднародных прадметаў, падобных адзін да аднаго сваімі істотнымі прыметамі, якасцямі. Клас з’яў; б) у біялогіі — адно з вялікіх падраздзяленняў у сістэматыцы раслін і жывёл. Клас паўзуноў. Клас папаратнікаў; в) у матэматыцы — сукупнасць лічбаў трох суседніх разрадаў лікаў. Першы клас складаюць першыя тры разрады: сотні, дзесяткі і адзінкі. // Разрад суднаў у залежнасці ад тыпу будовы і абсталявання. Клас мінаносцаў. Клас лінкораў. // Тып вагонаў поезда або кают парахода, абсталяваных з пэўнай ступенню выгод, праезд у якіх аплачваецца па ўстаноўленаму тарыфу. Каюта першага класа.

2. Вялікая група людзей, аб’яднаных аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў. Рабочы клас. Клас прыгнятальнікаў.

3. Падраздзяленне пачатковай і сярэдняй школы, якое аб’ядноўвае вучняў аднаго года навучання і аднолькавага аб’ёму ведаў. Пяты клас. Дзевяты клас. // Падраздзяленне вучняў мастацкай або іншай спецыяльнай школы, якія займаюцца пад кіраўніцтвам пэўнага выкладчыка або вывучаюць пэўны прадмет. Камерны клас. Клас скрыпкі, // Група вучняў пачатковай або сярэдняй школы, якія вучацца сумесна. Дысцыплінаваны клас. // Памяшканне ў школе, дзе праходзяць вучэбныя заняткі. У калідоры зазвінеў званок, заклікаючы выхаванцаў у класы. Шамякін.

4. толькі мн. (кла́сы, ‑аў). Дзіцячая гульня, якая заключаецца ў тым, што на зямлі рысуюць фігуру, падзеленую на клеткі, і, скачучы на адной назе, перасоўваюць ёю каменьчык, кусочак шкла і пад. з адной клеткі ў другую, а таксама фігура для гэтай гульні.

5. Мера якасці, ступень, ўзровень чаго‑н. Тэхніка высокага класа. // Кваліфікацыя, ступень падрыхтаванасці. Лётчык першага класа. // Разм. Высокі ўзровень чаго‑н. Паказаць клас гульні.

6. У дарэвалюцыйнай Расіі — адно з падраздзяленняў у табелі аб рангах, якое адпавядала пэўнаму чыну. Чыноўнік чатырнаццатага класа. // Ступень некаторых грамадзянскіх званняў. Саветнік юстыцыі першага класа.

[Ад лац. classis — разрад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.

1. Прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Дарогай на лагі начлежнікі пагналі коней. Пташнікаў. Лепшы калгасны статак яшчэ ўчора пагналі ў тыл — па дарозе, што вяла на ўсход. Якімовіч. // Накіраваць рух чаго‑н. Пагнаць мяч у вароты. □ Федзя спрытна скокнуў на карму, узяў у рукі вясло і пагнаў лодку супраць цячэння. Ваданосаў. / Пра вецер, дождж і пад. У рэчку ўпалі пакурчаныя лісці, вецер пагнаў іх да чаротаў, што раслі навокал топкіх берагоў. Гурскі.

2. Пачаць праследаваць, праганяць. Пагнаць ворага. □ Пасля таго як белыя сталі адступаць і нашы, перабраўшыся цераз рэчку, пагналі іх, перабірацца стаў на той бераг і штаб палка. Чорны. // і без дап. Пачаць гнаць, праследаваць звера. [Антось] выйшаў на палянку і ўбачыў, што Такса пагнала ласіху з ласянём. С. Александровіч. // Прымусіць пайсці, паехаць, насільна накіраваць куды‑н. Пагнаць на вайну. □ А сёння бабку пагналі немцы ў абоз — вазіць салому. Лынькоў.

3. Разм. Выгнаць; звольніць. Пагнаць з працы. □ [Васількоў:] — Каб не быў ты славутасцю, пагналі б мы цябе з камсамола. Асіпенка.

4. Прымусіць хутка рухацца. Пагнаць машыну. □ [Дзяўчына] шпарчэй пагнала каня. Колас.

5. безас. Прымусіць хутка расці, павялічвацца. Міне яшчэ колькі часу, цяплей прыгрэе сонца, распусцяцца лісточкі на дрэвах, у рост пагоніць траву і ўсюды — на зямлі, на кустах, на дрэвах — закладзе свае гнёзды птаства. Клышка. [Васіль:] — Баюся, што наша жыта пагоніць у салому, а колас можа быць дрэнны. Шамякін.

6. перан.; і без дап. Працуючы чым‑н., пачаць ствараць, утвараць што‑н. — Пакашу да вечара, хоць душу адвяду, — сказаў Алесь і пагнаў пракос. Сабаленка.

7. безас. Скіраваць убок. Дарога была слізкая ад галалёдзіцы, і на касагоры пагнала сані на ўхабу. Пальчэўскі.

8. безас. Разм. Падацца, пайсці куды‑н. Пагнала яго ў свет. □ [Алесь:] — І чаго пагнала гэтага старога ў прычэпшчыкі? Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)