со́чны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сакавіты. Растуць, цвітуць сады і вінаграды, У сонцы спеюць сочныя плады. Купала. І сонца узышло! Трубі, трубі, пастух! Склікай кароў сваім вясёлым клічам. Травою сочнаю іх пачастуе луг, Напоіць рэчка іх вадой крынічнай. Панчанка. З-за тоўстых сочных губ паказваліся вялікія конскія зубы. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упо́тайку, прысл.

Разм. Тое, што і употай. На вечары засталася толькі моладзь. Сярод яе была нават адна сама па сабе прывабная дзяўчына Вера Іжыцкая, з заняпалага дваранскага роду. Лабановіч употайку наглядаў за ёю. Колас. Аўстра замілавана глядзела на .. [Каспара]. «Не, не можа быць, каб такі хаваў нешта ўпотайку ад мяне». Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упя́ць, упну, упнеш, упне; упнём, упняце; пр. упяў, упяла; заг. упні; зак., што.

Разм. Уставіць вочы, позірк у каго‑, што‑н. Лясніцкі ўпяў гарачы погляд у паненку, з ліхаманкавым хваляваннем сачыў за кожным яе рухам. Зарэцкі. — Сядзіць неяк.. [сабака] пад сасной. Упяў вочы ўгору ў адну кропку і не варухнецца. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флі́гель, ‑я, м.

Жылая прыбудова пры галоўным будынку, а таксама невялікі дом на двары вялікага будынка. [Гендарсан] памалу злез з брычкі, кінуў лейцы ў рукі Кірылу Вераб’ю, нешта буркнуў яму і пайшоў у свой флігель. Чарнышэвіч. У двары, за вуглом асабняка, стаяў прысадзісты флігель, у якім свяціліся ўсе чатыры акны. Хацкевіч.

[Ад ням. Flügel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цемнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Няпоўнасцю, не зусім цёмны (у 1, 2 знач.). За дзвярыма, на шырокім і ўжо цемнаватым калідоры, на хаду дзяўчына выняла з кішэнькі фартуха хустачку і прылажыла яе, раз і другі, да вачэй. Брыль. Доўга я глядзеў на цемнаваты абадок вакол ствала на бярозе, мацаў яго рукамі. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыстэ́рна, ‑ы, ж.

Рэзервуар для захоўвання і перавозкі вадкасцей. Напоўняць [ветракі] цыстэрны празрыстай вадой. Астрэйка. // Вагон ці аўтамабіль з цыліндрычным рэзервуарам для перавозкі вадкасцей, газаў і пылападобных грузаў (цэменту і інш.). Потым над палоскай ельніку мы ўбачылі паравоз, за ім жвава беглі, пазвоньваючы на рэйках, цыстэрны і чырвоныя вагоны таварняка. Хадкевіч.

[Ад лац. cisterna — вадаём.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далако́п, ‑а, м.

Рабочы, які капае магілы. Далакопы ўзяліся за рыдлёўкі, натоўп пачаў разыходзіцца, расцякаючыся па сцежках, што вялі да выхаду з могільніка. Хадкевіч. Магіла была гатова. Апёршыся на лапаты, чакалі далакопы, калі закопваць ім. Вярцінскі. // Той, каму даручана капаць, раскопваць што‑н. [Вера:] Мы з Чарнавусам касцямі не займаемся, гэта Гарлахвацкі іх перабірае. А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Галоўны далакоп — Аляксандр Пятровіч, а я яму памагаю. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дало́нь, ‑і, ж.

Унутраны бок кісці рукі. Закрыць твар далонямі. □ Ладзім выкаціў бульбіну, узяў яе ў рукі, паперакідваў з далоні на далонь — пакуль астыла, і пачаў лупіць. Ставер. Алена ідзе і раз-пораз выцірае далонню з твару пот. Мележ.

•••

Біць (пляскаць) у далоні гл. біць.

Як на далоні — пра што‑н. выразна і поўнасцю бачнае. Усё, што ляжала каля рэчкі і за ёю, было як на далоні. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. з кім‑, чым‑н. Мець справу; знацца. Каб не тая выпадковасць, дык, пэўна, ніколі і не ведаліся б, хоць жылі ў суседніх мястэчках — за якіх трыццаць кіламетраў адно ад аднаго. Марціновіч.

2. безас. Пра наяўнасць звестак аб кім‑, чым‑н. [Леўка:] — Не зналася і не ведалася, што ты, Макар Васільевіч, прыбыў у наш Рагозін, ды і не адзін, а з маладзіцай. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

квяці́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікай колькасцю кветак, пакрыты кветкамі. Квяцісты луг. □ Ля ракі, за квяцістаю пожняй, Даўгавусы ячмень прытуліўся. Журба. Пад звонкай хвояю іглістай, Прабіўшы мох, як буравік, Стаіць у верасе квяцістым Лясное дзіва — баравік. Цвірка.

2. З узорам у кветкі; яркі, каляровы. Квяцістая хустка. Квяцістыя шпалеры. □ Дзяўчаты стаялі асобнай купкай у яркіх квяцістых плаццях. Асіпенка.

3. перан. Залішне напышлівы (пра мову, стыль і пад.). Квяцістыя словы. Квяцістая прамова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)