барада́ч, ‑а, м.

1. Разм. Чалавек з барадой (у 2 знач.). У некаторых толькі ледзь-ледзь высядалі вусікі. Затое ж трапіўся і адзін барадач. Колас.

2. Вялікая драпежная птушка сямейства ястрабіных з пучком пер’я пад дзюбай. // Пра жывёлін і птушак з бародамі. Барадач-казёл смакуе галінкі маладых дрэўцаў. Сачанка. У прыціхлым асінніку паназіраў за барадачом-глушцом, што карміўся мядзяным лісцем. Ігнаценка.

3. Паўднёвая шматгадовая расліна сямейства злакаў, якая з’яўляецца добрым кормам для жывёлы і выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́ра 1, ‑ы, ж.

Вераўчаны або раменны шнур пры лапцях для прывязання іх да нагі. У пакоі селянін азірнуўся на бакі і, развязаўшы аборы з лапця, дастаў з-пад анучы лісток паперы. Мурашка. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга. Каваль.

або́ра 2, ‑ы, ж.

Вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды добра відаць доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў. Мележ. У свінарніках пішчаць парасяты, рыкае цельная карова, дзесьці ў аборы... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абдзе́рці, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ, ‑дзяром, ‑дзераце; пр. абдзёр, ‑дзерла; заг. абдзяры; зак., каго-што.

1. Зняць, садраць з паверхні чаго‑н. верхні слой, кару і пад.; абадраць. [Бародка] стаяў на каленях і шчапаў з тоўстага сасновага палена лучыну, клаў яе ў пліту, пасля з бярозавага кругляка абдзёр бяросту, падпаліў. Шамякін. // Разм. Пашкодзіць скуру цела. Абдзерці нагу. Абдзерці твар.

2. перан. Тое, што і абабраць (у 2 знач.).

•••

Абдзерці як ліпку — тое, што і абадраць як ліпку (гл. абадраць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заадно́, прысл.

1. Сумесна, у згодзе з кім‑н. (быць, дзейнічаць і пад.). Быць з сябрамі заадно. □ Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі.

2. Разам з тым, адначасова, мімаходам. [Міхась] зноў і зноў дакараў у думках сястру, а заадно і Толю, што яны згадзіліся пусціцца ў.. далёкую і небяспечную дарогу. Якімовіч. Настаўнік вырашыў завітаць да пісара. Цікава зірнуць, што на дварэ робіцца, а заадно і клопат пазбыць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дадо́му, прысл.

У свой дом, у сваю хату, кватэру; дамоў. Дзяўчынка з маёвага лесу Пад поўдзень дадому прыйшла, Бярэма сінюткіх пралесак З дзялянкі лясной прынясла. Калачынскі. — А цяпер, садоўнікі, .. дадому, абедаць! — камандуе дзед Мірон. Даніленка. // На радзіму, у родныя мясціны. Прыехаць дадому на пабыўку. □ Са зваротам дадому Прывіталі суседзі. Броўка. // У свой двор, у гаспадарку. — Усялякі каменьчык з поля добры гаспадар цягне дадому, каб даць яму лад. Чорны. Хлопцы прыпынілі статак. Гнаць дадому было яшчэ рана. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падцёк, ‑у, м.

1. След ад сцякання якой‑н. вадкасці, фарбы і пад. Размазаць падцёкі пэндэлем. □ Потым ударылі маразы, балота пакрылася тоўстай скарынкай каструбаватага, бугрыстага, з жоўтымі падцёкамі лёду. Дамашэвіч. У засені векавых елак, тулячыся да цёмна-шэрых ствалоў з падцёкамі смалы, роўным радам цягнуліся зямлянкі. Курто.

2. Чырвоная або сіняватая прыпухласць на целе ад падскурнага кровазліцця пасля ўдару. Выгляд.. [чалавека] быў страшны. Бледны твар з крывавымі падцёкамі, парваная адзежа. Відно было, што ён перажыў страшную ноч. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіфо́н, ‑а, м.

1. Выгнутая трубка (труба) з каленамі рознай даўжыні, якая служыць для пералівання вадкасці з адной пасудзіны ў другую з больш нізкім узроўнем. Сіфоны для разліўкі расплаўленага металу. Сіфоны для паліўкі зямлі.

2. Пасудзіна для сельтэрскай вады і іншых шыпучых напіткаў, якія выліваюцца праз трубку пад ціскам вуглекіслаты. [Тамара:] — Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць. Шамякін.

3. Спец. Прыстасаванне для павелічэння цягі ў топцы паравоза ў час стаянкі.

[Ад грэч. siphon — трубка, помпа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скептыцы́зм, ‑у, м.

1. Ідэалістычны філасофскі напрамак, які імкнецца даказаць няпэўнасць усякага пазнання, абвергнуць магчымасць дасягнення аб’ектыўнай ісціны. Скептыцызмам называе Юм адмаўленне ад тлумачэння адчуванняў уздзейнічаннем рэчаў, духу і т. п., адмаўленне ад звядзення ўспрыйманняў да знешняга свету, з аднаго боку, да бажаства або невядомага духу, з другога. Ленін.

2. Крытычна-недаверлівыя адносіны да чаго‑н., сумненне ў магчымасці, правільнасці чаго‑н. [Васіль:] — Усё ты ставіш пад сумненне, з усіх кпіш. Ведаеш, скептыцызм не да твару... Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухарля́вы, ‑ая, ‑ае.

З худым целам (пра чалавека, жывёліну). За сталом — сухарлявы, з чыста паголеным тварам мужчына. Шынклер. Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прыйшла ў незвычайны рух. Колас. // Пазбаўлены тлушчу (пра твар, рукі і пад.). На сухарлявы твар начальніка штаба лягла задума. Шчарбатаў. — Праходзь, чалавеча! — адказвае дзядок, махнуўшы сухарлявай рукой. Вірня. // Разм. Сухі, тонкі. Маці ўбачыла, як па траве прабег і на руды сухарлявы ствол сасонкі ўскочыў звярок з пушыстым рыжым хвастом. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыно́га, ‑і, ДМ ‑нозе, ж.

Разм.

1. Тое, што і трыножак. Сяргей скінуў чаравікі. Маці ўжо завіхалася ля камінка, распальвала трэскі пад трыногай. М. Стральцоў. Запрасілі фатографа з вялізнай трыногай, і ён сфатаграфаваў хлопцаў разам з усімі выхаванцамі. Нядзведскі. — Усе ўжо там, — злосна матнуў .. [Лёва] галавой у бок геаграфічнай пляцоўкі. — На, трымай! — і перадаў мне трыногу тэлескопа. Шыловіч. На прыпечку, на трынозе ў маленькім чыгунчыку булькае бульба. Грахоўскі.

2. Пута, якім звязваюць пярэднія ногі каня з адной задняй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)