распле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце; пр. расплёў, ‑пляла, ‑ло; зак., што.

1. Распусціць што‑н. сплеценае. Расплесці касу. Расплесці вянок. // Разняць (пра сплеценыя пальцы). Увечары ў садзе пад бэзам ціхутка шэпчуцца [Ніна і Лёня] і да самага досвітку ніяк не расплятуць рук. Гроднеў.

2. Разм. Разнесці (плёткі, чуткі), зрабіць вядомым многім. [Кучучыха:] — Я ж была ад свайго ўцякла. З хлопцам. Не кажы толькі нікому. Каб бабы не расплялі. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расчу́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расчуліць.

2. у знач. прым. Прыемна ўсхваляваны. — Іван Міхайлавіч, любы вы мой... — толькі і змог адказаць расчулены дырэктар, прытуліўшы шчаку да суконнага пінжака брыгадзіра. Б. Стральцоў. Расчуленая Аксіння, якую Надзя ўпершыню назвала не проста цёткай, а Аксінняй Захараўнай, пацалавала яе. Лынькоў. // Які паддаўся жалю, чуллівасці. [Марак], расчулены, выняў маленькі кашалёк, пакапаўся ў ім і нечакана падарыў дарагую манету. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́спыт, ‑у, М ‑пыце, м.

1. Выпытванне ў каго‑н. чаго‑н. Роспыт свой вядзе натоўп Аб грыбной навуцы: — Дзе набралі? — Колькі коп? — Як грыбы завуцца?.. Калачынскі.

2. толькі мн. (ро́спыты, ‑аў). Пытанні з мэтай выведаць, выпытаць што‑н. Прыставаць з роспытамі. Надакучаць роспытамі. □ Ужо бацька Мікеле заходзіў аднаго разу да .. маці [Марыі] і пасля ўсякіх роспытаў пра здароўе, пра справы завёў і сур’ёзную гутарку. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руйнава́цца, ‑нуецца; незак.

1. Ператварацца ў руіны; разбурацца. Ляцелі пад адхон цягнікі, руйнаваліся масты... Мележ. Пабудаваны менш чым паўтара века назад, .. [гродзенскі замак], нягледзячы на гэта, заняпаў і не толькі стаў рабіцца лядаш[ч]ым, але сям-там пачаў і руйнавацца. Караткевіч. // Ліквідавацца, знішчацца. Ірваліся кайданы іслама, руйнаваліся спрадвечныя законы шарыята. «Работніца і сялянка». У пагоні за кавалкам хлеба руйнуецца душа, годнасць чалавека... Пестрак.

2. Зал. да руйнаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыштава́нне, ‑я, н.

Часовае збудаванне з дошак або металічных трубак, якое ўстанаўліваецца ўздоўж сцен будынка для правядзення будаўнічых або рамонтных работ. За дзвярамі вагона мільгалі цагляныя будынкі ў рыштаваннях: будаваліся станцыі. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ. Толькі прынеслі вёдры з пабелкай, як Каця Шуплякова схапіла пэндзаль, спрытна ўскочыла на рыштаванні, папрасіла сябровак, каб падалі, раствор. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рышту́нак, ‑нку, м.

1. зб. Набор, сукупнасць прадметаў, прыстасаванняў, неабходных для якой‑н. дзейнасці, занятку, работы. Рыбацкі рыштунак. Вадалазны рыштунак. Паходны рыштунак. □ [Лапецька] як апантаны імчаўся дадому, хапаў свой паляўнічы рыштунак і неўзабаве на бліжэйшым балоце ці ў лесе грымела сапраўдная кананада. Паслядовіч.

2. Абл. Рыштаванне. Колькі ні намагаўся пан адбудавацца, нічога з гэтага не выйшла — як толькі з пабудоў здымалі рыштункі, зноў усё з’ядаў ненажэрны агонь. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саспе́ць, ‑ее; зак.

Разм.

1. Паспець, стаць спелым (пра плады і пад.). Не сядзець жа, склаўшы рукі, на прызбе ды чакаць, пакуль жыта саспее. Хадановіч.

2. перан. Скласціся, набыць завершаную форму. У штабе саспеў новы план. Колас. У .. [Ганны] саспела рашэнне, якое яна не хацела прымаць адна. Кавалёў.

3. Спец. Набыць у працэсе вытрымкі найлепшыя для выкарыстання якасці. Як толькі саспелі сыры,.. [Пятрок] павёз іх прадаваць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свінчо́, ‑чаці, ДМ ‑чаці, Т ‑чом, н.

Разм.

1. Падсвінак. [Соль] бераглі толькі для важных патрэб: саліць агуркі, капусту або сала, калі ўдавалася выгадаваць якое свінчо. Якімовіч. З жыўнасці ў двары — адна карова, ні свінчаці, ні кураняці няма. Навуменка.

2. перан. Памянш. да свіння (у 2, 3 знач.). [Маці:] — Малады яшчэ, а свінчо такое... Пташнікаў. Я добра разумею, што я няўдзячнае свінчо, што мне трэба змоўчаць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сельсаве́т, ‑а, М ‑веце, м.

1. Сельскі Савет. Бывае, што ў роздумах успамінаецца той час, калі мой бацька быў першым у гэтых месцах старшынёй сельсавета. Кулакоўскі. // Будынак, дзе знаходзіцца сельскі Савет. [Людзі] збіраліся ля старога дома ў садзе, дзе быў сельсавет. Чорны.

2. Частка раёна, якая знаходзіцца ў веданні сельскага Савета. Аўгіння пабыла да сябе павагі не толькі ў роднай вёсцы, але ва ўсім сельсавеце. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скра́сці, скраду, скрадзеш, скрадзе; зак., каго-што.

1. Разм. Украсці, цішком узяць для сябе што‑н. чужое. Ну, чым кепскія нашы местачковыя суседзі.., што яны благое зрабілі.., хіба толькі, як я памятаю, хлопцы пару гусей скралі, дык гэта ж глупства. Лынькоў. // Сілаю забраць. Тваіх здабыткаў ворагу не скрасці, Як не спыніць нястрымны часу рух. Звонак. // Пераманіць. Скрасці гарманіста з вечарынкі.

2. Зак. да скрадваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)