Мудрадрэ́ва ’лістоўніца, Larix europae a DC.’ (Касп.) у выніку намінацыі польск. mądre drzewo, якое з modre drzewo (Брукнер, 343), дзе modre ’блакітнае’ (карона дрэва мае фіялетава-сіняе адценне — вынік народнай этымалогіі з польск. modrzew ’лістоўніца’. Яно сапраўды ўтварылася пад уздзеяннем прыметніка modry ’сіні’ на brzem, якое з чэш. břím, dřín, dřeň). Паводле Махэка₂ (73), прасл. brinъ (параўн. славац. brin ’ядловец’, brina ’яліна’) з’яўляецца яшчэ праеўрапейскім словам, якое атаясамліваецца са ст.-грэч. πρῖυος ’дуб каменны, Quercus ііех’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ра́зам, прысл.
1. Сумесна, у сукупнасці з кім‑, чым‑н. І радасць уцехі, і горкія слёзы Дзялілі вы, разам ў жыцці ідучы. Броўка. [Пніцкі:] — Адзін скажа, другі скажа, дык яно разам як збярэцца — паглядзіш тады, дык яно нешта і выходзіць. Чорны. — Ну што? наеліся аладак? — Жартуе дзядзька тут з малымі Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі. Колас. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Мацяш.
2. Разм. Адначасова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Канчаўся адлёт жураўлёў, а разам з ім і пагодлівае бабіна лета з яго белымі туманамі, павуцінай на ржышчы і барвовай квеценню лісцяў. Асіпенка. Хоць снягоў на дрэвах пена, Хоць займае вецер дух, — На дварэ заліўся певень Разам з песняй маладух. Янішчыц.
3. У адзін прыём. Амаль улабкі са мной прывіталася Алена Іванаўна. Не разабраўшы, што яна такое сказала мне, я адказаў ёй разам: — Ага, добры дзень. Ермаловіч.
4. Усяго (агульная сума чаго‑н.).
•••
Разам з тым — у той жа час, адначасова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дваі́цца, двоіцца; незак.
1. Раздзяляцца надвое; раздвойвацца. Нітка пачала дваіцца. След двоіцца. // Быць накіраваным адначасова на два прадметы (пра думкі, пачуцці і пад.). Думка стала дваіцца. □ Пачуцці яе дваіліся: так хацелася, каб муж паехаў да сына, але не менш хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся на працу. Шамякін.
2. Здавацца падвойным; падвойвацца (пра зрокавыя ўспрыманні). Варта было доўга паглядзець на што-небудзь, як яно пачынала дваіцца, расплывацца. Хомчанка.
3. Зал. да дваіць.
•••
Дваіцца ў вачах (звычайна безас.) — тое, што і дваіцца (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саладжа́вы, ‑ая, ‑ае.
1. З прысмакам салодкага; саладкаваты. Саладжавы кісель. □ Вёска, наскрозь прапахлая саладжавым водарам жытнёвых снапоў, жыла рэдкімі галасамі, рыпеннем веснічак і колаў фурманак, нейкімі ўздыхамі і шапаценнем. Б. Стральцоў. Піва не ішло, нібы яно было нейкім гаркавым, ні то задужа саладжавым. Лынькоў.
2. перан. Празмерна ветлівы, да прыкрасці ласкавы. Не! Ты не той саладжавы сват, Што суліць да скону ціш ды лагоду. Барадулін. // Які вызначаецца фальшывай пяшчотнасцю. Паліне зрабілася непрыемна ад яго саладжавай усмешкі, яна заспяшалася і развіталася суха. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпі́ска, ‑і, ДМ прыпісцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прыпісаць (у 1, 2 знач.) і прыпісацца.
2. Р мн. ‑сак. Тое, што прыпісана да чаго‑н., дададзена да чаго‑н., раней напісанага. У канцы апошняга ліста была Людзіна прыпіска: «Я прачытала. Я столькі перажыла, столькі зразумела...» Дуброўскі. Тады я здолею адправіць .. [пісьмо] назад, зрабіўшы адпаведную прыпіску наконт таго, чаму так здарылася, што яно распячатанае. Васілёнак. // Фальшывыя звесткі, прыпісаныя да афіцыйнага дакумента з карыслівай мэтай. Але рабочаму чалавеку нашы прыпіскі не патрэбныя. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяко́лак, ‑лка, м.
Абл.
1. Прыпечак. Ці бачылі, як маці ранняй часінай, Узяўшы смалісты агарак лучыны, Схіліўшыся, дзьме на вуголле ў пяколку, Пакуль яно не разгарыцца вясёлкай. Танк.
2. Цёплае месца на печы, куды лазяць грэцца або ставяць што‑н. грэць. Я дружыў з пяколкам, Нібы дзед стары. Бядуля. Маці саскочыла з пяколка і з трывогай забегала па хаце. Машара. Паставіўшы дзяжу на пяколак, [Арына] пачала рыхтаваць вячэру. Стаховіч.
3. Ніша ў печы; пячурка. Абмацала [Ева] ўвесь пяколак — Няма запалак. Бацька знёс. Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскі́дзісты, ‑ая, ‑ае.
1. Шырока раскінуты ў бакі. Сядзібу .. [Казачэнкі] аздабляе старая бяроза з раскідзістым, як шацёр, голлем. Навуменка. Грозна схіліўшы свае раскідзістыя рогі, .. [алень] з сілай ударыў імі аб зямлю і кінуўся да ворагаў. В. Вольскі. // З шырока раскінутымі галінамі (пра дрэва, куст). Цьмяна чарнелі паблізу абрысы дрэў, высокіх, вастраверхіх, і нізкіх, раскідзістых, якія ціха, але неспакойна шумелі. Мележ.
2. Раскінуты, размешчаны на вялікай прасторы. Мястэчка відаць адсюль як на далоні, — вялікае, раскідзістае, яно цягнецца праз усю раўніну ад лесу да лесу. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нажы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.
1. Быць набытым, купленым. Вопыт з гадамі нажывецца. □ [Маці:] — Людзі жывуць [і на дзвюх дзесяцінах.] — А гэта — што папродаем увесь свой абыходак — дык яно, жывучы, нажывецца зноў... Чорны.
2. Атрымаць прыбытак, абагаціцца. Сенатар куплены, ліхвяр, банкір Нажыцца хочуць на крыві і смерці. Зарыцкі.
3. Разм. Пражыць нейкі час; доўга, многа пажыць. [Марына:] — Хопіць, нажылася я з табой. Нікому не пажадала б такога шчасця. Шахавец. — От і жыццё: якіх дваццаць гадоў жанчыне, не нажылася, а ўжо ўдава, сын — сірата, — самотна закончыла маці. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Касе́та ’касета’ (ТСБМ). Рус. кассе́та, укр. касе́та. Запазычанне, мабыць, праз рус. кассе́та, з еўрапейскіх моў. Крыніцай для рус. слова з’яўляецца, як можна меркаваць, англ. cassette ’касета’, ’шкатулка’ < франц. cassette < італ. cassetta. Гэта апошняе з’яўляецца памяншальнай формай ад cassa ’скрынка, скрыня’. Паводле Шанскага, 2, К, 85, упершыню слова кассета фіксуецца ў рус. мове ў канцы XIX ст. Яно шырока вядома і ў іншых еўрапейскіх мовах. Параўн. укр. касе́та, польск. kaseta, чэш. kaseta, славац. kazeta, балг. касетка, серб.-харв. касета, славен. kaséta.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каштары́с ’фінансавы дакумент для вызначэння і плана валля выдаткаў і прыбыткаў’ (ТСБМ, БРС). Параўн. укр. коштори́с ’тс’. Слова адносна новага паходжання. Яно адзначаецца таксама ў польск. мове (kosztorys), але там зафіксавана даволі позна (слоўнік Ліндэ яго яшчэ не ведае). Паводле крыніц, якія прыводзіць Слаўскі, 2, 545, упершыню слова адзначаецца ў ням.-польск. слоўніку 1854 г. як пераклад ням. Kostenanschlag. Слаўскі, там жа, указвае, што польск. слова было запазычана бел. мовай (каштары́с) і таксама ўкр. (кошто́рис). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)