бі́цца, б’ю́ся, б’е́шся, б’е́цца; б’ёмся, б’яце́ся, б’ю́цца; бі́ся; незак.

1. Наносіць пабоі адзін аднаму, распачынаць бойку.

Хлапчукі б’юцца.

2. Весці бой, змагацца.

Б. з ворагам.

3. Ударацца аб што-н., у што-н.

Б. аб сцяну.

4. Калаціцца, кідацца.

Б. ў знямозе.

5. без дап. Пульсаваць (пра сэрца, кроў).

Сэрца б’ецца.

6. перан., над чым, з кім-чым і без дап. Прыкладаць намаганні для дасягнення чаго-н.

Б. над рашэннем задачы.

7. Разбівацца (пра шкло, посуд).

Крышталь б’ецца.

Біцца аб заклад (разм.) — ісці ў заклад з кім-н. на грошы або на што-н. іншае.

Біцца як рыба аб лёд (разм.) — без выніку і плёну намагацца, старацца, шукаючы выйсце з бядоты.

|| зак. пабі́цца, -б’ю́ся, -б’е́шся, -б’е́цца; -б’ёмся, -б’яце́ся, -б’ю́цца; -бі́ся (да 1—3, 5 і 7 знач.).

|| наз. біццё, -я́, н. (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пла́каць, пла́каці, пла́катэ, пла́кыць, пла́кацца ’праліваць слёзы ад болю, гора і пад.’, ’завываць, скуголіць, жаліцца’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС; ашм., Стан.; міёр., Нар. лекс.), ’аплакваць’ (ашм., Стан.), ’галасіць па нябожчыку’ (Сцяшк. Сл.), ’пацець (пра шкло)’ (ветк., Мат. Гом.). Укр. пла́кати, рус. пла́кать, польск. płakać, płakać (kogoś) ’аплакваць’, палаб. plokăt, н.-луж. płakaś, в.-луж. płakać, чэш. plakati, славац. plakať, славен. plákati, серб.-харв. пла̏кати, макед. плаче, балг. пла́ча, ст.-слав. плакати сѧ ’аплакваць, плакаць’. Прасл. *plakati sę ’біць сябе ў грудзі ў знак раскайвання або смутку ці жалю’ < і.-е. *plāk‑/*plōk‑: літ. plàkti ’біць, сячы, лупцаваць, хвастаць’, plõkis ’удар палкай, розгай’, лат. placinât ’тачыць’, ’плюшчыць’, ’адбіваць’, ст.-грэч. πλήσσω ’таўчы’, ’біць’, дарычн. πλαγά ’ўдар’, лац. plango ’біць сябе ў грудзі, моцна наракаючы’, гоц. flokan, перфект faíflōkun ’аплаквалі’, ст.-в.-ням. fluohhôn ’праклінаць, ганіць’ (Фасмер, 3, 272; Махэк₂, 453; Бязлай, 3, 46; Банькоўскі, 2, 616). Сюды ж: плакам плачучы, плачо́м плакаць ’слёзна, плачучы, наракаючы са скаргай’, плаклі́вы ’плаксівы’, ’жаласны’ (Нас.; Жд. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вары́ць, вару, варыш, варыць; незак., што.

1. Гатаваць страву, пітво кіпячэннем на агні. Варыць бульбу. □ Была зроблена ў зямлі такая печка, дзе на малым агні можна было грэць ваду, сёе-тое варыць, пячы. Кулакоўскі.

2. Вырабляць што‑н. шляхам кіпячэння, плаўлення і пад. Варыць мыла. Варыць сталь. Варыць шкло.

3. Рабіць зварку металічных прадметаў і іх частак; зварваць. Дванаццаць сутак брыгада амаль не выходзіла з дэпо. Алена варыла бранявыя пліты. Сабаленка.

4. безас. Пра душнае, гарачае надвор’е. — Варыць, як на дождж... — азваўся Пятро. Капыловіч.

•••

Варам (варма) варыць — вельмі душна, горача (пра надвор’е).

Галава варыць у каго гл. галава.

Мазгі (не) вараць гл. мозг.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каляро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Афарбаваны ў які‑н. колер, не чорны і не белы. Каляровае шкло. Каляровыя алоўкі. □ Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. На поўдні яны былі яскрава-чырвонымі, над галавою — нейкія жоўтыя. Шамякін. // Рознакаляровы. Каляровы фільм. Каляровая лінагравюра. □ Пярэстая панарама горада, раскінута, як каляровы бухарскі халат. Бядуля. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы ізалятар, .. а то проста, каменьчыкаў розных, каляровых. Лынькоў.

2. Не белы, з чорнай або жоўтай скурай (пра людзей). Каляровае насельніцтва. Каляровыя народы.

3. Які мае адносіны да вытворчасці ўсіх металаў, акрамя жалеза. Каляровая металургія.

•••

Каляровыя металы гл. метал.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свіне́ц ‘цяжкі мяккі легкаплаўкі метал сінявата-шэрага колеру’ (ТСБМ): свінец волаво чыстае (Сержп. Прымхі). Рус. свине́ц, укр. свине́ць, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свиньць, славен. svínəc, балг. свине́ц ‘волава’ (з рус.БЕР, 6, 550). Прасл. *svinьcь. Роднаснае літ. švìrnas ‘свінец’, лат. svins ‘волава’. Сувязь з грэч. χυαυος ‘сіняе рэчыва’, іран. *spana‑ ‘жалеза’ лічыцца сумніўнай, гл. Фасмер, 3, 577; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1160; Сной₁, 624; Новое в рус. этим., 203–205. Насуперак гэтаму Данка і Вітчак (ABSl, 21, 83–91) лічаць яе верагоднай, выводзячы зыходнае *svinъ ‘волава’ з і.-е. *k̑wn̥:s ‘нейкі карысны камень’, ‘нейкі метал’, якому адпавядае грэч. мікен. ku‑wa‑noшкло блакітнага колеру’, фрак. σπινος ‘каштоўны камень’, хец. kuwanna ‘медзь’, іран. s(p)ana ‘жалеза’, ст.-перс. *âsana‑ ‘тс’. У Беларусі назва распаўсюдзілася пад рускім уплывам, народная назва — волаво (гл. волава), параўн. свінец як волово (ТС). Рус. о́лово ў народнай мове адпавядае цын (Нас.), цына (Ласт.). Параўн. аднак ст.-бел. свинья ‘адзінка вымярэння колькасці свінцу і волава’ (Ст.-бел. лексікон), што, відаць, сведчыць пра народнаэтымалагічнае асваенне старой назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лама́цца, ламлю́ся, ло́мішся, ло́міцца; ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой-н. сілы.

Ломяцца, як шкло, ільдзіны.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным.

Машына паламалася.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Парушацца, разбурацца (пра што-н. прывычнае, запланаванае).

Часта мае планы ламаліся.

4. Быць перапоўненым мноствам чаго-н., гнуцца пад цяжарам.

Стол ламаўся ад яды.

Голле ломіцца ад сліў.

Калёсы ломяцца ад грузу.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Пра мужчынскі голас у пераходным узросце: змяняць свой тэмбр і дыяпазон.

6. Ісці напралом, імкнуцца сілай пранікнуць куды-н. (разм.).

Ламацца ў дзверы.

Ламацца ў адчыненыя дзверы — даводзіць тое, што ўсім вядома.

|| зак. злама́цца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., зло́міцца (да 1—5 знач.) і палама́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -ло́міцца (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гуля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Тое, што і гульня (у 1 знач.). У гулянках пралятала маё дзіцячае жыццё. Багдановіч. І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.

2. Разм. Вечарынка з песнямі, танцамі, гульнямі. Эх, чаму я не скрыпач, не Янка, Што заўсёды Зою праважае, Што заўсёды ў клубе, на гулянках Песні ёй лірычныя іграе. Танк. Пад канец гулянкі шкло зачэрнівалася ад сажы, танцы спыняліся і ўсе разыходзіліся па хатах. Пальчэўскі.

3. Разм. Вясёлае гулянне з частаваннем. Сынок нарадзіўся — гулянка была. Мыслівец. Гулянкі ж высокіх гасцей і стэнаграмы іх тостаў Андрэя Міхайлавіча ні ў якой меры не цікавілі. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; ‑жуём, ‑жуяце; зак.

1. што і без дап. Жаваць некаторы час. Заклейваючы папяросу,.. [Нахлябіч] доўга слініў паперу языком, пасля пажаваў яе. Чорны. // чым. Разм. Зрабіць некалькі жавальных рухаў. [Стары] паглядзеў на ваду, .. на лазнякі, на чыстае, як добрае шкло, неба і пажаваў сківіцамі: гэта ж ён, на Дняпры! Лупсякоў.

2. што, чаго і без дап. Разм. Паесці крыху. Схаваўшыся пад маладую разлапістую яліну, .. [Ядвіся] развязала хатулёк, без смаку пажавала адсырэлы хлеб. Асіпенка. Неўзабаве па свежых заечых слядах завіталі на лясную дарогу лісіцы. Не духмянага сена, вядома, пажаваць, а ў надзеі зайчацінай пажывіцца. Ігнаценка. — Конь вунь змарыўся. Няхай пажуе трохі. Якімовіч.

3. што. Разм. Сапсаваць, жуючы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́рскі, ‑аў; адз. пырска, ‑і, ДМ пырсцы, ж.

Кроплі вадкасці, якія разлятаюцца ад удару, усплёску і пад. Вунь — пляснуў шчупак па вадзе, Аж пырскі наўкруг паляцелі. Бялевіч. Бочка на драбінах кідалася і аблівалася пырскамі. Лобан. // Дробныя часцінкі чаго‑н., што разлятаецца ў розныя бакі. Конь ахвотна бег з паднятай галавою, і снег з-пад капытоў разлятаўся ў бакі пырскамі камячкоў. Пестрак. Спалохана войкае шкло, танюткімі пырскамі рассыпаўшыся па падлозе. Скрыган. // перан. Пра рассеяныя прамяні святла. Сонца заходзіла, распырскваючы чырвона-медзяныя пырскі па траве, па белай кары маладых бярозак. Мурашка. Па франтонах, па карнізах І па трубах сонца льецца І ва ўсіх фантанах знізу На мільёны пырскаў б’ецца. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распляска́ць 1, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

1. Плешчучы, праліць; разліць па якой‑н. паверхні. Распляскаць ваду з вёдзер. / у перан. ужыв. І паверыш пры сустрэчы У яе жаночы лёс: Свайго шчасця не расплешча, У бядзе не схіліць плечы І дарма не ўроніць слёз. Пысін.

2. перан. Разм. Расказаць тое, чаго не трэба гаварыць. «Гэтыя [старыя] адразу расплешчуць па ўсяму сялу, як толькі ўбачаць мяне ў царкве», — падумаў Сцёпка. П. Ткачоў.

распляска́ць 2, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

Расплюшчыць. Бацька казаў, што то паўпудовы молат, ім б’юць, калі трэба распляскаць якую-небудзь тоўстую жаляз[я]ку. Сабаленка. Дрыжучы ад страху,.. [Майка] распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за .. [Лазнікам]. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)