агрызну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Злосна забурчаць ці забрахаць, пагражаючы ўкусіць таго, хто закрануў (у адносінах да некаторых жывёл). Нават самы добры кот, калі хто нечакана смаргане яго за хвост, агрызнецца. Гарэцкі.
2. перан. Разм. Груба, са злосцю адказаць на чыё‑н. пытанне, заўвагу. — Ды маўчы ты, — агрызнуўся на жонку Лявон. Сабаленка. Не хацелася яму [Саньку] аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў... Смала, а не чалавек... Ды Сідараў, пэўна, не ўмеў і агрызнуцца добра. Чыгрынаў. // Аказаць супраціўленне. Спачатку нехта ўдарыў з вінтоўкі, потым на голас вінтоўкі злосна агрызнуўся і кулямёт. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́бухнуць 1, ‑не; зак.
1. Узарвацца, разляцеўшыся на часткі. Вось адзін снарад выбухнуў зусім блізка. Васілёнак.
2. З сілай вырвацца адкуль‑н. Танк адразу нейк акамянеў на месцы, і полымя з дымам выбухнула з яго. Чорны.
3. перан. Нечакана пачацца, раптоўна ўзнікнуць. Выбухнула забастоўка. Выбухнулі воплескі. □ Пажар той выбухнуў, як з грому, Хоць ён і меў свае прычыны. Колас. Жыў у тваёй маўклівасці прысуд. І, калі гнеў твой выбухнуў, раскуты, — Маё збавенне праз твае пакуты Прыйшло. Ды не пазбавіла пакут. Грачанікаў.
вы́бухнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да выбухаць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбуры́цца, ‑буруся, ‑бурышся, ‑бурыцца; зак.
1. Выйсці са стану спакою; узбударажыцца; узбунтавацца. [Лявон:] — Пайду ў млын. [Жонка:] — Чаго .. ўзбурыўся? Сёння ж мо зноў на бульбу? — Зноў ці не зноў, — зазлаваў Лявон. — Распалю кацёл, дам гудок — мужчыны падыдуць. З бульбай і без нас управяцца. Кудравец.
2. Разгневацца, раззлавацца. [Бабка Наста:] — І ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. Колас.
3. Паўстаць, узбунтавацца супраць каго‑, чаго‑н.
4. Нечакана разбушавацца, узбушавацца. Завіхурыла адразу пасля каляд. За які дзень куды дзелася шэрань, пасля зацішша ўзбурыўся вецер ды пагнаў па вуліцы гуллівыя снежныя круцялі. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Раптоўнае загаранне, непрацяглы бляск, нядоўгае ззянне. Успышка бензіну. □ Зноў на рэйках нікога няма, а ад участка да ўчастка пакаціліся вогненныя ўспышкі. Васілеўская. Нечакана вокны ад агароду асвяціліся імгненнай успышкай маланкі. Даніленка. І следам за ўспышкай зарніц Даносіла ветрам здалёку Дыханне бурлівых крыніц. Кірэенка.
2. Раптоўнае кароткачасовае і моцнае праяўленне чаго‑н. Успышка тыфу. □ Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. // Нечаканае праяўленне раздражнення, абурэння. Валенда панура маўчаў. Успышка гневу не зрабіла яго цвярозым. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ах, выкл.
1. Перадае спалох, нечаканае здзіўленне, неспадзяваную радасць і іншыя пачуцці; тое, што і вой. [Рыгорка:] — Ах, аладачкі якія вашы смачныя! Як вы іх рабілі? Краўчанка. Ах, як хораша жыць, Як хочацца жыць, Як прагне сэрца зорных начэй. Кірэенка. // Перадае здагадку, думку і пад., што прыйшло нечакана; тое, што і а 4 (у 1 знач.). Ах, прыпомніў: бачыў я калісьці На вайне дзяўчынку ў шынялі. Смагаровіч.
2. Перадае пачуццё гора, шкадавання. [Стасік:] — Ах, каб тут была мама! — Хлопчык азірнуўся назад, але мамы няма. Гарбук. // Перадае пачуццё абурэння, гневу. Ах, каб вас ваўкі з’елі — закрычаў дурань на сабак і кінуўся наўцёкі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бас, ‑а; мн. басы, ‑оў; м.
1. Самы нізкі мужчынскі голас. Машына павезла іх у стэп. Калі яна неўзабаве спынілася, густы бас Бурмакова прагучаў па-маладому звонка. — Прыехалі! Шыцік. // Спявак з такім голасам. Праз хвіліну нечакана, выразна і гучна загрымела музыка. Бас пачаў спяваць арыю Сусаніна. Шамякін.
2. Духавы або струнны музычны інструмент нізкага рэгістра. Аркестравыя балалайкі носяць назвы — прыма, секунда, альт, бас і кантрабас.
3. толькі мн. (басы́, ‑оў). Струны або клавішы музычнага інструмента, якія адзываюцца нізкім гукам. Разняў гармонь танкіст ўдалы Ды як націсне на басы. Колас. Доўга яшчэ гудзелі трубным гулам басы ўнутры раяля. Хомчанка.
[Іт. basso.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зачэ́рпнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нем, ‑неце і зачарпну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што і чаго.
1. Чэрпаючы, набраць чаго‑н., захапіць пэўную колькасць чаго‑н. Зачэрпнуць сачком рыбіну. □ Васіліна паднялася да бункера і, перагнуўшыся цераз борт, зачэрпнула жменю зерня. Хадкевіч. Сотнікаў зачэрпнуў жменяю снегу, пасмактаў. Быкаў.
2. Нечакана набраць (вады, пяску і пад.). Лодка хіснулася, зачарпнула вады, дзеці спалохана запішчэлі. Маўр.
3. перан. Узяць, прыдбаць што‑н., абагаціцца чым‑н. Зямля Беларусі, зялёныя долы! З крыніц тваіх чыстых пад шумнай вярбой Зачэрпнулі думы Купала і Колас. На кожнай сцяжынцы іх песня і голас... Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
птушаня́ і птушанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня птушкі. Калі Хоці злавіў .. [калібры].., то думаў, што гэта проста нейкае звычайнае птушаня, што яно вырасце і зробіцца вялікай дарослай птушкай. Арабей. Птушыныя гнёзды даўно апусцелі — Расправілі крылы свае птушаняты. Гаўрусёў. // перан. Пра чыё‑н. дзіця. Сірочае, праўда, гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак, усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іхняе птушанё — дзевяцімесячная Верачка. Брыль. // перан. Пра маладога, нявопытнага чалавека. — Так нечакана ўсё, падумаць мушу я, — Якуб павольна з крэсла ўзняўся, — Я ж у навуцы птушаня, А вы заслужаны машыназнаўца. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разыгра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пачаўшы іграць, натхніцца, захапіцца ігрой. Потым Марыля разыгралася. Дзе падзелася скаванасць. Першая дзея закончана. Пляскалі ў далоні доўга. М. Ткачоў. Але варта .. [Люсі] было толькі разыграцца, і яна адразу перамянялася. Карпюк.
2. Разм. Пайграўшы некаторы час, настроіцца на лёгкую і свабодную ігру на якіх‑н. інструментах.
3. Паступова ўзмацніцца, дасягнуць высокай ступені ў сваім праяўленні. Апетыт разыграўся. Хвароба разыгралася. / Пра з’явы прыроды. Разыгралася бура.
4. Адбыцца, здарыцца. Стэп, дзе разыгралася жудасная трагедыя, стаў называцца Акмолінскім. Васілёнак. Але тут нечакана разыграўся такі эпізод, пасля якога ў Ясенях цэлы тыдзень смяяліся з Пятрэся. Арочка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фло́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да флоту, належыць яму; прызначаны для флоту. У абароне Севастопаля прымалі ўдзел 14 пяхотных дывізій (42 палкі), 17 флоцкіх экіпажаў і караблі Чарнаморскага флоту. «Помнікі». У час грамадзянскай вайны я сустракаў шмат маракоў з Балтыкі, з многімі з іх сябраваў, ведаў некалькі былых флоцкіх афіцэраў. Сяргейчык. // Уласцівы, характэрны для флоту, прыняты на флоце. [Сын] прыязджаў заўсёды нечакана, пад вечар, мажны, лабасты, у цёмным касцюме і ў чорнай флоцкай фуражцы, якую ўжо колькі год насіў пасля службы. М. Стральцоў.
2. у знач. наз. фло́цкі, ‑ага, м. Той, хто служыць ва флоце; марак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)