Ройст ’мокрая забалочаная сенажаць’ (воран., астрав., ЛА, 2), ро́йста ’тс’ (смарг., ЛА, 2); ’балота’, ’зарослае балота, звычайна ў лесе’ (воран., Яшк., Сл. ПЗБ), ро́йста, ро́йсце ’нізкае, вільготнае месца ў лесе’ ро́йстра, ро́йсцвіны ’тс’ (воран., шчуч., лід., смарг., Сл. ПЗБ); ро́йставіна, ро́йстра ’непрыгодная, неўрадлівая зямля’ (гродз., КЭС; Жд. 1, Сцяшк.), ’поле на раскарчаваным лесе ці балоце’ (гродз., Сцяшк. Сл.); ро́йсты ’лясны зараснік’; ро́йстра ў ле́се — бярэзніку і моху шмат, пні гніюць (Жд. 1), ро́йстачка ’невялікі вадаём’ (маст., смарг., Сл. ПЗБ), ройства ’выпас для жывёлы’ (нясв., там жа); ро́йста, ро́йсты ’раздарожжа, скрыжаванні дарог’ (вілен., Яшк.). Ст.-бел. ройстъ, ройстро, ройство, ройсто ’забалочанае месца, пакрытае хмызняком’ (1501). Балтызм. Параўн. літ. raĩstas, reĩsta ’балоцісты лес, кустарнік’ (Буга, Rinkt, 2, 539; Лаўчутэ, Балтизмы, 33; Булыка, Лекс. запазыч., 139; Анікін, Опыт, 268).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́мзлы ’чуць закіслы; ні салодкі, ні кіслы (пра малако)’ (полац., Нар. сл.; в.-дзв., красл., Сл. ПЗБ). З *промзглы > параўн. рус. про́мзглый ’пракіслы, прагорклы; затхлы, сапсаваны, той, які загніў’, про́мзгнуть ’псавацца, гніць, горкнуць’, мзга ’гніль, цвіль, сырое надвор’е’, мзглой, мо́зглый ’друзлы, вялы, гнілы з сярэдзіны, прэлы’. Фасмер (2, 617) на аснове параўнання з рус. мозглый (гл. прамосклы) узнаўляе праформу *мъзга. Тады, відаць, да мазго́ліць ’пэцкаць; біць’, мазгля́вы (гл.). Параўноўваецца з грэч. μύσος*μύδος) ’ганьба; апаганенне’, ст.-ірл. mosach ’нячысты’, н.-ням. mussig ’брудны’, лат. мн. л. mudas ’гнілыя водарасці’, літ. мн. л. músos ’цвіль’ (Міклашыч, 207; Буга, РФВ, 72, 198 і наст.). Набліжэнне да літ. mazgóti ’мыць, паласкаць’, ст.-інд. máyjati ’ён апускае’, Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным. Параўн. мазглявы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мосенж ’латунь’ (ТСБМ), мосенз ’бронза’ (Нас., Мядзв.), масензовік ’невялікі бронзавы грэбень’ (Мядзв.), мосанз (Кюнэ, Poln., 78), ст.-бел. мосязъ, мосендзъ, мосенц, мосиондзъ, мосяжъ ’латунь’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mosiądz ’тс’, якое з с.-в.-ням. messinc (Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Лекс. запазыч., 141) < ст.-в.-ням. massing < лац. massa (Шварц, ZfSlPh, 5, 400; там жа, 42, 304). Клюге₁₉ (388) выводзіць гэту лексему з Mοσσύνοικος χαλκός — назвы народа на паўн.-усх. Малой Азіі (Герадот, Ксенафонт), што Фасмер (ZfSlPh, 19, 450) лічыць беспадстаўным. Пра даўнюю сувязь з гэтым народам піша Махэк (LF, 72, 76), прыводзячы ў якасці доказу ст.-слав. сынъ ’башня’ = ст.-грэч. μόσσυν πύργος (Гесіхій), якое супастаўляецца з асец. mκsug, mκsyg ’вежа’ і лічыцца фракійска-фрыгійск. словам (Лідэн, Зб. П. Персану, Упсала, 1922, 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нерх ’лёгкая неўраджайная зямля’ (ТС), нерхова́ты ’неўраджайны, лёгкі (аб зямлі)’ (ТС). Няясна; магчыма, звязана з польск. дыял. nierzch ’нераст, ікра’, што адлюстроўвае знешняе падабенства, параўн.: «Земля — нерх, бі чэ́рві ее поточылі. Вона бі чорна, але непло́тна» (ТС), тады ўсё да нераст (гл.), якое можа мець значэнне ’ікра ў рыб, жаб’ і інш. У сувязі з апошнім параўн. укр. нерость, нерість ’усё зямное (акрамя вады), што не расце і што не створана штучна: зямля, каменні, металы, г. зн. наогул мінералы’ (Грынч., да рости ’расці’), што дапускае змяшэнне з нересть ’апладненне ў рыб, змей; сварка’ (там жа). Ва ўсякім разе здзіўляе поўная ідэнтычнасць слова з рэканструкцыяй прасл. *nerьchъnerĭs‑os ’нераст, ікра’ (Шустар-Шэўц, 13, 996), магчыма, першаснае значэнне грунтуецца на ўяўленні пра ікру земнаводных ці чарвякоў. Гл. няршы́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няхлю́й, няхлю́я ’неахайны, нехлямяжы чалавек’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ДСП, слуц., Жыв. сл.), ’непаваротлівы’ (Грыг.), нехлю́й, нехлю́я ’неакуратны чалавек’ (ТС), нэхлю́я, ныхлю́я ’неахайная жанчына’ (брэсц., Нар. лекс.), сюды ж няўхлю́й, няўхлюя ’неахайны чалавек’ (Бяльк., Мат. Гом.), укр. нехлю́я ’тс’, рус. дан. нехлю́й ’непаваротлівы чалавек’, польск. niechluj, niechluja ’неахайны чалавек’. Відаць, ад няхлюйны ’неахайны, неакуратны’, паралельнага да няхлюдны ’тс’ (Сцяш. Сл.), параўн. таксама польск. niechlujny ’тс’ < *niechludźny, ад chlud (Варш. сл., 3, 263), гл. схлюдны, што, магчыма, сведчыць пра запазычанне (Кюнэ, Poln., 81). Характэрна наяўнасць паралельных форм з ‑к‑: няўклюй ’неахайны, непаваротлівы чалавек’ (астрав., ул. інф.), няўклю́йны ’неахайны’ (там жа), што могуць разглядацца як вытворныя ад *klud (гл. няўклюда). Няясныя адносіны да ст.-чэш. nechla ’пачвара’ (Гебаўэр, Sl. stč.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́я ’шыя’ (Інстр. I). Гэтага слова няма ў іншых лексічных крыніцах, таму можна лічыць, што яно ўнесена ў «Інструкцыю» ў якасці пробнага. Аднак мэтазгодным будзе ўсё ж такі прывесці яго этымалогію. Гэта слова вядома ў ст.-рус. і ст.-слав. мовах (выꙗ) і ў палаб. (våijo). Паводле Фасмера, 1, 373, цёмнае слова, ён не прымае параўнанне з авест. uyamnas ’deficiens’ (так Лёвэнталь, ZfslPh, 8, 129) і сувязь з вить, viti (так Гараеў, 60). Але, як думае Шанскі (1, В, 239–240), у рус. мове вы́я запазычана са ст.-слав. (так ужо лічыў Сразнеўскі). Шанскі (там жа) лічыць, што *vyja ўтворана ад дзеяслова *vyti ’быць’. Магчыма, што гэта і так; прынамсі, гэта этымалогія здаецца лепшай, чым тып, што былі вылучаны раней.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галу́шка1 ’галушка’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ), таксама ’шарык, галачка’ (Касп.). Рус. галу́шка, укр. галу́шка, польск. gałuszka (hałuszka; гэты апошні варыянт запазычаны з укр.; гл. Брукнер, 133). Адносіны паміж асобнымі словамі ў слав. мовах даволі складаныя. Рус. слова лічыцца запазычаннем з укр. (гл. Шанскі, 1, Г, 20). Укр. галушка, паводле Шанскага (там жа), хутчэй за ўсё ўзята з польск. мовы (gałuszka < gała). Штосьці пэўнае адносна бел. слова сказаць цяжка, бо няма дастатковых даных адносна гісторыі гэтай лексемы. Аб слове галу́шка ў бел. дыялектах гл. падрабязна Сцяц. Нар., 36–37, які адзначае, што як назва стравы слова галушкі малаўжывальнае і часцей яно сустракаецца ў форме галушка (адз. л.) са значэннем мучнога шарыка ў зацірцы.

Галу́шка2 ’звязка апрацаванага лёну’. Гл. галу́шка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глухі́ ’глухі’. Агульнаславянскае слова праславянскага характару. Параўн. рус. глухо́й, укр. глухи́й, чэш. hluchý, славац. hluchý, в.-луж. hłuchi, н.-луж. głuchy, польск. głuchy, балг. глух, макед. глув, серб.-харв. глу̑х, славен. gluh, ст.-слав. глоухъ. Прасл. *gluxъ. Асноўнае значэнне слова ’глухі’, але адзначаецца таксама ’пусты’, ’бясплодны і да т. п.’ Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 146. Аб гэтым слове напісана многа, але, паводле Трубачова (там жа, 146–147), найбольш пераканаўчым трэба лічыць тлумачэнне прасл. *gluxъ як экспрэсіўнай змены першапачатковага і.-е. *k̑lou̯s‑ (якое адносіцца да групы слав. слоў. *sluxъ, *slušati). Такое тлумачэнне даў у свой час Махэк₂ (170), які знайшоў у літ. мове адпаведныя дублетныя формы. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 417; Траўтман, 91; Слаўскі, 1, 295–296; Фрэнкель, 1, 159 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гіль1 ’снягір’ (БРС, Касп.), рус. гиль, укр. гиль, польск. gil, giel, чэш. hýl і г. д. Этымалогія назвы гэтай птушкі вельмі няпэўная. Старая версія аб запазычанні з ням. (с.-в.-ням.) gel ’жоўты’ не вельмі надзейная (гл. Фасмер, 1, 406; Слаўскі, 1, 278); іншыя думаюць аб гукапераймальным характары гэтай назвы (агляд версій гл. у Слаўскага і Фасмера). Пытанне аб этымалогіі застаецца адкрытым. Сл. паўн.-зах. прыводзіць форму гіль ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 221), *gylьпрасл. слова (магчыма, ад *gyliti).

Гіль2 ’конскі авадзень’ (гродз., гл. Цыхун, Лекс. балтызмы, 52; Сцяшк., Шатал., Жд. 1; параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах.). Паводле Цыхуна (там жа), запазычанне з літ. мовы (параўн. літ. gylỹs ’авадзень’). Трубачоў (Эт. сл., 7, 221) думае пра роднаснасць з прасл. *gylь ’снягір’; няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́шка ’дошка’ (БРС). Укр. до́шка, рус. доска́, польск. deska, чэш. deska, балг. дъска́, серб.-харв. да̀ска, ст.-слав. дъска. Прасл. *dъska. Славянскае запазычанне з герм. моў. Параўн. ст.-англ. disc ’стол, блюда’, ст.-в.-ням. tise (ням. Tisch ’стол’). Герм. формы запазычаны з лац. discus ’міска’ < грэч. δίσκος. Іншыя тлумачэнні вельмі няпэўныя, як і няпэўным з’яўляецца вывядзенне слав. слова непасрэдна з лац. або грэч. крыніцы. Гл. Фасмер, 1, 532; Трубачоў, Эт. сл., 5, 184–185; Мартынаў, Лекс. взаим., 61 і наст. Не вельмі зразумелыя бел. і ўкр. формы (адкуль ‑ш‑ замест ‑с‑?). Прасл. характар мае і вытворнае дашча́ны. Параўн. укр. доща́ний, рус. дощано́й, чэш. deščený (дыял.), балг. дъ́счен, серб.-харв. да̏шчан і г. д. Прасл. *dъščanъ(jь). Падрабязны агляд форм у Трубачова, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)