аднаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.
1. Вярнуць да ранейшага стану, выгляду што‑н. пашкоджанае, парушанае, заняпалае; адрадзіць; узнавіць. Аднавіць разбураную гаспадарку. Аднавіць завод. Аднавіць камсамольскую арганізацыю. Аднавіць пашкоджаны тэкст. □ Зарастуць травой магілы; Мы адновім нашы сілы, Адбудуем край. Бядуля.
2. перан. Прыпомніць, нанава ўявіць што‑н. забытае; узнавіць. Спачатку.. [Стафанковіч] не ўспомніў таго моманту гісторыі гэтага фрэнча, калі ён знік з яго кватэры. Але пакрысе, момант за момантам, памяць яго аднавіла ў сабе гэтую справу. Чорны.
3. Вярнуць каму‑н. ранейшае службовае ці прававое становішча. На праўленні Станіслава Лінкевіча аднавілі ў правах члена арцелі «Светлы шлях». Дуброўскі.
4. Пачаць зноў перарванае дзеянне, адносіны. Аднавіць знаёмства.
5. Выдзеліць з хімічных злучэнняў кісларод і далучыць вадарод.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аднаста́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Аднолькавы, нязменлівы на ўсім працягу. Тут была вялікая тэрыторыя, аднастайная сваёй прыродай. Чорны. Магло здацца, што ні моладзь, якая тут сабралася, нічога больш не ўмела скакаць, ні музыка — іграць, акрамя гэтай аднастайнай полькі. Лобан. Поезд ішоў сваёй аднастайнай хадою. Пестрак.
2. Які выяўляецца ў аднолькавым гучанні; манатонны. А яшчэ запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ўся ў красе асенняга золата. Краўчанка. Спачатку.. [Антонік] не мог разабраць ні аднаго слова, галасы зліваліся ў аднастайны гул. Мележ.
3. Аднародны паводле складу, будовы. Глеба з аднастайнай структурай.
4. Падобны адзін на адзін; зроблены на адзін узор. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег і, здаецца, яшчэ ніжэй прыгінае да зямлі старасвецкія будынкі, шэрыя, нізкія, аднастайныя. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адстая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.
1. Прастаяць нейкі час. Адстаяць гадзіну ў чарзе. // Прастаяць да канца; адбыць. □ [Люба Лук’янская:] — Наша фабрыка была ў прарыве, трэба было выцягваць. Я тры змены адстаяла на рабоце. Чорны.
2. Разм. Стаміць доўгім стаяннем. Адстаяць ногі на варце.
3. перан. Абараніць каго‑, што‑н. ад нападу ворага; не даць захапіць. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. // Абараніць, засцерагчы ад дамаганняў, замаху, недружалюбных або варожых дзеянняў. Адстаяць заваёвы Кастрычніка. □ [Гальяш і Міхась] цвёрда вырашылі, што калі стараста выдасць каменданту Рыгора, адстаяць яго што б там ні было. Гурскі. // Адхіліць пярэчанні, давесці доказамі што‑н. У барацьбе з рэвізіяністамі У. І. Ленін адстаяў і развіў тэарэтычныя асновы партыі — дыялектычны і гістарычны матэрыялізм. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асо́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вылучаны з шэрагу іншых, існуе асобна побач з іншымі. Але ў таленце асобнага чалавека скандэнсаваны вопыт многіх пакаленняў людзей. Адамовіч. // Некаторы, адзінкавы. [Маханько:] — Тое, што ў мінулым годзе было толькі на асобных участках, павінна перайсці на шырокія плошчы. Кулакоўскі. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. // Адасоблены ад іншых, спецыяльна прызначаны для чаго‑н.; адмысловы. Зося моўчкі пачала аглядаць: кухня і тры пакоі. І з кожнага ў кухню асобны ход. Чорны. // Своеасаблівы, адметны. Так, і праўда: непадобны Быў Сымонка да другіх: Гэта быў хлапчук асобны. Колас. Гэты быў нібы зусім асобны свет. Маўр.
2. Які з’яўляецца самастойнай тактычнай адзінкай, што не ўваходзіць у склад больш буйнага вайсковага злучэння. Асобны батальён. Асобная брыгада.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аціх, ‑ла; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць ціхім; замоўкнуць (пра гукі, шум). Нехта праехаў з лёскатам конна па бруку, і потым аціхла зноў усё. Мурашка. Рой яшчэ нейкі час пагудзеў з перапуду, ды і аціх. Якімовіч.
2. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аслабець у дзеянні, сіле; спыніцца (пра стыхійныя з’явы). Пад вечар завея аціхла. Колас.
3. Прыйсці ў спакойны стан; супакоіцца. Максім зусім аціх і .. без пілоткі на чорным чубе высока ляжаў галавой.. на падушцы. Брыль. // Замкнуцца ў сабе; прыціхнуць. Асцярожны немец і аціх і вёў сабе гаспадарку так, як яна вялася аканомам. Чорны. Адам нечакана аціх, замаркоціўся, панікла схіліў галаву. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.
Адрачыся, пакінуць прызнаваць роднае, блізкае, сваё; парваць сувязь, адносіны з кім‑, чым‑н. [Мужчына:] — Хто ж табе прынясе.. [зямлю]? Думаеш, сам пан Ёдка адцураецца ды прыйдзе, ды пакланіцца табе, ды скажа: — Дарагія мае мужчынкі! Так мне абрыдла гэта зямля! Скрыган. Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваёй адцураецца. Прыказка. // Кінуць, забыць што‑н. у страху, паніцы. [Тварыцкага] апанаваў такі жах, што ён кінуўся адгэтуль ходу, адцураўшыся і знойдзенага на дарозе недаломка дугі. Чорны. // Пакінуць верыць чаму‑н., перастаць прызнаваць за ісціну што‑н. А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ану́ча, ‑ы, ж.
1. Кавалак, абрэзак тканіны (звычайна такой, якая ўжо была ва ўжытку). [Лабановіч:] — Паколькі лесу ў раёне Дзямянава Гуза няма, дык ты прымацуй да ёмкага кія дзяружку, хустку ці проста анучу і такім саматужным сцягам памахай мне. Колас.
2. Рваныя паношаныя рэчы; старое адзенне. Хата.. не зліняла, смецця ў хаце больш не стала, анучы з палатак не прапалі. Чорны.
3. Кавалак тканіны, якой абмотваюць ногі перш чым абуцца. [Бацька] уставаў на золку, выцягваў з пячуркі падсохлыя анучы, абуваўся ў лапці. Навуменка.
4. толькі мн. (ану́чы, ‑аў). Пагард. Убранне, строі.
5. перан. Бесхарактарны, бязвольны чалавек. Ануча, а не чалавек, — запярэчыў Галаскок. Хто што хоча, тое і робіць. Крапіва.
•••
Як анучаю па зубах — сказаць каму‑н. што‑н. непрыемнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аняме́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Пра чалавека, які страціў здольнасць гаварыць. // Той, хто страціў на некаторы час мову (ад здзіўлення, радасці і пад.).
2. Застылы ў нерухомасці пад уплывам якога‑н. пачуцця. Гэта Волечка! Але чаму яна не бяжыць подскакам .. насустрач [Няваду], а стаіць, як анямелая, і не адрывае ад яго вачэй?! Чорны. Міхалка стаяў анямелы на грэблі каля заставак. Бядуля.
3. Ціхі; пазбаўлены гукаў. І часамі ў стэпах анямелых, Калі толькі ты ды цішыня — Нечакана і незразумела Мёртвыя размовы зноў звіняць. Панчанка. Заснуў пасёлак анямелы. Колас.
4. Неадчувальны. — А я быў ужо заснуў, — сказаў Сімон і пацёр анямелую шчаку. Самуйлёнак. // Нечуллівы. [Васіль], дзіўна, ні аб чым не думаў, нічога не шкадаваў, у анямелай душы яго была важкая і жорсткая спусцеласць. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́дацца, ‑дасца; ‑дадуцца; зак.
1. Утварыць выступ, выступіць за мяжу чаго‑н. Прыбудова выдалася на панадворак. □ Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.
2. Вылучыцца са звычайнага раду чым‑н., выпасці; здарыцца. Дзень, як на дзіва, выдаўся цёплы і прыгожы. Чорны. // Удацца. Каша выдалася на дзіва смешная. Быкаў. Калі ж ураджай не выдасца, дык і [жніўная] песня нейкая самотная. Сабаленка. // Аказацца на самой справе; трапіцца. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Маўр.
3. Знайсціся; выпасці (пра вольны час). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка.
4. Разм. Надрукаваць сваю кнігу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.
2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.
3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)