сцэ́на, ‑ы, ж.

1. Спецыяльная пляцоўка ў тэатры, на якой адбываюцца спектаклі; тэатральныя падмосткі. Ужо ў тэатры, седзячы поруч з Юлькай, Аляксей глядзеў на сцэну, але не разумеў, што там робяць артысты. Даніленка. Сцэна была невялікая, але малюнак дэкарацыі, што вісеў на задняй сцяне, рабіў яе бясконцай. Пальчэўскі. // Тэатр, тэатральная дзейнасць. Майстры сцэны. □ І ўжо нават без сцэны [Мікола] Сам сябе не ўяўляў. Бачыла. На прафесійную сцэну .. [Рыгор Пятрэнка] прыйшоў з мастацкай самадзейнасці. «ЛіМ».

2. Асобная частка акта тэатральнай, п’есы. Фінальная сцэна пятага акта. □ [Зоя:] — Ты разумееш, сядзелі мы з Тамарай пасля першай сцэны ў грыміровачнай, нам выступаць у самым канцы спектакля. Рамановіч.

3. Асобны эпізод, які паказваецца ў п’есе, літаратурным творы, карціне. Некаторыя крытыкі з зайздроснай прастадушнасцю паўтараюць: у Чорнага няма батальных сцэн. Лужанін. У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт [Ф. Багушэвіч] выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры. Навуменка. // Невялікі драматычны твор, які перадае які‑н. асобны эпізод, выпадак. «Сцэны з рыцарскіх часоў» А. С. Пушкіна.

4. Разм. Рэзкая, вострая размова. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. [Міхаліна:] — Цераз тыдзень, калі не раней, пачнуцца сцэны рэўнасці, папрокі... Шамякін. // Здарэнне, эпізод, якія можна назіраць у жыцці. [Брат Зосі] намерыўся схаваць сала пад рубашку, але адчыніліся дзверы з пакоя, і Сегенецкая ўбачыла ўсю гэтую сцэну. Чорны. Мне жыва прыгадаліся сцэны тых дзён у нашым шчаслівым пакойчыку. Дуброўскі.

5. перан. Поле, арэна дзейнасці. На гістарычную сцэну выступіў рабочы клас. □ Сышлі са сцэны прэч магнаты. Колас.

[Лац. scaena з грэч.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́йка, ‑і, ДМ тройцы; Р мн. троек; ж.

1. Лічба 3. Напісаць тройку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 3 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 3.

2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем пасрэдна. Клава думала .. пра тыя тры валы, якія яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта тройка па пісьму і чацвёрка па хіміі. Кавалёў. Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік: А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Ігральная карта, дошчачка даміно з трыма ачкамі. Казырная тройка.

4. Трое коней, запрэжаных поруч у адзін экіпаж. Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў: Дзед Мароз, Зіма ў кароне І Сняжыначкі з бакоў. Галіноўская. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. // Экіпаж з трыма запрэжанымі ў яго коньмі. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч.

5. Група з трох чалавек, кіруючая група, створаная для выканання пэўнай работы. Тройка па барацьбе з паводкай. Аператыўная тройка. □ ЦК ЛКСМБ строга патрабаваў ствараць невялікія групы — тройкі, пяцёркі, якія маглі лепш захоўваць канспірацыю. Дзенісевіч. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Чарот.

6. Касцюм (мужчынскі або жаночы), у які ўваходзіць пінжак (жакет), штаны (спадніца) і камізэлька. Пашыць тройку.

7. Разм. Тры рублі.

•••

На тройках ехаць гл. ехаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм.

1. Прагнаць адкуль‑н. або куды‑н. Стары ўгледзеў, што хлопец па вушы мокры, і, не пытаючыся і не дапытваючыся, што з ім сталася, турнуў яго ў хату. Сабаленка. Калі гітлераўцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў. Мележ. [Крылоў:] — Прагналі цара — добра. Але гэта паўсправы. Наша рэвалюцыя яшчэ наперадзе. Ёй Касоўскі не ўзрадуецца, бо мы турнём і радзянак, і мілюковых, і паскевічаў, і ўсіх крывасмокаў, а разам з імі і халуёў іх — касоўскіх. Шамякін. // Звольніць з пасады. — Калі верыць розным чуткам, то цябе, Мікалай, даўно трэба было турнуць з твае работы і аддаць пад суд за розныя вымаганні і пагрозы, — спакойна адказаў дзед Піліп. Ваданосаў. [Ганна:] [Старшыня] спачатку разгубіўся, а пасля так турнуў мяне з брыгадзірства, што і сёння апамятацца не магу. Губарэвіч.

2. Піхнуць, штурхнуць каго‑н. Тады, нават не заўважыў я, хто, — вырвалі ў мяне туза з рук, зграблі мяне ў ахапак ды як турнулі з гарышча па драбіне далоў, ледзьве я галаву не скруціў. Дубоўка. Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся. Чарот. / у перан. ужыв. Патрашчыць ён [агонь] там, патрашчыць, набіраючыся сілы ды ад злосці пыхкаючы дымам, а тады як турне гэты дым у неба і сам за ім. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упо́р, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне і стан паводле дзеясл. упіраць — уперці (у 3 знач.) і упірацца — уперціся (у 1 знач.).

2. ‑а. Прадмет, месца, у якое ўпіраюцца. Ён [шэф] пяць патронаў у кішэнь, Нагледзеў лепшую мішэнь, Прылёгшы на ўпор, І стрэльбу да пляча прыпёр. Крапіва. Буфер адыгрывае ў час лоўлі ролю ўпора для рукі пры закідванні насадкі. Матрунёнак.

3. ‑а. Падпора, якая падтрымлівае што‑н. І раптам — думка: а што, калі віхура пабярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. // Прадмет, пры дапамозе якога абмяжоўваецца перамяшчэнне чаго‑н. Чыгуначны ўпор. Падлажыць упоры пад калёсы аўтамашыны.

4. ‑у; перан. Сканцэнтраванне ўвагі на адным чым‑н. У рашэнні Пленума галоўны ўпор робіцца на ўсямернае выкарыстанне аб’ектыўных эканамічных законаў. «Звязда».

•••

Ва ўпор — а) пільна, прама (глядзець, разглядаць каго‑, што‑н.). Прыпыніўшыся, Рая паглядзела на.. [Севу] ва ўпор і прыжмурылася. Карпаў. — Ну што, даражэнькі, будзем рабіць? — нарэшце спытаў Аляксей Аляксандравіч, паклаўшы абодва кулакі на стол і ва ўпор пазіраючы на Пятра. Ваданосаў; б) адкрыта, без хітрыкаў (сказаць, спытаць што‑н.). І раптам [Шыковіч] павярнуўся да капітана, спытаў ва ўпор: — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Шамякін; в) з блізкай адлегласці, амаль упіраючы дула (страляць, расстрэльваць). [Пушка] біла ва ўпор па ганку, што ішоў праз лес. М. Ткачоў. Батура страляе з пагана тры разы. Ва ўпор, у росхрыст паркалёвай сарочкі па грудзях. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урэ́зацца, урэжуся, урэжашся, урэжацца; зак.

1. Увайсці, уваткнуцца ў што‑н. вострым, вузкім канцом. Човен урэзаўся ў пясок лугавога берага. Кірэенка. // Рэжучы, уклініцца ў што‑н. З вострава выйшла жняярка, прайшла ўздоўж лесу, завярнулася і ўрэзалася сваімі вострымі зубамі ў залацісты аўсяны лес. Сташэўскі. // Глыбока ўесціся, упіцца. Каўнер кашулі балюча ўрэзаўся ў востры кадык, так, што перахапіла дыханне. Каршукоў расшпіліў яго. Асіпенка. [Чалавек] хацеў пераабуцца, бо мокрыя аборы надта ўрэзаліся ў ногі, толькі мала часу меў да світання, дык не стаў. Гарэцкі. // перан. Удацца, уклініцца вузкай палосай у што‑н. Лес клічам урэзаўся ў поле.

2. перан. Імкліва ўварвацца, пранікнуць куды‑н. У заднія рады натоўпу ўрэзаліся клінам конныя жандары. Машара. «Пабеда»таксі вырвалася з вясёлага маладога лесу і ўрэзалася ў залаты жытнёвы палетак. Васілевіч.

3. перан. Разм. Сутыкнуцца з разгону з чым‑н.; стукнуцца. Ракета раптам нырнула ўніз і ледзь не ўрэзалася ў скалы. Шыцік. [Міхаліна:] — Я не ведала, што гэта будзе: слова, ці яго рука ляжа на маю, ці.. [Аляксандр Дзямідавіч] павернецца, выпусціць руль, і мы ўрэжамся ў дрэва... Шамякін.

4. перан. Надоўга запомніцца. На ўсё жыццё шмат якія з песень урэзаліся ў памяць, асабліва я любіў «Рэчаньку». Гурскі. [Іосіф Жыновіч:] — Мне ўрэзаўся ў памяць артыкул Аляксея Талстога, дзе ён палымяна заклікаў увесь народ да адпору праклятаму ворагу. «ЛіМ».

5. Абл. Закахацца ў каго‑н. [Адам:] — І вось так, неяк гуляючы на вячорках, я і ўрэзаўся, проста сказаць без нажа, у адну дзеўку. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утапі́ць, утаплю, утопіш, утопіць; зак.

1. што. Апусціўшы ў ваду, прымусіць патануць; затапіць. Утапіць лодку. // Не ўтрымаўшы, даць патануць. Утапіць вядро. □ [Хлопчык:] — А помніце, як Лашак у рэчцы ўтапіў трактар. Шамякін.

2. каго-што. Загубіць чыё‑н. жыццё, сілай кінуўшы ў ваду. Прывесці яго сюды, тыцнуць носам у план, а потым утапіць прахвоста ў гэтых затоках! Колас. Аднаго разу кажа [мачаха] сваёй дачцэ: — Схадзі ты, дачушка, да сястры ў госці, пакліч яе з сабой купацца ды ўтапі... Якімовіч. / у перан. ужыв. Асабліва згусціўся туман абапал канавы.., нібы ўтапіў кусты на балоце. Федасеенка.

3. перан.; каго. Паставіць у цяжкае становішча каго‑н. (выдаўшы, прадаўшы, абгаварыўшы і пад.). [Вілюевіч:] — Дзе ты вычытаў, што каб самому выслужыцца, то другога ўтапіць трэба. Грамовіч. [Студэнт:] Адозвы падлавіла [гаспадыня], павяла паліцыю; ёй было патрэбна ўтапіць мяне. Галубок.

4. перан.; што. Заглушыць гора, пачуцці і пад. пры дапамозе чаго‑н. Можа, таму так цяжка было ў.. [Веры] на душы і нельга было гэты цяжар утапіць нават у моры слёз. Машара. Вось Якім, вечны гаротнік і няўдачнік, які хоча ў гарэлцы ўтапіць сваё гора. Скрыган.

5. што. Глыбока апусціць у што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. Сяржант утапіў галаву ў падушку і глуха, як аднекуль са склепа, сказаў: — Ведаеш што? Ты будзь чалавекам з.. [Ілонкай]. Хомчанка.

•••

У лыжцы вады утапіць каго — загубіць, прычыніць непрыемнасць пры наяўнасці самага нязначнага выпадку. — Ты ёй [эканомцы] верыш? — усміхнулася Бабіцкая. — Ды яна гатова цябе ў лыжцы вады утапіць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Трымаючыся за што‑н., захаваць раўнавагу, застацца на нагах, не ўпасці пры штуршку, удары і пад. Сахараў ухапіўся за стрэмя, нахіліўся набок, але на нагах утрымаўся. Асіпенка. [Конь] падскочыў і так ірвануў убок, што я ледзь утрымаўся на ім. Ляўданскі. // Устаяць пры катанні, слізганні. Воўка ніяк не мог утрымацца на лыжах. Кавалёў. // Затрымацца на паверхні, не праваліцца. А калі балота стала такое, што толькі птушка магла на ім утрымацца, папаўзлі, пасунуліся жыватамі. Кулакоўскі. // Разм. Захаваць сваё становішча, знаходжанне дзе‑н., у якой‑н. якасці. Бязвольны і няздольны генерал Лянгевіч доўга не ўтрымаўся ў ролі дыктатара. Якімовіч. Старшыня цяпер прывёз з мястэчка Гуціна — кажуць, добры будзе каваль. Кал і гэты яшчэ ўтрымаецца. Кухараў. Каб утрымацца на вяршыні сваёй бацькоўскай педагогікі, я не крычаў на дзяцей і не ўшчуваў іх. Васілевіч. / Пра надвор’е, пагоду. Сёння ўдзень у рэспубліцы ўтрымаецца малавоблачнае, сухое надвор’е. «Звязда».

2. Не адступіць пад націскам непрыяцеля, затрымацца на якім‑н. рубяжы. Хоць пехацінцы ішлі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі, якія, здавалася, змяталі са шляху ўсё жывое і нежывое, вораг яшчэ спрабаваў утрымацца. Мележ.

3. Разм. Стрымаць сябе ад якога‑н. учынку, дзеяння, не даць праявіцца чаму‑н. Сапраўды было смешна, але я ўтрымаўся ад смеху. Шамякін. Шыманскаму хацелася сказаць: «Ніякі ты не салдат, а разбойнік з вялікай дарогі», але ўтрымаўся. Гурскі. Чубар таксама не ўтрымаўся ад спакусы — падаўся ў будан. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. □ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. □ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.

2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. □ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.

3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае ісціне; сапраўдны. Дакладная вага. Дакладная колькасць. // Здольны паказваць, вызначаць што‑н. у поўнай адпаведнасці з сапраўднасцю; правільны. Дакладны гадзіннік. Дакладныя прыборы.

2. Поўнасцю адпаведны якому‑н. узору, якім‑н. патрабаванням, устаноўленым законам, правілам. Дакладная копія. Дакладнае выкананне загаду. □ Ярохін не ведаў дакладнага перакладу апошняга слова, але зразумеў іменна так. Шамякін.

3. Канкрэтны, вычарпальны, правільны; не прыблізны, не агульны. Дакладныя інструкцыі. Дакладны адрас. Дакладны адказ. Дакладны ўлік. Дакладныя веды. // Выразны, ясны, зразумелы. Дакладная дэфініцыя. □ Мікалай Патапавіч гаварыў гучна, адрывіста, не надта падбіраючы адпаведныя словы, а ў Глінскага голас быў ціхі, сказы дакладныя, выразы трапныя. Кулакоўскі. // Такі, што не выклікае сумненняў; верагодны, пэўны. Дакладныя крыніцы. □ Гогаберыдзе гаварыў з такой упэўненасцю, быццам пра ўсё гэта ў яго меліся дакладныя весткі. Мележ.

4. Акуратны, пунктуальны. Ірына, як і заўсёды, дакладная: вячэру і абед яна прыносіць у адзін і той жа час. Даніленка.

5. Такі, у якім асобныя элементы выразна аддзелены адзін ад другога. Дакладныя рухі. Дакладныя прыёмы. Дакладны крок.

6. Добра арганізаваны; акуратны; зладжаны. Дакладны рэжым заняткаў. Дакладная работа машыны.

•••

Дакладныя навукі гл. навука.

дакладны́, а́я, ‑о́е.

1. Які змяшчае ў сабе даклад, прызначаны для даклада (у 2 знач.). — Вы, таварыш Шыянок, напішыце падрабязна ўсё гэта ў дакладней запісцы на маё імя, а я пастаўлю пытанне на бюро гаркома. Сабаленка.

2. у знач. наз. дакладна́я, ‑ой, ж. Дзелавая папера з кароткім выкладам сутнасці справы, якая павінна разглядацца. Жэрдзін за подпісам камбата паслаў дакладную ў штаб палка. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дане́сці 1, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак., каго-што.

Несучы, даставіць да якога‑н. месца. Данесці рэчы да вагона. □ Жанчына спяшалася, як мага, каб хутчэй данесці да хаты маленькае дзіця. Лынькоў. Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка. // Перамясціўшы, наблізіўшы, зрабіць чутным (гукі, пах і пад.). З вёскі вецер данёс галасы людзей, якія выходзілі з клуба. Сіняўскі. Пах смалісты ад Слуцка і Мінска Ўслед за намі данеслі вятры. Прыходзька. // Захаваць, зберагчы ў сабе да пэўнага часу. Летапісы, што данеслі да нас праз вякі каштоўныя звесткі аб мінулых днях нашай зямлі, неаднаразова успамінаюць пра.. [Полацк] і яго князёў. Штыхаў. Іржанне коней, стогн зямлі, Нямая стоенасць рыданняў... Чаму да сённяшніх світанняў Мы гэта ў сэрцах даняслі? Гаўрусёў. // перан. Давесці да свядомасці, зрабіць даступным, зразумелым. Вялікая справа — умець данесці да народа бальшавіцкую праўду. Шамякін. Паэтычнае слова дапамагала пісьменніку данесці да чытача сваё захапленне жыццём. Адамовіч.

дане́сці 2, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак.

1. Далажыць, паведаміць; зрабіць данясенне. 14 снежня 1905 года мінскі паліцмайстар данёс губернатару, што па Губернатарскай вуліцы выкрыта тайная друкарня. «ЛіМ». Разведка Бумажкова данесла, што, не даходзячы да ракі, танкі перагрупіроўваюцца. Чорны.

2. на каго і без дап. Зрабіць данос, тайна паведаміць. І не выходзіла з галавы думка: няўжо Васіль дапусціўся да таго, што данёс польскай паліцыі на Мартына? Колас. Паўлюкоўскі шчасліва дабраўся да сваіх Ініцаў, але нехта данёс, што былы чырвоны афіцэр тайком вярнуўся дамоў з Саветаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)