пе́рсі, ‑яў; адз. няма.
1. Уст., паэт. Грудзі (у чалавека). Юнак той — прапаршчык Дзяжа. У росце мерны, цёмна-русы, Шырокі ў персях і плячах. Колас.
2. Грудзі (у каня). Конь, разгарачаны галопам, захроп, ледзь не па самыя персі прасадзіўшы тонкія ногі ў снег. Паслядовіч. Сцяпан аброццю прыціснуў галаву каня да персяў. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пляск, ‑у, м.
Разм.
1. Гук, які атрымліваецца пры ўдары чым‑н. па вадзе або вады аб што‑н. Праз момант пачуўся глухі пляск вады. Колас.
2. Гук, які атрымліваецца пры ўдары далоні аб далонь або далонню па чым‑н. Вечар. Тэатр. Далоняў пляск. Дудар. Марш заканчваецца гучным пляскам далоні па стале. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парта́л, ‑а, м.
1. Архітэктурна аформлены галоўны ўваход у вялікі будынак. Партал тэатра. □ Парталы [манастыра] паважна разгортваюцца на фоне ружова-яснага неба, і тады нельга не заглядзецца на яго. Колас. // Архітэктурнае абрамленне сцэны, якое аддзяляе яе ад глядзельнай залы.
2. Спец. Рама ў форме літары П, якая з’яўляецца часткай металічнай канструкцыі або машыннай станіны.
[Ад лац. porta — уваход, вароты.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́свіцца, пасецца і пасвіцца; незак.
Быць, карміцца на пашы (пра жывёлу, птушку). На скошаным лузе, недалёка ад дубоў, пасвіліся статкі. Там і сям сядзелі пастушкі. Колас. Па ўсім палетку пасвіліся коні. Але яны ўжо здаволіліся добрай пашай і ляніва грызлі канюшыну. Чарнышэвіч. Астатнія [гусі], закрычаўшы, .. кінуліся ў сад, дзе пасвіўся ўвесь статак. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патра́ва, ‑ы, ж.
1. Знішчэнне, псаванне травы, пасеваў і пад. жывёлай. [Павал:] — Вы думаеце, калі я не ўспеў прыбраць усяго свайго аўса, калі я трохі запазніўся з аўсом, дык думаеце, я так і пакінуў на патраву вашым коням, каб вы іх павывалаквалі!? Чорны.
2. Абл. Страва, яда. Незайздросная патрава: Бульба ды куцейка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пахаваць.
2. Абрад, цырымонія хавання нябожчыка. Людзі разыходзіліся з пахавання панурыя, маўклівыя. Лынькоў. Якраз на самым рассвітанні Міхал вярнуўся з пахавання. Колас.
3. Месца, дзе пахаваны хто‑н.; магіла. Раскопкі пахаванняў даюць шмат каштоўных археалагічных матэрыялаў, дапамагаюць вывучаць вераванні і звычаі нашых продкаў. Штыхаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паэтызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Падаць (падаваць) у паэтычным, узнёслым выглядзе; успрыняць (успрымаць) паэтычна каго‑, што‑н. Якуб Колас паэтызуе самыя звычайныя з’явы прыроды. Казека. Багдановіч паэтызаваў перш за ўсё драмы і трагедыі сваёй сучаснасць: убачанае ім у вёсцы і горадзе, звязанае з яго роздумам над эпохай увогуле. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сердава́ць, сярдую, сярдуеш, сярдуе; незак.
Адчуваць раздражненне, гнеў на каго‑, што‑н.; быць у стане раздражнення, гневу. [Турсевіч:] — Ты, Андрэйка, не гневайся і не сярдуй на мяне. Колас. І сердаваў Мікола, знесці не мог гэткае несправядлівасці. Нікановіч. Маці тады хмурылася, і Малы Васілька ніяк не мог зразумець, чаму яна сярдуе на бацьку. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смо́льны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і смалісты. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас. Ад смольнага паху, разамлелай гарачыні злёгку кружыцца галава, стукае ў скронях. Навуменка. Ведай — лесаруба цяжкая работа, Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. Святло падала на шчаку з ямачкай, на смольныя валасы і зграбную белую шыю. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смугля́вы, ‑ая, ‑ае.
Злёгку смуглы; смуглаваты. Смуглявы тварык. □ На смуглявую, чыстую, дзявочай свежасці скуру брытву браць трэба было самую вострую. Карпюк. // Які мае такую скуру. І вось выходзіць хлопец статны, Крыху смуглявы, малады, Танкіст і песе[ннік] выдатны, І сам прыгожы, хоць куды. Колас. Мікола сапраўды нагадваў цыгана — такі ён быў чорны, смуглявы. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)