ба́йка 1, байкі, ДМ байцы; Р мн. баек; ж.
1. Кароткі літаратурны твор алегарычнага зместу з павучальнай канцоўкай. Байка — суровы жанр, які вымагае тонкіх, а значыць і шырокіх абагульненняў. Пестрак. // Казка пераважна кароткага зместу. Папраўдзе кажучы, хлопчыку не так хацелася дапамагчы старому, як паслухаць яго байкі, якія вельмі складка ўмеў расказваць дзед Нупрэй. Шуцько.
2. часцей мн. (байкі́, баек); перан. Разм. Пустыя размовы, выдумкі. [Ларыса Фёдараўна:] — Давайце хутчэй садзіцца за стол. Андрэй з дарогі, а мы яго байкамі частуем. Мехаў. Праходзячы праз дзесятыя вусны, навіны перарабляліся ў бліскучыя байкі. Бядуля.
ба́йка 2, байкі, ДМ байцы; мн. няма; ж.
Мяккая, пераважна баваўняная тканіна з прыгладжаным ворсам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́кавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да бака 2. Бакавы вясляр.
2. Правы па ходу судна. Вёслы бакавага боку.
бакавы́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Размешчаны не ў цэнтры, а збоку. [Міхаліна:] — Мне трэба было павярнуць у бакавы калідор. Шамякін. Праз затуманеныя бакавыя шыбы шафёр бачыць, як .. яго машыну абходзяць справа і злева лесавозы. Мяжэвіч. Цьмяны водсвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру. Гартны. Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль.
2. Які адбываецца, дзейнічае збоку. [Новікаў:] — Уся калона перад намі. Ззаду яе — нічога няма. Бакавыя дазоры праціўніка ўжо зняты. М. Ткачоў.
•••
Бакавая лінія гл. лінія.
Бакавая падача гл. падача.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
баль, ‑ю, м.
1. Вечар з танцамі і вясёлымі забавамі. У дадатак да белага плацця з шаўковага палатна, што шылася да выпускнога балю, было зроблена яшчэ два. Асіпенка.
2. Вялікі званы абед. А праз два тыдні такі баль гадалі бацькі маладых, што вёска як жыве, не бачыла. Чарот. За багаты сядзем стол Баль святочны справіць. А. Александровіч.
3. перан. Пагард. Нястрымны разгул чаго‑н. (рэакцыі, ваеншчыны і пад.). Рукі байца — Гартаваная сталь, Рукі армейца Нястомны. Панства, Крывавы спраўляючы баль, Нашы ўдары Прыпомніць. Хведаровіч. / у перан. ужыв. Ладзіць баль завіруха. Куляшоў. На баль вясновы запрашэнне Прыслалі родныя бары. Жычка.
•••
Баль-маскарад — касцюміраваны вечар з танцамі.
[Фр. bal.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бо́кам, прысл.
1. Плячом уперад, павярнуўшыся напалавіну. Айцец Амброзіо сядзеў у сваім маленькім кабінеціку ля пісьмовага стала, бокам да дзвярэй. Маўр. Гаспадыня.. бокам усунулася ў пакой. Бядуля.
2. Разм. Не прама, крыва. Ды граблі-пальцы, як чужыя.. Пяро трымаюць бокам, крыва І водзяць ручку баязліва. Колас.
3. Разм. Кружным шляхам, у абход. І тады зрабілася ясна — хмара пройдзе бокам. Карпаў. // перан. Не непасрэдна, праз пабочных асоб. [Андрэй] бокам дачуўся, што бацька жыве, як і раней. Галавач. — Праўда, і грошы не малыя: тысяч з восем набярэцца, — паведамляе першы, спадзеючыся хоць бокам дазнацца, як паставіцца да такой сумы галоўбух. Скрыган.
•••
То бокам то скокам — як выпадзе, як давядзецца, пераадольваючы цяжкасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бо́ўтацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плюхацца з аднаго боку ў другі, вагацца (пра вадкасць у пасудзіне). Чутно было, як боўталася з бляшаным адзвонам вадкасць у бітонах. Дуброўскі. // Матляцца, целяпацца. Да зброі Антось меў нястрыманую цягу, ён ухітраўся разабраць і пачысціць вялізны рэвальвер, які звычайна боўтаўся ў драўлянай кабуры пры баку ў дзядзькі Міхала. Хадкевіч. На рамяні [у камандзіра] кольт боўтаецца. Лынькоў.
2. Рухацца ў вадзе ў розных напрамках; плюхацца. Мы ўсю ноч напралёт боўталіся ў рэчцы. Гурскі.
3. Шукаць што‑н. у якой‑н. вадкасці, страве лыжкай ці чым‑н. іншым. Джвучка боўтаецца лыжкай у халадніку — ловіць агуркі, сёрбае праз зубы жыжку. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парашы́ць, ‑рашу, ‑рашыш, ‑рашыць; зак., што, на чым і з інф.
Разм.
1. Прыняць якое‑н. рашэнне, рашыць, вырашыць. Гадзіны праз дзве маці парашыла паглядзець, што робіць яе сын, бо ніякіх гукаў з пакоя не чулася. Арабей. [Домна:] — От, сынок, што мы тут парашылі. Трэба табе падалей адсюль схавацца. Асіпенка. Усё астатняе Стасіка ўжо не цікавіла. Ён не чуў, пра што гаварылі хлопцы далей, на чым яны парашылі. Няхай.
2. Падумаўшы, разважыўшы, прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. — Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — парашылі хлопцы. Маўр. Але па тым, як страляніна гусцела і набліжалася, .. Пракоп цвёрда парашыў, што немцы адыходзяць. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мане́ра, ‑ы, ж.
1. Спосаб дзеяння, прыём. Тое, што мы завём подзвігам, — для.. [М. Багдановіча] натуральная манера мысліць і жыць. М. Стральцоў. Такая манера запытання па меншай меры сведчыла аб непавазе да асобы войта, і, па-другое, мела ў сабе як бы характар допыту. Колас. // Звычка, прывычка. — Што за манера з госцем праз зачыненыя дзверы размаўляць? Новікаў.
2. Сукупнасць прыёмаў, характэрных рыс творчасці. Пісьменнік [К. Чорны] прынёс у літаратуру свае тэмы, арыгінальную манеру пісьма. Лужанін.
3. толькі мн. (мане́ры, ‑пер). Знешнія формы паводзін, спосаб трымацца. Перада мной сядзеў сімпатычны інтэлігентны чалавек.. Непасрэдныя і сяброўскія манеры гэтага чалавека выклікалі мяне да шчырасці. Карпюк. [Язэп] чалавек спрытны, адзеты на гарадскі лад, манеры ў яго, як у пана. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́на 1, ‑ы, ж.
1. Снарад з выбуховым рэчывам, які закладваецца ў зямлю, пад ваду і інш. Неўзабаве загрымелі выбухі на чыгунцы, запалалі паліцэйскія ўчасткі, пачалі падрывацца на мінах нямецкія машыны. Асіпенка. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ.
2. Снарад для стральбы з мінамёта. Праз хвіліну мінамёт пачаў сыпаць міны на мірныя хаты. Шамякін.
3. Тое, што і тарпеда.
•••
Падлажыць міну гл. падлажыць.
[Фр. mine.]
мі́на 2, ‑ы, ж.
Выраз твару. Хлопцы пераглянуліся і зрабілі сур’ёзныя міны. Гартны. Кандрат так перадражніў Данькаву інтанацыю і міну, што ўсе зарагаталі. Караткевіч.
•••
Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.
Рабіць (строіць) міну гл. рабіць.
[Фр. mine.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
незвыча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вылучаецца сярод іншых; выключны. Незвычайная навіна. Незвычайны чалавек. □ Незвычайная падзея настолькі ўразіла Івана Новіка, што ён і сёння расказвае аб гэтым з радасным здзіўленнем. Дадзіёмаў. // Дзівосны, неверагодны. Гэты невялічкі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. // Вельмі моцны па сіле праяўлення; надзвычайны. Незвычайная краса. □ Кожны прыезд дачкі быў для Аляксандры Пятроўны незвычайным шчасцем. Каршукоў.
2. Не такі, як звычайна, як заўсёды; асаблівы. Сход адбыўся праз два дні. Гэта быў крыху незвычайны сход. Шахавец.
3. Такі, да якога яшчэ не прывыклі; непрывычны. Незвычайныя абставіны. □ [Сык] першы раз завітаў у лес, і ўсё тут яму незвычайнае, невядомае. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нае́зд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. наязджаць (гл. наехаць у 1 знач.). Наезд машыны на чалавека.
2. Прыезд каго‑н. куды‑н. на нейкі час. З сваіх нядоўгіх наездаў у родную вёску я ведаў, што суседзі-гусараўцы жывуць самі сабе, ні багата і ні бедна. Ракітны. // у знач. прысл. нае́здам, нае́здамі. Прыязджаючы зрэдку і ненадоўга. Гаспадаркай.. [пан] цікавіўся мала, жыў у Мінску і бываў у маёнтках толькі наездам. С. Александровіч.
3. Раптоўны набег, напад вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. Кандрат Вус, зачуўшы наезд польскай конніцы, .. кінуўся на задворкі, каб драпануць адтуль у лес. Колас. Не задаволіліся карнікі адным наездам, дзён праз два паведаліся яшчэ раз. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)