адкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуўшы, перамясціць убок, назад, наперад. [Карн] папляваў у далоні, глыбока капнуў рыдлёўкай старое вогнішча, адкінуў зямлю ўбок. Шамякін. // Рэзка, з сілай адштурхнуць, адвесці ад сябе каго‑, што‑н. [Лёдзя] адкінула Яўгенавы рукі, усхапілася і адышла ад акна. Карпаў. / у безас. ужыв. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад. Гамолка. // перан. Вярнуць да пройдзенай стадыі ў развіцці чаго‑н. А вайна ўсё адкінула назад, сям’ю па свеце раскідала. Кавалёў.

2. Атакаваўшы, прымусіць адступіць. Натхнёныя першай удачай, танкісты Анішчанкі кінуліся ў атаку і пасля кароткага жорсткага бою адкінулі ворага. Гурскі.

3. Не прыняць чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. Ці ж кепска ў свой мізэрны бюджэт уключыць рублёў пятнаццаць за скуру ліса.. Хто ж адкіне гэта? Шынклер. [Стафанковіч унуку:] — Я табе прынясу, .. падарую, рабі, што сабе хочаш, такія рэчы, што ніхто не адкіне. Чорны. // перан. Вызваліцца, адмовіцца ад якіх‑н. прывычак, думак, пачуццяў і пад. Хлопцы адкінулі ў адносінах да Маі ранейшае панібрацтва і стараліся быць галантнымі. Карпюк. Перш за ўсё, як зусім Непатрэбную рэч, Жаль, што сэрца сціскаў мне, Адкінуў я прэч. Куляшоў.

4. Адвесці ўбок ці апусціць уніз што‑н., замацаванае адным краем. Хвошч адамкнуў куфэрак, адкінуў вечка і задаволена пацёр твар абедзвюма рукамі. Лупсякоў. // Рэзкім рухам адвярнуць, адагнуць край чаго‑н., што звісае, пакрывае. Адкінуць з грудзей коўдру. □ Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка. // Адвесці назад, убок; закінуць (галаву, руку, нагу). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той тру-гу-гу. Колас.

5. Зменшыць на пэўную колькасць пры адыманні; адняць. Адкінуць сем ад пятнаццаці. // Не прыняць пад увагу пры лічэнні, ацэнцы каго‑, чаго‑н. Улічыць галоўнае, адкінуць выпадковае.

6. Вярнуць чужое (знойдзенае, украдзенае і пад.); падкінуць.

7. безас. Вярнуцца (пра хваробу). Ён быў прастудзіўся, не вылежаў, пайшоў рамантаваць свой грузавік, і яго адкінула зноў. «Работніца і сялянка».

8. Адбіць, стварыць (цень, водсвет і пад.). Электрычнае святло адкінула роўны водсвет на людскія твары. У стэпе, залітым месячным святлом, курган адкінуў густы цень.

•••

Адкінуць хвост (ногі, капыты) — захварэць, памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. — Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. □ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. □ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (рабо́ты, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. □ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. □ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. □ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́чы 1, ‑ага, м.

1. Асоба, якая стварае матэрыяльныя каштоўнасці, працуючы на прамысловым прадпрыемстве: а) у капіталістычным грамадстве — прадстаўнік эксплуатуемага класа, пазбаўлены сродкаў вытворчасці; пралетарый; б) у сацыялістычным грамадстве — працоўны чалавек, што прафесійна займаецца вытворчай працай і належыць да рабочага класа, які з’яўляецца кіруючай сілай дзяржавы і валодае агульнанароднай уласнасцю на сродкі вытворчасці. Дзяржава рабочых і сялян.

2. Той, хто працуе па найму. Міхал — яму [ляснічаму] рабочых ставіў, І сенакосы яго правіў. Колас.

рабо́чы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рабочага ​1, рабочых, належыць ім. Рабочая ўлада. Рабочы рэвалюцыйны рух. □ Ужо камунізм па Еўропе Тады не як прывід блукаў. Ужо з барыкады рабочай Ён свету свой сцяг паказаў. Куляшоў. // Уласцівы рабочаму ​1, такі, як у рабочага ​1. Рабочае жыццё. □ Нават рука .. [Нюры] была моцная, рабочая, з тоўстымі пальцамі і абрэзанымі да жывога пазногцямі. Дамашэвіч. // Які складаецца з рабочых. Рабочы клас. Рабочае асяроддзе. Рабочы калектыў. // Населены рабочымі. Рабочы квартал. Рабочы раён. Рабочы пасёлак.

2. Які жыве з работы сваіх рук, які з’яўляецца рабочым ​1; працоўны. Рабочы чалавек. Рабочы народ. Рабочая моладзь.

3. Які выконвае карысную работу; які выкарыстоўваецца для карыснай работы (пра жывёл). Рабочы конь. Рабочая жывёла.

4. Які робіць карысную работу, карыснае дзеянне (пра механізм, яго часткі). Рабочае кола. □ Кустарэз з актыўным рабочым органам сканструяваны савецкімі інжынерамі ўпершыню ў практыцы сусветнага машынабудавання. «Маладосць». // Звязаны з карыснай работай механізма, яго часткі. Рабочы ход. Рабочы рэжым рухавіка. Рабочы момант.

5. Які мае адносіны да работы (у 1, 2 і 4 знач.). Рабочы стаж. Рабочы настрой. Рабочы шум. // Прызначаны для работы. Рабочы кабінет. Рабочае месца. Рабочая вопратка. □ [Калгасны двор] падзелены на тры асноўныя сектары: складскі, рабочы і жывёлагадоўчы. Брыль. // Неабходны для работы; які ўзнікае ў працэсе работы. Рабочы інструмент. Рабочая гіпотэза. Рабочы праект. □ Аднойчы я ўзяў у рукі .. рабочы план і пажартаваў: — Вера Адамаўна, вы напісалі яго зусім не па форме. Ермаловіч. // Устаноўлены для работы, заняты работай (пра час). Рабочы сезон. □ Вясна, лета — час рабочы: Ары, касі, жні. Купала. Скончыўся рабочы дзень — ля будынка дырэкцыі завода пачуўся свісток, і адначасова загудзеў гудок на заводзе. Пестрак.

•••

Рабочая сіла гл. сіла.

Рабочы дзень гл. дзень.

Рабочы тыдзень гл. тыдзень.

Рабочы факультэт гл. факультэт.

Рабочыя рукі гл. рука.

У рабочым парадку гл. парадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Накіроўваць увагу на якія‑н. гукі, намагацца пачуць што‑н. Слухаць спевы птушак. Слухаць радыё. Слухаць лекцыю. Слухаць казкі. □ І слухаюць вушы гул песень юначых. І цешыцца сэрца з вялікага свята. Купала. Чырвонаармеец становіцца і слухае, потым прыгінаецца і ўглядаецца ў змрок. Чорны. Расказ пра гэтыя мясціны слухаў бы і слухаў я няспынна. А. Вольскі. // Быць слухачом якога‑н. канцэрта, выступлення і пад. Мы з цікавасцю слухалі гарманістаў і спевакоў. Бядуля.

2. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога‑н. унутранага органа. На трэці дзень да нас прыйшоў доктар. Мне ўжо было зусім добра. Ён не столькі слухаў і выстукваў мяне, колькі слухаў дарослых аб маёй хваробе. Грамовіч.

3. Публічна разглядаць (якую‑н. судовую справу). Слухаць справу аб разводзе. // Публічна заслухваць (чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. У камітэце рыхтаваліся слухаць Дывінца. Асіпенка. Дырэктара МТС Крыловіча слухалі на бюро абкома і запісалі вымову. Шамякін.

4. Вывучаць што‑н., наведваючы лекцыі, заняткі. Слухаць курс гісторыі. Слухаць палітэканомію ва універсітэце. □ [Галена:] — І нейкія дысцыпліны ходзіць [Бародзіч] слухаць на медфак. Чорны.

5. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. Візэнер і слухаць не хацеў сваіх калег. Шамякін. // Браць пад увагу чые‑н. словы. [Лютынскі:] Калі слухаць усялякія гаворкі адсталых элементаў, дык мы ніводнага мерапрыемства не правядзём. Крапіва. І хлопцы слухалі.. словы [Арона] і, відаць, згаджаліся з ім. Мурашка. Не слухаеш добрых слоў — паслухаеш ліхога кія. Прыказка.

6. Слухацца каго‑н., выконваць чыю‑н. волю. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося, часам, нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі? Колас. Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю. Гартны. // Паслухмяна дзейнічаць, падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. (пра часткі цела, механізмы і пад.). [Жэнька] хоча падбегчы ды выцяць Падласку дубцом, але ногі не слухаюць. Крапіва.

7. заг. слу́хай(це). Разм. Ужываецца як зваротак у пачатку размовы для таго, каб прыцягнуць увагу. — Слухай, — сказаў.. [Мірон], — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Маўр. [Астап:] — Слухай, ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу. Лынькоў.

8. 1 ас. адз. цяпер. слу́хаю. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое‑н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стыль 1, ‑ю, м.

1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва поўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы. Гатычны стыль. Рамантычны стыль. Стылі ў жывапісе. □ Змрочны, масіўны будынак сельмага ў манументальным стылі мінулых часоў, а цераз вуліцу, у садку, — вясёлы, зграбны ружовы домік з керамічна[й] цэглы — само ўвасабленне лёгкасці, прыгажосць яко[й] адкрыў чалавецтву наш касмічны век. Палтаран. / Пра мэблю, творы прыкладнога мастацтва. Чый гэта голас Кволенькі, Без мужнасці і без веры .. Чуецца з-за шыфаньераў, Са спальняў імпартных, з крэслаў Самага моднага стылю. Кірэенка.

2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога‑н. пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку; сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў. Стыль Коласа. Газетны стыль. Кніжны стыль. Фальклорны стыль. □ Уладзімір Караткевіч вылучаецца не толькі адметнасцю тэматыкі, не толькі асацыятыўным, метафарычным вершам, дасканалыя, амаль іканаграфічным стылем сваіх аповесц[ей], якія хутчэй нагадваюць раманы. «Маладосць». // Сукупнасць асаблівасцей у пабудове сказаў і словаўжыванні, манера выказвання. Чым выклікаліся гэтыя слёзы: ці то стылем пісьма, перасыпаным такімі звонкімі і мудрымі словамі, ці то Мікітаваю здольнасцю пісаць так хораша і складка. Колас. // Пабудова выказвання ў адпаведнасці з нормамі сінтаксісу і словаўжывання. Працаваць над стылем. Памылкі ў стылі.

3. Метад, характар якой‑н. работы, дзейнасці. Ленінскі стыль кіраўніцтва. □ Возьмем, для прыкладу, такое важнае пытанне, як савецкі стыль работы. Яго галоўнымі рысамі з’яўляюцца канкрэтнасць, дзелавітасць, наватарства, пастаянная апора на сучасную навуку і перадавую практыку. Машэраў. // Спосаб выканання, ажыццяўлення чаго‑н., які характарызуецца сукупнасцю пэўных тэхнічных прыёмаў. Плаваць стылем «брас». □ Вось ужо чутна, як лыжы стукаюць аб дарогу. Ідуць двое рознымі стылямі; адзін бяжыць, другі едзе, моцна рыўкамі адштурхоўваючыся палкамі. Размаўляюць. Шамякін.

4. Разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, адзявацца і пад. Маякоўскі нас уразіў .. незабыўнай манерай чытання сваіх вершаў, усім стылем сваіх паводзін на сцэне. Рамановіч. Ліда часамі спрабавала кальнуць яе за такі модны стыль у адзенні, але Кулінка рабіла выгляд, нібы яна не чуе. Ермаловіч.

•••

Вольны стыль — у спартыўных спаборніцтвах — спосаб плавання, які выбіраецца самім плыўцом.

Высокі стыль гл. высокі.

У стылі каго-чаго або у якім стылі — такі або так, як у каго‑н. (пра знешні выгляд, манеры, паводзіны).

[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]

стыль 2, ‑ю, м.

Спосаб летазлічэння.

•••

Новы стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 1582 г.; грыгарыянскі каляндар.

Стары стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 46 г. да н. э. і прынятая ў Расіі да 1917 г.; юліянскі каляндар.

[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. за што. Браць, хапаць рукой (рукамі) каго‑, што‑н. Варанецкі хапаецца за вілы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт апраметных коней. Дуброўскі. Дунаеў учэпіста хапаецца за бервяно, падцягваецца і спрабуе нагой намацаць апору. Шыловіч. // Паспешліва прыкладаць руку (рукі) да чаго‑н., да якога‑н. месца. Мужчыны прысядалі і хапаліся за балючае, рассечанае плёткай месца. Крапіва. Раз-пораз я хапаўся за левую кішэньку, дзе ляжаў партыйны білет — як бы правяраў, ці не згубіў. Сабаленка.

2. за што. Паспешліва брацца за які‑н. інструмент, зброю і пад., каб выконваць адпаведную работу, дзеянне. Аднак усё адно дзяўчаты адставалі, і Максім зноў хапаўся за лапату. Шамякін. Хлопцы разгубіліся. Адны кінуліся ўцякаць. Другія хапаліся за калы. Якімовіч. [Гаспадар:] — Вайна то вайна, але і да вайны такіх гарачых шмат было. А ты раскажы, сумненні развей. За наган хапацца прасцей простага. Асіпенка. // перан. Ахвотна прымаць што‑н., згаджацца з чым‑н., выкарыстоўваць што‑н. Хапацца за новыя ідэі.

3. перан.; за што і з інф. З жаданнем брацца за якую‑н. справу, старацца зрабіць што‑н. — І чаго вам так хапацца за гэту гаспадарку? — пачаў Юрка: — усё ж роўна нас адгэтуль выпруць. Колас. [Пяхота:] — Я хапаюся толькі за зямлю і хачу, каб яна мяне ўзнагародзіла. Пестрак. // з інф. Паспешліва пачынаць рабіць што‑н. Хапацца распрагаць коней. // Старацца рабіць усё без разбору. [Чычын:] — Ён [Чмаруцька] і вёдры ладзіць, і запальнічкі майструе, і за што толькі не хапаецца, але каму патрэбны яго запальнічкі? Лынькоў.

4. Разм. Кляваць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). [Казімір:] — Шчупакі тады на белую блешню добра хапаліся. Савіцкі.

5. Абл. Спяшацца рабіць што‑н. Кожны зручны момант хапаліся з лугу, з поля ў лес і жанкі і мужчыны, працаўнікі, — у лесе цяпер была важная праца. Мележ. Хомка і сам хапаецца, каб не спазніцца. Не рана ўжо... Гарэцкі.

•••

Хапацца за бокі (за жывот) — тое, што і брацца за бокі (за жывот) (гл. брацца).

Хапацца за галаву — праяўляць вялікую заклапочанасць, здзіўленне, глыбокае хваляванне. Некаторыя [выхаванцы] і падурэць любяць, і двойкі атрымліваюць, і часам такія штукі адпальваюць, што выхавацелі за галаву хапаюцца. Рунец.

Хапацца загрудкі (за чубы) — тое, што і брацца загрудкі (за чубы) (гл. брацца).

Хапацца за саломінку — спрабаваць выратаваць сябе ці якую‑н. справу, ускладаючы надзею на сродкі, што дапамагчы не могуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аго́нь, агню, м.

1. Распаленыя газы, якія вылучаюцца пры гарэнні і ярка свецяцца; полымя. Уся станцыя гарэла, і дождж, хоць і быў моцны, аднак не меў сілы заліць гэтае мора агню. Шамякін. Агонь весела пабег ад снапа да снапа, салома затрашчала. Якімовіч.

2. Падпаленая куча дроў, галля, ламачча і пад.; вогнішча. Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь. Лынькоў.

3. Святло ад асвятляльных прыстасаванняў; светлавая кропка. У куткавым пакоі ў Няслаўскіх гарэў агонь, хоць на вуліцы яшчэ добра відно было. Мурашка. У хаце гарбатага краўца Лапінкі снедалі пры агні. Брыль. // перан. Бляск у вачах ад узбуджэння, страсці. Цёмныя вочы Дакутовіча свяціліся такім агнём, што Жэня зразумеў: яго сябра ведае нейкую надзвычайную таямніцу. Шчарбатаў.

4. перан. Палымянасць, жвавасць, душэўны ўздым. Яе, крылатую, цаню, Яна вялікай славы варта, Крыніца творчага агню — Загартаваная ўпартасць. Хведаровіч. Твар.. [Себастыяна] быў халодны. Цеплыня і агонь гарэлі ў ім у глыбіні. Чорны. Навошта кветкі? У сэрцы Без іх агню хапае. Калачынскі. // Пра быстрага і бойкага чалавека. — Слаўная ў Булыгі наймічка, да чаго ж спрытная і ваяўнічая! Агонь! Такой, браце, пальца ў рот не кладзі... — скашу адзін з парабкаў. Бажко. Сумеўся Богут з неспадзевы, Пагладзіў вус, пачухаў скронь — Ого, якія яе [Марыны] спевы! Ох, не кабеціна — агонь! Колас. Як што робіць — агонь, а як што зробіць — у агонь. Прымаўка.

5. Ружэйная, артылерыйская стрэльба. Адкрыць агонь. Весці агонь. Прыцэльны, беспрыцэльны агонь. □ Нашай групе трэба было адцягнуць на сябе агонь праціўніка, пакуль асноўныя часці.. наблізяцца з супрацьлеглага боку і пойдуць па штурм. Карпюк. // Ваенная каманда. — Агонь па ворагу! — камандую я, яшчэ зусім не ведаючы, якое выбраць рашэнне. Якімовіч.

•••

Адамаў агонь — павышэнне тэмпературы ў час хваробы.

Антонаў агонь — заражэнне крыві, гангрэна.

Беглы агонь — часты артылерыйскі агонь, які вядзецца самастойна кожнай гарматай.

Бенгальскі агонь — яркае белае ці каляровае полымя, якое ўтвараецца пры гарэнні спецыяльнага саставу (з берталетавай солі, серы і інш.), а таксама сам феерверачны агонь.

Блукаючыя агні — блакітныя языкі полымя, што паяўляюцца ноччу на балоце ў выніку згарання газу метану, які вылучаецца пры гніенні.

Вечны агонь — агонь, які пастаянна гарыць каля помнікаў, магіл загінуўшых герояў як сімвал бяссмерця іх славы.

Кінжальны агонь — агонь гармат, кулямётаў, які адкрываецца раптоўна на блізкай адлегласці.

Лінія агню — рубеж на пярэднім краі, з якога вядзецца стральба па праціўніку.

Праметэеў агонь — нязгаснае ўнутранае імкненне да дасягнення высокіх мэт, да шчасця ўсіх людзей.

Сустрэчны агонь — агонь, які вядзецца ў адказ на агонь праціўніка.

Шквальны агонь — інтэнсіўны, масіраваны агонь.

Агнём і мячом — з бязлітаснай жорсткасцю.

Агонь яго ведае — невядома.

Баяцца як агню гл. баяцца.

Гарэць (сінім) агнём гл. гарэць.

(Днём) з агнём не знойдзеш гл. знайсці.

Жартаваць (гуляць) з агнём гл. жартаваць.

Жыць як агонь з вадою гл. жыць.

З агню ды ў полымя — з адной непрыемнасці ў другую, яшчэ большую.

(Круціцца) як скурат на агні гл. скурат.

Падліць масла ў агонь гл. падліць.

Пайсці агнём гл. пайсці.

Паміж двух агнёў — пра становішча, калі небяспека пагражае з двух бакоў.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы гл. прайсці.

Пусціць з агнём гл. пусціць.

У агонь і ваду (кінуцца, пайсці) — пра гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля каго‑, чаго‑н.

Як агню ўхапіўшы — вельмі хутка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Абл. Загана, недахоп. А колькі хварэла яна сама — малою і ўжо нават дзеўкаю, калі хвароба лічыцца самаю большаю вадаю для дзеўкі. Дамашэвіч.

вада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. во́ды, ‑аў; ж.

1. Празрыстая бясколерная вадкасць, якая ўтварае рэкі, азёры, моры і з’яўляецца хімічным злучэннем кіслароду і вадароду. У маім уяўленні яшчэ і цяпер жыва ўстае гэты Высокі Бераг над Нёманам, дзе так страшна бушуе вада. Колас. // Водная маса. Аж гудзе параход, налягаючы грудзьмі на глыбокія воды. Лынькоў. // (звычайна з азначэннем). Напітак, тэхнічныя растворы. Газіраваная вада. Мінеральная вада. Вапнавая вада. // толькі мн. (во́ды, ‑аў). Курорт з мінеральнымі крыніцамі. Лячыцца на водах.

2. толькі мн. (во́ды, ‑аў). Водныя прасторы, участкі рэк, азёр, мораў. Тэрытарыяльныя воды. Дзяржаўныя воды. Антарктычныя воды.

3. толькі адз.; перан. Разм. Пра наяўнасць пустога, беззмястоўнага шматслоўя ў дакладзе, лекцыі і пад.

4. Якасць каштоўнага каменя, якая вызначаецца чысцінёй бляску, празрыстасцю.

5. у знач. прысл. вадо́ю. Водным шляхам, па вадзе. Дастаўляць грузы вадою.

6. Паводка, разводдзе. Вялікая вада.

•••

Верхавая вада — вада, якая сцякла ў рэчку пасля дажджу або ўтварылася з расталага снегу.

Жорсткая вада — вада, якая ўтрымлівае шмат кальцыевых і магніевых солей.

Жоўтая вада — хвароба вачэй, пры якой зрэнка набывае жоўты колер.

Мяккая вада — вада, якая ўтрымлівае мала кальцыевых і магніевых солей.

Цёмная вада — слепата, выкліканая атрафіяй зрокавага нерва.

Цяжкая вада — ізатопная разнавіднасць вады, у якой звычайны вадарод часткова або поўнасцю заменены цяжкім вадародам.

Бура ў шклянцы вады гл. бура.

Вада не ўстоіць на кім — пра таго, хто ўмела і хутка ўсё робіць.

Вадой не разліць (не разальеш) каго гл. разліць.

Ваду малоць гл. малоць.

Вады (нікому) не замуціць гл. замуціць.

Віламі па вадзе пісана гл. пісаны.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці сухім з вады гл. выйсці.

Дзесятая вада на кісялі — пра далёкае сваяцтва.

Жывая вада (у казках) — цудадзейная вада, якая вяртае жыццё мёртвым.

Каламуціць (муціць) ваду гл. каламуціць.

Канцы ў ваду гл. канец.

Ліць ваду на млын каго, чый гл. ліць.

Мёртвая вадаа) вада, узровень якой настолькі нізкі, што не можа прывесці ў рух колы млына або іншыя вадзяныя рухавікі; б) у казках — цудадзейная вада, ад апырсквання якой зрастаецца пасечанае на кавалкі цела (ажывае ад апырсквання жывой вадой).

На ваду брахаць гл. брахаць.

Насіць ваду ў рэшаце гл. насіць.

Не з хараства ваду піць гл. піць.

Пасадзіць на хлеб і ваду гл. пасадзіць.

Перабівацца з вады на хлеб гл. перабівацца.

Сплыць вадою гл. сплыць.

Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.

У лыжцы вады ўтапіць гл. утапіць.

Хоць вады напіся гл. напіцца.

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Як вадой змыла гл. змыць.

Як вады ў рот набраць гл. набраць.

Як дзве каплі вады гл. капля.

Як з гусі вада каму — нічога не дзейнічае.

Як камень у ваду гл. камень.

Як пугаю па вадзе гл. пуга.

Як рыба ў вадзе гл. рыба.

Як у вадзе растаць гл. растаць.

Як у ваду глядзеў гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)