Гарабе́й ’верабей’ (Сцяшк. МГ), гарабе́шак ’тс’ (Шатал.). Параўн. таксама формы арабей, верабей (гл.). Формы з пачатковым г‑ (замест в‑; гэтыя апошнія з’яўляюцца зыходнымі, прасл. тыпы можна звесці да *verb‑: *vorb‑ з рознай суфіксацыяй; гл. Трубачоў, Слав. языкозн., V, 177) другаснага паходжання. Яны адлюстроўваюць трактоўку зыходнага пачатковага гука *v‑ (адсюль мена г : в). Можна таксама меркаваць і аб дадатковым моманце: ва ўкр. мове побач з формамі воробе́ць, горобе́ць існуе і гворобе́ць. Гэта можа сведчыць і аб іншай фанетычнай з’яве — устаўцы перад пачатковым в‑ «паразітнага» гука г. Але першы варыянт тлумачэння больш верагодны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ґе́ґа 1 ’крэмень’ (гродз., таксама ў бел. гаворках Польшчы; гл. Лекс. балтызмы, 40–41), ’камень’ (Сцяшк.). Мяркуюць, што гэта магчымае запазычанне (з варыянтам дзе́га) з літ. мовы. Параўн. літ. dẽgti, dẽginti ’паліць’, dẽgas, dẽgalas ’галавешка, кнот’ (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 40–41; Смулкова, Z polsk. stud. slawist., ser. 2, 1963, 215–221). Параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах., 439.
Ґе́ґа 2 ’парода гусей’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. gẽgalas ’нырок’, gẽgė ’зязюлька’. Але, магчыма, і самастойнае ўтварэнне (ад ге́гаць, ґе́ґаць, гл.). Параўн. польск. gęga ’гусь’ (< gęgać ’гегаць’). Гл. Слаўскі, 1, 272.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Няўло́мак ’здаровы чалавек, здаравяк’ (Сл. ЦРБ, Сцяшк. Сл., Юрч. НВС), ’здаровы чалавек, які прыкідваецца слабым’ (Сцяшк.), ’чалавек, які можа што-небудзь зрабіць, але не хоча’ (Нар. сл.), польск. nieułomek ’чалавек без фізічных недахопаў, моцны, вялікі, вялізны’. Магчыма, ад прыметніка няўломкій ’няздольны прывучыцца да працы’, што ў сваю чаргу ад улама́ць ’прывучаць’, параўн.: Скоціна неуломкая, ни якъ уломаць не можно въ сосе (Нас.); другасна збліжаная да уло́мак (уломокъ) ’абломак’ (Нас.), што звязана з уло́маный ’зламаны’, уло́мный ’здольны прывучыцца да працы; які мае фізічны недахоп’; параўн. укр. уломок ’абломак, кавалак; слабы, хваравіты чалавек’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кало́дкі, коло́дкэ і колы́ткы ’скураныя нашыўкі на аброці, навочнікі’ (малар., Нар. словатв.). Здаецца, зыходнай формай можна лічыць колыткы; што датычыць формы колодкэ, тут, відаць, недакладны запіс складанай зах.-палес. фанетыкі. Такое меркаванне даказваецца, галоўным чынам, семантычным паказчыкам, паколькі фармальная сувязь з калода 1 ніяк не пацвярджаецца семантычна. У той жа час і фармальная, і семантычная суаднесенасць з каліта, калітка асобых сумненняў не выклікае, але не вельмі ясна, ці быў тут перанос паводле падабенства, ці толькі рэалізацыя «дыфузнага» тэрміна для падыходзячай рэаліі. Параўн. семантыку слова каліта 1 і наст. (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́рнік 1 ’член карнага атрада, карнай экспедыцыі’ (ТСБМ) — Nomen agentis ад караць (гл.).
Ка́рнік 2 ’спецыяльна абсталяваная частка хлява для захоўвання сена’ (Жыв. сл.), да *кармнік як месца захоўвання кармоў. Выклікае сумненні магчымасць суфіксацыі з дапамогай суфікса ‑ік (< ‑ікъ), які страціў былую прадуктыўнасць. Але трэба ўлічыць верагоднасць формы *кармнік < kъrm‑ьn‑ikъ < kъrmьnъ (‑ьn‑ikъ). Трэба таксама мець на ўвазе паралелізм назваў гаспадарчых пабудоў (кароўнік, курнік і г. д.). Тады ў якасці першаснай формы прымаюцца адносныя прыметнікі на ‑ьnъ (kurьnъ, а ў нашым выпадку kъrmьnъ), да якіх рэгулярна далучаецца суфікс ‑ikъ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́ры 1 ’воз, вялікія калёсы для перавозкі грузаў’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Шатал., КЭС, лаг; Сцяшк., Некр., Сцяшк. МГ, Кліх, З нар. сл.), ’кароткія сані для перавозкі бярвенняў’ (ТСБМ, Янк. Мат., Нар. сл., Жыв. сл., Бяльк., Шатал., КЭС, лаг.). Відавочна, з лацінскай крыніцы (лац. carro ’воз’), але час і напрамак запазычання няясны. Форма Pluralia tantum, магчыма, па аналогіі з калёсы (гл.). Тады кары як назва калёсаў першасная.
Ка́ры 2 ’чорны, цёмны (аб вачах)’, як і ўкр. карий, рус. карий ’тс’, запазычанне з тур. kara ’чорны, цёмны’ (Бернекер, 488, Слаўскі, 2, 91).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касні́к ’істужка’; ’тасёмка’; ’шнурок, сплецены з нітак, якім карысталіся пры красанні агню’, ’наогул вузкія палоскі чаго-н., шматы’ (Сл. паўн.-зах.), ’істужка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. прыклад у Сцяшк.: «У дзяўчынкі прыгожы каснік у касе». Не цяжка схіліцца да думкі, што гэта слав. слова *kosьnikъ (да *kosa ’валасы’, *kosьnikъ ’істужка для кос’). Але сітуацыя тут зусім іншая. Бел. каснік запазычана з літ. мовы (гл. Сл. паўн.-зах., 2, 433): параўн. літ. kasnỹkas ’тс’. Гэта вытворнае на літ. глебе ад літ. kasà ’каса, валоссе’ (падрабязна гл. у Фрэнкеля, 1, 226) па мадэлях літ. словаўтварэння.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Катля́р ’меднік’ (Касп., Нас.). Вядома ва ўсіх слав. мовах са значэннем ’меднік, лудзільшчык, кацельшчык і да т. п’. Параўн. рус. котляр, укр. котляр, кітляр, чэш. kotlár, славац. kotlär, в.-луж. kótlar, н.-луж. kótlar, польск. kotlarz, серб.-харв. кдтлар, котлдр, макед. котлар, балг. котлар. Трубачоў (Эт. сл., 11, 215–216) лічыць, што гэтыя словы працягваюць прасл. *kotblʼarъ ’тс’ (утварэнне суфіксам ‑arь ад *kotbfe ’кацёл’, запазычанага з герм. моў). Магчыма, што гэта так. Але Трубачоў не выключае і іншае тлумачэнне:⇉прасл. *kotbUarъ поўнасцю ўзята з герм. *katilarja‑ ’тс’ (разам з суфіксальнай часткай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́федра ’ўзвышэнне, памост для лектара або прамоўцы’; ’аб’яднанне выкладчыкаў і навуковых работнікаў адной або некалькіх блізкіх навуковых дысцыплін у вышэйшай навучальнай установе’; ’пасада епіскапа, які кіруе епархіяй (першапачаткова — крэсла ў царкве для епіскапа)’ (ТСБМ). У царкоўным значэнні гэта запазычанне, як мяркуе Шанскі, 2, К, 100–101, з с.-грэч. і ў форме катедра ўпершыню адзначаецца ў Бярынды. Але форма катедра адлюстроўвае, хутчэй, лац. форму cathedra (< грэч.). Параўн. адносна ўплыву на націск слова лац. мовы (ка́федра замест старога кафе́дра) Фасмер, 2, 212. Сучасныя формы слова сустракаюцца з 1686 г. (ка́федра). Гл. Шанскі, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кацу́ба ’качарга’ (Сцяшк. МГ), кацу́ба ’кій з загнутай ручкай’ (Сл. паўн.-зах.), кацюба ’качарга’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. польск. kociuba ’тс’, укр. коцюба. Слаўскі (2, 318–319) рашуча сцвярджае, што геаграфія слова указвае на запазычанне польск. лексемы з укр. мовы (< коцюба), а не наадварот (Брукнер, 242, Бернекер, 536 і інш. меркавалі, што для ўкр. слова крыніцай была польск. мова). Зыходным з’яўляецца тур. kösübe, утворанае ад асновы köse- ’шураваць у печы; у вогнішчы’. Былі таксама спробы выводзіць слова кацу́ба з еўрапейскіх моў (ням.), але беспадстаўна. Бел. кацу́ба (з такім націскам) узята, відаць, непасрэдна з польск.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)