няво́льнік, ‑а, м.

1. Раб, прыгонны. [Музыкант] слухаў расказы аб [радзіме] ад свайго дзеда, некалі вывезенага сюды на караблі нявольнікаў. Лынькоў. Рукамі нявольнікаў насыпаны .. высокі вал, выкананы глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч.

2. Зняволены. І раптам Ліда Сцяпанаўна зразумела: гоняць [арыштаваных] да супрацьтанкавага рова.. Яна аглянулася, ці няма якой магчымасці ўцячы, але немцы шчыльным ланцугом абкружылі групу нявольнікаў. Шчарбатаў.

3. перан.; чаго. Чалавек, які знаходзіцца пад уплывам, уладаю чаго‑н. Нявольнік сваіх пачуццяў. □ Чалавек — не нявольнік прыроды, а яе гаспадар, правільней, старэйшы брат, які бязмежна яе любіць і якому яна аддае ўсё, што можа, са сваіх багаццяў. Клімковіч. Са светлай радасцю і з незразумелай трывогай я ўбачыў, што раблюся нявольнікам гэтай чароўнай паненкі. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Павольна, не спяшаючы гуляць, хадзіць для адпачынку, забавы. — Глядзі ж ты, Матрона, не вельмі па вуліцах вечарамі разгульвай, — сказаў, прыпыніўшыся, Іван. Колас. Бачыцца Валянціне, быццам маці бяжыць з-за пагорка, махае рукою, здалёк крычыць, каб не разгульвала, не распявала тут на ўлонні, а брала кошык ды ў лес — па грыбы, ягады. Мыслівец. // Перамяшчацца свабодна, у любым напрамку. Цёмнарусы Кастусь, якому зараз, са студзеня месяца, ішоў дваццаць шосты год, мог спакойна разгульваць пад носам у самых спрытных жандараў. Якімовіч. / Пра з’явы прыроды. Па вуліцах горада разгульвалі вятры, прыносячы з сабою дзівосныя пахі квітнеючых садоў. Гурскі. // Свабодна дзейнічаць, займацца разгулам і разбоем. Петрусю давялося некалькі разоў выязджаць у начныя засады, дзе разгульвалі бандыты. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супярэ́чнасць, ‑і, ж.

1. Становішча, пры якім адно (выказванне, думка, учынак) выключае іншае, не сумяшчальнае, не ўзгодненае з ім. Прагараваўшы ўсю ноч у роздумах і душэўных супярэчнасцях, хлопец заснуў толькі пад раніцу і прачнуўся позна. Кулакоўскі. Усё, чым .. [Васіль] жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Мележ. // Неадпаведнасць, няўзгодненасць. [Паддубны] разважае аб тым, што супярэчнасць паміж розумам і пачуццямі трэба вырашаць шляхам свядомага іх спалучэння. Хромчанка.

2. звычайна мн. (супярэ́чнасці, ‑ей). У філасофіі — адносіны процілегласцей, уласцівых прадметам і з’явам прыроды і грамадства. Класавыя супярэчнасці. Унутраныя супярэчнасці. □ Першая сусветная вайна вельмі абвастрыла і выявіла найглыбейшыя супярэчнасці капіталістычнай сістэмы. «Звязда».

3. Выказванне або ўчынак, накіраваныя супраць каго‑, чаго‑н.; супярэчанне, пярэчанне. Нарэшце ў ім [Максіме] ўзяло верх простае пачуццё супярэчнасці. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цар, ‑а, м.

1. Тытул манарха ў Расіі, Балгарыі і Сербіі. // Асоба, якая мае гэты тытул. Цар Іван Грозны. Цар Пётр І.

2. перан.; каго-чаго або які. Той, хто ўзвышаецца над усімі сабе падобнымі ў якіх‑н. адносінах. Чалавек — цар прыроды. Леў — цар звяроў. □ [Тайдо і Кос] ведалі, што гэта ёсць гняздо птушынага цара, — кондара. Маўр.

3. У спалучэнні з іншымі назоўнікамі характарызуе іх як штосьці незвычайнае сярод сабе падобных. Цар-гармата. Цар-звон. Царголад. Цар-баба. Кедр — цар-дрэва. □ — Такая гордая і паважная [Таня], што, здаецца, і прыступу да яе няма. Цар-дзеўка, ды і годзе! Машара.

•••

Без цара ў галаве — пра неразумнага, дурнаватага чалавека.

За царом Гарохам — вельмі даўно, не за нашай памяццю.

[Ад лац. caesar.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дух, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Псіхічныя здольнасці; свядомасць. У здаровым целе здаровы дух. □ На спатканне песням волі Дух мой рвецца і ляціць. Колас. // У матэрыялістычнай філасофіі — свядомасць як асобая ўласцівасць высокаарганізаванай матэрыі. Маркс і Энгельс, утрымаўшы думку Гегеля аб вечным працэсе развіцця, адкінулі прадузяты ідэалістычны погляд; звярнуўшыся да жыцця, яны ўбачылі, што не развіццё духу тлумачыць развіццё прыроды, а наадварот — дух трэба растлумачыць з прыроды, матэрыі... Ленін. // У ідэалістычнай філасофіі — нематэрыяльная першааснова ўсіх рэчаў і з’яў. // Па рэлігійных поглядах — бессмяротная нематэрыяльная, боская першааснова ў чалавеку; тое, што і душа. Дух у забойцы — чорная сажа... Колас.

2. ‑у. Унутраны стан, настрой, маральная сіла чалавека ці калектыву. Дух войска. Упадак духу. Пад’ём духу. □ Як ні шкадаваў дзед стрэльбу, але каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кінуўся ў рогат. Лынькоў.

3. ‑у. Характэрныя ўласцівасці, сутнасць, унутраны сэнс чаго‑н. Дух закону. Дух новага жыцця. // чаго або які. Настрой, тое, што вызначае склад думак, паводзіны. Ваяўнічы дух. Дух супярэчнасцей.

4. ‑а. У міфалагічных і рэлігійных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота, якая прымае ўдзел у жыцці прыроды і чалавека. Добры дух. □ Я верую ў духа, З якога дапамогай Намераў гэтак многа. Крапіва. Вольны я, бы дух палёў. Колас.

5. ‑у, Разм. Дыханне. Перавесці дух. □ «Валодзя-а-а!».. — крыкнуў я з вярбы, але вецер забіў мне дух. Бажко.

6. ‑у. Разм. Паветра. Праколаная камера спускала дух. Ермаловіч. // Гарачае паветра або пара (у печы, у лазні). Паставіць гаршчок у дух. Даць больш духу.

7. ‑у. Разм. Пах. [Капусту] засыплюць соллю з чорным кмінам І зоркамі чырвонай смачнай морквы, Там-сям антонаўку для духу кінуць. Караткевіч. [Клопікаў] старанна выпрасаваў свае лепшыя уборы і, каб перабіць моцны нафталінавы дух ад іх, спляжыў на с[урдут] цэлую бутэлечку адэкалону. Лынькоў.

8. у знач. прысл. ду́хам. Разм. Хутка, мігам. Марцін на двор імчыцца духам І зараз зноў сюды ідзе. Колас.

•••

Адным духам — тое, што і адным дыхам (гл. дых).

Выматаць духі гл. выматаць.

Дух вон з каго — раптоўна памёр.

Дух заняло (захапіла) гл. заняць.

Дух заняўся — стала цяжка дыхаць.

Духу баяцца гл. баяцца.

Заняпасці духам гл. заняпасці.

Затаіць дух гл. затаіць.

Злы (нячысты) дух — чорт, нячысцік, д’ябал.

Каб і духу (твайго, яго, яе) не было дзе гл. быць.

Набрацца духу гл. набрацца.

Падаць духам гл. падаць.

Перавесці дух гл. перавесці.

Святы дух — паводле хрысціянскага веравучэння, адна з асоб святой тройцы.

Святым духам — невядома чым, нічым (жыць, існаваць).

Што (колькі) ёсць духу — а) вельмі хутка (бегчы, ехаць і пад.); б) вельмі моцна (крычаць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зліць, злію, зліеш, зліе; зліём, зліяце і салью, сальеш, салье; сальём, сальяце; заг. злі; зак., што.

1. Выліць якую‑н. вадкасць з розных пасудзін у адну. У мароз нафта гусцее і становіцца як павідла. Для таго, каб зліць яе з цыстэрн[аў] у рэзервуары, неабходна пара. Лукша.

2. Выліць, пераліць што‑н. куды‑н. Зліць тлушч у банку. // Выліць ваду ці іншую вадкасць, аддзяліўшы ад чаго‑н. Зліць ваду са зваранай бульбы.

3. перан. Злучыць з чым‑н., аб’яднаць у адно цэлае. Вясною трактар перавярнуў многа меж[аў], зліў у адзін гладкі масіў палоскі. Кулакоўскі. // Непадзельна звязаць, злучыць паміж сабою адно з другім. Я рос сярод красы прыроды, Душу сваю з прыродай зліў. Журба.

4. Заліць усю паверхню вадкасцю. Зліць падлогу вадой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паэ́зія, ‑і, ж.

1. Мастацкая, пераважна вершаваная, творчасць. Асветленая і сагрэтая полымем рэвалюцыі 1905–1907 гадоў, паэзія Янкі Купалы стала голасам беларускага народа. Палітыка.

2. Творы, напісаныя вершаванай мовай; проціл. проза. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам, хіба толькі аматары паэзіі ўспомнілі невялікую кніжку ў блакітнай вокладцы — першы яго зборнік. Хадкевіч. [Сцёпка:] — І адкуль ты ўзяў, што я паэзіі не люблю? Сапраўдную паэзію ўсе любяць. Колас. // Сукупнасць вершаваных твораў якога‑н. народа, эпохі і пад. Пралетарская паэзія. Рамантычная паэзія.

3. перан. Што‑н. прыгожае, велічнае, узвышанае, што хвалюе, уздзейнічае на пачуцці. Паэзія прыроды. Паэзія працы. □ І гэты ясны дзень, і гэтыя краявіды, поўныя паэзіі, і гэтыя весткі аб новым месцы, сабраныя ў дарозе, — усё гэта памацняла той добры настрой, у якім пад’язджаў Лабановіч да Пінска. Колас.

[Грэч. póiēsis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. соп, сапла, ‑ло; незак.

1. Цяжка дыхаючы, пераважна носам, утвараць гукі з прысвістам. [Пракоп] моцна соп носам, аддаючыся сузіранню свайго жыцця. Колас. Ціха сапуць, сплючы, дзеці, і рэдка-рэдка ціхенька сакатне пад печчу курачка, паварушыцца там і змоўкне. Гарэцкі. Іван сапе, чырванее і, злаўчыўшыся, дае па шапцы Ваську. Лынькоў. / Разм. Пра з’явы прыроды. Рака па скалах хвалямі грукоча, Узмыленая, ярасна сапе. Панчанка. Калядная ночка ўвесь свет пакрывае, Па белай ад снегу зямельцы снуе; Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст еіхраў спакойна заснуць не дае. Купала. // перан. Працуючы, пыхкаць, утвараць гукі з прысвістам (пра машыны, механізмы і пад.). Цягнік пыхкае параю і сапе. Скрыган. Сапуць мяхі ля горна. Зарыцкі.

2. Разм. Дзьмуць у што‑н. (звычайна пра дудку, жалейку). Сапці ў дудку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

Дайсці да крайняй ступені праяўлення чаго‑н., раз’юшыцца. Дзед Нупрэй так усхадзіўся з нажом, што нечакана аж перарэзаў грабільна і, плюнуўшы злосна, кінуў яго за плот. Лынькоў. — Гэта ж пяць вёрст да тае школы, а зімою без ботаў і кажуха хлопец замерзне. А дзе я іх вазьму яму? — усхадзілася бабка. Каліна. У засценку ўсхадзіліся пеўні, спявалі без пары, — напэўна, на перамену надвор’я. Чарнышэвіч. // Пачаць дурэць, сваволіць. Усхадзіліся дзеці — не суняць. // Пачаць бушаваць, разбушавацца (пра з’явы прыроды). Усхадзіўся вецер. □ Усхадзіўся лес шумлівы, — Вые воўк. Конь спаткнуўся палахлівы. Стой, яздок! Чарот. [Дзяўчына:] — Мароз страшэнны, завіруха ўсхадзілася такая, што, здаецца, машыну перакуліць. Марціновіч. // Абвастрыцца (пра хваробы). Калі ўсходзіцца радыкуліт, можна грэлку прыкласці. Гроднеў. Той дзень.. [жанчына] ледзь дабыла да вечара — усхадзіўся жывот, ламала паясніцу, паднялася гарачка. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́цца, бяру́ся, бярэ́шся, бярэ́цца; бяро́мся, бераце́ся, бяру́цца; бяры́ся; незак.

1. за каго-што. Хапацца рукамі за які-н. прадмет або за каго-н.

Б. за рукі.

2. за што. Пачынаць работу, якую-н. дзейнасць прыладай працы, зброяй.

Б. за граблі.

3. за што. Прыступаць да якой-н. справы, распачынаць дзейнасць.

Б. за вучобу.

4. за каго-што. Прымаць меры ўздзеяння ў адносінах да каго-, чаго-н. (разм.).

Б. за парушальнікаў працоўнай дысцыпліны.

Б. за дысцыпліну.

5. з інф. Прымаць на сябе абавязацельствы выканаць што-н.

Б. адрамантаваць жняярку.

6. Пачынацца, наставаць (пра з’явы прыроды).

Бярэцца на мароз.

7. Лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу).

Шчупак на хлеб не бярэцца.

8. Ліпнуць, прыставаць да каго-, чаго-н.

Гразь бярэцца за боты.

9. Расці, набірацца сілы (разм.).

Нядаўна палолі, а пустазелле зноў бярэцца.

Брацца за гуж (разм.) — пачынаць якую-н. сур’ёзную справу.

Брацца за розум (разм.) — рабіцца разважлівым, станавіцца на правільны шлях.

Брацца ў рожкі (разм.) — выяўляючы сваю самастойнасць, задзірацца, спрачацца.

|| зак. узя́цца, вазьму́ся, во́зьмешся, во́зьмецца; во́зьмемся, во́зьмецеся, во́зьмуцца; узя́ўся, узяла́ся, -ло́ся, -лі́ся; вазьмі́ся.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)