пані́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Схілены, прыгнуты. Высокія травы, звялыя і паніклыя ўдзень ад гарачыні, цяпер узнімаліся ў вільготным дыханні.. зямлі. Самуйлёнак. Спякота... І пад сонцам залатым Паніклыя, задумлівыя лозы Яшчэ ніжэй прыпалі да вады. Чарняўскі.

2. перан. Прыгнечаны, засмучаны; разбіты духоўна. Адчуў бяду. Стаяў паніклы: Даруе мілая ці не? Бялевіч. Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.

3. Абл. Падслепаваты. Пасля таго як Шэмета не ўзялі на вайну, Халуста інакш не зваў яго, як паніклы або сляпы чорт. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плётка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Раменны, вяровачны і пад. бізун. Плёткамі пасечанае цела, Да плячэй кашуля прыкіпела, Ды жывы Данілка. Бялевіч.

плётка 2, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Неправераная або ілжывая чутка, якая перадаецца з вуснаў у вусны і звычайна шкодзіць чыёй‑н. рэпутацыі. Той такую плётку прынёс, той гэткую. Так і малолі языкамі да самага полудня. Карпюк. Пушчаная злым языком плётка, што хадакоў затрымалі за зладзейства і пасадзілі ў астрог, хутка развеялася. Пальчэўскі.

•••

Бабскія плёткі (казкі) — беспадстаўныя чуткі, нагаворы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́ха, ‑а, н.

1. Адбіццё гукавога сігналу ці радыёімпульсу ад пэўнай перашкоды. Некалькі разоў [сябры] гукнулі разам і слухалі, як разлягалася рэха. Колас. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч.

2. перан.; чаго. Водгалас, водгук. Рэха «Дудкі» кацілася па шырокіх абшарах беларускай, зямлі, яно абуджала народ ад векавечнага сну, уздымала на барацьбу за шчасце і права «людзьмі звацца». С. Александровіч. [Песня] сцвярджае народнасць героя, з’яўляючыся народным рэхам тых ідэй, якія сеяў у масах Каліноўскі. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыя́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны выключна для каго‑, чаго‑н., які мае асобае прызначэнне; асобы. Спецыяльны рэйс. Спецыяльнае заданне. □ Спецыяльнымі машынамі хмызнякі калгаснікі рэжуць. Бялевіч. Ён [Хама] сябрука свайго Кузьму ўласна сам вязе ў сталіцу, у спецыяльную бальніцу. Корбан. Спецыяльная кухарка гатавала .. [катам] ежу. Бядуля. У .. [Міхала] не было спецыяльных дзён, калі ён як дэпутат прымаў бы наведвальнікаў. Карпаў.

2. Які мае адносіны да якой‑н. галіны навукі, тэхнікі, мастацтва. Спецыяльная тэрміналогія. Спецыяльная адукацыя. // Які патрабуе прафесійных ведаў у якой‑н. галіне. Гэтае пытанне вельмі спецыяльнае.

•••

Спецыяльны карэспандэнт гл. карэспандэнт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чок, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння рэзкага, адрывістага гуку, які ўтвараецца пры ўдары аб што‑н. шкляное, металічнае, пры хадзьбе па бруку і пад. [Порхаўка:] — Гарэлачка заўсёды была халодненькай... Буль — буль — буль... На келіхах слязінкі... Чок!.. Люблю гэты звон!.. Гурскі. А друг? Як іскра, выбег ён: Вядзе гамонку з цеслярамі, Яны на зрубе тапарамі: Чок, чок. Прыемны мяккі звон. Бялевіч.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. чокаць ​1 — чокнуць. — Я б яго — чок! — шчоўкнуў языком Сцёпка і прыжмурыў вока, нібы цэліўся з нагана. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць рэзкія, адрывістыя гукі пры ўдары аб што‑н. шкляное, металічнае, пры хадзьбе па бруку і пад. Чуваць, як чокаюць абцасы, Нібы ходзікі, І танга плаўнае кранае слых. Чарняўскі. На яліне крывой дзяцел стукаў яму. Па суку дзюбай цвёрдаю чокаў: — Падымайся, салдат! Не ўцякаеш чаму? Бялевіч.

2. Абзывацца гукамі, падобнымі на «чок-чок» (пра некаторых птушак і жывёл). Чокае вавёрка на суку.

чо́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спец. Вымаўляць гук «ч» на месцы гука «ц».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́ддаль,

1. прысл. На некаторай адлегласці. Крыху воддаль працавала група моладзі. Шамякін. Падыходзім да прыгожага вялікага дома, які стаіць воддаль ад вёскі. Бялевіч.

2. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, пункта і пад., у адносінах да якога вызначаецца месца знаходжання, становішча каго‑, чаго‑н. А воддаль зямлянкі, акопы і дзоты. Тырчаць кулямёты, зеніткі стаяць. Машара.

3. у знач. наз. во́ддаль, ‑і, ж. Далечыня, далеч. Адны з галасоў гучалі слабей, прыглушаныя воддаллю, другія, бліжэйшыя, усё мацней і выразней. В. Вольскі. Скрытыя воддаллю рысы твару несупынна мяняліся, прымаючы разнастайныя міны. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Перастаць грукаць. Пройдзе час, адгрукаюць гарматы, Змоўкнуць стрэлы, Знікнуць хмары дыму. Броўка.

2. перан.; што. Пабудаваць, адбудаваць або зрабіць што‑н. вялікае, значнае. — Заходзьце, сядайце за стол, цесляры, — Адгрукалі хату на славу. Бялевіч.

3. што. Адскакаць, станцаваць. Відаць, такі ўжо клімат тут [на курорце] гаючы, што нават самавітыя дзядзькі і цёткі, забыўшыся пра свае радыкуліты, прастрэлы і рэўматычныя ламоты, адгрукаюць вам «Польку-Янку» ці «Лявоніху». Вірня.

4. перан.; што. Працуючы, выконваючы абавязак, адбыць, адслужыць нейкі час. [Юнак:] — Два гады ў аўтароце разам адгрукалі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адплаці́цца, ‑плачуся, ‑плацішся, ‑плаціцца; зак.

1. Разм. Заплаціць належнае за працу, доўг; разлічыцца. [Каменка:] — Баяцца [сяляне], што як дадуць рамантаваць рабочым [інвентар], дык не адплацяцца потым. Галавач. [Марына:] — Возім пану — нельга адплаціцца. Хоць ідзі ўжо з торбай за парог. Бялевіч. // Аддзякаваць за клопат, дбанне. І ўсё шчыра табе [хлеб] паслугоўвалі так, Каб на воку нас, бедных, ты меў... А ты што нам зрабіў, адплаціўся ты як? Купала.

2. перан. Панесці якое‑н. пакаранне за свае ўчынкі, дзеянні. [Рыгор:] — Разбурыла паліцыя і забастовачны камітэт і арганізацыйны камітэт.. Колькі было арыштаў ды высылак! Яшчэ, можна сказаць, я лёгка адплаціўся. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ако́ліца, ‑ы, ж.

1. Тое, што і ваколіца (у 2 знач.). А стаў Андрэйка першым старшынёй Найпершага ў аколіцы калгаса. З. Астапенка. Аколіцу абляцела вестка, што заўтра ля каменя будзе вялікі фэст. Пестрак. Чуў ты гоман мінскіх аколіц заводскіх? Таўбін.

2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Доўга стаіць, прыслухоўваецца [Яўтух] да шорахаў у садку, да рокату трактара ў полі, да вясёлых песень дзяўчат за аколіцай. Бялевіч. Гэй, пайду ж я па вуліцы У тое поле за аколіцу. Багдановіч. За аколіцай ходзяць дзяўчаты, і гукаюць красуню-вясну. Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)