папулярызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
1. Зрабіць (рабіць) папулярным, даступным што‑н. Папулярызаваць навуковыя вывады.
2. Зрабіць (рабіць) шырока вядомым, распаўсюджаным. Папулярызаваць новы метад. □ Савецкія людзі, дасягнуўшы новага поспеху, імкнуцца папулярызаваць перадавы вопыт, зрабіць яго здабыткам народа. «Беларусь». Слоўнік Вярынды прызначаўся папулярызаваць царкоўнаславянскую мову, занядбаную і незразумелую тагачаснаму насельніцтву Украіны і Беларусі. Шакун.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакана́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пераканаць (у 1 знач.) і стан паводле знач. дзеясл. пераканацца.
2. Цвёрды, непахісны погляд, упэўненасць. Адно толькі ведае.. [Кастусь] — усім сэрцам і душою будзе заўсёды служыць прыгнечанаму селяніну, роднай Беларусі. Гэта было глыбокае і непахіснае перакананне... С. Александровіч. Прамова .. [Мікітава] была не зусім гладкая, але ён гаварыў шчыра, з перакананнем. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыво́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які шырока, вольна раскінуўся (пра мясцовасць, прастору і пад.). Ёсць штось незвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасвецкіх шляхах Беларусі. Колас. Прывольная, цёмная пушча: Вялізныя ліпы, дубы, Асінніка, ельніка гушча, Між хвоі апаўшай грыбы. Багдановіч.
2. перан. Вольны, нічым не абмежаваны (пра ўмовы жыцця). Раслінны свет быў багаты, корму для .. [зуброў] хапала, жыццё было прывольнае. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слабада́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Гіст. Пасёлак або гарадскі квартал у Расіі, на Беларусі і Украіне ў 11–18 стст., жыхары якога не былі прыгопнымі або часова вызваляліся ад падаткаў і іншых павіннасцей.
2. Вялікае гандлёвае ці прамысловае сяло, пасёлак. // Адасобленая частка вялікага сяла. Вёска ў дзве слабады.
3. Уст. Пасёлак каля горада; прыгарад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.
Прэснаводная рыба сямейства ласасёвых з чырвонымі і чорнымі плямамі, якая водзіцца пераважна ў горных рэчках і азёрах; фарэль. З абрыву крутога Спускаўся [мядзведзь] к вірам, Дзе разгульвае стронга. Калачынскі. [Міша:] — Сямёнаў-Цян-Шанскі адзначае, што ў Беларусі толькі на Навагрудчыне ды на Мінскім узвышшы ў крынічных рачулках захавалася стронга. Ёй патрэбна ледзяная вада. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сэцэ́сія, ‑і, ж.
1. У Старажытным Рыме — дэманстрацыйны выхад плебеяў за рысу горада, што з’яўлялася своеасаблівай формай іх барацьбы з патрыцыямі. // Раскол у якой‑н. арганізацыі.
2. Назва антыпартыйнай нацыяналістычнай групоўкі, якая ўтварылася ў снежні 1924 года ў Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Тады Гурын арганізоўвае раскол партыі (так званую сэцэсію) і абвяшчае сябе кіраўніком адколатай групы. Машара.
[Лац. secessio — пакідаць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпіна́т, ‑у, М ‑наце, м.
1. Травяністая расліна сямейства лебядовых, маладое сакавітае лісце якой ідзе ў ежу. Амаль 50 тыс. га займаюць у БССР разнастайныя гароднінныя культуры: ад капусты і памідораў да баклажанаў і шпінату. Прырода Беларусі.
2. Прыправа або ежа, прыгатаваныя з лісцяў гэтай расліны. Там давалі толькі шпінат, Без заправы, Без грама солі... Аўрамчык.
[Ням. Spinat.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пан, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.
1. У старой Чэхіі, Польшчы, Літве, дарэвалюцыйнай Беларусі і Украіне: заможны феадал, буйны землеўласнік (памешчык, дваранін і пад.), а таксама зварот да яго.
Жыць як пан або панам (перан.: жыць у багацці і раскошы; разм.).
2. Пра чалавека, які ўхіляецца ад працы сам і мае моду перакладваць работу на іншых (разм.).
Сядзець як пан або панам (перан.: гультаяваць, нічога не рабіць; разм.).
3. Форма ветлівага звароту да мужчын у Польшчы, Чэхіі і інш. краінах (дадаецца да прозвішча, імя, службовага тытула і пад.).
Паважаныя дамы і паны!
|| ж. па́ні, нескл.
|| прым. па́нскі, -ая, -ае.
П. двор.
Панскія замашкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Апікула́т ’скупы’ (Касп.). Ад лац. opitulatus ’дапамагаючы’ (аб тым, што слова было вядома ў Беларусі, сведчыць наяўнасць іншага аддзеяслоўнага імені ад гэтага дзеяслова оріtularium у старабеларускай актавай мове (Гарб.). Літ. apìkula ’лянівыя’ магло аказаць уплыў на паяўленне ‑к‑, супраць чаго, аднак, семантыка; субстытуцыя к замест т магла адбывацца ў выніку дысіміляцыі і без такога ўплыву. Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Навы́дла ’падобна, накшталт’ (Гарэц.), параўн. рус. смал. наудла ’тс’: Рыба наудла змеи (СРНГ). Няясна, другая частка слова вельмі падобна да заканчэння слова наводле ’па’ (гл.), якое ўтворана пры дапамозе прыназоўніка на- і -водле, што ўзыходзіць да агульнаслав. vodle/vodli (< i‑dьl‑/‑dьlg‑), гл. доўгі (ESSJ SG, 2, 203, 265); тады на + (в)одле з фанетычнымі пераўтварэннямі, характэрнымі для гаворак усходу Беларусі. Параўн. навідлуг.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)