расчыні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Адчыніць што‑н. зачыненае, зрабіць даступным унутранасць чаго‑н. Расчыніць хату. □ Сцёпка паважна расчыніў чамадан і выняў адтуль вялікую суконную хустку — гасцінец для маткі. Колас. // Адчыніць, расхінуць (створкі, дзверцы і пад.). Расчыніць вароты. □ Гарачыня прымусіла расчыніць вокны і дзверы. Чарот. Як толькі шафёр расчыніў пярэднія дзверы, людзі .. адзін за адным спакойна заходзілі ў аўтобус. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Крыху, злёгку закруціцца; закруціцца тужэй. Гайка падкруцілася.

2. перан. Разм. Трапіць, папасціся. [Сцяпан:] — Зараз па вёсцы еду — на клячы абагнаць можна, і ўвесь час нагу над тормазам напагатове трымаю, каб хаця якая жыўнасць пад кола не падкруцілася. Краўчанка. // Нечакана з’явіцца дзе‑н. Немаведама як толькі Ліпачка падкруцілася ў дзядзькаву хату. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. падсох, ‑ла; зак.

Злёгку высахнуць, стаць больш сухім. Як толькі падсохла сырая зямля, Брыгада лён сеяць У поле пайшла. Танк. / у безас. ужыв. Дзень быў ясны, цёплы. Нават на цельшынскай вуліцы падсохла. Колас. // Засохнуць часткова. Мы ў горадзе — пара сасонак, апавітых дымком пры мурах... Нам расці б... Ды над шапкай зялёнай верхавінка падсохла, як шпіль. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Выказаць або займець якое‑н. жаданне; захацець. [Манг] быў вольны, ён мог адлучацца, калі захоча, ехаць, куды пажадае! Маўр. [Міхась:] — Чалавек можа дабіцца вельмі многага. Варта яму толькі моцна пажадаць... Краўчанка.

2. чаго, каму і без дап. Выказаць пажаданне. [Стары] урачыста пажадаў сыну з нявесткай добрага здароўя. Брыль. На развітанне жанчына ад душы пажадала: — Спакойнай ночы! Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажы́так, ‑тку, м.

1. гл. пажыткі.

2. Здабыча, пажыва. [Адам:] — Сюды, проста на кашару, і перліся, нячысцікі. Мабыць, [ваўкі] нюхам вынюхалі, што тут пажытак добры. Сабаленка. // толькі адз.; перан. Тое, што дае матэрыял для думак, размоў і пад. Пажытак для роздуму. □ Стылізаваныя пад фальклор вершы Чачота былі спробай даць селяніну духоўны пажытак, блізкі і зразумелы яму, навучыць яго жыць лепш, багацей. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пало́мніцтва, ‑а, н.

1. Вандраванне, падарожжа веруючых розных рэлігій для пакланення так званым святым месцам.

2. перан. Разм. Падарожжа куды‑н. шматлікіх паклоннікаў каго‑, чаго‑н.; наведванне каго‑, чаго‑н. вялікай колькасцю наведвальнікаў. Археолагі многіх краін рабілі сапраўдныя паломніцтвы, каб толькі паглядзець на адзін з самых старажытных помнікаў чалавечай культуры. Матрунёнак. І вось з самай раніцы ў штаб злучэння пачалося літаральна паломніцтва. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нетрыва́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае надзейнай моцы, якасці, хутка разбураецца. Нетрывалы падмурак. Нетрывалая драўніна. □ Грунт аказаўся нетрывалы не толькі ў простым, але і ў пераносным сэнсе. Арабей. Невялікі вецер лёгка разносіў салому, а моцныя віхуры часта зусім разбуралі нетрывалую страху. В. Вольскі.

2. перан. Няўстойлівы, ненадзейны, хісткі. Нетрывалае становішча. Нетрывалыя веды. Нетрывалае шчасце. □ Сон.. [жанок] быў трапяткі, нетрывалы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак.

1. каго-што. Датыкаючыся да каго‑, чаго‑н., вывесці са стану спакою. Паварушыць вуголле ў печы. □ — Ахрэм, устань... — нарэшце паварушыла [жонка] мужа за плячо. Мележ. // чым. Злёгку, крыху варухнуць. Фельчар нічога не сказаў, а толькі паварушыў вусамі. Пестрак.

2. што. Крыху разгрэбці; павярнуць. Паварушыць сена.

•••

Пальцам не паварушыць — не зрабіць ніякіх намаганняў для ажыццяўлення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарэ́зацца, ‑рэжуся, ‑рэжашся, ‑рэжацца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца на дзяснах (пра зубы). У дзіцяці нарэзаліся зубы.

2. Разм. Напіцца дап’яна. [Мужчына:] — Толькі ў бутэльку [старшыня] і глядзіць: сёння п’яны, учора нарэзаўся, дык аж вуліца яму вузкая была. Сергіевіч. У абедзенны перапынак Гушча сустрэў .. [Генадзя Курсевіча] ля магазіна. — Нарэзаўся.. Эх ты, — сказаў ён, крануўшы Генадзя за плячо. — І напіўся... А што... Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насе́вак, ‑сеўку, м.

Разм. Тое, што прызначана для пасеву; насенне. Як толькі снег з узгоркаў знік, Вазіць насевак-яравое Прыйшоў шматтонны грузавік. Танк. // Наогул тое, што сеецца, ляціць, падае зверху. Насевак з клёну. Насевак з хваёвых шышак. □ Алесь тужыў па свежай баразне, калі яна вясной .. крышыцца тлустымі, цёплымі камякамі, гатовая і прагная прыняць і залацісты дождж зярнят, і насевак са шчодрага неба. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)