Пату́га1, поту́га ’туга, журба’ (ТС). Да туга́ (гл.). Прыстаўка па‑ і націск на у́ пад уплывам семантычна блізкай лексемы пату́гі2 ’цяжкасці фізічныя’.

Пату́га2, пату́гі ’напружанне ўсіх сіл, напружанае скарачэнне мышцаў’, ’напружаныя намаганні, спробы зрабіць што-н.’, ’хвароба пры родах’ (ТСБМ, Нас.). Укр. поту́га ’сіла моц’, ’войска’, якое, магчыма, з польск. potęga, рус. поту́ги ’напружанні’, по́туг ’цеціва’, кур. поту́жный ’парывісты (вецер)’, ту́жить ’нацягваць’, польск. potęga ’сіла, моц’, tężeć ’цвярдзець’, чэш. tužiti, славац. tužiť ’умацоўваць’. Паўночна-славянскае. Да тугі́ (гл.) > ту́жыцца ’напружваць мускулы’, тужэ́ць ’станавіцца тугім’, патужэ́ць ’пацвярдзець’ (ТСБМ, Некр.). Утворана, як і літ. pãstangos ’патугі, намаганні’ (< pastìngti ’застыць, замерзнуць, задубець’), пры дапамозе прыстаўкі па‑ (< прасл. po‑). Сюды ж патужні ’цяжкі, няўдалы (пра зіму)’ (Доўн.-Зап., Песні), патужны ’моцны (вецер)’, ’шматводны ад поўных прытокаў’, воран. ’ладны, бойкі’ (Сцяшк. Сл.), патужнасць ’сіла, моц’ (Нас.).

Пату́га3, пату́жнасць ’дапамога’ (Нас.), пату́жнік, поту́жникъ ’саўдзельнік, памочнік’, ’здаровы работнік’ (Гарб., Нас.). Семантычна-словаўтваральны сінонім з лексемай по́‑мач (< прасл. pomogtьпаўн.-слав. tǫgъ/tęga). Да пату́га1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Птах ’птушка (звычайна вялікая)’, ’птушка-самец’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Мік., Булг., Нас., Ласт., Байк. і Некр.; драг., З нар. сл.; стол., Нар. лекс.; Ян.; бяроз., ЛА, 1), пташ ’тс’ (Нас.), таксама пта́ха ’птушка; вялікая птушка’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Нас., Янк. 3., Мат. Гом.; маст., жабін., ЛА, 1), пта́шка ’птушка’ (Мат. Гом., ТС), ’дробная птушка; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, ЛА, 1), пташʼё ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пта́шы ’птушыны’ (Нас.). Ст.-бел. птахъ (1580, Карскі 2–3, 36). Укр. птах, пта́ха, пта́шка ’птушка’, рус. дыял. птах, пта́ха (птя́ха), пта́ша ’тс’. Вытворныя ад прасл. *pъta (гл. птушка) з рознымі агентыўна-пеяратыўнымі суфіксамі. Булыка (Запазыч., 270) ст.-бел. птахъ ’птушка’ лічыць запазычаннем з польск. ptach ’тс’, але шырокі дыяпазон вытворных з такімі суфіксамі ва ўсходнеславянскіх мовах паказвае, што птах магло ўтварыцца і на уласнай глебе. Німчук (Давньорус., 171) сцвярджае, што памяншальна-ласкальныя формы тыпу стараж.-рус. пътахъ, пътаха маюць яшчэ праславянскае паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сёрбаць ‘гучна есці ці піць’, ‘сморгаць’, ‘сцябаць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Варл., Чач., Мядзв., Бес., Нар. лекс.), сярба́ць ‘тс’ (Нас., Бяльк.), серба́ць ‘тс’ (ТС), сёрб ‘глыток’ (Байк. і Некр., Нас., Нар. лекс.), ‘выклічнік ад сёрбаць’ (Нас., Янк. 3.). Укр. сьо́рба́ти, рус. дыял. серба́ть, сёрбаць, стерба́ть, ст.-рус. серебати, польск. sarbać, sorbać, siorbać, в.-луж. srěbać, н.-луж. sŕebaś, чэш. střebati, славац. strebať, харв. srȅbati, славен. srẹ́bati, балг. съ́рбам, макед. срба, ст.-слав. сръбати. Прасл. *sьrb‑/*sъrb‑/*serb‑. Бліжэйшыя адпаведнікі: літ. sur̃bti, srė̃bti, лат. surbt, strèbt, лац. sorbeō, sorbēre ‘сёрбаць’, ст.-в.-ням. sürpfeln ‘тс’; гл. Траўтман, 294; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1125; Торп, 445; Брукнер, 481; Махэк₂, 585; Фасмер, 3, 604. Сной₁ (600) узводзіць да і.-е. базы *ser‑bh‑ ‘смактаць’ і сцвярджае роднасць з прасл. *srъkati ‘смактаць, ссаць’, параўн. чэш. srkati, якое Махэк₂ (572) лічыць гукапераймальным. Паводле Глухака (577), абедзве асновы маюць гукапераймальны характар. Борысь (549) прыводзіць апафанічны рад: і.-е. *sr̥b(h)‑/*serb(h)‑/*sreb(h)‑. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1348; ЕСУМ, 5, 493.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапы́рыць ’паднімаць, ставіць тарчма, настаўляць (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц.), тапы́рыць ’апранаць з шыкам’ (Нас.), тапы́рыць ву́шы ’стрыгчы вушамі (пра каня)’ (Жыв. св.), тапы́рыцца ’стаяць тарчма, напружвацца, супраціўляцца’ (ТСБМ), ’распускаць пер’е, настыбурчвацца’ (Шат., Гарэц., Нас.), ’гневацца, злавацца’, ’апранацца з шыкам’ (Нас.), ’задавацца, фанабэрыцца’ (Некр. і Байк.), сюды ж тапы́ря ’капрызнік, капрызніца’ (Юрч. Фраз. 2), тапы́рны ’горды, напышлівы, вычварны’ (Шпіл.). Укр. дыял. топи́рити ’натапырваць’, рус. топы́ритъ ’падымаць дыбка, натапырваць’. Да пы́рыць (гл.), якое, як мяркуюць, роднаснае да пяро́, пе́р’е (ЕСУМ, 5, 598; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 98), што неабавязкова. Пачатак слова ідэнтыфікуюць з экспрэсіўным ‑то‑ ў рус. растопы́ритъ ’развесці, расставіць’ (Фасмер, 3, 446; сумненні гл. Пятлёва, Этимология–1978, 66), або выводзяць з прыстаўкі ото‑ ў рус. отопы́риться ’надуцца, наставіцца, распушыць пер’е’, гл. Тадораў, Зб. Варбат, 361: тут адмаўляецца агульнае паходжанне з рус. топо́рщить ’тс’ (гл. тапоргичыць, тапыршчыць). Несумненна збліжэнне некалькіх этымалагічна розных, але блізкіх па значэнні слоў, параўн. яшчэ тапарашчыць, тапурыць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туз1 ‘старшая ў сваёй масці ігральная карта’ (ТСБМ, Нас., Пятк. 3, Бяльк., Янк. БП, Вруб.), перан. ‘таўсцяк; багаты чалавек, уплывовая асоба’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.): наеўся, як туз (рэч., Ліцв.). З польск. tuz, якое з с.-в.-ням. tûs, dûs ‘туз’; мяркуецца, што першапачаткова з ням. Daus ‘двойка’ ў гульні ў косці з двума вочкамі, параўн. ід. tejz, tojz ‘туз’, потым назва перайшла на гульню ў карты < ст.-франц. daus, франц. deux < нар.-лац. duōs ‘два’, ‘двойка’ (Брукнер, 585; Фасмер, 4, 115; Арол, 4, 114; ЕСУМ, 5, 669).

Туз2 ‘вымова, спагнанне з бойкай’ (Нас.): даць туза́ ‘моцна пабіць, адлупцаваць’ (Некр. і Байк.), параўн. укр. туз ‘удар, штуршок’, рус. валаг. туз ‘моцны ўдар’ (СРНГ), польск. tuzy ‘удары’, ‘бойка, лупцоўка’, ‘шышка’, poszedł z nim w tuzy ‘ўзяліся за ілбы’. Дэвербатыў ад ту́заць (гл.), магчыма, другасна набліжаны да папярэдняга слова (‘ход тузом’?). Сюды ж туза́нікі ‘частыя спагнанні’, туза́нка ‘лаянка з бойкай’, туза́ла, туза́н ‘строгі чалавек, які любіць спаганяць’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́ркаць1 ‘тыкаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘утыкаць што-небудзь вострае’ (Нас.), ‘саджаць’ (Нас., Юрч. СНЛ), ‘закладаць, насаджваць (снапы ў азярод)’ (рагач., калінк., Сл. ПЗБ), ‘засоўваць (грэбень у валасы)’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘бадзяцца, валэндацца’ (Зайка Кос.), тыркаты ‘поркаць, утыкаць’ (Клундук), ты́ркнуць ‘усунуць, тыкнуць’ (Нас.), ‘паказацца, з’явіцца’ (Сцяшк.), тыркану́цца ‘высунуцца’ (Бяльк.), тырну́ць ‘высунуць, выставіць, паказаць’ (Юрч. СНЛ), сюды ж ты́ркаць нос ‘заглядваць’; утыркну́ць ‘уткнуць’, ‘спешна, на хаду падаць што-небудзь’ (Нік., Оч.) — у сувязі з апошнім параўн. харв. tȓk, серб. тр̑к: у тр̑ку ‘на бягу’, тр̏ка ‘беганіна’. Гукапераймальнае (рухапераймальнае) утварэнне ад тырк ‘штоўх, пыр’ (Нас.), ‘тырк’ (Байк. і Некр.), якое можна супаставіць з літ. tùrk‑terėti ‘штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490). Карскі следам за Шахматавым на фоне ўсх.-слав. *trъk‑ разглядае як выпадак т. зв. трэцяга поўнагалосся (Карскі 1, 258) — экспрэсіўна пераўтворанае то́ркаць (Фасмер, 4, 132). Варбат (Исслед., 64) бачыць у рус. ты́рнуть ‘усунуць’ (пры торкнуць, гл.) ступень падаўжэння рэдукцыі ў дзеясловах на ‑*ati і некаторых дзеясловах на ‑*nǫti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брэ́дзіць ’хлусіць, узводзіць паклёп’ (Нас.), брэдня́ ’хлусня, брахня, лухта’ (Нас.), брэ́дзіць ’трызніць’, брэд трызненне’ (Сцяшк. МГ). Рус. бре́дить, бред, укр. бредня́ ’лухта, хлусня’. Этымалогія гэтай групы слоў не вельмі ясная. Параўноўваюць з дзеясловам *bresti *bredǫ ’ісці’, а таксама з с.-н.-ням. praten ’балбатаць’, ст.-англ. breodian ’крычаць, клікаць’. Гл. Фасмер, 1, 210. Ст.-бел. брэ́дня ’глупства’. Булыка (Запазыч.) лічыць паланізмам (польск. brednia). Няпэўна. Параўн. Слаўскі, 1, 41–42.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буршты́н (БРС, Гарэц., Нас.), таксама брушты́н (Касп., Нас.); буршты́навы, бруштыно́вы, брушты́навы ’колер з адценнем жоўтага’ (Інстр. II, БРС). Слова гэтае ўжо ў Бярынды. Укр. буршти́н, бру́штин ’тс’. Запазычанне з польск. bursztyn ’тс’ < н.-ням. bornstēn (ням. Bernstein, літаральна ’палаючы камень’). Бернекер, 102; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 46; Булыка, Запазыч., 53; Шалудзька, Нім., 24; параўн. Брукнер, 50. Рудніцкі (267–268), зыходзячы з націску, выводзіць слова непасрэдна з ням. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лупану́ць ’рвануць, пацягнуць’ (ТС), ’моцна ўдарыць’ (віл., Сл. ПЗБ), лупяну́ць ’тс’ (Нас., ТСБМ), лупену́ць ’тс’, ’раздзерці’, ’падраць’, ’наесціся’ (ТС), лупляну́ць ’выцяць’ (Юрч. Вытв.), лупяну́цца ’упасці, пабіцца’ (Нас.). Да лупі́ць1 (гл.). Аб суфіксе ‑ану‑ гл. Бел. гр. 2 (1, 328–329) і Слаўскі (SP, 1, 44–45). Мяккасць папярэдняй зычнай залежыць ад мяккасці зычнай словаўтваральнай лексемы, таму можна меркаваць, што формы з ‑ану‑ ўзыходзяць да лупа́ць < прасл. lupati ’ўдараць, біць, стукаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́дны ’мнагалюдны, шматлікі; такі, дзе звычайна бывае многа прахожых і праезджых’ (ТСБМ, Нас.), ’прыхільны да сваякоў’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ), ’таварыскі’ (Ян.), ’прыстойны, добры, людскі’ (ТС, Сл. ПЗБ). Да прасл. lʼudьnъ (< lʼudъ) ’які датычыць народа, звязаны з людам, людскім зборышчам’, ’уласцівы людзям’ (Слаўскі, 4, 365). Сюды ж людно ’людна’ (ТС), ’прыстойна, па-чалавечы’ (Нік.), людне́ць ’станавіцца людным, лепшым, выхаваным’, ’набываць якасці чалавечнасці, ветлівасці, пачцівасці’ (Нас., Янк. 3., ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)