Ке́ска ’кашалёк’ (Нас., Др.-Падб., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Гарэц.). Гл. кеса. Версія аб паходжанні слова з балт. неабгрунтаваная (Лаўчутэ, Балтизмы, 113). Да таго ж прыклады з літ. і лат. моў семантычна далёкія: лат. ķešķys ’драўляныя насілкі’, літ. kẽstės ’тс’ або ķēska ’анучы, рыззё’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Архіра́сты. Слова зафіксавана ў песні (Вілен. губ.) Карскім, РФВ, XXI, 259: «Адзин на булану, други на каштану, трэйци на мышитым, сам архирасты». Верагодна, лакальнае, а магчыма, і эпізадычнае запазычанне з літ. arklaraištis ’прывязаны да каня вяроўкай’. Гл. Супрун, Балтийские яз., 40–42.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Архітэ́ктар. Слова адзначаецца ўжо ў Бярынды (побач з формай архитектон), але ў XIX ст. больш звычайнай была форма архітэкт (Нас.), таму можна меркаваць, што сучасная форма замацавалася пад уздзеяннем рускай мовы (< зах.-еўрап.). Форма архітэ́кт праз польскую з лацінскай мовы, дзе з грэчаскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асну́ты ’ахоплены сном’ (Сцяшк.). Сувязь са сном, відаць, другасная, народнаэтымалагічная; хутчэй тут дзеепрыметнікавае ўтварэнне ад дзеяслова *аснуць з коранем *snu‑/snov‑ (гл. снаваць). Польск. osnuć ’снуючы нітку, абкружыць ёй’, адкуль ’ахутаць’. Магчыма, у сувязі з абмежаваным пашырэннем слова трэба лічыць яго польскім запазычаннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атрача́ ’дзіця’ (Нас.). Рус. отроча́, балг. отро́че, славен. otročè, ст.-слав. отрочѧ, ст.-рус. отроча ’тс’. Утворана ад назоўніка отрокъ (гл. отрак) з суфіксам, які ўжываўся для ўтварэння назваў малых істот ‑ę. Магчыма, што беларускае слова працягвае старарускую форму, запазычаную з стараславянскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багасло́ў, багасло́ўе, рус. богосло́в, богосло́вие, укр. богосло́в, богослі́вʼя і г. д. З ц.-слав. мовы (богословъ, богословиѥ), дзе гэта калька з грэч. θεολόγος, θεολογία, да θεός ’бог’, λόγοςслова, вучэнне’. Так і ў іншых слав. мовах. Падрабязней гл. Шанскі, 1, Б, 150–151.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бадзя́ць ’пэцкаць, валачыць’ (Др.-Падб.), ’неахайна адносіцца, насіць (адзенне, абутак)’ (Янк. Мат.). Не вельмі яснае слова. Можна выказаць дагадку аб сувязі з бадзя́цца, бада́ццэ (гл.), дакладней, аб паходжанні гэтых дзеясловаў ад агульнай асновы бад‑ (< обад‑ < об‑вад‑; *vaditi ’перашкаджаць’ → ’рабіць дрэнна, псаваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Базграні́на ’ўсялякая ўсячына, мешаніна’, лухта, бязглуздзіца’ (Нас.). Запазычанне з польск. bazgranina ’каракулі, мазня’ (bazgrać ’незразумела пісаць, пэцкаць паперу’; у польск. мове гэта наватвор з XVIII ст., паходжанне яго няяснае, гл. Брукнер, 18; Слаўскі, 1, 29; вельмі няпэўна Махэк₂, 49: пераробка слова skrabač).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баркі ’віціны’ (Шн.). Бясспрэчна, таго ж паходжання, што і рус. ба́рок, укр. ба́рок (мн. ба́рки) ’дручок у возе, ворчык’ (а гэта запазычанне з польск. bark ’ворчык; плячо’; аб паходжанні польск. слова гл. Брукнер, 17; Слаўскі, 1, 27). Параўн. яшчэ Булыка, Запазыч., 37.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Басала́й ’нягоднік, нахабнік’ (Гарэц., Нас., Яруш.), бысыла́й ’нягоднік, абібок, гультай’ (Бяльк.). Рус. басала́й. Гэта апошняе Фасмер (1, 130) лічыць магчымым выводзіць ад рус. бас, бась ’аздабленне’ і ла́ять. Няпэўна. Параўн. яшчэ Львоў, Зб. Петравічу, 318–320, дзе прыводзяцца некаторыя меркаванні адносна паходжання слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)