Суке́нка ’верхняе жаночае адзенне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Варл., Сцяшк., Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл., Бяльк.), су́кня ’сукенка’ (ТСБМ, Касп. Сержп., Мат. Гом.), ’адзенне з фабрычнага сукна (асабліва мужчынскае)’ (Нас., Байк. і Некр.), ’выхадная, святочная сукенка’, ’шлюбная сукенка’ (Сл. ПЗБ), ’суконная спадніца для дарослых’, ’сукенка для малых’ (ТС), ’сукенка, часцей з шарсцяной тканіны’ (Скарбы, Сцяц.; навагр., Нар. сл.); ст.-бел. су́кня ’вопратка; верхняе мужчынскае адзенне; верхняе жаночае адзенне’ (Ст.-бел. лексікон), лічыцца запазычаным са ст.-польск. suknia (Булыка, Лекс. запазыч., 110); сукенка, відаць, больш позняе запазычанне, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 71, параўн. народнае польскае sukienka ’зімовае жаночае суконнае паліто, унізе расклёшанае, з футраным каўнерам, падшытае аўчынай’ (T. Karwicka. Ubiory ludowe w Polsce. Wrocław, 1995, 151). Польск. *suknia < прасл. *sukъńa ’верхняе жаночае або мужчынскае адзенне, зробленае з сукна’ < прасл. *sukъno ’сукно’ з суф. *‑ja; гл. Борысь, 586. Аналагічна і чэш. sukně, славац. sukňa, в.-луж. suknja ’жаночая спадніца’, н.-луж. suknja ’мужчынскі халат’, славен. suknja ’паліто’, серб.-харв. су̏кна ’жаночая спадніца, адзенне’, балг. дыял. су́кня, су́кно ’доўгае жаночае шарсцяное адзенне’, што ставіць пад сумненне запазычанасць зыходнага сукня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І1 злучнік. Рус., серб.-харв., балг., макед. и, укр., польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац., славен. i. Бліжэйшыя і.-е. паралелі: гоц. ei ’каб’, грэч. εἰ ’калі’, εἰτα ’пасля’. Тады *i < і.-е. *еі, месн. скл. адз. л. займеннага кораня гл. Бернекер, 1, 415; Фасмер, 2, 112–113; Трубачоў, Эт. сл., 8, 167; Покарны, 1, 283. Іншыя версіі менш верагодныя. Параўноўваюць з семантычна тоеснымі літ. ir̃, лат. ir, ст.-прус. ir (Эндзелін, Слав.-балт. эт., 136; Мюленбах-Эндзелін, 1, 708). Яшчэ больш праблематычная версія Зубатага (JF, 4, 1894, 470–472), які звязвае i з усх.-літ. ė̃ ’але’, ст.-літ. ė̃ ’тс’ < і.-е. *ēd (абл. ад *e‑). Брукнер (189) прыцягвае літ. jeĩ ’калі’. Параўн. яшчэ Махэк₂, 212–213.

І2 выклічнік (выражае высокую ступень якога-н. пачуцця). Рус. дыял., серб.-харв., макед. и, укр., польск., чэш., славац., славен. i. Сустракаецца ў іншых і.-е. мовах: ням. i, лат. i, рум. i. Гл. Махэк₂, 212; Безлай, 1, 208; Слаўскі, 1, 443, там жа агляд літ-ры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інтуру́сіца ’лухта, глупства’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з рус. туру́сы ’лухта, балбатня’, галоўным чынам у выразах турусы на колёсах; подпускать турусы (на колёсах); нести турусы (на колёсах), дыял. туру́сить ’казаць лухту, хлусіць, вярзці глупства’, ’трызніць у сне’. Гэтыя выразы звычайна тлумачаць назвы асаднай вежы, якая рухаецца на колах, паколькі расказы аб ёй лічыліся неверагоднымі. Далей збліжаюць са ст.-рус. тарасъ ’падкатны зруб, які ўжываўся для абароны і асады горада’ (XVI ст.) (Праабражэнскі, 2, 21; КЭСРЯ, 455), запазычаным з польск. taras ’насып, вал; укрыцце, загарода; тэраса’, якое ўзыходзіць да лац. terrācea праз франц. ці ням. пасрэдніцтва (Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 138). Аднак збліжэнне з таросы выклікае фанетычныя цяжкасці і не з’яўляецца неабходным, тым больш што турусы можна звязаць непасрэдна з лац. turris ’вежа’ (гл. заўвагу Трубачова, Дополн., 4, 125). Пачатковае ін‑ у беларускім слове не зусім яснае. Магчыма, вынік кантамінацыі з *інтруз, якое пранікла ва ўсходнеславянскія гаворкі з польск. intruz ’нахабнік, назойлівы чалавек’, ’выскачка’ (Слаўскі, 1, 465). Не выключана, што ін‑ асэнсоўваецца як прэфіксальны элемент, адносна словаўтварэння і семантыкі параўн. алесіца (гл.) < акалесіца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прые́мны ’які прыносіць задавальненне, радасць; прывабны’ (ТСБМ), прыёмны ’ветлівы; удзячны’ (Ян.), прые́мны, ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (гродз., ЛА, 3), прыямне́йшыбольш прыемны’ (дзятл., Сл. ПЗБ), прыёмны ’ветлівы; гасцінны’ (Сл. ПЗБ, ТС); таксама цікавыя прінёмчасты, прынёмцыстый ’тс’ (віц., гарад., ЛА, 3) з другасным узнаўленнем гістарычнага суф. ‑н‑, які асэнсоўваецца як пачатак займеннікавага кораня. Узыходзіць да прасл. *prijьmьnъjь, прэфіксальнага ўтварэння ад *jьmьnъjь з рэалізацыяй у заходніх і ўсходніх славян (ЭССЯ, 8, 230; параўн. Слаўскі, 1, 561 і SEK, 1, 346). Інакш ЕСУМ (2, 296), дзе ўсе вытворныя разам з зыходнымі формамі адносяцца да прасл. *imati. Польск. przyjemny ’прыемны’, чэш. příjemný, славац. príjemny, рус. дыял. прии́мный ’гасцінны, той, хто з ахвотай, ласкава, сардэчна прымае’, укр. приємний ’прыемны’, прийо́мний ’гасцінны’. Паводле Векслера (Гіст., 209), форма прые́мны запазычана з польск. przyjemny ’тс’, а лексема прыёмны — з рус. приёмный (там жа, 190); інакш Станкевіч (Зб. тв., 2, 156), які разглядае іх у агульным радзе з узае́мны, яе́чня, Трае́цкі, што проціпастаўляюцца рус. взаи́мный, яи́чница, Тро́ицкий. Гл. таксама пра бел. непрые́мны Унбегаўн, RÉS, 1929, 1–2, 19.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярэ́слюга (пырэ́слюга) ’грузкая мясціна’ (кам., ЖНС), укр. переслю́га ’паласа, смуга, лінія’. Сюды ж, магчыма, харв. prȅslijež ’даліна паміж двух узгоркаў’. Няясна. Аўтары ЕСУМ (4, 346–347) звязваюць украінскае слова, а таксама укр. переслю́гуватий, перешлю́говатий ’няроўнамерны; з прагалінамі; няпоўны’, з слюга́ ’непагадзь, макрэча, слата’, што не здаецца пераканальным; больш верагодная сувязь з лат. sluogsne, sluõksne ’вузкая паласа’. Апошняе дазваляе далучыць сюды і рус. переслёга, пересле́жина ’брак у пражы’ (’тонкае месца ў пражы’?), славен. preslẹ̑gast ’з прасветамі, няроўнамерна размеркаваны’, preslegasto platno ’працёртае палатно, у якім відаць ніткі’, сувязь якіх з папярэднімі не здаецца відавочнай. Адносна апошніх гл. Фасмер, 3, 239. Бязлай (3, 115) далучае сюды і рус. пересле́га ’перакладзіна ў страсе’ і рэканструюе прасл. *per‑slěg‑ (*per‑sъlěg‑), што да *leg‑ti (гл. ляжаць, лажбіна)). Скок (3, 35) харвацкае слова ўзводзіць да *pręslo (гл. прасла), што ў выпадку абгрунтаванасці гэтай версіі выводзіць яго за межы ўсходнеславянскіх геаграфічных тэрмінаў. Параўн., аднак, балг. дыял. прешлу́га ’тоўстае месца на нітцы’, прешлю́га ’хвошч’, прешлю́гав ’няроўна спрадзены’, якія БЕР (5, 671) узводзіць да *pręsti (гл. прасці), што малаверагодна пры ідэнтыфікацыі названых слоў з адпаведнымі ўсходнеславянскімі (балг. пре‑ = рус. пере‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́нік ’расліна ляскаўка, Silene cucubalus’ (віц., Кіс.). У іншых мовах адпаведнікаў як быццам няма. Не вельмі яснае паходжанне, магчыма, да калоць, параўн. рус. алан. колетуха ’расліна Cirsium, чартапалох’. Што датычыць семантыкі, падставы для такога меркавання ёсць — у некаторых відаў Silene як лісце, так і плады пакрыты восцю. Параўн. яшчэ рус. дыял. колкий у назвах раслін, у якіх ёсць калючкі, рожкі і да т. п., гл. СРНГ, 14, 137. Не выключана таксама, што тут утварэнне ад калоць ’расшчапляць і да т. п.’; семантыку тлумачаць нар. сінонімы: бел. ляскаўка. лускаецца, луснец, рус. хлопушка і да т. п. Гэтыя супастаўленні, аднак, не вельмі дакладныя. Магчыма, неабходна меркаваць аб утварэнні ад калець (Сколеть), параўн. калелая як назва хваробы (гл. ніжэй). Словаўтваральна гэта было б больш надзейна (*колетная трава), параўн. зах.-сіб. каленная ’расліна Dracoccphalum thymiflorum, змеегалоўнік’ — лекавы сродак ад радзімае, прыладка (хваробы ў маленькіх дзяцей), які суправаджаецца сутаргамі. Аднак рускі прыклад двухсэнсоўны, паколькі семантыка лацінскай назвы сведчыць хутчэй на карысць першай прапанаванай версіі. Магчымая сувязь з каляя не пераконвае па семантычных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

магчы́масць, ‑і, ж.

1. (у спалучэнні з наз. або інф.). Тое, што можа пры пэўных умовах адбыцца, ажыццявіцца, здзейсніцца. Магчымасць перамогі. □ [Ігнат] і ў думках не мог дапусціць магчымасці здрады .. [Багуцкага]. Лынькоў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. // Дазволенасць, дапушчальнасць. Дзедава фантазія трохі разгулялася і свавольна пераходзіла межы рэальных магчымасцей. Колас.

2. Сродкі, умовы, неабходныя для здзяйснення чаго‑н. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў на такой адлегласці, што дагнаць яго не было магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму. Маўр. [Сержант:] — Я ўжо даўно не хацеў служыць у польскай арміі, хацеў перайсці да бальшавікоў, але не было магчымасці... Нікановіч.

3. толькі мн. (магчы́масці, ‑ей). Унутраныя сілы, рэсурсы, здольнасці. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

•••

Па магчымасці (у знач. пабочн.) — наколькі магчыма.

Па меры магчымасцей гл. мера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Засланіцца, прыкрыцца чым‑н. [Сотнікаў] захінуўся рукавом, але ад таго кашаль стаў і яшчэ больш нястрымным. Быкаў. / у перан. ужыв. Пакрывалам бялёсых туманаў захінуўся шырокі прастор. Машара. // Пасунуўшыся, закрыцца. Нават пасля таго, як захінулася заслона, гледачы ніяк не маглі суняцца ад смеху. Ус.

2. Ахінуць сябе чым‑н., закруціцца ў што‑н. Міхаліна захінулася кажушком і пайшла. Грамовіч. [Гвардыян] мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй. Зарэцкі. // Разм. Захінуць на сабе краі вопраткі. — Халат расшпіліўся, захініся.

3. Схавацца дзе‑н., за што‑н. Захінуцца за вугал. □ Я захінуўся за куст, насцярожыўся — у цемры расла, набліжалася да лазняку чыясьці постаць. Сачанка. А як жа.. [Танечку] не знайсці, калі яна стаіць побач з табой, рукой дастанеш! Нават не здагадаецца захінуцца куды-небудзь пад ложак ці пад канапу. Рылько. Куды ў пануры гэткі дзень ісці? Дзе захінешся, куды дзенешся? Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аглушы́ць, аглушу, аглушыш, аглушыць; зак., каго-што.

1. Моцным гукам, шумам часова пазбавіць здольнасці чуць. Асляпіў горад сваім святлом, аглушыў грукатам, здзівіў сваёй прыгажосцю. Каваль. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, і стала цёмна. Чорны. // перан. Напоўніць аглушальнымі гукамі (паветра, прастору). Калі, бывала, грому ўдары аглушаць ціхае сяло, на фоне цёмна-сіняй хмары мільгае белае крыло. Вялюгін.

2. Разм. Моцна ўдарыць па галаве; ударам давесці да непрытомнасці. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. // перан. Чым‑н. нечаканым моцна ўразіць, ашаламіць. Не сказаць, каб Сымона Чуйку вельмі аглушыла навіна, што ягонага Рыгора няма на лесапільні ўжо можа больш за тры гады. Чорны. Гітлераўцы разлічвалі, што начное забойства страшэнна ўразіць людзей, аглушыць іх. Шамякін.

3. перан. Разм. Выпіць вялікую дозу чаго‑н. (гарэлкі, спірту). [Міхась] выняў з кішэні портак паўлітроўку. — Поўненькая. З чырвонай галоўкай. Адну такую, Вася, сам аглушыў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пералама́цца, ‑ламлюся, ‑ломішся, ‑ломіцца; зак.

1. Паламацца напалам, на часткі. Няшчасце прыйшло нечакана — пад напорам моцнага ветру захісталася жалезабетонная калона і, пераламаўшыся пасярэдзіне, упала. Дадзіёмаў. Паплеціна непаслухмяна хіснулася і пераламалася каля самай.. рукі. Мележ. // Пашкодзіцца, зламацца ад удару (пра косці). Нага пераламалася.

2. Паламацца — пра ўсё, многае.

3. Крута сагнуцца, адхіліцца, пайсці ў іншым напрамку. Пераламаўся прамень дрыгатлівы На вострым плячы будана ў Разліве. Барадулін.

4. перан. Рэзка перамяніцца, стаць іншым (пра характар, звычкі, паводзіны і пад.). Нешта з’яднала не зусім дружную вуліцу. Нешта пераламалася ў адносінах добра знаёмых нам суседзяў. Навуменка. // Змяніцца ў горшы бок (пра жыццё, кар’еру і пад.). [Арцюшыха] усім сэрцам разумела маладую жанчыну, жыццё якой пераламалася акурат тады, калі яму сама трэба буяць. Сабаленка.

5. перан. Перарвацца, змяніцца па тэмбру пад уздзеяннем моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). Больш затрымлівацца мы не можам! Чуеш, Малько! — Голас маёра вось-вось гатовы быў пераламацца на высокай ноце. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)