змо́ршчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Сабрацца ў маршчыны, складкі. Твар зморшчыўся. □ Адам прыплюшчыў вочы, і ў яго зморшчыўся лоб. Чорны.

2. Зморшчыць твар, скрывіцца ад чаго‑н. непрыемнага. Ваўчок зморшчыўся, як моршчыўся заўсёды, калі размова заходзіла пра новую і клапатлівую справу. Хадкевіч. Алік толькі паспытаў суп і зморшчыўся. Ваданосаў.

3. Заўчасна пахудзець, пастарэць, усохнуць (ад гора, нялёгкага жыцця). Паліт, калі ад’язджаў [у Амерыку], быў кучаравы, стройны дзяцюк, а вярнуўся лысы, як той бубен. Згорбіўся, зморшчыўся Паліт. Бялевіч.

4. Пакрыцца складкамі, няроўнасцямі; пакарабаціцца, усохнуцца. Грыбы зморшчыліся так, што нават не было чаго есці. Маўр. [Яблыня] раптоўна пачала чэзнуць, вянуць. Лісточкі і пялёсткі зморшчыліся. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

красамо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўмее добра, прыгожа гаварыць; надзелены красамоўствам. — Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Багдановіч. — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. // Выказаны выразна, умела; поўны красамоўства. Красамоўны даклад. □ Кастусь з вялікай увагай слухаў прамову дырэктара, але красамоўныя і гучныя словы ўляталі ў адно вуха і выляталі ў другое. С. Александровіч.

2. перан. Які выразна перадае, паказвае што‑н. Красамоўны позірк. □ Коля, ідучы следам за Гусевым, даў Даніку красамоўны знак рукамі ўніз — правал. Шамякін.

3. перан. Пераканаўчы, наглядны, несумненны. Красамоўныя лічбы і факты аб вайне і міры прыцягвалі да сябе прахожых. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нара́, ‑ы; мн. норы, нор; ж.

Паглыбленне пад зямлёй, часта з некалькімі хадамі, якое вырыта жывёлінай і служыць ёй жыллём. Барсуковая нара. Мышыныя норы. □ [Ракі] мясціліся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. Лынькоў. А нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Маўр. // Ход ці паглыбленне, зробленае з якой‑н. мэтай. Саўка звярнуў з дарогі, пайшоў пад стог і спыніўся. Тут можна і адпачыць. Выскуб у стозе нару і зашыўся ў .. сена. Колас. // перан. Разм. Пра малое, цёмнае памяшканне, жыллё. [Гурын] амаль нікуды не вылазіць са сваёй нары — баіцца спаткацца з былымі таварышамі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Які наступае, настае непасрэдна пасля каго‑, чаго‑н.; бліжэйшы па чарзе. [Шкуранкоў:] Думаю, што пры наступнай сустрэчы мы лепш зразумееш адзін аднаго. Крапіва. У дыме і тумане ўставала раніца наступнага дня. Шчарбатаў.

2. Які наступіў пазней за чым‑н.; ніжэй названы, ніжэй прыведзены. І гэтыя гады, і ўсе наступныя былі запознены вучобаю. Мележ. [Бэсман:] Я прапаную вам наступны план: Сабраць каля кальварыі ўсе сілы, Зрабіць прарыў і рушыць у абход. Глебка.

3. у знач. наз. насту́пнае, ‑ага, н. Тое, аб чым гаворыцца далей; вось што. А наверсе тым часам адбылося наступнае. Па лесе ішла велізарная жывёліна, вельмі падобная да мастадонта. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паку́та, ‑ы, ДМ ‑куце, ж.

Вялікая фізічная або душэўная мука; мучэнне. Часам.. дзверы вагона адчыняліся, і людзі маглі ступіць на зямлю, выпіць пэўную порцыю вады, атрымаць кавалачак дрэннага хлеба, глытнуць свежага паветра. А потым зноў бясконцыя пакуты... Маўр. Рэўнасць.. [Сцяпана] нарадзілася разам з каханнем, і гэтыя пачуцці-блізняты па чарзе то натхнялі яго, то прычынялі пакуту. Дуброўскі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. — Ну ж і балота! вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас. // Аб выяўленні пакутлівых адчуванняў. Наталля Пятроўна сядзела, сціскаючы скроні далонямі, і на твары яе была пакута. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Засунуць куды‑н., праз што‑н.; высунуць. Прасунуць нітку ў іголку. □ Схапіўшы дужку кляшчамі, трэба было маланкава прасунуць яе ў папярэдняе звяно. Корбан. Не заходзячы ў хату, я прасунула галаву ў акно, паклікала Вольку. Савіцкі.

2. Сунучы, перамясціць на нейкую адлегласць. Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Маўр.

3. перан. Накіраваць у бок паляпшэння чаго‑н. Аб другім перыядзе.. Багдановіч пісаў, што ён прасунуў беларускае пісьменства значна наперад. Лойка.

4. перан. Разм. Паскорыць ажыццяўленне, рашэнне чаго‑н. несумленным спосабам. Прасунуць кнігу ў друк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сунуцца (у 1, 2 знач.).

2. Хадзіць з месца на месца, мітусіцца. — Ах, матухны, — зноў пляснула рукамі Аўгеня: — Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу. Колас. [Даўгулевіч:] Я ўвесь дзень соваўся з кутка ў куток, не знаходзячы сабе месца. Гурскі.

3. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. [Манг] падышоў да вады, паказаў, як соваецца па вадзе човен. Маўр. // Плысці, пасоўвацца (пра туман, хмары і пад.). На небе соваецца наперад круглы чырвоны месяц. Бядуля.

4. Зал. да соваць (гл. сунуць у 1–3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́расць, ‑і, ж.

1. Перыяд жыцця пасля сталасці, калі паступова адбываецца аслабленне дзейнасці арганізма. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Колас. Раней была нейкая надзея, старасць забывалася і знаходзіліся сілы... Мележ. Андрэй думаў, што да яго вельмі скора прыйшла старасць. Чарнышэвіч.

2. Доўгачасовае існаванне; зношанасць. Мяне .. [Бычыха] не чапала, мабыць з-за таго, што хадзіла цераз вуліцу ў наш калодзеж па ваду, бо свой падгніў ад старасці. Кулакоўскі. Сям-там ляжалі поперак дарогі велізарныя дрэвы, што паваліліся ад старасці. Маўр.

•••

На старасці год — у пажылым узросце, у старыя гады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сушы́цца, сушуся, сушышся, сушыцца; незак.

1. Трацячы вільгаць, станавіцца сухім, сушэйшым; прасушвацца (пра што‑н. мокрае, вільготнае і пад.). Паміж сосен была нават нацягнута вяроўка і, зусім як на дачы, сушылася бялізна. Карпаў. [Гаспадар] хадзіў па панадворку і ганяў індыкоў ад пшаніцы, якая сушылася на разасланых посцілках каля ганка... Чарот.

2. Сушыць на сабе мокрую вопратку, абутак. [Мірон і Віктар] увесь час пільнавалі агонь, грэліся, сушыліся. Маўр.

3. Трацячы вільгаць, засушвацца, высушвацца. Праз усё лета на вешалках пад застрэшшамі сушацца тварожныя сыры. Чорны. Грыбы перабіралі і клалі ў печ, закрывалі засланкай. Яны там сушыліся, моцна пахлі. Жычка.

4. Зал. да сушыць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., каго-што.

1. Забаўляць, пацяшаць. [Невядома] каго елка больш цешыла: дзяцей ці дарослых! Таўлай.

2. Прыносіць асалоду, задавальненне; радаваць. Настрой быў ва ўсіх узняты, і гэта цешыла членаў камітэта. Пестрак. // Песціць (зрок, слых і пад.). Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха. Маўр. [Тапурыя:] — Няхай жыве ўсё жывое і прыгожае, што чалавечае сэрца цешыць! Самуйлёнак.

3. Суцяшаць, супакойваць; абнадзейваць. Што з таго — слязой скупой Цешыць смутак над магілай брата. Кірэенка. Мінуў тыдзень, другі, і я ўсё цешыў сябе надзеяй, што Мухтару не спадабаецца там, сярод тых прышлых людзей. Васілёнак.

•••

Цешыць (пацяшаць) вока — радаваць, даваць асалоду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)