Ко́мша ’маруда’ (Нар. словатв.). Значэнне гэтага слова пададзена няправільна. Аб гэтым сведчыць ілюстрацыя: «Ці скора ужо тэй комша накомшыцца?» З кантэксту відаць, што комша мае значэнне ’абжора’, таму яго трэба суадносіць з комшыць ’прагна есці булку, пірог’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́лькаць ’спаць, засынаць’ (Сцяшк. Сл.). Да куляцьх. Першаснае значэнне ку́лькаць ’валіцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліго́мы ’распешчаны’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Паводле ілюстрацыі бліжэй было б значэнне ’пераборлівы’. Па форме — дзеепрыметнік з суф. ‑ом‑ (як лакомы, ядомы). Да ляжаць (гл.). На значэнне, відавочна, уплывала лексема лігуміны ’ласункі, саладосці’ (Вешт.), якая з польск. legumina ’салодкая, мучная ежа’ і інкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гуча́ць і гучэ́ць, ‑чыць; незак.

1. Утвараць гукі. Стрэлы гучалі адзін за адным. Дамашэвіч. // чым. Поўніцца гулам, быць напоўненым якімі‑н. гукамі. Лес гучыць птушынымі песнямі.

2. Раздавацца, быць чутным. Гучала мелодыя вясёлай песні, мякка звінелі дзявочыя галасы. Дуброўскі. Усё ўжо скончылася, людзі разыходзіліся па хатах, а ў вуш[ах] Аксінні гучэлі і гучэлі іх галасы. Кулакоўскі.

3. перан. Мець тое ці іншае значэнне, рабіць уражанне. Словы Любы гучалі пераканаўча. Васілевіч. Словы дзядзькі Харытона гучалі як прароцтва. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

амярцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў адчувальнасць, зрабіўся мёртвым (пра клеткі, тканкі і пад.).

2. перан. Які страціў рухомасць пад уплывам чаго‑н. Не варушачыся, як амярцвелы, у шынялі і кепцы, ..[незнаёмы] насцярожана, і як бы палахліва глядзеў на Післяка. Сіўцоў. // Які заціх, перастаў быць ажыўленым. Амярцвелы горад. // Які пазбавіўся маральных сіл, адчувае спустошанасць; які перастаў актыўна рэагаваць на падзеі. Нават гром кананады Не развее тугі З амярцвелага сэрца. Глебка.

3. перан. Які страціў жыццёвасць, значэнне; аджыў. Амярцвелыя традыцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. панаваць.

2. Улада, уладанне. У сатырычным часопісе «Маланка», які сістэматычна выходзіў з пачатку 1926 г.. высмейваліся самыя змрочныя бакі панавання польскіх памешчыкаў і буржуазіі. Палуян. Фашызм на злом галавы, з нахабнай і агіднай хваткай злачынца рваўся да панавання над светам.. Перкін.

3. Перавага. Калі гаварыць пра стыль К. Чорнага, дык першае, што кідаецца ў вочы, — гэта панаванне ў мастацкай фразе дзеяслова. Юрэвіч.

4. Кіруючае становішча каго‑н., галоўнае, значэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́ршасны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які з’яўляецца першай, зыходнай ступенню чаго‑н.; першапачатковы. Матэрыя — першасная, свядомасць — другасная. Першасная абмотка трансфарматара. Першаснае значэнне слова. □ Будынак.. царквы неаднаразова перабудоўваўся і рамантаваўся, і даследчыку прыйшлося карпатліва ўстанаўліваць першасны варыянт яго. Ліс. // у знач. наз. пе́ршаснае, ‑ага, н. Першааснова, сутнасць чаго‑н. Ды той «халодны» разлік амаль ніколі не забіваў «цеплыні» пачуццёвага — першаснага ў паэзіі. Лойка.

2. Які ўзнікае, утвараецца на першай, пачатковай стадыі чаго‑н. Першасныя крышталічныя пароды. Першасныя солі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыблі́жаны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыблізіць.

2. у знач. прым. Які ўваходзіць у лік блізкіх да якой‑н. асобы (звычайна высокапастаўленай) людзей, карыстаецца яе даверам. Прыбліжаныя асобы. / у знач. наз. прыблі́жаны, ‑ага, м.; прыблі́жаная, ‑ай, ж. «Хто ж з тых, хто тут прысутнічае, ведае пра яе працу ў Старым Стане?.. — думала Зіна. — Усяго некалькі чалавек, прыбліжаных Языковіча». Кавалёў.

прыблі́жаны 2, ‑ая, ‑ае.

Спец. Не зусім дакладны, прыблізны. Прыбліжанае рашэнне. Прыбліжаныя вылічэнні. Прыбліжанае значэнне дробу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́кладны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыблізны. Прыкладны тэрмін. □ «Заўтра вышлю дзве разведкі, дальнюю і бліжнюю», — вырашыў .. [Міхееў], прачарціўшы на карце прыкладны маршрут. Шамякін.

2. Выдатны, узорны. Прыкладныя паводзіны. □ Першага верасня Дзёмка пайшоў у школу і хутка стаў прыкладным вучнем. Сіняўскі. Ён [Мірон] жа змагаўся, Упарта свайго дамагаўся. Прыкладным, лепшым калгасам калгас яго зваўся. Куляшоў.

прыкла́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Звязны, складны (пра мову).

прыкладны́, а́я, ‑о́е.

Які мае чыста практычнае значэнне, прымяняецца на практыцы. Прыкладныя навукі. Прыкладная электратэхніка. Прыкладное мастацтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпло́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Нованароджанае патомства (пераважна свойскіх жывёл або жывёл, якія маюць гаспадарчае значэнне). Гумно паўнела з кожным годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас. Праз некаторы час прывезлі яшчэ некалькі зуброў, якія хутка далі прыплод. В. Вольскі. // Прырост у свойскіх жывёл. Штогодні прыплод у жывёлагадоўлі. □ [Нікадзім:] — Не, сынку. Буду рабіць па-свойму. Мне яна [карова] яшчэ і прыплод дасць, вось пабачыш. Лупсякоў. Калісь ляснік калоду Да хвоі прывязаў, Ад пчол лясных прыплоду І ўзятку іх чакаў. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)