масці́ць, машчу, мосціш, мосціць; незак., што.
1. Рабіць насціл з дошак, бярвенняў і пад. Масціць падлогу. □ Ля берага Дзвіны стаялі баржы, іх злучалі, масцілі паверх дошкамі. Хадкевіч. Пачалі браты церабіць прасекі ў пушчы ды масціць грэблі. Якімовіч.
2. Тое, што і брукаваць. — Рабіў, што траплялася. Брук масціў, печы мураваў, а пасля пры кавалях быў. Чорны.
3. Разм. Старанна ўкладваць, размяшчаць. Масціць мяшкі на воз. // Высцілаць чым‑н. для больш зручнага карыстання. Воз рыхтуюць звечара. Мажуць дзёгцем калёсы, мосцяць канюшынай .. сядзенне, кладуць для нечага дошкі... Васілевіч. [Падводчык] час ад часу злазіў з саней, на хаду папраўляў хамут, затым, пакрэктваючы, масціў пад сябе салому. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што ў што. Апускаць, акунаць у што‑н. вадкае або сыпкае. Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Караткевіч. Ладымер .. мачаў цыбулю ў соль і запіваў квасам. Чорны. // што. Расходаваць што‑н. мачаннем. А раз нядзеля, дык і бліны. А раз бліны, дык і мачанка. А раз яна, мачанка, дык і мачаць яе павінны. Крапіва.
2. што. Спец. Вырабляць што‑н. апусканнем у які‑н. раствор. Мачаць запалкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
межава́цца, мяжуюся, мяжуешся, мяжуецца; незак.
1. з чым і без дап. Мець агульную мяжу, быць сумежным. Мяжуюцца сенажаці суседзяў. Сталовы пакой мяжуецца з кухняй. □ Жыта межавалася з бульбаю, ячмень з грэчкаю і пры аўсе ліпела палоска льну. Чорны. // перан.; з чым. Быць блізкім да чаго‑н. Даверлівасць .. да знаёмых і таварышаў межавалася з дзіцячай непасрэднасцю і наіўнасцю. Хведаровіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), з чым. Перамяжоўвацца, чаргавацца. Любіць [янот] вялікія пералескі, якія мяжуюцца з паплавамі. В. Вольскі. [Слабодкі] забудоўваюцца без плана.. Даўжэзныя баракі мяжуюцца з наспех збітымі хацінамі і зямлянкамі. Жычка.
3. Зал. да межаваць (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кара́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Каляны ад засохлай гразі; закарэлы. Каравая ануча. □ Баба прынесла з гары.. каравыя старыя нагавіцы. Чорны. // Вельмі брудны, запэцканы граззю. Каравая свіння.
2. Пакрыўлены, вузлаваты, з нарасцямі (пра дрэвы, расліны). Я стаяў пад караваю грушаю-дзічкаю адзін сярод чыстага поля. Сачанка. Не памятаю, як было, але вавёркаю я ўжо сядзеў на каравай алешыне. Нікановіч.
3. Загрубелы, нягнуткі, з шурпатай скурай (пра рукі, ногі). Каравыя пальцы. □ На возе, звесіўшы босыя каравыя ногі, сядзеў Дойла. Адамчык.
4. перан. Разм. Няскладны, няўмелы, груба выкананы. Каравы пераклад. Каравая фраза. □ Словы тыя .. адно за другое ніжуцца, каравыя, нязграбныя. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́федра, ‑ы, ж.
1. Узвышэнне, памост для лектара або прамоўцы. Узысці на кафедру. □ Толькі кафедра ў выглядзе невялічкай тумбачкі была бедна абшыта паркалёвай матэрыяй, такога, як і плюш, колеру. Грамовіч. Леў Раманавіч стаў за кафедру і доўга не мог гаварыць ад хвалявання. Асіпенка.
2. Аб’яднанне выкладчыкаў і навуковых работнікаў адной або некалькіх блізкіх навуковых дысцыплін у вышэйшай навучальнай установе СССР. Кафедра гісторыі. Кафедра педагогікі. Пасяджэнне кафедры. Загадчык кафедры.
3. Пасада епіскапа, які кіруе епархіяй (першапачаткова — крэсла ў царкве для епіскапа).
4. Тое, што і кафедральны сабор (гл. сабор). Зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. Чорны.
[Ад грэч. kathédra — сядзенне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кашто́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які дорага каштуе, мае вялікую цану. Каштоўны падарунак. □ Адзін з шайкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідаць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. Залатаносны пясок прамываўся на аўчыне — пясок зносіла вада, а часцінкі каштоўнага металу заставаліся ў поўсці. Самуйлёнак.
2. Які мае важнае, істотнае значэнне. Каштоўная тэхнічная культура. Каштоўны дакумент. Каштоўная прапанова. // Вельмі патрэбны. Каштоўная якасць. □ [У Лясніцкага] была каштоўная прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін.
•••
Каштоўныя камяні гл. камень.
Каштоўныя паперы гл. папера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жа́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.
Разм.
1. каго-што чым. Гучна, з сілаю ўдарыць. Да .. [Вані] падбег паліцыянт, жахнуў гумай па плячах і пацягнуў хлопчыка да пастарунка. Карпюк.
2. што. З сілаю кінуць. [Пошта] узяў дзецюкову касу і разы тры махнуўшы .. па траве, з усяе сілы жахнуў яе аб купіну. Крапіва.
жахну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.
1. каго. Моцна спалохаць, выклікаць жах. І тое, што ўбачыў .. [пан] у чалавечых вачах, жахнула яго. Чорны.
2. Выбухнуць, успыхнуць, бліснуць (пра полымя, маланку і пад.). Буйныя каплі, як бы градам, Па лісцях дуба секанулі Ды далей сетку пацягнулі. І вось жахнула бліскавіца. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́лат, ‑а, М ‑лаце, м.
1. Вялікі цяжкі малаток, якім куюць металы, дробяць каменне, забіваюць што‑н. і г. д. Яшчэ здалёк даносіўся звон піл, кавальскіх молатаў, кувалдаў. Бялевіч. Бацька біў каменне велізарным молатам. Чорны.
2. Механічная прылада для апрацоўкі металаў пры дапамозе ціску. [Каваль] грукнуў дваццацітонным паравым молатам па балванцы і задаволена ўсміхнуўся. Навуменка. У кузні пры майстэрні гулка стукаў аўтаматычны молат і гудзеў горан. Шамякін.
3. Спартыўная прылада для кідання — металічнае ядро з тросам.
•••
Серп і молат гл. серп.
Паміж молатам і кавадлам — у цяжкім становішчы, калі небяспека пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мэ́та, ‑ы, ДМ мэце, ж.
Тое, да чаго імкнуцца, чаго жадаюць дасягнуць. Мэта ўрока. Дасягнуць мэты. □ Міналі дні, ішлі гады. Ішлі і мы да нашай мэты. Бялевіч. [Свірын:] — Мэта ў нас з вамі адна — спакойна жыць, добра вучыцца і мірна працаваць. Пальчэўскі. // Пэўны намер, пастаўленая задача. Хацелася проста так, без мэты, паблукаць па вуліцы, паглядзець на людзей, на вітрыны, на рух машын. Карпаў. Ішла.. група з ранейшай мэтай — падбіраць для справы людзей у вёсках. Новікаў. // Загадзя намечаны пункт, мяжа. Тым самым тыднем, а можа, наколькі дзён раней, .. стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Чорны.
•••
З мэтай чаго — для таго каб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навіна́, ‑ы́; мн. наві́ны, ‑ві́н; ж.
1. Атрыманая зусім нядаўна вестка. Апошнія навіны. □ І бацька ў вольныя часіны Расказваў дома ўсе навіны І чуткі ўсе наконт зямелькі. Колас.
2. Уласцівасць і стан новага; навізна. Пабегаўшы па дварэ, вучні зноў прыйшлі ў школу. Яна ўжо не страшыла іх сваёю навіною. Колас.
3. Нешта новае, незнаёмае. [Павал:] «Многа яшчэ будзе думак новых і навін за жыццё». Чорны. Працаваць самастойна для мяне было ўжо не навіной. Даніленка.
4. Абл. Хлеб новага ўраджаю, новае збожжа. І шэптам ласкі на выбітым полі, Як сонца, плыве навіна. Колас.
•••
Навіна з барадою — старая навіна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)