бу́ра, ‑ы, ж.

1. Вецер вялікай разбуральнай сілы, звычайна з дажджом або снегам. Бура ўзнялася. Бура сціхла. □ Дзед з Сымонам пад вярбою Селі буру пераждаць. Колас. Пералівы ветру пераходзяць у буру. Бядуля.

2. перан. Пра сацыяльныя з’явы вялікай гістарычнай важнасці, якія выклікаюць істотныя перамены ў жыцці грамадства. І вось паўстаў крылаты пралетарый, — І бура ўміг з зямлі змяла цара — драпежніка арла. Крапіва. Раскаты рэвалюцыйнай буры ў пралетарскіх цэнтрах Расіі ўскалыхнулі і Беларусь. Івашын.

3. Шум, крык. Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру. Колас. [Насця:] — Што ж гэта, памочнікі мае дарагія, у ясны дзень буру паднімаеце? Мележ. // перан. Моцнае душэўнае хваляванне. Бура, якая бушазала ў душы [Пятра] ўсю дарогу, пакрысе сціхала. Шамякін. // перан.; чаго або якая. Яркае гарачае выяўленне пачуццяў. Пасля буры воплескаў шалёных Мы сябе не помнілі ў фінале І свае сапраўдныя імёны У ролях закаханых называлі. Непачаловіч.

•••

Магнітная бура — раптоўнае кароткачасовае, хуткае і незаканамернае змяненне магнітнага поля Зямлі, звязанае з утварэннем і развіццём па Сонцы цёмных плям.

Бура ў шклянцы вады — моцнае хваляванне, гарачая спрэчка з-за дробязных прычын.

Якой бурай прынесла — пра нечаканае з’яўленне непажаданага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязмо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які нічога не гаворыць, маўчыць. Была Аксіння бязмоўная, ціхая. Свядомасць вярталася да яе. Вярцінскі. // Які неахвотна гаворыць, не любіць гаварыць; маўклівы. Строгі, амаль бязмоўны палкоўнік, здаралася, выклікаў Ніну ноччу. Васілевіч. // перан. Які не адважваецца, не асмельваецца падаць свой голас; баязлівы. [Ярохін:] — Чалавек павінен быць вясёлы, жыццярадасны, і няма ніякай патрэбы ператварацца яму ў нейкую бязмоўную мумію. Шамякін. Будучы пісьменнік бачыў, як уласніцтва, кожнадзённы клопат пра кавалак хлеба ў хаце, вечныя нястачы нявечылі жыццё жанчыны, ператваралі яе ў парабчанку, у бязмоўную служку мужа і свёкра. Кудраўцаў. // Які выражаецца без слоў, не суправаджаецца словамі. Бязмоўны погляд. □ І я чытаю ў.. [вачах], як і тады, адно бязмоўнае пытанне: «Ці праўда гэта, што ты — мой найлепшы друг?» Брыль. Міхась стаіць, знявагі поўны, І погляд кідае бязмоўны. О, колькі крыўды ў ім, абразы!.. Колас. // перан. У якім не чуваць ніякіх гукаў; ціхі. Бязмоўны лес. □ Чэсік любіць блукаць па гэтых бязмоўных могілках. Васілевіч. // перан. Такі, дзе адсутнічаюць гукі мовы, гаворка. Білі барабаны, гайдалася, як ніва перад бурай, бязмоўная плошча, і каб гук, каб крык ці плач — толькі гром барабанаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варажы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; незак.

1. Адгадваць будучае або мінулае па картах, лініях рукі і пад. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варажыць цыганка. Багдановіч. [Ліза] з Наталлю дасталі з-за люстэрка растрыбушаную, як вата, калоду карт і варажылі. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай Льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.

2. Меркаваць, рабіць здагадкі. [Люба:] — Чалавек дзесяць перапытала. Адны гавораць, паехалі на Ру дню, другія — к Дняпру. Вось тут і варажы. Шамякін. [Папас і Галіна] варажылі, як будзе заўтра, ці прыйдуць на свята сяляне з суседніх вёсак. Галавач. [Начальнік заставы:] — Што тут доўга варажыць, Хочаш разам з намі жыць? А. Александровіч.

3. Прадракаць, прадказваць. [Дзед:] — Прыйдуць дні, аб якіх вякі варажылі, Пра якія ў казках адно гаварылі. Танк. Мой дзед ведаў прыкметы надвор’я. З вечара, гледзячы ўгору, варажыў пагоду на раніцу. Грамовіч. Зязюлі варожаць і кнігаўкі жаляцца, І глушаць усіх салаўі. Панчанка.

4. Разм. Вабіць, зачароўваць. І чаруе, і варожыць шаўкавістая трава. Хведаровіч. І струны на гуслях, І струны ў сэрцы, Як вокліч у пушчы, Завуць і варожаць. Бядуля.

5. перан. Разм. Па-майстэрску, падобна чараўніку, працаваць над чым‑н. [Скульптар] варажыў над пластылінам. Скрыган.

•••

Бабка надвае варажыла гл. бабка ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Хапаць, раніць зубамі. Сабака дужа злосны, усіх кусае. // Сціскаць, шчыпаць дзюбай (пра птушак). Гусак кусае. // Раніць джалам, хабатком (пра насякомых). Пчолы кусаюць. Мурашкі кусаюць. // Захопліваць, сціскаць зубамі, пакусваць (пры хваляванні і пад.). Алёша бліснуў позіркам у бок Раі, але яна не ўзнімала вачэй ад падручніка і кусала рог хусткі. Шамякін. Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. І свой жа брат цябе кусае, Бо кожны выслужыцца хоча. Колас.

2. Захопліваць зубамі, аддзяляць, адкусваць невялікімі кускамі ад чаго‑н. Лукаш апетытна еў з чыгуна бульбяную кашу, кусаў хлеб і запіваў з вялікага белага кубка малаком. Ермаловіч. // Разм. Есці. [Скіба:] Ад учарашняга абеду не кусаў нічога. Крапіва. // Разгрызаць, раскусваць што‑н. цвёрдае. Кусаць арэхі. // Адразаць кавалачкамі. Кусаць дрот.

3. Разм. Моцна раздражняць скуру, пячы (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). У школу ідзе Майка, а мароз такі кусачы, кусае і падганяе. Лынькоў.

•••

Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым‑н. упушчаным, непапраўным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ледзь, прысл. і злучн.

1. прысл. Чуць, злёгку, нямнога. Ледзь жывы. Ледзь прабіваецца святло. Ледзь чутна. □ Каміны ледзь выглядалі з віхрастай саломы на стрэхах. Чорны. З ледзь улоўным слыху шорахам падала з дрэў пажоўклае лісце. М. Ткачоў.

2. прысл. Разм. Насілу, з вялікімі цяжкасцямі; ледзьве. Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. Лодка ледзь прадзіралася цераз гушчэчу зеляніны. Лобан.

3. прысл. (у спалучэнні з адмоўем). Амаль, чуць не. Госці склалі свае рэчы на падлозе, заняўшы імі ледзь не палову пакоя. Корбан. Зблізу, ледзь не з-пад ног, раптам, як стрэл, вырваўся пагрозны свіст. Мележ.

4. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу пры імгненнай змене падзей. Ледзь бліснула такая думка, і .. [Лялькевіч] увесь скалануўся, пачырванеў. Шамякін. / У спалучэнні з масавым злучнікам «толькі». Ледзь толькі вадзіцель марудна .. выпаўз з люка, Нолышаў паставіў яго ў струнку, сказаў ад сэрца некалькі сярдзітых слоў. Мележ.

•••

Ледзь вынесці ногі гл. вынесці.

Ледзь дацягнуць ногі гл. дацягнуць.

Ледзь дыхаць гл. дыхаць.

Ледзь ногі носяць гл. нага.

Ледзь ногі цягаць (валачы, перастаўляць) гл. цягаць.

Ледзь трымацца на нагах гл. трымацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збе́гчыся, збягуся, збяжышся, збяжыцца; збяжымся, збежыцеся, збягуцца; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. л. не ўжыв.). Хутка, бягом сабрацца ў адно месца (пра ўсіх, многіх). Тушыць пажар збегліся ўсе, малыя і старыя. Шамякін. Увесь лагер збегся да зямлянкі камандзіра. Шчарбатаў. // перан. Разм. Адбыцца ў адзін час, разам; супасці. Якім чынам усё так збеглася нечакана, тлумна і хаатычна, .. [Рыгор] не мог сказаць. Гартны. [Саўка] гатоў нават і спачуваць ім [партызанам], але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці? Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Зблізіўшыся, сысціся ў адно месца; самкнуцца. [Тодар] нічога не адказаў, толькі неяк збянтэжана засмяяўся, ад чаго старшынёвы бровы яшчэ больш збегліся на пераноссі. Крапіва. На твары ў .. [Тумаша] застыла ўхмылка, на пукатым ілбе збегліся баразёнкі зморшчын. Новікаў.

3. Разм. Паспець бегчы разам з кім‑, чым‑н. Каза .. спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. А тая не можа збегчыся. Кулакоўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Сцягнуцца, ссесціся. Сукенка збеглася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стваражыцца, утварыць згусткі (пра малако). Малако збеглася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зга́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. згас, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць; патухнуць, загаснуць. Ракета прарэзала заслону дажджу, зашыпела ў вышыні і згасла. Шамякін. Пад вечар згаслі яркія кастры. Танк. / Пра канец дня і надыход ночы. Дзень згас.

2. перан. Знікнуць, кончыцца (пра пачуцці, надзеі і пад.). Не згасне той запал агністы, З якім пад шолах кумача Кляліся сэрцам урачыста Ва ўсім браць прыклад з Ільіча. Бялевіч. На задні план сышлі згрызоты, Агонь і жар у сэрцы згас. Колас. / Пра жыццё, сілы. Яшчэ ў грудзях не згаслі сілы, Яшчэ не слабнуць сэрца крылы, Не адцвіла ў душы вясна! Гілевіч. // Зачахнуць, памерці (пра чалавека). [Маці] хутка згасла на непасільнай працы, як свечка на ветры, у свае трыццаць дзевяць год. Клышка. Згас стары дзядок без болю, Раз ці два адно зяхнуў. Колас. // Страціць жывасць, выразнасць (пра вочы, позірк, усмешку). Вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула.. [Васіля], усмешка на чырванашчокім твары згасла. Мележ.

3. перан. Страціць значэнне, забыцца. Ніколі не згасне слава аб тых, хто аддаў сваё жыццё ў імя людскога шчасця. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіця́ і дзіцё, дзіцяці, ДМ дзіцяці, Т дзіцем і дзіцём, н.; мн. дзеці, дзяцей.

1. Малалетні хлопчык або дзяўчынка (ад нараджэння да падлеткавага ўзросту). Выхоўваць дзяцей. Дзеці дашкольнага ўзросту. □ Між вялікіх лазяць дзеці, Так, як мышы між снапоў. Крапіва. Дзіця не заплача — матка не здагадаецца. Прыказка. Дзе многа нянек, там дзіця без носа. Прыказка. // Пра наіўнага, нявопытнага чалавека. — [Паўлік] папаўся ў лапы агіднага чалавека. Ён жа яшчэ дзіця тады быў. Чорны.

2. Сын або дачка (незалежна ад узросту). Матчына сэрца гатова ўсім ахвяраваць дзеля любага дзіцяці свайго. Бядуля. Як сыдземся ўсе на свята — Васьмёра дзяцей дарослых — Становіцца цеснай хата Ад падарункаў розных. Гілевіч. // Дзіцяня ў жывёл, птушак. Жалобна ціўкала нейкая маленькая птушка, мабыць шукала сваіх сябровак ці дзяцей. Шамякін. І сава хваліць сваё дзіця. Прымаўка.

3. чаго. Пра чалавека, які засвоіў характэрныя рысы свайго асяроддзя, эпохі і пад. Дзіця свайго часу. □ Гэтыя дзеці вады хоць і жывуць морам, але рыбакамі назваць іх нельга. Маўр. Мы дзеці рэвалюцыі, Кастрычніка сыны! Дудар.

•••

Горкае (зялёнае) дзіця — пра наіўнага, нявопытнага маладога чалавека.

Не дзяцей хрысціць каму з кім гл. хрысціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́здзіць, езджу, ездзіш, ездзіць; незак.

1. Тое, што і ехаць (у 1 знач.), з той розніцай што «ездзіць» азначае дзеянне, якое паўтараецца ў розных напрамках. Ездзіць у горад. Ездзіць на машыне. □ Дзед Астап ездзіў часам з другімі партызанамі на разведку. Лынькоў. Костусь ездзіў, хадзіў, клапаціўся: жніво ішло, а рукамі, відаць было, нічога зрабіць нельга будзе. Чорны. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. (карыстаючыся транспартам). Яшчэ казаў мой прадзед у свой час, Што будуць ездзіць к нам не за пянькою, А каб вучыцца мудрасці у нас. Прыходзька. — Я так марыў увесь час, што мы будзем жыць суседзямі. У нядзелю мы ездзілі б адзін да аднаго ў госці... Шамякін.

2. Умець карыстацца якім‑н. сродкам перамяшчэння. Умела ездзіць на матацыкле. // Разм. Катацца на каньках, лыжах.

3. перан. Разм. Рухацца, соўгацца па чым‑н. Стары сядзеў неспакойна, круціўся, ездзіў па лаве. Мележ.

4. Разм. Быць, працаваць кім‑н. (пра некаторыя прафесіі). Вася ў дальніх паяздах ездзіць правадніком. Ракітны.

•••

Ездзіць вярхом на кім — мець уладу над кім‑н.

Ездзіць на чыёй спіне, на чыім карку — выкарыстоўваць каго‑н. у сваіх інтарэсах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёмкі, ‑ая, ‑ае.

1. Якім добра і лёгка карыстацца; зручны. Ёмкі кій. □ Пасля працоўнага дня гэтак прыемна бывае праехаць у ёмкіх санках, на добрым кані! Шамякін.

2. Зграбны, спрытны. На пні прымасціўся Гарвада, Сярэдняга росту, худы, Касцісты і ёмкага складу І з віду яшчэ малады. Колас. Зінчанка — ёмкі хлопец і ўмее даглядаць машыну. Шынклер. // Моцны; лоўкі, меткі. Ёмкі ўдар. □ Ёмкі стрэл, ад якога шумела ў ельніку рэха, агонь, што вырываўся з гільзы, прадавалі нам смеласці. Пташнікаў.

3. Вялікі, ладны. — Папраўляйся, галубок, — разгладжваючы вусы, гаварыў дзед Мікалай. Ён любаваўся, як апетытна Сашка ўплятаў ёмкую лусту хлеба. Даніленка. То была рэчка Вітлянка, з якой я, прыязджаючы сюды ўлетку, не раз цягаў гарбатых ёмкіх акунёў. Хадкевіч. // Моцнага целаскладу; дзябёлы. Андрэй выглядаў ёмкім, прысадзістым, якраз да танка, а мінамётчык — цыбаты, няскладны. Грамовіч. За салдатам у дзвярах паказаліся яшчэ двое, адзін рослы, худы, другі нізкарослы, ёмкі. Дуброўскі.

4. Тое, што і ёмісты; умяшчальны. — Даць больш ёмкія на груз вагоны і мацнейшыя паравозы! Шынклер. — Я вельмі рада, што маю чым падлячыць вас. — [Вольга Віктараўна] налівае ёмкую чарку. — Піце, Андрэй Пятровіч: гэта першы спосаб усцерагчыся ад прастуды. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)