Біру́лька. Рус. бирю́лька, укр. бирю́лька. У бел. мове біру́лька азначае розныя драўляныя вырабы (напр., ’невялікая палачка, якая ўжывалася замест гузіка’; ’драўляная частка ў плузе’ і г. д.). Слова цёмнага паходжання. Гараеў (17) лічыў, што яно ўтворана ад дзеяслова браць (таксама Шанскі, 1, Б, 123–124). Фасмер (1, 168) сумняваецца. Вельмі цікавую версію аб запазычанні з цюрк. моў вылучыла Мяркулава, Этимология, 1971, 185–190.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Далікту́ся ’вельмі далікатны (пра чалавека)’ (Сцяц.). Відаць, запазычанне з польск. мовы, але слова было сапсавана. Параўн. польск. delikatniś ’пястуха, недатыка’ (утварэнне да delikatny). Параўн. яшчэ ст.-бел. деликатъ ’пястун’ (паводле Булыкі, Запазыч., 90, з франц. délicat < лац.). Фанетычная структура польск. слова, відаць, была незвычайнай для ўсх.-слав. моў, і таму яно было перароблена і, магчыма, кантамінавалася з нейкім іншым словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даскана́лы ’дасканалы’ (БРС). Параўн. укр. доскона́лий, рус. доскона́льный. Лічыцца запазычаннем з польск. doskonały ’тс’ (у польск. мове слова зафіксавана ў помніках, прынамсі, з XV ст.). У ст.-бел. помніках няма (параўн. Булыка, Запазыч.). Гл. Слаўскі, 1, 157; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 173. Апошні ўказвае, што, паводле гістарычных даных, слова прыйшло з мовы паўднёва-заходняй Русі, куды яно трапіла з польскай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

муро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца мурагом (у 1 знач.). Хлопчык сеў на мурожную траву і доўга не зводзіў вачэй з салдата. Гамолка.

2. На якім расце мурог (у 1 знач.). За дубамі адразу пачынаўся мурожны поплаў. Галавач.

3. Які з’яўляецца мурагом (у 2 знач.). Сена было мурожнае, яно абдавала гарачым пахам і трывожна п’яніла. Скрыган.

4. Уласцівы мурагу, які пахне мурагом. Я спяваў пра сенажаці, Пра мурожны пах мядункі. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгаве́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Уст. Паесці першы раз скаромнага пасля посту. — Завядзёнка тады яшчэ ў людзей такая была: увесь год можаш поснічаць, а на каляды ці на вялікдзень абавязкова разгавецца свежыною. Сабаленка. // Разм. З’есці што‑н. смачнае ўпершыню пасля доўгага перапынку. [Міхал:] Як ты думаеш, маці, можа, сёлета дажынкі справіць? Людзі нам памагалі, цурацца іх нельга... Ды ўрэшце яно — цалюткі год гаруеш, гаруеш, а продыху няма. Хоць разгавецца крыху... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка і лёгка рухаецца, лёгкі на хаду. Ходкі самазвал. Ходкі конь. □ Потым пакацілі ходкія гарматы, мінамёты. За імі — з той жа імклівасцю, але больш паважна, ракеты. Карпаў.

2. Які мае вялікі попыт (пра тавары, вырабы і пад.). [Іван:] — У нашу краму такога [пітва] не прывозяць. Не ходкае яно ў нас. Паўлаў. На базары лазовае лыка Самы ходкі лічыўся тавар. Хведаровіч. // Які часта выкарыстоўваецца. Ходкі афарызм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Во́гніска ’вогнішча, касцёр, месца, дзе быў касцёр’ (Яшк., гродз., Шат., З нар. сл., навагр.); ’дрыгвяністае балота’ (Яшк., гродз.). Запазычанне з польск. ognisko ’вогнішча’, на што ўказвае суф. ‑isko (гл. Арашонкава, Весці АН БССР, 1963, 2, 85 і наст.; Гіст. лекс., 100). Значэнне ’дрыгвяністае балота’ у польск. мове не зафіксавана; яно, відаць, развілося на беларускай глебе. У семантычных адносінах параўн. выжара ’выгараўшая яма ў торфе’; ’багністае балота’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тампо́н ’стэрылізаваны кавалачак ваты або марлі’ (ТСБМ). Запазычана праз рус. тампо́н, польск. tampon, з франц. tampon ’корак, затычка; тампон’; яно з’яўляецца назалізаванай формай слова tapon ’жмут адзення, бялізны’, якое, у сваю чаргу, уяўляе сабой утварэнне з суфіксам ‑on ад франк. *tappo, што роднаснае ст.-в.-ням. zapho ’затычка’, ням. Zapfen ’тс’, ст.-англ. tœppa і англ. tap ’тс’ (ЕСУМ, 5, 513; Голуб-Ліер, 477).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́хо-лы́хо ‘шыта-крыта’ (драг., З нар. сл.). Да ці́ха і лі́ха (гл.) з заходнепалескай фанетыкай, параўн. ст.-бел. тихо, тыхо ‘ціха’, тихота, тихость ‘адсутнасць гаворкі, лагоднасць, пакора’ і лихо ‘зло’, ‘адчайна, рызыкоўны (ГСБМ); ведаць, на аснове рыфмаванага выслоўя, параўн. Cicho, bo budzie licho! (ваўк., Федар. 4), або Ot, ad licha cicha, a dabra ni czutno (там жа), He чапай ліха, пакуль яно ціха (Вушац. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вунь, часціца.

1. указальная. Ужываецца для ўдакладнення месца ці месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Вунь там, каля тых дубоў. Вунь дзе ён вынырнуў. А вунь, што гэта за дрэва? □ Вунь дзе ён, наш «саманны завод», каля самай дарогі, у глінішчах. Брыль.

2. вылучальная. Вылучае або падкрэслівае значэнне таго ці іншага слова ў сказе. Глядзі, вочы вунь у іх зусім зліпаюцца. Вунь і нядаўна іх бачылі на вуліцы. □ І ці не Яноль толькі выглядае гэта вунь там з-за елкі? Колас. [Тэкля:] — На дварэ ўжо восень, лісты вунь асыпаюцца. Краўчанка.

3. узмацняльная. У спалучэнні з займеннікамі ўказвае на меру або ступень якасці чаго‑н. Вунь глядзіце, колькі каменняў выбралі. Бядуля. [Дзямід:] — Вунь след які глыбокі ды шырокі. В. Вольскі.

4. у знач. прысл. У тым месцы, не тут. Вунь відаць вёска. □ Стой! Здаецца, вунь зірнула, Як бы зорка, як бы сонца! Ах, не тое!.. Адвярнула!.. Гэта шышка на сасонцы. Купала.

•••

Вунь (яно) што! Вунь (яно) як! — вокліч для выказу здзіўлення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)