Го́рны1 ’гаротны, сумны’ (БРС). Гэта слова ў такім значэнні не сустракаецца ў іншых слав. мовах. Яго няма ў аглядзе Трубачова (Эт. сл., 7, 57–58), дзе разглядаецца матэрыял усіх слав. моў. Таму можна думаць, што гэта самастойнае ўтварэнне на бел. глебе ад го́ра (< прасл. *gorʼe ’гора, бяда і да т. п.’).

Го́рны2 ’фанабэрысты, выхвальны’, ’прыгожанькі, прыгожы’ (КЭС). Рус. дыял. гордно́й, го́рдный ’горды’, горно́й, го́рный ’тс’, польск. garny ’горды, пераборлівы’, серб.-харв. гр́дан, гр̑дан (у розных значэннях) і г. д. Прасл. *gъrdьnъjь, якое з’яўляецца вытворным пры дапамозе прыметнікавага суфікса *‑ьnъ ад прасл. прыметніка *gъrdъ. У бел. мове (як і некаторых іншых слав.) адбылося спрашчэнне кансанантнай групы ‑рдн‑ > ‑рн‑. Агляд форм, семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 208.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́йкі (прым.) прыгожы, харошы’ (Інстр. лекс., Сцяшк. МГ). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки (ба́йка) ’нядрэнны’ і польск. bajki ’тс’. Цяжка сказаць, адкуль паходзіць гэта слова. Зыходзячы з геаграфіі (зах.), магчыма, запазычанне з польск. мовы, дзе гэты выраз вельмі пашыраны ў гаворках. Карловіч (1, 38) адносіць польск. bajki да bajka ’дробязь, глупства, лухта’ (параўн. ба́йка1).

Ба́йкі (прысл.) ’многа’ (Сцяшк. МГ), ’надта многа, вельмі’ (Інстр. лекс.), нішто сабе’ (Бесар.). Гэтаму прыслоўю, бясспрэчна, звязанаму з ба́йкі (прым.), ёсць дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки, ба́йка (прысл.) ’нядрэнна, нічога сабе, не бяда’ і ў польск. мове (bajki). Зыходзячы з геаграфіі слова ва ўсх.-слав. мовах (толькі зах. гаворкі) і з пашырэння яго ў польск. мове, можна думаць пра запазычанне (з польск.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыюці́ць ’даць прытулак’, прыючы́цца ’знайсці прытулак’ (лід., Сл. ПЗБ). Сюды ж аддзеяслоўны назоўнік прыю́т ’дзяржаўны дом для дзяцей-сірот і састарэлых’ (Янк. 1), ’дзіцячы дом’ (Ян.), ’у дарэвалюцыйнай Расіі дабрачынная ўстанова для выхавання беспрытульных дзяцей’ (пруж., Сл. ПЗБ), прыю́тны ’ветлівы’ (Ян.), прыю́тный, прыю́тлывый ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (бяроз., ЛА, 3), прыю́тый ’мілы, прыгожы, прытульны’ (Бяльк.). Назоўнік прыют і дзеяслоў прыюціць, несумненна, запазычаны з рус. приют ’прытулак’, приюти́ть ’даць прытулак’ (параўн. ЕСУМ, 4, 586). Што да прыметнікаў, то яны могуць узыходзіць непасрэдна да *jutiti sę ’змяшчацца ў невялікай прасторы’, г. зн. ’быць блізкім адзін да аднаго’, што, паводле Трубачова, можа ўзыходзіць да і.-е. *ieu̯‑t‑, параўн. ст.-інд. yū̆tí‑ ’змяшэнне, сумесь’ (ЭССЯ, 8, 199).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абшы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., каго-што, чым.

1. Прышыць (галун, футру і пад.) па краях чаго‑н., аблямаваць. Абшыць паліто футрам. // Абкідаць швы ў чым‑н.

2. Абабіць усю паверхню дошкамі, лістамі бляхі і пад. Рабочыя паставілі каркас, абшылі яго плітамі, накрылі дах, і праз пяць дзён на будаўнічай пляцоўцы ўжо ўзвышаўся новы прыгожы дом. «Звязда». Сяк-так звязаць жэрдкі.. [Манг] паспеў праз тры дні, але засталося самае галоўнае: абшыць іх. Маўр. // Нашыўшы (матэрыю, скуру і пад.), абцягнуць. Абшыць пасылку.

3. Пашыць усё неабходнае для каго‑н. Трэба абмыць і абшыць сям’ю, а вечарам аж да поўначы — прасніца, пад вясну — кросны. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напі́цца, ‑п’юся, ‑п’ешся, ‑п’ецца; ‑п’ёмся, ‑п’яцеся; пр. напіўся, ‑пілася, ‑пілося; заг. напіся; зак.

1. чаго і без дап. Выпіць чаго‑н., каб наталіць смагу; папіць. Напіцца чаю. □ Падмацаваўшыся, Сцёпка напіўся ў рэчцы вады. Колас. — Добра, — сказала жанчына, выслухаўшы Любу. — Дай мне напіцца. Чорны.

2. Дайсці да стану ап’янення. Ніяк не мог [Нічыпар] успомніць, з якой прычыны ўчора напіўся. Асіпенка.

3. перан.; чаго і без дап. Насыціцца, прасякнуцца чым‑н. Нават паветра змянілася ў сяле: напілося густога смалістага паху. Васілевіч.

•••

Напіцца (насмактацца) крыві чыёй — памучыць каго‑н., паздзекавацца з каго‑н.

Хоць вады напіся — пра вельмі прыгожы твар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца багаццем, раскошаю аздаблення або высокай якасцю матэрыялу. Раскошны палац. Раскошны лімузін. □ Зверху ў раскошным чырвоным пераплёце Сашавы «Казкі»... Васілевіч.

2. Пышны, прыгожы. Над буданамі рос стары хвойнік, не густы, таму разгалісты, з выгнутым уніз раскошным галлём. Кулакоўскі. Вылі .. [вусы] хоць і сівыя, але раскошныя і густыя. Чарнышэвіч. — У маёй мамы таксама былі раскошныя валасы, але доля яе была нешчаслівая, — у засмучэнні прамовіла .. [Ядвіся]. Колас. // Дзівосны, незвычайны. Свет блакітна-ружова-зялёных фарбаў ціхай раніцы, раскошны свет вады, травы і сонца. Брыль.

3. Прасторны, вялікі. Два раскошныя драўляныя будынкі, вакол іх — цяністыя таполевыя прысады. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́пшы, лі́пші, паст. ле́пі ’лепшы’ (Гарэц., Мядзв., Грыг., Булг., Бяльк., Шат., Яруш., ТС, ТСБМ, КЭС, лаг.; рагач., КЭС). Укр. ліпший, рус. пск., смал. лепший, ц.-слав. лѣпшій, польск. lepszy, н.-луж. lěpšy, в.-луж. lěpši, чэш., славац. lepší ’лепшы’, палаб. lepše ’лепш’, серб.-харв. ље̏пши ’прыгажэйшы’, славен. lépši ’тс’, ’прыемнейшы’. Прасл. lěpjь, р. скл. lěpjьša, пасля (паводле аналогіі) развілася другасная форма lěpjьšii — вышэйшая форма ад lěpjь, прадстаўленай ва ўсіх слав. мовах. І.‑е. *loip‑os > прасл. lěpъ ’той, які прылягае, прыліпае’ > ’той, які падыходзіць’ > ’добры’ > ’прыгожы’ (Бернекер, 1, 711; Брукнер, 296; Покарны, 670; Фасмер, 2, 485; Слаўскі, 4, 168–169; Скок, 2, 297, Шустар-Шэўц, 827–828). Сюды ж ле́пшаць ’рабіцца лепшым’, ляпша́ць ’ачуньваць’ (Бяльк., Яруш., ТС), лепшыньнік ’рамонтнік’ (Юрч. Вытв.), лепшота́ ’выгада, карысць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́жанка ’брага’ (Сцяшк. Сл.), ра́жанка, ряжанка ’паранае малако, запраўленае смятанай’ (Сл. Брэс.), ражэнка ’тс’ (ТС), ражы́нка ’пена ад масла’ (Бяльк.), ра́жанка, ра́жынка ’скіслае гатаванае малако, змешанае са смятанай’ (Вешт.), польск. дыял.бел.) rażanka ’адтопленая смятана’ (Карл.), рус. ря́женка ’квашанае топленае малако’, дыял. ра́женка ’заквашанае гатаванае малако’. Этымалогія цьмяная. Можна выказаць некалькі версій. Хутчэй за ўсё, да ра́дзіць1 ’настройваць, наладжваць’ (гл.). На карысць гэтай версіі сведчыць гомельская назва ражанкі — ро́блянка, а таксама сінонім ря́жаная сараква́ша (Растарг.) пры рядный ’харошы, прыгожы’ (там жа). Кал і дапусціць запазычанне, то не выключана, што рускае слова магло быць утворана ад ра́жий ’гожы, харошы’, адносна якога гл. Фасмер, 3, 432; гэта значыць, што ра́жанка літаральна ’апрацаванае (палепшанае) малако’. Менш верагоднае ўзвядзенне да прасл. *ręd‑ ’трасці, калыхацца’ (> польск. дыял. rzężowisko ’балота, дрыгва’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

куто́к, ‑тка, м.

1. Тое, што і кут. Здаць куток. □ [Бешчат] устаў і пачаў хадзіць з кутка ў куток. Бажко. У самыя глухія куткі дайшла вестка пра Леніна, які хоча вызваліць людзей з няволі. Гурскі. Яна з мужам марылі аддзяліцца ад сям’і, каб абзавесціся ўласным кутком. Лынькоў.

2. Зацішная, прыгожая, маляўнічая мясцовасць. Прыемна прайсціся, падыхаць свежым паветрам. Ды і куток тут маляўнічы. Астрэйка. Зачаравана глядзеў я маладымі вачамі на прыгожы куток Магілеўшчыны. Кавалёў.

•••

Жывы куток — кабінет прыроды, дзе знаходзяцца жывыя жывёліны, а таксама іх чучалы.

Чырвоны куток — памяшканне ва ўстанове, інтэрнаце і пад., адведзенае для культурна-асветніцкай работы.

Мядзведжы куток — тое, што і мядзведжы кут (гл. кут).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́ры 1, ‑ая, ‑ае.

Карычневы (пра колер вачэй). Роўненькі прабор валасоў здаваўся залацістым, карыя вочы былі колеру добра выспелай вішні. Дуброўскі. Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.

[Ад цюрк. кара — чорны.]

ка́ры 2, ‑аў; адз. няма.

1. Сані для перавозкі бярвення. Людзі.. вазілі дахаты бярвенне на карах, на звычайных санях. Бядуля. Два калгаснікі канём, запрэжаным у кароценькія, шырокія, як атопак, кары, вытралёўвалі бярвенне да дарогі. Дуброўскі.

2. Вялікія калёсы для перавозкі грузаў. Шэсць чалавек правілі кары: жніво і ўборка, з поля, былі блізка. Чорны. Увесь заямнінскі дзядзінец уставілі фурманкі: тут былі карэты, брычкі, вазы, кары. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)