Вяро́ўка (Сцяшк. МГ, Касп., БРС, КТС, Шат.), вярёўка, вяроўка (Бяльк.) ’вяроўка, якой звязваюць снапы, сена, салому на возе’ (Янк. I), палес. вэроўка, во̂роўка, вароўка ’вяроўка, якой паднімаюць вулей на дрэва’; ’прыстасаванне для пад’ёму бортніка на дрэва’ (Анох.). Укр. вірьовка, рус. верёвка, вярёвка, ст.-рус. веревка ’вяроўка, матуз’ (з XVI ст.). Усходнеславянскае ўтварэнне (суф. ‑ъка). Узыходзіць да ст.-рус. вьрвь; параўн. ст.-слав. врьвь < прасл. vьrvь, якое з’яўляецца роднасным да літ. virvė̃, лат. vìrve ’вяроўка’, ст.-прус. wirbe ’канат’, літ. vérti ’прасоўваць нітку’, лат. vẽrt ’нанізваць’, грэч. Ϝερύω ’цягну, валаку’, Ϝρυτήρ ’вяроўка, цеціва’, ст.-інд. varatrā́ ’дзяга, вяроўка’. Прасл. vьrvь ўтворана ад verti ’звязваць, зачыняць’ < і.-е. *u̯er‑ (Міклашыч, 382; Гараеў, 1896, 43; Майргофер, 19, 154; Мюленбах-Эндзелін, 4, 619; Праабражэнскі, 1, 73; Траўтман, 362; Фасмер, 1, 294–285; КЭСРЯ, 75; Брукнер, 623–624; БЕР, 1, 187; Скок, 3, 633; Младэнаў, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Благі́ ’дрэнны, худы’. Рус. благо́й ’дрэнны’, укр. благи́й дрэнны, стары, бедны, слабы’, польск. błahy ’малы, нязначны’ (запазычанае з укр.; Слаўскі, 1, 35). Ёсць некалькі этымалогій: 1) усх.-слав. благъ ’дрэнны’ — запазычанне з ст.-слав. (ц.-слав.) благъ добры’. Значэнне ’дрэнны, бедны і г. д.’ развілося як вынік табуістычнага словаўжывання (Праабражэнскі, 1, 27–28; Фасмер, RS, 5, 125; Слаўскі, там жа, Зяленін, Табу, 2, 155); 2) усх.-слав. благъ дрэнны’ да прасл. blagъ ’дрэнны, слабы’, якое быццам роднаснае з лац. flaccus ’слабенькі’, грэч. βλάξ ’вялы, расслаблены’ (трэба адрозніваць прасл. bolgъ ’добры’ і blagъ дрэнны’). Так Бернекер, 58; Міклашыч, 13 і інш. Першая версія, здаецца, больш абгрунтаваная (паколькі значэнне ’дрэнны’ можа быць секундарным). Слаўскі, 1, 36; Фасмер, 1, 171; Рудніцкі, 140. Да благі́ адносіцца і дзеяслоў блажэ́ць ’худзець’. Фрэнкель (45–46) лічыць, што для благі́ ’дрэнны’ дакладная адпаведнасць — літ. blagnas.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мажджа́ра ’мартыра’ (бых. Рам. 8), мажджэр ’пушка’ (Дасл. (Гродна), Нас.), ’металічны таўкач’ (ТС, Нас., Інстр. I), машчы́р ’тс’ (Мат. Гом.), машчэрык ’невялікая медная ступка’ (Растарг.), мажджэра ’ступка’ (Сцяшк.), мажджэр ’ступка’ (Касп., Дасл. (Гродна)), маждзер ’тс’ (Вяр.), мажджэр ’гліняны посуд, у якім збіваюць масла, пякуць бабку’ (Касп.). Ст.-бел. можджеръ, мождчеръ, мождеръ, можчеръ, моздзерикъ ’ступа’, ’мартыра’ (1565, 1578 гг.) запазычаны з польск. moźdźerz, mozgierz, якія з чэш. moždíř < с.-в.-ням. morsaere (суч. ням. Mörser) < с.-лац. mortārius ’ступа’. Першаснае ’ступа’ паводле формы перайшло на ’мартыра’. Сучасныя, пераносныя значэнні: мажджэр ’дурны, неразумны, дурная галава’ (Жд. 1, капыл., Нар. словатв.), клец. мажджы́ра (абразл.) ’твар, аблічча, галава’ (Нар. лекс.). Сюды ж: мажджэрыць ’драбіць, таўчы, раздрабляць’ (ТС). Больш падрабязна гл. Булыка, Запазыч., 205; Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 53; Фасмер, 2, 637; Брукнер, 346; Махэк₂, 378; Міклашыч, 203; Патабня, РФВ, 1, 263; Васэрцыер, 155.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малоць, моло́тэ, муло́ты ’раздрабняць, размолваць зерне ці што-небудзь іншае’, ’церці, раздрабняць мак, мяса’, ’балбатаць’, ’ілгаць’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ; Совещ. ОЛА (Гомель, 270)), міёр. ’хутка есці’ (Нар. лекс.). Укр. моло́ти, рус. моло́ть, польск. mleć, н.-луж. mlaś, в.-луж. mlěć, чэш. mlíti, славац. mlieť, славен. mléti, серб.-харв. мле̏ти ’размінаць, давіць’, ’пэцкаць’, ’малоць’, макед. меле, балг. ме́ля, ст.-слав. млѣти. Прасл. melti ’расціраць зерне рукамі на камені’ роднаснае да літ. málti, лат. mal̃t, літ. malū̃nas, ст.-прус. malunis ’млын’, літ. mìltai, лат. milti, ст.-прус. meltan ’мука’; лац. molere, гоц., ст.-в.-ням., ст.-н.-ням. malan, ст.-ірл. meltim ’мялю’, ст.-грэч. μυλών ’млын’, μύλλω, арм. malem ’таўку, расціраю’, хецк. malanzi ’раздрабняюць’, алб. mieli ’мука’ (Міклашыч, 186; Бернекер, 2, 35; Траўтман, 168; Фасмер, 2, 597; Фрэнкель, 403; Махэк₂, 368–369; Скок, 2, 444; Бязлай, 2, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мозг (мозык, мозак, мозаг, мо́зок, мосх), мазгі, мозгі, мозг̌і, мозкі ’мозг у чэрапе і канале пазваночніка’, ’розум’, ’тканка ў поласці касцей, шпік’ (ТСБМ, Нас., Дразд., Мядзв., Янк., Шатал., Бяльк., Грыг., Клім., ТС, Сл. ПЗБ), мазгавіт́ы ’разумны, кемлівы, разважлівы’ (ТСБМ, Бяльк.), мозкова́ть ’думаць, працаваць галавой’ (ТС). Укр. мо́зок, мі́зок, рус. мозг, ст.-рус. мозгъ, польск., н.-луж. mózg, в.-луж. mozh, mozy (мн. л.), чэш. mozek, славац. mozok, славен. mȏzg, mȏzeg, серб.-харв. мо̏зак, макед. мозок, балг. мозък, ст.-слав. можданъ (< mozgěnъ). І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. muzgeno ’касцявы мозг’, літ. smãgenys ’мазгі’, smãgenės, лат. smadzenes, у якіх s‑ паходзіць з s‑ у smãkrės ’мозг’, ст.-інд. smajján‑, smajjā ’касцявы мозг’, авест. mazga‑, ст.-в.-ням. marag, marg, тах. maśśuni ’тс’ < і.-е. *mozg(h)os (Махэк₂, 377; Міклашыч, 203; Траўтман, 172; Фасмер, 2, 638; Бязлай, 2, 118).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мыць, мы́ці, муць, мы́ты, мэ́тэ ’вадой з мылам ці іншай вадкасцю ачышчаць ад бруду’, ’абмываць вадой бераг’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ; драг., Лучыц-Федарэц), мы́цца (мы́ціса, му́цца, мэ́тыся) ’умываць, мыць сябе’ (там жа). Укр. мити, рус. мыть, польск. myć, н.-луж. myś, в.-луж. myć, чэш. mýti, славац. myť, славен. míti, серб.-харв. ми̏ти, макед. мие, балг. мия, ст.-слав. мыти. Прасл. myti, і.-е. адпаведнікамі да якога з’яўляюцца: літ. máudyti ’купаць, мыць’, лат. maût ’плаваць, даваць нырца’, ст.-прус. au‑mūsnan ’умыванне’, ірл. mūn, ст.-інд. mūtram ’мача’, авест. mūϑrəm ’бруд’ < і.-е. *meu‑ ’вільгаць’ (Міклашыч, 207; Траўтман, 191; Мюленбах-Эндзелін, 2, 570; Фасмер, 3, 26; Фрэнкель, 1, 417; Махэк₂, 386; Покарны, 1, 743; Скок, 2, 434; Бязлай, 2, 186). Сюды ж мыцьво ’усё тое, што мыюць’ (гродз., Мат. АС), мыцёха ’жанчына, якая мые бялізну ці посуд’ (КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жар ’гарачае вуголле’, ’страснасць, заўзятасць’, разм. ’спёка’, ’гарачка’ (ТСБМ). Рус., укр. жар, польск. żar ’тс’, памор. žωr ’гарачае вуголле’, чэш. žár, славен. žâr ’гарачае вуголле’, ’полымя’, ’зарыва’, славац. žiar ’напал’, ’ззянне’, в.-луж. žar ’гарачае вуголле’, ’спёка’, ’заўзятасць’, балг., макед. жар, серб.-харв. жа̑р ’тс’. Ст.-рус. (XII ст.) жаръ ’вуголле, полымя’. Параўн. ст.-сл. жеравъ ’распалены’, ц.-слав. пожаръ ’пажар’ (Міклашыч, Lex. paleosl.). Прасл. *žarъ ’гарачае (тлеючае) вуголле, спёка (ад яго)’, адкуль развіліся іншыя пераносныя значэнні. Значэнне ’гарачка’ магло ўзнікнуць і ў сувязі з уяўленнямі аб чырвоным колеры (параўн. жара, жары). Прасл. *žarъ < *gērъ, што звязана з гарэць (гл.), мае паходжанне з і.-е. кораня *g​her‑ ’горача’; ст.-інд. gharma ’гарачае вуголле, спёка’, ст.-грэч. θερμός, лац. formus ’цёплы’ і інш. Гл. Фасмер, 2, 35; Скок, 1, 592–593; Траўтман, 79; Покарны, 1, 495 (з літ-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жмі́нда ’скнара’ (ТСБМ), жмы́нда (Касп.), жмы́ндала (мядз., Нар. сл., 67) ’той, хто плявузгае’, жмі́нда ’скнара’, ’пляткар’ (бялын., Янк. Мат., 23), жмі́нда ’той, хто бурчыць’ (лях., Янк. Мат., 123). Укр. жмі́нда ’скнара’ (Жэлях.), польск. żminda ’нудны, скупы чалавек’. Параўн. яшчэ рус. жми́нда, польск. żminda, чэш. žminda, в.-луж. žminda ’расліна лебяда (Chenopodium L. foliosum, Blitum)’ (па Махэку₂, 730, в.-луж. < чэш. < польск. < ням. Schminkelbeere. Фасмер (2, 59) абвяргае апошняе, бо слова ў ням. позняе, і спасылаецца адносна ўтварэння яго на Вондрак, Vergl. Gr., 1, 601. Міклашыч (408), Гараеў (111) звязвалі з žьm‑ > жаць2). Сувязь назвы нуднага, плявузгаючага, скупога чалавека з раслінай няпэўная. Слова жмінда ўтворана з дзеяслова *жміндаць бязафіксным спосабам, а жмындала — з дапамогай суфікса ‑ла (як калупала, жаніла і г. д., Сцяцко, Афікс. наз., 48–49). Адсутнасць у запісах значэння дзеяслова ’скнарнічаць’ магчыма растлумачыць дэфектнасцю нашых ведаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жупа́н ’даўнейшае верхняе мужчынскае адзенне’ (ТСБМ), жу́піца ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), жу́па́ ’дзіцячая вопратка’ (КСТ). Рус., укр. жупа́н ’тс’, польск. żupan ’тс’, в.-луж., чэш., славац. župan, серб.-харв. жу̀па̄н, балг. жупан ’тс’. Ст.-рус. (з XVI ст.) жупанъ ’тс’. У бел. (ст.-бел. жупанъ (з 1578 г.), Булыка, Запазыч., 115), як і ўкр., з польск., рус. < бел. укр. Польск. < іт. giuponne ’сялянскі пінжак з грубай тканіны’ < giuppa ’кофта, кабат’ < араб. džubban ’сукня з воўны’. Жупіца (з 1538 г.) таксама з польск., дзе zupica ’камізэлька’. Той самы корань у юбка, шуба (гл.). Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 298; Фасмер, 2, 66; Брукнер, 668; Махэк₂, 731; Бернекер, 1, 460; Міклашыч, 413; Мацэнаўэр, 381; Гютль–Ворт, For. Words, 72. Глогер (Encyklopedia staropolska, 4, 1978, с. 518–520) звязваў назву адзення з назвай старых ’кіраўнікоў жупы’ — жупанаў што, недастаткова абгрунтавана.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́па1 ’вярхоўны галава рымска-каталіцкай царквы і дзяржавы Ватыкан’ (ТСБМ). Рус., укр. па́па, ст.-рус. папа. З лац. pāpa ’тс’ < pāpa ’бацька’ (Міклашыч, 231; Праабражэнскі, 2, 13; Фасмер, 3, 200). Ст.-бел. папа з XV ст. (Булыка, Даўн. запазыч., 235).

Па́па2 дзіцяч. ’хлеб’ (Нас., Касп., Шат., Гарэц., Янк., Янк. 2, Янк. БП, Сцяшк. МГ, Бяс., Клім.), па́пка. Рус., укр. па́па, чэш. pápa, papa, славац. papa ’дзіцячая ежа’. Паводле Махэка₂ (432), з падвоенага дзіцячага па‑па. Слова шырока распаўсюджана ў іншых мовах: параўн. лац. pappa ’каша’, нов.-в.-ням. Pappe ’дзіцячая каша’, сяр.-в.-ням., гал., англ. pap ’каша’ (гл. Фасмер, 3, 200; там жа і інш. літ-ра).

Па́па3 ’бацька’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; Яшкін, Назвы). З рус. па́па ’тс’, якое, верагодна, з франц. papa. Слова дзіцячай мовы, якое набліжаюць да папа2 (гл. Фасмер, 3, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)