шматгра́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае шмат, многа граней. Шматгранны камень. Шматгранная калона.

2. перан. Які ахоплівае розныя бакі чаго‑н.; рознабаковы. Камуністычная партыя Беларусі лічыць сваю дзейнасць састаўной часткай шматграннай дзейнасці КПСС. «Маладосць». Талент Максіма Багдановіча быў шматгранны і ўсебаковы. Клімковіч. Уплыў рабочых калектываў на жыццё школы шматгранны і вельмі карысны. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жвір ’буйназярністы пясок’. Рус. дыял. жвир ’тс’ (Літва, Латвія), польск. żwir ’тс’ (і шэраг вытворных). Параўн. рус. дыял. гверста́ ’тс’, серб.-харв. звр̑ст ’тс’. Фанетыка і геаграфія бел. і польск. форм указваюць на іх літ. паходжанне: літ. žvỹras ’тс’ (Эндзелін, Darbu, 1, 103; Карскі, Труды, 395, Лаўчутэ, Сл. балт., 54; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1969, 5, 142). Рус. гверста і серб.-харв. зврст суадносяцца з літ. як роднасныя. Фрэнкель, 1328–1329; Траўтман, 375; Фасмер, 1, 398–399; Брукнер, 668; Скок, 3, 668. Гл. яшчэ жарства. Аб пашырэнні жвір у бел.-польск. сумежжы гл. Зданцэвіч, Зб. Фальку, 347–399. Урбуціс, Baltistica, 19, 150.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Канча́р, канчу́р ’аддзелены канец чаго-небудзь’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц.; стаўбц. Прышч.; слонім., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.; навагр., Нар. словатв., стаўбц. З нар. сл.); ’сук, галіне дрэва, канцы галін’ (Сцяшк.), канчарэ́ ’кароткія бярвенні паміж вокнамі і на вуглах’ (гродз., Мат. АС); канча́рык ’капец градкі’ (гродз., З нар. сл.; Сл. паўн.-зах.); канчуры ’наспісваныя алоўкі’ («Маладосць» 1969, I, 156); канча́р ’корч, куст’ (Сцяшк.), канчы́р ’няроўнасць на дарозе ад каранёў дрэў’. Бел. прасл. рэгіяналізм, утвораны ад прасл. konьcь ’капец’ пры дапамозе суф. ‑arʼь. Ад konьcь утвораны і дзятл. канча́к, шальч. канчу́к ’канец баразны’, паст., докш., віл. канчык, канчычок ’кончык’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

апавяда́льнік, ‑а, м.

1. Той, хто апавядае, расказвае аб чым‑н. — Ага, цікава, — успомніў наш, апавядальнік, — як сям’я Белавуса апынулася ў лесе. Гурскі. // Той, хто ўмее добра, выразна апавядаць. Словам,.. [кравец] быў не злы чалавек, гаварун, добры апавядальнік. Барсток.

2. Аўтар апавяданняў; пісьменнік. Маладыя апавядальнікі паглыбіліся ў працу над шырокімі палотнамі — раманамі і аповесцямі. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глыбакаво́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Глыбокі і паўнаводны. Глыбакаводны канал.

2. Які жыве або знаходзіцца глыбока ў вадзе. Глыбакаводныя рыбы. □ У Чорным моры няма глыбакаводнай доннай фауны. «Маладосць».

3. Які мае адносіны да вывучэння фізічных уласцівасцей і арганічнага жыцця на вялікіх глыбінях (у 2 знач.). Глыбакаводныя даследаванні. // Прызначаны для работы на вялікай глыбіні. Глыбакаводныя поршневыя помпы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касця́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Ігральны кубік або пласцінка; косць (у 4 знач.). У чырвоных кутках ляскалі касцяшкі даміно, перагортваліся свежыя газеты і часопісы, разбіраліся шахматныя задачы і разгадваліся красворды. Грахоўскі.

2. Шарык на лічыльніках; костачка (у 5 знач.). Пяцівочка прыўзняў лічыльнікі, скінуўшы касцяшкі на адзін бок. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разно́с, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разносіць — разнесці (у 1–6 знач.).

2. Разм. Строгая вымова, рэзкая крытыка. Пасля хору хвалебных рэцэнзій раптам узнялася хваля крытыкі і разносаў. «Маладосць».

3. Спец. Перавышэнне дазволенай разлікам колькасці абаротаў вярчальных частак машыны, якое вядзе да разбурэння гэтых частак. Прадухіленне разносу.

4. Спец. Шырокая і неглыбокая горная вырабатка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тхнуць, ‑не; безас. незак., чым.

Несці, патыхаць, перадавацца па паветры (пра пахі). З возера тхнула ілам, прэллю водарас[цей], тхнула рыбаю, якой шмат-такі загінула. Броўка. Мы адчынілі пуньку. Тхнула трухой леташняга сена. «Маладосць». З далечыні тхнула асмалкамі. Чорны. / у перан. ужыв. Зноў, як і колісь, ад слоў [мужа] тхнула такой пагардай, што захацелася закрычаць. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усвядо́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., што.

Поўнасцю, да канца зразумець што‑н.; уразумець. Юнацтва планеты ўсвядоміла, што сёння ствараецца будучыня і для яго. «Маладосць». Адна справа ўсвядоміць з’яву, другая справа пазбыцца схільнасцей і звычак, якія ты ўвабраў з малаком маці. Карпюк. [Стасюню] падвялі да Кісялёва, і толькі цяпер яна поўнасцю ўсвядоміла ўсё, што адбылося. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадні́к, ‑а, м.

1. Вузкая доўгая паласа грубай тканіны, якая рассцілаецца на падлозе. На падлозе, вылізанай да жаўцізны, дзе — густа — ваўчыныя шкуры, а дзе і самаробныя хаднікі. На сценках — прывезеныя дываны. Караткевіч.

2. Разм. Тое, што і тратуар. Каля дамоў былі пакладзены вузкія, дашчаныя хаднікі. «Маладосць».

3. Спец. Падземная вырабатка, прызначаная для пешага перамяшчэння людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)