цыру́льнік, ‑а, м.

Майстар, які займаецца галеннем, стрыжкай, афарбоўкай і прычэсваннем валасоў. У афіцэрскай палаце спрытны і гаваркі цырульнік займаўся абмаладжэннем ляжачых кліентаў. Якімовіч. [Алёша] яшчэ раз прыгладзіў свой «бокс», над якім гадзіну таму назад так старанна завіхаўся цырульнік. Васілевіч.

[Польск. cyrulik з грэч.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́ча, клічная форма ад наз. «чалавек», м.

Разм. Ужываецца як ласкавы зварот да незнаёмага мужчыны. А неўзабаве [пасажыр] загаварыў да суседа: — Скажы, чалавеча, ты не з Дуплішча? Марціновіч. [Пан:] — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

барахлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

Разм. Працаваць кепска, з перабоямі (пра маторы, механізмы і інш.). А тут — неспадзяванасць: не працаваў Сямёнаў станок. — Што здарылася? — кінуліся да яго майстар і брыгадзір. — Пачынае барахліць; калі не паправіць, можна вывесці са строю. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́ндар, ‑а, м.

Майстар па вырабу драўлянай пасуды (бочак, дзежак, цаброў і пад.). Сымон, выдатны бондар на ўсю акругу, ..сыходзіў на дзень-другі з Ганніных воч куды-небудзь у суседні калгас падправіць абручы ці зрабіць каму пару новых дзежак. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калёсны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да калёс, прызначаны для іх. Калёсны скрып. Калёсная мазь. // Заняты вырабам калёс. Калёсны цэх. Калёсны майстар. // Прыгодны для язды на калёсах, пракладзены калёсамі (пра дарогу, шлях). Вузкая калёсная дарога ўецца праз малады калгасны сад. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

электразва́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Зварка металаў пры дапамозе электрычнай энергіі. І хоць Алена ўпэўнена брала ў рукі электразварачны апарат, усё ж майстар пабаяўся даць ёй рабіць электразварку. Сабаленка.

2. Разм. Электразварачны цэх, аддзел; электразварачная ўстаноўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Выханда́сы ’жэсты, міміка’, выханда́снік ’мім’ (Шпіл.). Няясна. Магчыма, роднаснае хандо́га ’той, хто любіць чыстату, ахайнасць’ (гл.), выхандо́жыцца ’прыбірацца, упрыгожвацца’ (Нас.), рус. худо́гий ’дасведчаны, вопытны’, укр. худо́гамайстар, мастак’, польск. chędogi ’чысты, ахайны’, chędožyć ’чысціць, прыбіраць; цвічыць’ (Аб апошніх гл. Брукнер, 178 і наст.; Фасмер, 4, 282). Адносна суфіксацыі параўн. выкрутасы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рукадзе́лле ’шыццё, вязанне і падобныя віды ручной працы’, ’рэч, выкананая шыццём, вязаннем і пад.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. рукодѣлье ’справа рук’ (Альтбаўэр), сюды ж рукадзе́льнічаць ’займацца рукадзеллем’, рукадзе́льніца ’жанчына, якая займаецца рукадзеллем, майстар гэтай справы’ (ТСБМ). Складаны назоўнік ад рука (гл.) і *дзелаць ’рабіць’ < прасл. *dělati ’рабіць; працаваць; дзейнічаць; абчосваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пе́ршы, -ая, -ае.

1. гл. адзін.

2. Першапачатковы, самы ранні, які з’явіўся крыніцай або аб’ектам дзеяння раней за іншых.

Першае ўражанне.

Не першага веку (не малады). Прадукт не першай свежасці (пачынае псавацца). П. рэйс.

3. Самы лепшы з усіх у якіх-н. адносінах, выдатны, добры.

П. майстар.

П. гатунак.

4. у знач. наз. пе́ршае, -ага, н. Рэдкая страва (суп, булён і пад.), што падаецца ў пачатку абеду.

З’есці першае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прэ́нцік, ‑а, м.

Памянш. да прэнт; маленькі прэнт. Майстар зноў палез у кішэню і выняў адтуль маленькі жалезны круглячок таўшчынёю з яго мезены палец і сантыметраў чатыры ў даўжыню. — Вось табе звычайны прэнцік... А з яго, мяркуем, трэба нам зрабіць утулку. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)